АЎТАРЫТА́РНАЙ АСО́БЫ КАНЦЭ́ПЦЫЯ,

сукупнасць тэарэтычных уяўленняў пра тып асобы, уласцівы таталітарным рэжымам. Яму характэрныя агрэсіўнасць і прага ўлады, нянавісць да інтэлігенцыі і прадстаўнікоў інш. этнічных груп, кансерватыўнасць і стэрэатыпнасць мыслення, канфармізм; сляпое падпарадкаванне аўтарытэту групы, дзяржавы, харызматычнага лідэра, асабліва заснаванаму на сіле і насіллі, спалучаецца ў ім з нянавісцю да ўсіх апанентаў і аўтсайдэраў. Паняцце ўведзена Э.Фромам, які даследаваў псіхал. падставы для распаўсюджвання нацысцкай ідэалогіі. Паглыбленне чалавека ў аўтарытарызм Фром разглядаў як адзін з асн. механізмаў «уцёкаў ад свабоды». Імкнучыся пераадолець пачуццё бяссілля, аўтарытарная асоба адмаўляецца ад незалежнасці, імкнецца зліцца з чым-небудзь больш моцным, здольным кампенсаваць недахоп упэўненасці ў сабе. Такі чалавек захапляецца ўладай і хоча падпарадкоўвацца, і ў той жа час сам імкнецца быць уладай, каб іншыя падпарадкоўваліся яму. Гэтая супярэчлівасць вядзе яго да супраціўлення ўладзе, нават той, якая дзейнічае ў яго інтарэсах, але ўяўляецца яму недастаткова моцнай. Барацьбу аўтарытарнай асобы супраць улады Фром лічыў бравадай бунтаўшчыка. У калект. працы Т.​Адорна, Э.​Фрэнкель-Бруксвік, Д.​Левінсана і Р.​Санфарда «Аўтарытарная асоба» (1950) зроблена спроба эмпірычнага абгрунтавання аўтарытарнай асобы канцэпцыі, распрацавана ф-шкала (шкала фашызму) для вымярэння аўтарытарнай асобы. Ідэі гэтай канцэпцыі далей развіты ў працах тэарэтыкаў франкфурцкай школы М.​Хоркхаймера, Г.​Маркузе, у аднамернага чалавека канцэпцыі.

Літ.:

Адорно Т. Типы и синдромы: Методол. подход: Пер. с англ. // Социол. исслед. 1993. № 3;

Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ. М., 1990.

А.​В.​Рубанаў.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНЯ́ЎСКІЯ (Wieniawscy),

польскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Люблін (Польшча).

Генрык (10.7.1835—12.4.1880), скрыпач, педагог, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў 19 ст., прадстаўнік рамант. школы. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класе скрыпкі (1846) і кампазіцыі (1848). У 1848—60-я г. канцэртаваў у Еўропе (напачатку з братам), набыў еўрап. вядомасць. У 1860—72 прыдворны саліст, кіраўнік і ўдзельнік квартэта Рускага муз. т-ва. У 1862—68 праф. Пецярбургскай, у 1874—76 Брусельскай кансерваторый. У 1872—74 разам з Рубінштэйнам гастраляваў у ЗША. Як кампазітар узбагаціў скрыпічны рэпертуар, асабліва ў галіне жанравай скрыпічнай п’есы і маст. эцюда. Сярод твораў: 2 канцэрты (1853, 1870), «Легенда» (1860), «Скерца-тарантэла» (1855), мазуркі, паланэзы для скрыпкі з аркестрам. Сярод яго вучняў К.​Пушылаў, В.​Салін, Э.Ізаі. Яго імя носіць міжнар. муз. конкурс (скрыпачоў — у Варшаве з 1935, адноўлены з 1952 у Познані, з 1957 таксама кампазітараў і лютністаў).

Юзаф (23.5.1837—11.11.1912), піяніст і кампазітар. У 1846—50 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Удасканальваўся ў Ф.​Ліста. З 1848 выступаў у дуэце з братам, потым з сольнымі канцэртамі ў краінах Еўропы. У 1866—67 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Кіраўнік Варшаўскага муз. т-ва (1875—78), арганізатар сімф. канцэртаў. З 1878 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод муз. твораў пераважна фп. мініяцюры.

