Пяка́рня ’памяшканне, дзе выпякаюць хлеб’ (ТСБМ), пекарня ’памяшканне для службы ў маёнтку з вялікай печчу для выпечкі хлеба’ (Сержп.). Вытворнае ад пе́кар ’хлебапёк’ (гл.), параўн. пя́кар ’тс’ (івац., Сл. ПЗБ), ці хутчэй запазычанне з польск. piekarnia, адкуль паходзіць і складаны суфікс ‑арня для ўтварэння назоўнікаў — назваў памяшканняў для пэўнай дзейнасці. Першаснай крыніцай лічыцца с.-в.-ням. бавар. peck ’пекар’, с.-в.-ням. bẹcke ’тс’, сучаснае ням. Bäcker ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 226; Сной, 434 і інш.), аднак наяўнасць ст.-слав. пекарь, пекаръница ’хлебная печ’, а таксама адпаведных слоў у большасці сучасных славянскіх моў ставіць пад сумненне апошняе меркаванне, гл. БЕР, 5, 133.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяня́цця (пенятца) ’папікаць, дакараць, выгаворваць’ (Нар. Гом.), параўн. укр. пеняти ’наракаць; быць няўклюдным’, пеня ’бяда’, рус. пенять ’закідаць камусьці нешта; скардзіцца’, пеня ’папрок’, польск. pieniąc się ’абвінавачваць адзін аднаго; судзіцца’, pienia ’абвінавачванне ў судзе’. Апошняе з канцылярскай мовы ВКЛ (вядомае з 1392 г.): аже вчиниться пеня гостю в Литве (дамова Казіміра Ягайлавіча з Ноўгарадам і Псковам 1440 г.), лічыцца літуанізмам, параўн. літ. painė, painiava ’складаная, заблытаная справа’, у адрозненне ад пеня ’штраф’ (гл.), якое праз польск. репа з лац. росна ’кара’ (Банькоўскі, 2, 553; гл. таксама Фасмер, 3, 233). Дзеяслоў, відавочна, ад першага назоўніка, параўн. літ. painioti ’блытаць, заблытваць; ублытваць, умешваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́тніца1 ’пяты дзень тыдня’ (ТСБМ, Ласт., ашм., Стан.; брасл., астрав., шчуч., Сл. ПЗБ), пʼя́тніца ’тс’ (Бес., ТС), памянш. пя́ценка ’тс’ (Ян.), укр. пʼя́тниця, рус. пя́тница, стараж.-рус. пятьница ’тс’. Вытворнае ад *pętь (гл. пяць); лічыцца частковай калькай з грэчаскай мовы, параўн. н.-грэч. πέμπτη ’чацвер’, паколькі, паводле візантыйскай хрысціянскай традыцыі, тыдзень лічыўся пачынаючы з нядзелі. Лічэнне ад панядзелка, пры якім пятніца была пятым днём, як мяркуецца (гл. Машынскі, Зб. Шымчаку, 283), увёў Мяфодзій. Параўн. пято́к (гл.).

