Стаць1 ‘спыніцца’, ‘заняць вертыкальнае становішча’, ‘з’явіцца’, ‘застыць на месцы’, ‘адбыцца, здарыцца, зрабіцца’, ‘пачаць’, безас. ‘хапіць’, ста́цца ‘адбыцца, здарыцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Бяльк., ТС, Федар. 4, Ян.). Укр. ста́ти, рус. стать, ст.-рус. стати, польск. stać, чэш. státi se ‘здарыцца, стаць’, славац. stať, серб.-харв. ста̏ти, славен. státi, ст.-слав. стати. Прасл. *stati ад і.-е. *stā‑ ‘стаць’; адпаведнікі ў літ. stàti ‘прыступаць, станавіцца’, лат. stât ‘станавіцца’, ст.-прус. postāt ‘стаць’, ст.-інд. asthāt аор. ‘устаў, стаў’, лац. stō ‘стаяць’ і г. д. Гл. Фасмер, 3, 748 з літ-рай; Борысь, 574; Махэк₂, 575; Сной₁, 605. Параўн. ставаць, стаяць.

Стаць2 ‘справа, прычына’, ‘прыстойнасць, гожасць’ (Нас., ТС), стаццё ‘здарэнне, прыгода; незвычайны выпадак’ (Нас., Гарэц.), ста́цце ‘хвароба’ (Мат. Гом.), стаццо́ ‘здарэнне’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. стать ‘полавая прыналежнасць; постаць’, рус. стать ‘будова цела’, ‘прычына, выпадак’, прыставачныя ўтварэнні: польск. postać ‘фігура, пастава’, ст.-польск. postać ‘род’, ст.-чэш. podstať ‘сутнасць’, славен. póstȃt ‘шэраг рабочых у полі ці ў вінаградніку’, серб.-харв. по̀стат ‘шэраг (у час жніва)’, балг. по̀стат ‘паласа, якую жнуць адна ці некалькі жней’, ц.-слав. постать ‘вызначэнне, загад, пастанова; прызначэнне’. Прасл. *statь, абстрактны назоўнік ад *stati, гл. стаць. Роднасны лат. stātis ‘стойка’, авест. stāiti‑ ‘стойка, стаянне, устанаўленне’, ст.-ісл. stód ‘месца, стан’ (Фасмер, 3, 748; БВР, 5, 549; ЕСУМ, 5, 402; Бязлай, 3, 92).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адкапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Капаючы, адкрыць, дастаць з-пад чаго‑н.; вызваліць засыпанае, заваленае чым‑н. Пакуль адкапалі ракету, давялося папацець. Бурмакоў вырашыў перавезці яе куды-небудзь па імшару, каб часам буран не засыпаў зноў. Шыцік. Мішурын перавязаў сваю руку вышэй локця і пачаў гаўкаць на слых, адкуль стогне чалавек. Здаровай рукой ён яго неўзабаве адкапаў з-пад цэглы. Чорны. // Выкапаць. Гэты клён Той вясной я знайшоў у гаі, Адкапаў там ашчадна, Прынёс. Броўка.

2. Адкідаць што‑н. ад (з) чаго‑н. Адкапаць снег ад ганка.

3. Разм. Выканаўшы сваю норму, кончыць капаць, капацца. Траншэю.. [Пшанічны] вырашыў не капаць, хай гэта робіць Глечык, а ён ужо адкапаў сваё. Быкаў. // Зрабіцца непрыгодным для капання, знасіцца ад доўгага ўжывання. Гэта лапата сваё адкапала.

4. перан. Разм. Адшукаць, знайсці, здабыць што‑н. забытае, малавядомае і пад. Рыгор цяпер выконваў абавязкі загадчыка і выпадкова адкапаў артыкул у «бяздоннай папцы». Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́ць, ‑стане; ‑станем, ‑станеце; ‑стануць; зак.

1. Стаць у нейкім парадку, на нейкім месцы — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Пастаць у рад. □ Браты пасталі па абодва бакі, пачалі мыць рукі. Лобан. Салдаты пасталі паўкругам каля прамоўцы. Грахоўскі. З бакоў шарэнгай роўнай пасталі камяніцы... Аўрамчык.

