дакла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае ісціне; сапраўдны. Дакладная вага. Дакладная колькасць. // Здольны паказваць, вызначаць што‑н. у поўнай адпаведнасці з сапраўднасцю; правільны. Дакладны гадзіннік. Дакладныя прыборы.

2. Поўнасцю адпаведны якому‑н. узору, якім‑н. патрабаванням, устаноўленым законам, правілам. Дакладная копія. Дакладнае выкананне загаду. ▪ Ярохін не ведаў дакладнага перакладу апошняга слова, але зразумеў іменна так. Шамякін.

3. Канкрэтны, вычарпальны, правільны; не прыблізны, не агульны. Дакладныя інструкцыі. Дакладны адрас. Дакладны адказ. Дакладны ўлік. Дакладныя веды. // Выразны, ясны, зразумелы. Дакладная дэфініцыя. ▪ Мікалай Патапавіч гаварыў гучна, адрывіста, не надта падбіраючы адпаведныя словы, а ў Глінскага голас быў ціхі, сказы дакладныя, выразы трапныя. Кулакоўскі. // Такі, што не выклікае сумненняў; верагодны, пэўны. Дакладныя крыніцы. ▪ Гогаберыдзе гаварыў з такой упэўненасцю, быццам пра ўсё гэта ў яго меліся дакладныя весткі. Мележ.

4. Акуратны, пунктуальны. Ірына, як і заўсёды, дакладная: вячэру і абед яна прыносіць у адзін і той жа час. Даніленка.

5. Такі, у якім асобныя элементы выразна аддзелены адзін ад другога. Дакладныя рухі. Дакладныя прыёмы. Дакладны крок.

6. Добра арганізаваны; акуратны; зладжаны. Дакладны рэжым заняткаў. Дакладная работа машыны.

•••

Дакладныя навукі гл. навука.

дакладны́,а́я, ‑о́е.

1. Які змяшчае ў сабе даклад, прызначаны для даклада (у 2 знач.). — Вы, таварыш Шыянок, напішыце падрабязна ўсё гэта ў дакладней запісцы на маё імя, а я пастаўлю пытанне на бюро гаркома. Сабаленка.

2. у знач. наз. дакладная, ‑ой, ж. Дзелавая папера з кароткім выкладам сутнасці справы, якая павінна разглядацца. Жэрдзін за подпісам камбата паслаў дакладную ў штаб палка. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)