Літ.:

Григорьев В. Генрик Венявский. М., 1966;

Grabkowski E.H. Wieniawski. Warszawa, 1985.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНА́ДСКІ (Уладзімір Іванавіч) (12.3.1863, Пецярбург — 6.1.1945),

савецкі вучоны, мысліцель і грамадскі дзеяч; заснавальнік геахіміі, біягеахіміі, радыегеалогіі, цэласнага вучэння аб біясферы, жывой матэрыі (арганізуючай зямную абалонку) і эвалюцыі біясферы ў наасферу (сферу розуму). Сын І.В.Вярнадскага. Акад. АН СССР (Пецярбургскай АН, 1912). Замежны чл. Чэхаславацкай АН (1926), Сербскай АН (1926), Парыжскай АН (1928) і інш. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1885). Навук. і пед. дзейнасць звязана пераважна з Расійскай АН (1906—45) і Маскоўскім ун-там (1890—1911). Адзін з арганізатараў камісіі па вывучэнні натуральных вытворчых сіл Расіі (1915—30), АН Укр. ССР (першы прэзідэнт 1919—21), Дзярж. радыевага ін-та (дырэктар 1922—39), Біягеахім. лабараторыі АН СССР (дырэктар 1927—45; Ін-т геахіміі і аналітычнай хіміі імя Вернадскага), міжнар. камісіі па вызначэнні абс. ўзросту горных парод (віцэ-прэзідэнт 1937—45), Камісіі па ізатопах (1938), Уранавай камісіі (1939). Працаваў у Радыевым ін-це ў Сарбоне (Парыж) разам з М.​Кюры-Складоўскай, у Карлавым ун-це (Прага). Распрацаваў тэорыю будовы алюмасілікатаў. Ідэі Вернадскага сыгралі выдатную ролю ў станаўленні сучаснай карціны свету. Яго вучэнне аб узаемаадносінах прыроды і грамадства зрабіла моцны ўплыў на фарміраванне сучаснага экалагічнага ўсведамлення. Стварыў навук. школу рус. мінералогаў і геахімікаў. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—5. М., 1954—60.

Літ.:

Мочалов И.И. В.​И.​Вернадский — человек и мыслитель. М., 1970.

У.І.Вярнадскі.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЖЫБЕ́КАЎ (Узеір Абдул Гусейн аглы) (17.9.1885, с. Агджабеды, каля г. Шуша, Нагорны Карабах — 23.9.1948),

азербайджанскі кампазітар, музыказнавец, педагог, муз. дзеяч; заснавальнік сучаснага прафес. муз. мастацтва і муз. адукацыі Азербайджана. Нар. арт. СССР (1938). Акад. АН Азербайджана (1945). У 1913—14 вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў нац. муз. т-ра, шэрагу маст. калектываў, у т. л. шматгалоснага азерб. хору (1926), аркестра нар. Інструментаў (1931), Дзярж. азерб. хору (1936). У 1938—48 рэктар Азерб. кансерваторыі (з 1948 яго імя). У муз. творчасці імкнуўся да сінтэзу нац. муз. стылю і дасягненняў сусв. кампазіцыйнай тэхнікі. Аўтар першых азерб. опер, у т. л. 6 мугамных, засн. на азерб. ладах; муз. камедый, вак.-сімф., камерна-інстр. і песенных твораў. Склаў першы зборнік азерб. нар. песень (з М.​Магамаевым, 1927). Сярод тэарэт. прац: «Асновы азербайджанскай народнай музыкі» (1945), «Аб музычным мастацтве Азербайджана» (1966) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946.

Асн. творы: 7 опер, у т. л. «Лейлі і Меджнун» (паст. 1908), «Кёр-аглы» (паст. 1937); 3 муз. камедыі, у т. л. найб. вядомая «Аршын мал алан» (паст. 1913); кантаты «Памяці Фізулі» (1934), «Радзіма і фронт» (1942); уверцюры для сімф. аркестра; фантазіі для аркестра азерб. нар. інструментаў; рамансы-газелі на вершы Нізамі; апрацоўкі азерб. нар. песень і інш.

Літ.:

Абасова Э.Г. Узеир Гаджибеков: Путь жизни и творчества. Баку, 1985;

Алекперова Н., Заболотских Б. Узеир Гаджибеков. М., 1988.