Пятніца2 ’кураслеп, Anemone rammculoides L.; чубатка, Corydalis Medis.’ (Бейл.). Няясна. Магчыма, народнаэтымалагічнае асэнсаванне (табуізацыя?) адной з народных назваў кураслепу — пянікніца (Кіс.), няяснага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́ценка — памянш.-ласк. форма ад пя́тніца (гл.): пяценка святая (Нас.), ’багіня жыцця і смерці’, параўн.: “Пяценка–Пятніца была багіняй добрага… Устаноўшчыкі хрысціянства шмат уступілі на карысць Пяценцы. Яны падмянілі яе святой велікамучаніцай Параскай. Нібы Параска — гэта тая самая Пяценка” (Дзядзька Квас, Роздум на калёсах. Беласток, 1995, 167–168). Няясна, магчыма узыходзіць да ст.-слав. пѧтака ’імя каляндарнай святой’, што лічыцца калькай с.-грэч. παρασκενή, параўн. балг. Света Петка ’тс’, рус. Святая Параскева Пятница і пад. Магчыма, атаясамліванне паганскай багіні Мокашы з названай святой (ABSl, 22, 19; Успенскі, Филолог. разыскания в области слав. древностей. М., 1982, 136; Страхаў, Этимология–1997–1999, 160–162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раме́снік ’саматужнік’ (ТСБМ, Нас.), рамясні́к ’тс’ (Сл. ПЗБ), ramiéśnik ’чалавек, што мае нейкі талент у руках’ (Варл.). Параўн. ст.-польск. rzemięślnik ’тс’, дзе насавы лічыцца гіперправільным (Фасмер, 3, 469). Імаверна, першасная форма *remes‑/*remest‑/*remęs‑, параўн. ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, remẽstas ’рамяство’, лат. remesis ’цясляр’, што дало вытворныя рамеснік і рамяство (гл.). Меркаванне Аткупшчыкова (Лекс. балтызмы, 31–35) пра балтыйскую аснову, параўн. ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, лат. remesis ’цясляр’, паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 147), недастаткова аргументаванае. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 237) — паланізм (< польск. rzemieślnik), які выцясніў з XIII ст. вядомы яшчэ з часоў “Рускай Праўды” царкоўнаславянізм ремьствьник/ремественик ’рамеснік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рата́р ’земляроб, араты’ (Ласт.). Параўн. славац. дыял. ratár ’араты’, в.-луж. ratar ’селянін; араты’, славен. rátar, arátar ’араты’, серб.-харв. ра̏та̑р, балг. ратар (< серб., гл. БЕР, 6, 190), рус. фальк. ратарь ’араты, земляроб’ (СРНГ). Прасл. *ortarь лічыцца другаснай формай, узнікшай шляхам замены суф. *‑ajь больш жывым суф. *‑arь з першаснага *ortajь (гл. ратай) (Шустар-Шэўц, 2, 1208), параўн. аднак паралельныя грэч. αροτήρ, лац. arator ’араты’, для якіх рэканструюецца і.-е. *arH‑ter/tor‑ як nomen agentis да *arH‑ ’араць’ (Сной, гл. Бязлай, 3, 155). Адзінкавасць фіксацыі не дае ўпэўненасці ў народным характары слова, гл. таксама з іншай суфіксацыяй аратні́к, аратня́к ’араты’ (Лексика Пол.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцякло́ ’шкло’ (брасл., Сл. ПЗБ; ст.-дар., Ск. нар. мовы), сцекло́ ’шкло лямпы’ (Арх. Вяр.), сцяклі́на ’аконнае шкло’ (Мат. Гом.), сцякля́нка ’шкляны слоік’ (ПСл, Мат. Гом., Ян.). Параўн. укр. скло, шкло, рус. стекло́, стараж.-рус. стькло, польск. szkło, старое польск. śćkło, чэш., славац. sklo, в.-луж., н.-луж. škla ’міска’, славен. stȇklo, серб.-харв. ста̏кло, скло̏, балг. стъкло, макед. стакло, ст.