2. Спыніцца — пра ўсіх, многіх. Убачыўшы Машу яшчэ каля сасонніку, .. [жанчыны] ўсе, як адна, пасталі і .. глядзелі на яе. Шамякін.

3. Ужываецца ў складзе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑н. або якім‑н. — пра ўсіх, многіх. А потым, калі .. ўсталявалася, аціхла — Радчукі зноў леснікамі пасталі. Сачанка. Вайна толькі паскідала наноснае, людзі пасталі самі сабой. Карпюк.

4. Узяцца за нейкую справу, распачаць работу ў стаячым становішчы — пра ўсіх, многіх. Тыя, якія раней за іншых адвязаліся ад сваіх парашутаў без усялякай каманды, механічна, пасталі з аўтаматамі на варту. Чорны.

5. Утварыцца, узнікнуць у вялікай колькасці. Азёры пастануць у лагчынах за адну гадзіну — такія спорныя былі тады дажджы. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распра́віцца 1, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

1. Учыніць расправу над. кім‑н.; пазбавіцца ад каго‑н., знішчыўшы або абясшкодзіўшы. Расправіцца з ворагамі. □ — Не змаглі вы самі асіліць Волата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Управіцца з чым‑н., адолець, што‑н. Упэўнены, што калі ён так шчыра ўзяўся за вучобу, то хутка расправіцца з заданнем, Паўлік паспешліва пачаў сам сабе чытаць умову першай задачы. Краўчанка. // З’есці без астатку. Афіцэр расправіўся з курыцаю, выцер хустачкаю рот. Якімовіч. Ледзь толькі сакаляняты расправіліся з першай палёўкай, як маці прыляцела зноў і кінула ім новага грызуна. В. Вольскі.

распра́віцца 2, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

Зрабіцца роўным, разгладзіцца, выпрастацца. А пойдуць у даль грукатаць перуны, Расправяцца ветразі, высахнуць снасць, — Адзін за адным павяслуюць чаўны. Лужанін. / у перан. ужыв. Прайшло, мінула колькі год, Узрос, расправіўся народ, Пайшоў ў жыцці на ўсё прыплод, Узняўся з поля ўмалот, З’явілася здабыткаў шмат. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; зак., каму.

1. Зрабіцца чыёй‑н. уласнасцю, перайсці ў чыё‑н. распараджэнне. Самі ж яны, хлопцы, дапамаглі выганяць жывёлу, якую пагналі на ўсход, каб не дасталося часам дабро ворагу. Лынькоў. [Ганне] дасталася ў спадчыну ад бацькоў хатка. Дубоўка. // Прыйсціся пры размеркаванні, дзяльбе і пад. Але як гэты надзел дастаўся .. [Раману] па жэрабю, то і не было на каго наракаць. Колас. Дасталіся Захару Іванавічу найбольш запушчаныя ўчасткі зямлі, горшае цягло, горшы інвентар. Кулакоўскі. // Дацца, набыцца пэўным чынам. Набытак дастаўся цяжкай працай. □ Нам свабода дасталася дорага, Адной рукой мы край свой будавалі, Другою ж — адбіваліся ад ворага. Свірка.

2. безас. Перанесці цяжкія выпрабаванні, нацярпецца. Многа разоў гарэла Устронь: і татарын яе паліў, і швед, і француз... Дасталося Устроні і ў вайну з белапалякамі. Лобан. Міколка з бацькам набраліся .. перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Лынькоў. // Атрымаць спагнанне, пакаранне, вымову і пад. Дасталося Райскаму і Лабановічу: чаму яны не парвалі пратакол, калі на яго налятаў ураднік? Колас.

•••

Дасталося на арэхі каму — атрымаў наганяй, вымову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мост, ‑а, М ‑сце; мн. масты, ‑оў; м.

1. Збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку і г. д. Чыгуначны мост. Пад’ёмны мост. □ Гулка аддаецца тупат капыт па драўляным мосце. Бядуля. І ўсе сходзяцца на адным: да таго, як будзе пабудаваны капітальны мост праз Дзвіну ў раёне будоўлі, на месцы пераправы патрэбен наплыўны мост. Грахоўскі. // перан. Тое, што служыць звяном сувязі паміж кім‑, чым‑н. Бясхітрасна і проста Сыду на берагі чужыя я. Хачу зрабіцца хоць маленькім мостам Між імі і табой, зямля мая. Панчанка.

2. У спорце — пастава, пры якой цела выгнута грудзямі ўверх з апорай на далоні і пяткі.

3. Спец. Частка шасі аўтамашыны, трактара, размешчаная над восямі і звязаная з коламі. Пярэдні мост. Задні мост.

4. Спец. Планка, на якой замацоўваецца рад штучных зубоў.

•••

Паветраны мост — авіяцыйная лінія з перавалачнымі аэрадромамі і навігацыйным абсталяваннем.

Пантонны мост — мост на пантонах.

(Патрэбен) як у мосце дзірка гл. дзірка.

Проста з моста гл. проста.

Спаліць масты (за сабой) гл. спаліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пасох, ‑ла; зак.

1. Зрабіцца, стаць сухім, страціўшы вільгаць; высахнуць. Бялізна пасохла. □ — Снедай, — сказала .. [Вілю] маці, — а то аладкі ў печы зусім пасохнуць. Чарнышэвіч. Дзе ўшчэнт пасохла Зямля без жывых расін, Засмягла і стала [в]охрай Лісце лясных раслін. Калачынскі. Усцяж вады лужок быў стаптаны скацінай, людзьмі, птушкамі, пабурэў за лета, пасох. Карамазаў. // Перасохнуць (пра вусны). Твар рэдактара быў памяты, пад вокам сіняк, губы пасохлі. Гурскі. // Выпарыцца, знікнуць (пра вадкасць). Лужыны пасохлі. □ Ён [амерыканскі салдат] цешыцца! Кладзе свой брудны след На той зямлі, дзе не пасохла кроў яшчэ. Панчанка.

2. Звянуць, засохнуць ад неспрыяльных умоў — пра ўсё, многае. Дваццаць пяць дзён дажджу не было, Дваццаць пяць дзён не было расы, Дваццаць пяць дзён панаваў спалох: Жыта пасохла, згарэлі аўсы. Хведаровіч. Навалам ляжала вялікае каменне. Яго панакідана так густа, што багата якія дрэўцы, заціснутыя паміж імі, пасохлі. М. Стральцоў.

3. Разм. Схуднець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.

4. Сохнуць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адысці́, адыду, адыдзеш, адыдзе; пр. адышоў, ‑шла, ‑шло; заг. адыдзі; зак.

1. Пакінуць ранейшае месца; ідучы, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Ілька адышоў ад вогнішча на ўзгорак. Каваль. Прабіраючыся праз заросшае кустамі балота, Палазок адышоў далёка ўправа і згубіў сяброў. Колас. // Разм. Пайсці, адправіцца куды‑н. Дзеці адышлі ў майстэрню і моўчкі селі за кравецкім сталом. Пестрак. // Адправіцца з месца стаянкі па свайму маршруту. Аўтобус ужо даўно адышоў, а.. [дзяўчына] усё ніяк не магла скрануцца з месца. Астрэйка. // Перайсці жыць у новае месца, пакінуўшы хату, родных; аддзяліцца. І рад бы быў стары Верамейчык, каб сын адышоў куды-небудзь з хаты.. Але, як відаць, нікуды не думае адыходзіць Юзік. Крапіва. // Перамясціцца, аддаліцца (пра падзеі, з’явы прыроды і пад.). Ваенная хваля адышла на захад і ў горадзе паспакайнела. Чорны. Сонца даўно адышло за небасхіл. Галавач. // перан. Падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. Сын не далёка адышоў ад бацькі. // Пакінуць свае ранейшыя пазіцыі; адступіць. Казакі зняліся з пазіцыі і адышлі за Нёман. Брыль.

