Пірог 1, піру͡ох, пырі́г ’булка з начынкай’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Сл., Гарэц., Бес., Чуд., Яруш., Федар. 6, ТС; мазыр., Шн. 3; полац., Нар. сл.), ’паска’ (Маш.), ’тоўсты блін, праснак’ (полац., Нар. сл.; пруж., Сл. Брэс.; віц., ЛА, 4), ’пшанічны белы хлеб, бохан хлеба, булка, куліч’ (Шат.; Варл.; полац., Нар. сл.; гродз., глыб., докш., вільн., шальч., драг., Сл. ПЗБ; віц., ЛА, 4), пірагом ’згарнуць зерне ў кучу’ (рагач., Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, пірагі́ ’вялікія запоіны — другі этап вяселля, у час якога дамаўляюцца пра пасаг, тэрмін вяселля, колькасць сватоў’ (віл., З нар. сл.), піро́гі ’частаванне праз тыдзень пасля вяселля’ (беласт., Сл. ПЗБ, Скарбы). Укр. пиріг, рус. пирог, польск. pirog, pierog, чэш., славац. piroh. Найбольш імаверным можна дапусціць паходжанне слова з прасл. *pirъ ’бяседа, банкет’ і суф. ‑ogъ (як у тварог, *batogъ, *brьlogъ) (Вондрак, Vergl. Gr., 1, 629; гл. яшчэ Фасмер, 3, 265). Сюды ж пірожнік ’маршалак у вясельнай дружыне’ (Варл.).

Пірог 2 ’скручаная ці сплеценая пасма апрацаванага ільновалакна’ (вільн., гродз., Сл. ПЗБ). Названа паводле падабенства формы. Да пірог 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́шчык 1, мн. л. пі́шчыкі ’адросткі пер’яў пасля лінькі птушак’ (лун., в.-дзв., барыс., Шатал.; лях., івац., клец., ЛА, 1; драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.): ’рагавы стрыжань пяра’ (віц., мядз., маг., чавус., мсцісл., драг., ЛА, 1; мядз., Нар. сл.). Да пішч 2 (гл.). Параўн. таксама чэш. pisk ’зародак пяра, стрыжань пяра’ (Махэк₂, 451), лат. pīkste ’стрыжань пяра’ (Мюленбах-Эндзелін, 24, 230), а таксама Варбат (Этимология–1976, 35–38) і Бязлай (3, 40).

Пі́шчык 2 ’дудачка, якой прывабліваюць птушак’, ’дудачка з зялёнага сцябла жыта ці чароту’, ’трысняговая пласцінка, якая гучыць у муштуку духавых музычных інструментаў’, ’свістулька’, ’свісток’ (ТСБМ, Нас., Дэмб. 1; Нік. Очерки; Гарэц., Касп., Шат., Варл.), ’клавіш у гармоніку’ (Гарэц.; Бяльк.; Юрч. СНС). Да пішчаць, піск, пішчаль (гл.).

Пішчык 3, мн. л. пішчыкі ’кончыкі пальцаў рук ці ног’ (шчуч., Нар. лекс.; слуц., Нар. словатв.; (’на руках’) астрав., Сл. рэг. лекс.; Бір. Дзярж.; Мат. Маг.; чырв., З нар. сл.). Да пішч 2: кончыкі пальцаў асацыююцца з адросткамі (дрэў, раслін).