У.Гаджыбекаў.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДЗІ (Махандас Карамчанд) (2.10.1869, г. Парбандар, Індыя — 30.1.1948),

мысліцель, грамадска-паліт. і дзярж. дзеяч, адзін з лідэраў інд. нац.-вызв. руху, заснавальнік і ідэолаг гандзізму. Празваны Махатмам («вялікая душа»). Юрыдычную адукацыю атрымаў у Вялікабрытаніі. У 1893—1915 жыў у Паўд. Афрыцы. Філас. і грамадска-паліт. погляды Гандзі сфарміраваліся на аснове класічнай інд. філасофіі і пад уплывам ідэй прадстаўнікоў зах.-еўрап. (К.​Маркс, Ч.​Дарвін, ідэолагі фабіянскага сацыялізму) і рус. (П.​А.​Крапоткін, Л.​М.​Талстой) філас. і паліт. думкі. Асн. палажэнне яго філасофіі — атаясамліванне Бога і ісціны, спасціжэнне якой магчыма праз маральнае самаўдасканаленне чалавека, гуманіст. арыентаванасць яго думкі і дзеянняў; найважнейшы прынцып — гуманізм, які трактуецца як абавязак-людзей у барацьбе за здзяйсненне сваіх патрабаванняў і ідэалаў паважаць жыццё ва ўсіх яго праявах. Распрацаваў канцэпцыю сат’яграхі (літар. ўпартасць у ісціне) — сілы ісціны і любові, ненасілля, якія супрацьпастаўляюцца любым формам зла і насілля. Гандзі звязваў узвышанасць грамадскага ідэалу з чысцінёй сродкаў яго дасягнення. Адстойваў тэорыю інд. нацыі, цэласнасць незалежнай інд. дзяржавы, грамадз. і паліт. адзінства індусаў, сікхаў, мусульман і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Моя жизнь. М., 1969.

Літ.:

Роллан Р. Махатма Ганди: Пер. с фр. Л., 1924;

Датта Д. Философия Махатмы Ганди: Пер. с англ. М., 1959;

Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986;

Горев А.В. Махатма Ганди. М., 1984.

В.​І.​Боўш.

М.К.Гандзі.

т. 5, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЖАЗ-АРКЕ́СТР БССР,

першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б. СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.​Камінская (жонка Рознера), З.​Ларчанка, Л.​Лямпель, А.​Гольдберг, кампазітар і спявак А.​Гарыс, трубач і паэт Ю.​Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.​Лявіцін, скрыпач П.​Гофман, піяніст А.​Дабрушкес, гітарыст Л.​Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш. Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач. Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т. л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.

Я.​З.​Басін.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГРА́МА СТА́НУ, дыяграма раўнавагі, фазавая дыяграма,

графічнае адлюстраванне залежнасці паміж параметрамі стану фіз.хім. сістэмы (т-ра, ціск) ці паміж імі і некаторымі інш. яе параметрамі (саставам, структурай, канцэнтрацыяй). Звычайна Д.с. паказвае сувязь паміж т-рай, ціскам і саставам сістэмы, калі ў ёй больш чым адзін кампанент. Д.с. аднакампанентнай сістэмы паказвае сувязь паміж ціскам і т-рай.

Д.с. розных сістэм будуюцца на аснове эксперыменту метадамі фізіка-хімічнага аналізу. На Д.с. вады на гарыз. восі адкладваюцца т-ры (у градусах Кельвіна), на вертыкальнай — ціск (у паскалях). У т.зв. трайным пункце (т-ра 273,16 К і ціск 611 Па) сістэма складаецца з лёду, вады і пары, якія знаходзяцца ў раўнавазе. Лініі дыяграмы адлюстроўваюць стан раўнавагі: 1 — лёду з парай, 2 — лёду з вадой, 3 — вады з парай. У т.зв. палях паміж лініямі сістэма складаецца з рэчыва H2O толькі ў адным агрэгатным стане (лёд, вада, пара). З дапамогай Д.с. вызначаюць т-ру плаўлення сплаваў, выбіраюць т-ру гарачай апрацоўкі ціскам, устанаўліваюць рэжымы тэрмічнай апрацоўкі сплаваў, ствараюць сплавы з загадзя зададзенымі ўласцівасцямі і інш.

Літ.:

Захаров А.М. Диаграммы состояния двойных и тройных систем. 3 изд. М., 1990;

Глазов В.М., Лазарев В.Б., Жаров В.В. Фазовые диаграммы простых веществ. М., 1980;

Петров Д.А. Двойные и тройные системы. М., 1986.