-слав. стькло. Прасл. *stьkIo лічыцца запазычаннем з гоц. stikls ’келіх’ яшчэ ў праславянскі перыяд з пераносам на агульную назву матэрыяла (Фасмер, 3, 753; Шустар-Шэўц, 1442–1443; Скок, 3, 325; Борысь, 604; ЕСУМ, 5, 276). Гл. таксама шкло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́ле, ты́ля ‘столькі’, ‘многа, вельмі шмат’ (Сцяшк., Скарбы; беласт., гродз., вільн., трок., Сл. ПЗБ; іўеў., валож., бераст., ЛА, 5), ст.-бел. тыле ‘столькі’ (1557 г.), ‘толькі’ (1501 г., ГСБМ). Лічыцца запазычаннем са ст.-польск. tyle ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 201), якое з XIV ст. ужывалася побач з tele, teli, telico і інш. (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 153). Узыходзіць да ўказальнага займенніка *to і часціцы *li > прасл. *toli ‘так многа’ (ESSJ SG, 2, 673). Гл. толезны, толесь. Пытанне пра запазычанне з польскай мовы застаецца спрэчным, улічыўшы варыянтнасць адлюстравання рэфлексаў прасл. *tъ ў розных спалучэннях, параўн. той, тый, тэй (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смо́ква ‘плод смакоўніцы; інжыр, вінная ягада’, ‘смакоўніца’ (ТСБМ, Ласт.), смо́квы ‘ірга, ягады іргі’ (капыл., люб., Трухан, вусн. паведамі), ст.-бел. смоква ‘інжыр, вінная ягада’: смоква созрѣла (Альтбаўэр). Укр., рус. смо́ква, серб.-харв. смо̏ква, славен. smókva, балг. смо́ква, макед. смоква, ст.-слав. смокы, смокъва. У заходнеславянскіх мовах слова лічыцца запазычаннем з іншых славянскіх моў, параўн. Варш. сл., 6, 243; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1321. Слова спрэчнага паходжання. Паводле традыцыйнага погляду, які ўзыходзіць да Капітара (гл. Машынскі, Этимология–1997–1999, 120; гл. таксама Фасмер, 3, 689), прасл. *smoky запазычана з гоц. smakka ‘смоква, фіга’ або *smakko ‘смачны плод’, менавіта з балкана-германскага; яно роднаснае нова-в.-ням. schmecken ‘прыходзіцца да смаку’, літ. smaguriai мн. л ‘прысмакі’ або, як мяркуе Скок (3, 293–294), запазычана з даіндаеўрапейскай міжземнаморскай мовы. Па іншай версіі, гэта спрадвечнаславянскае слова, якое параўноўваюць з славац. smokva ‘чырвоная ягада’, smokvica ‘суніцы’, чэш. smok ‘сок раслін’, славен. smȏk ‘прыправа да хлеба’, ‘ялавічына’, серб. смо́к ‘прыправа; масла, сыр; ператопленыя сала і тлушч, якімі запраўляюць ежу’, балг. смок ‘пасоленае мяса’. Ілліч–Світыч (ЭИРЯ, 1962, 2, 73 і наст.) узнаўляе прасл. *smokъ ‘сакавітае вільготнае рэчыва, галоўным чынам расліннага паходжання’ (гл. смактаць), пры гэтым гоцкае слова лічыцца запазычаннем з славянскіх моў або незалежным запазычаннем з трэцяй крыніцы, гл. Бязлай, 3, 272–273; Скок, 3, 294. Аналагічна Сной₁, 585; Рэйзак, 585; Шустар-Шэўц, 1321–1322. Агляд версій гл. Глухак, 566.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буб-. Аснова праславянскага паходжання (*bǫb‑). Попавіч (ЈФ, 19, 159–171) лічыць, што для абазначэння розных круглых прадметаў у прасл. мове існавалі тры паралельныя асновы: *bǫb‑|*bob‑|*bab‑ (гл. яшчэ баб-). Прасл. аснова *bǫb‑ для абазначэння круглых прадметаў выстаўляецца і іншымі. Бернекер, 78–79 (пад bǫbъlъ і bǫbьnъ), думае, што яна ўзыходзіць да і.-е. *b(h)a​xmb(h)‑ гукапераймальнага паходжання. Гл. яшчэ Траўтман, 26, 39; Махэк₂, 74 (пад bublina); Балецкі, SSlav., 5, 185–186. Але, як сведчаць балг. формы тыпу буба, у некаторых выпадках трэба лічыцца з зыходным і.-е. *b(h)oub(h)‑ без назалізацыі (гл. БЕР, 1, 85). Выпадкі з прасл. *bǫb‑ і з прасл. *bub‑ нялёгка адмежаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)