Пішчык 4 ’слабы чалавек, худы, недарослы, някрэпкі’ (Нас.), у выніку пераносу значэння ’перадсмяротнае хрыпенне’ ў лексемы пішчыкі (гл.) > ’слабы, хворы, кволы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́нуць ’рынуцца’, ’кінуць’ (ТСБМ), ры́нуцца ’імкліва кінуцца, хлынуць’ (ТСБМ, Гарэц.), рынуцца, рынацца ’легчы адпачыць пасля цяжкай работы’ (віл., паст., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ры́нуць ’кінуцца, рынуцца імкліва’ (ТС, Нар. Гом.; б.-каш., Шпіл.), ’упасці’, ’кінуць’ (Яруш.; Янк.), ри́нутый ’кінуты’, ри́нуць ’кінуць’, ’пакінуць’, ри́нуцьца ’рушыць’, ’кінуцца’, ’упасці’ (Нас.), рус. ри́нуть, дыял. взры́нуть ’ускіпець’, ’раздражніцца’, взры́нуться ’уз’есціся’, укр. ри́нути ’моцна цячы’, ст.-рус. ринути ’кінуць, піхнуць’, риятися ’злавацца’, славац. rinúť, чэш. řinouti se ’ліцца’, славен. ríniti ’соваць, рухаць’, ’давіць’, серб.-харв. rȉnuti ’піхнуць’, ри̏нути се ’рынуцца, ’кінуцца’, ’стукнуцца’, нарнути ’злосна забрахаць, накінуцца’, мак. рине ’кідаю’, балг. ри́на ’разграбаю, ачышчаю’, ст.-слав. ринѫти ’кінуцца’. Прасл. *rinǫti sę ’цячы, ліцца’, ’біць ключом’ (Копечны, 307). І.‑е. база *erei‑ ’цячы’ з коранем *er ’рушыць’, ’зрушыць’. Роднаснае да ст.-інд. rin̥ati, rín̥vati ’застаўляе цячы’, ’выпускае’, ríyate ’пачынае цячы’, грэч. ὀρῑ́νω, лесб. ὀρῑννω ’прыводжу ў рух, узбуджаю, раздражняю, лац. rivus ’ручай’, ir‑rito ’раздражняю’, ірл. rían ’мора’, гальск. Renos ’Рэйн’. Далей звязана з рой, рэ́яць, рака́. (Фасмер, 3, 484 з літ-рай; Скок, 3, 144; Сной у Безлай, 3, 181).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серада́ ‘трэці пасля нядзелі дзень тыдня’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Укр. середа́, рус. середа́, среда́, ст.-рус. середа, польск. środa, ст.-польск. śrzoda, в.-луж. srjeda, н.-луж. srjoda ‘серада, сярэдзіна’, чэш. středa, славац. streda, серб. среда, харв. srijéda, славен. srȇda ‘серада’, sréda ‘сярэдзіна’, балг. среда́ ‘сярэдзіна’, сря́да ‘серада’, макед. среда, ст.-слав. срѣда ‘серада, сярэдзіна’. Прасл. *serda ‘сярэдзіна’. Значэнне ‘сярэдні дзень тыдня’ лічыцца калькай ст.-в.-ням. mittawëcha або аналагічна апошняму — народналац. media hebdomas, ст.-італ. mezzedima; гл. Міклашыч, 292; Брукнер, 534; Фасмер, 3, 607; Івашына, Веснік БДУ, 1976, 1, 56. Іншыя даследчыкі лічаць магчымым уплыў лаціна-раманскіх назваў; гл., напрыклад, Скок, RÉS, 5, 14. Прасл. *serda роднаснае ўсх.-літ. šerdìs, В. скл. ж. р. šérdi ‘сярэдзіна’, лат. ser̂de ‘тс’, грэч. κήρ (< *kērd), гоц. haírtô ‘сэрца’; Траўтман, 302; Мюленбах-Эндзелін, 3, 819; Торп, 74. Іншая ступень чаргавання: *sьrdь ‘сэрца’ (гл. сэрца). Аб утварэнні слав. асноў на ‑а ад і.-е. нетэматычных асноў, у дадзеным выпадку ад *k̑erd‑, гл. Ткачоў, Этимология–1968, 56 і наст. Гл. яшчэ Борысь, 620; Шустар-Шэўц, 1349–1356; Сной₁, 601.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спас 1 ‘Збавіцель; адна з назваў Хрыста’, ‘назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят’ (ТСБМ), ‘Спас, свята 6/19 жніўня’ (Шат., Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), Спас ‘імя аднаго са святых’ (Пятк. 2, Федар. 4), іспас ‘свята’ (Сержп. Прымхі), спасі́цель ‘тс ’ (Ян.), сюды ж спа́саўка ‘пост перад Спасам’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Скарбы, Ян., Сл. ПЗБ), ‘сорт груш (яблык), якія паспяваюць перад Спасам’ (ТСБМ), спа́соўка ‘тс’ (ТС), ‘двухтыднёвы прамежак часу перад і пасля Спаса’ (ТС), спасо́ўкі ‘восеньскія мухі’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’. Укр. Спас ‘Збавіцель’, спа́сівка ‘пост у канцы лета’, ‘сорт яблык (груш)’, рус. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’, адкуль Спа́сов день, стараж.-рус. Съпасовъ дьнь (6 жніўня); таксама рус. Спас ‘свята (6/19 жніўня). Ад ст.-слав. съпасъ < съпасти ‘берагчы, ратаваць’, стараж.-рус. съпасти ‘выратаваць’ < прасл. *pasti ‘пасвіць; берагчы’; гл. Фасмер 3, 732), які адзначае тут кальку грэч. σωτήρ ‘Збавіцель’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 366.