Дыяграма стану аднакампанентнай сістэмы (вады): 1, 2, 3 — крывыя ўзгонкі (сублімацыі), плаўлення і кіпення (выпарэння); 0 — трайны пункт; К — крытычны пункт.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСКРЫПТЫ́ЎНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

адзін з трох кірункаў класічнага структуралізму (поруч з Пражскім лінгвістычным гуртком і гласематыкай), што існаваў у 1-й пал. 20 ст. ў ЗША. Меў на мэце распрацаваць строгія фармальныя працэдуры апісання мовы: сфармуляваць кампактныя, несупярэчлівыя і вычарпальныя правілы, з дапамогай якіх у мове паслядоўна вылучаюцца на розных яе ўзроўнях (фаналагічным, марфалагічным, сінтаксічным) адзінкі, класы адзінак, а таксама вызначаюцца сувязі паміж адзінкамі розных узроўняў мовы і паміж адзінкамі аднаго класа. Для выканання гэтых задач у Д.л. распрацаваны 3 прыёмы навук. даследавання мовы: аналіз па непасрэдна састаўляючых, трансфармацыйны метад і гал. спосаб апісання мовы — дыстрыбутыўны метад. Напачатку першыя 2 прыёмы былі скіраваныя на выдзяленне адзінак і на правілы іх камбінавання, а дыстрыбутыўны метад — на выяўленне характару размеркавання адзінак у тэксце; т.ч. браўся пад увагу толькі план выражэння моўных адзінак (іх знешні, фармальны бок) і не разглядаўся іх план зместу (семантычны бок). Зараз выкарыстанне гэтых метадаў абапіраецца і на ўлік семантычных асаблівасцей мовы. Ад Д.л. бяруць пачатак некалькі школ: Іельская (засн. Л.​Блумфілдам), звязаная пераважна з фармалізацыяй апісання мовы; Эн Арбарская побач з фармальнымі працэдурамі аналізу ўлічвае і псіхал. фактары ў мове (Ю.​Найда, К.​Пайк і інш.); генератыўная лінгвістыка даследуе звязны тэкст з дапамогай трансфармацыйнага аналізу і матэм. метадаў (Н.​Хомскі і інш.).

Літ.:

Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику Пер. с англ. М., 1959.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУНО́ ((Gounod) Шарль Франсуа) (17.6.1818, Парыж — 18.10.1893),

французскі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў франц. оперы 19 ст. Чл. Ін-та Францыі (1866). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1836—38). Рымская прэмія (1839) за кантату «Фернан». У 1840—43 жыў у Італіі, Вене, Германіі. У 1843—48 царк. арганіст і рэгент у царкве Замежных місій у Парыжы, пісаў духоўную музыку. У 1870—75 жыў у Лондане, з 1871 дырыжор Каралеўскага хар. т-ва. Сярод ранніх опер («Сафо», 1850; «Акрываўленая манашка», 1854) вылучаецца камічная опера «Лекар паняволі» (паводле Мальера, 1857). Гуно — заснавальнік новага жанру ў франц. оперным мастацтве — лірычнай оперы. Яго лепшы твор — опера «Фауст» (1859; 2-я рэд. — з рэчытатывамі замест размоўных дыялогаў, 1869), у якой кампазітар адмовіўся ад філас. праблематыкі літ. крыніцы (аднайм. трагедыя І.​В.​Гётэ) і зрабіў акцэнт на любоўную драму гераіні. Ён інтанацыйна абнавіў оперу, звярнуўшыся да меладычнага строю тагачаснага быт. раманса. Сярод інш. твораў: оперы «Мірэйль» (1863) і «Рамэо і Джульета» (паводле У.​Шэкспіра, 1865); 4 араторыі, кантаты, месы, рэквіем і інш. творы для хору з арк.; 2 сімфоніі (1854, 1855); камерна-інстр. ансамблі; фп. п’есы; больш за 200 рамансаў і песень; музыка да драм. спектакляў і інш. Выступаў як муз. пісьменнік і крытык.

Літ.:

Комбарьё Ж. А.​Тома и Ш.​Гуно // Французская музыка 2-й половины XIX в.: Пер. с фр. М., 1938;

Harding J. Gounod. New York;

London, 1973.

Ш.Гуно.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,

адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.

Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.​Крык і С.​Брэнер, М.​Нірэнберг, С.​Ачоа, Х.​Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)