Спас 2 ‘ратунак, выратаванне’ (Жд. 3, Ян., Шатал., ТС). Скарочана з спасе́нне (спасе́нье) (ТС, Нас., Шат., Гарэц.) ад спасці́ ‘выратаваць’ (Сл. ПЗБ), што праз царкоўнаславянскую з ст.-слав. съпасти. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І 1 злучнік. Рус., серб.-харв., балг., макед. и, укр., польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац., славен. i. Бліжэйшыя і.-е. паралелі: гоц. ei ’каб’, грэч. εἰ ’калі’, εἰτα ’пасля’. Тады *i < і.-е. *еі, месн. скл. адз. л. займеннага кораня гл. Бернекер, 1, 415; Фасмер, 2, 112–113; Трубачоў, Эт. сл., 8, 167; Покарны, 1, 283. Іншыя версіі менш верагодныя. Параўноўваюць з семантычна тоеснымі літ. ir̃, лат. ir, ст.-прус. ir (Эндзелін, Слав.-балт. эт., 136; Мюленбах-Эндзелін, 1, 708). Яшчэ больш праблематычная версія Зубатага (JF, 4, 1894, 470–472), які звязвае i з усх.-літ. ė̃ ’але’, ст.-літ. ė̃ ’тс’ < і.-е. *ēd (абл. ад *e‑). Брукнер (189) прыцягвае літ. jeĩ ’калі’. Параўн. яшчэ Махэк₂, 212–213.

І 2 выклічнік (выражае высокую ступень якога-н. пачуцця). Рус. дыял., серб.-харв., макед. и, укр., польск., чэш., славац., славен. i. Сустракаецца ў іншых і.-е. мовах: ням. i, лат. i, рум. i. Гл. Махэк₂, 212; Безлай, 1, 208; Слаўскі, 1, 443, там жа агляд літ-ры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іл 1 ’адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў’ (ТСБМ). Рус. ил ’тс’, дыял. церск., уладз. ’гліна’, дан. ’топкая балотная гразь’, урал. ’вельмі мелкі наждак, падобны на рачны ці азёрны іл’, польск. ił ’гліна’, в.-луж. jił ’гліна, гразь’, чэш. jíl ’гліна’, славац. íl ’тс’, славен. íl ’іл, гліна’, серб.-харв. уст. il ’гліна’ (XVI ст.), балг. ил ’іл, ціна’, ст.-слав., ст.-рус. илъ ’гліна, іл’. Прасл. *jьlъ (старая ŭ‑аснова, параўн. ст.-бел. иловатыи, рус. дыял. илова́й ’мелкая і балоцістая затока’, ’балота, багна’, славен. ílovica ’гліна, суглінак’, серб.-харв. и̏ловача ’гліна’, балг. иловица ’багністая глеба’, макед. иловица ’гліна’) звязваюць з лат. īls ’вельмі цёмны’, грэч. ΐλΰς, р. скл. ‑ύος ’іл, ціна, гразь’ < і.-е. *īlu‑. Гл. Бернекер, 1, 424; Фасмер, 2, 126; Покарны, 1, 499; Безлай, 1, 209; Трубачоў, Эт. сл., 8, 221–222, дзе іншая літ-ра.

Іл 2 ’крухмал’ (віц., полац., Нар. сл., 94, 198). Семантычны перанос паводле спосабу прыгатавання, калі крухмал адкладваецца падобна ілу; параўн. рус. смал. ил ’бульбяны крухмал’, калін. ’хлебны іл, хлебная гушча, якая застаецца пасля варкі піва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРЛЕА́Н (Orléans),

горад у цэнтр. частцы Францыі, на р. Луара. Адм. ц. дэпартамента Луара і гал. горад гіст. вобласці Арлеанэ. 105,5 тыс. ж. (1982). Буйны трансп. вузел. С.-г., эл.-тэхн. машынабудаванне. Харч. цэнтр гароднінна-садавіннага рэгіёна, харчасмакавая (вытв-сць вінаў), тэкст., фармацэўтычная прам-сць. Ун-т. Музеі (у т. л. Жанны д’Арк).

У старажытнасці быў гал. горадам (наз. Цэнабум) кельцкага племя карнутаў. У 1 ст. да н.э. разбураны Цэзарам, адноўлены ў 3 ст. рым. імператарам Аўрэліянам (адсюль назва Аўрэліянум, Арлеан). У 6—7 ст. цэнтр Арлеанскага каралеўства. У 12 ст. буйны гандл. цэнтр з частковым самакіраваннем. У 1309 засн. ун-т. У Стогадовую вайну 1337—1453 Арлеан пасля 7-месячнай аблогі англічан у маі 1429 вызвалены франц. войскамі на чале з Жаннай д’Арк. У перыяд рэлігійных войнаў 16 ст. адзін з цэнтраў гугенотаў. У 1560 у Арлеане скліканы Ген. штаты. У 1870 яго двойчы займалі прускія войскі. Горад захаваў аблічча 18 ст., ёсць помнікі архітэктуры 10—18 ст. (гатычны сабор Сент-Круа, з 13 ст.; царква Сент-Эверт; рэнесансавая царква Нотр-Дамдэ-Рэкуўранс, 1513—19; класіцыстычныя, барочныя збудаванні і інш.).

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Бабруйскае староства,

дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. З 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс. сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.

В.​Л.​Насевіч.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЙКА,

невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.

Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часу найб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.​Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.​Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел. прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.​Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.​Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.​Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.​Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.​Корбан, Э.​Валасевіч, М.​Скрыпка і інш.

Літ.:

Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)