2. перан. Перастаць займацца якой‑н. справай, пакінуць ранейшы занятак. Адысці ад літаратуры. // Адхіліцца ад ранейшага напрамку ў рабоце, гутарцы, разважаннях і пад. Адысці ад тэмы размовы. □ Мастацкая праўда дыктавала пісьменніку [Петрусю Броўку] задачу дзейнічаць не па шаблону, можна нават сказаць, павярнуць трошачкі стырно, адысці ад логікі завяршэння вобраза героя. Кучар. // Парваць сувязь з кім‑, чым‑н.; зрабіцца далёкім, чужым для каго‑, чаго‑н. Ад людзей адбіўся Габрусь. Ад жыцця агульнага, таварыскага адышоў. Шынклер.

3. Адстаць, аддзяліцца, перастаць шчыльна прылягаць да чаго‑н. Завесы адышлі. □ Нарэшце камень павярнуўся і адышоў ад сцяны. Арабей.

4. Дайсці да звычайнага, нармальнага стану; перастаць хварэць, адчуваць недамаганне. Малая ўжо за гэты час адышла, адужала. Васілевіч. З якой дарогі ні вяртаўся б Ваўчок якія б клопаты яго ні турбавалі, ён ведаў, што дома адыдзе, адпачне, збярэцца з думкамі і сіламі. Хадкевіч. // Зрабіцца зноў адчувальным, рухомым (аб змерзлых, здранцвелых частках цела). Рукі сагрэліся і адышлі. □ — Нідзе так асабліва і не баліць, — удзячна адказаў Даніла, — калені толькі нібы мурашкі пакусваюць, але дарма, адыдуць, — калі.. патру.. рукамі. Кулакоўскі. // Супакоіцца, прыйсці ў сябе пасля зведанага перапалоху, гневу, хвалявання і пад. Юрка ўжо адышоў ад разгубленасці. Брыль. У вачах Каралёва былі зларадныя агеньчыкі, а Дрозд яшчэ не адышоў ад перапуду. Карпюк. // Дайсці да ранейшага стану; адтаць, адагрэцца, ажыць (пра глебу, расліны і пад.). Зямля адышла. □ Дрэвы ў дзедавым садку ў вайну абгарэлі, але за гэты час некаторыя з іх адышлі, дзед пасадзіў некалькі новых яблынь. Грамовіч.

5. Перайсці ва ўласнасць каго‑н. другога. Цяпер сэрца старога радуецца: не толькі сенажаць, але і панскае поле за рэчкай і па гэты бок адышло круплянскаму калгасу. Сабаленка.

6. Закончыцца, мінуць. Абед адышоў. Жніво адышло. □ Будзем жыць мы без панскай апёкі. Адышла, адцвіла іх пара. І панам не вярнуцца. Колас. // Перастаць існаваць зрабіцца гісторыяй, мінуўшчынай, легендай. Тых часін, што адышлі ў туманы, засталіся сведкамі курганы. А. Вольскі. // Памерці. Я ўспомніў маё знаёмства з Міхаілам Міхайлавічам [Прышвіным] .. і думаў, што добра вось так: зрабіць усё што мог і адысці. Брыль.

7. Зак. да адыходзіць (у 2 знач.).

8. Разм. Перастаць дакучаць, турбаваць. [Міхал] ірвануў.. [Зосю] за руку: — Адыдзі! Чорны.

•••

Адысці на задні (на другі план) — страціць актуальнасць, стаць другарадным.

Адысці ў нябыт (у мінулае) — не астацца ў памяці людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́йсці, вы́йду, вы́йдзеш, вы́йдзе; вы́йшаў, -шла; вы́йдзі; зак.

1. Пайсці адкуль-н., пакінуць межы чаго-н.

В. з хаты.

В. з акружэння.

В. са складу камісіі.

2. З’явіцца, апынуцца дзе-н. (пайшоўшы адкуль-н.).

В. на дарогу.

Сонца выйшла з-за хмар.

В. з адстаючых (перан.).

3. перан., з чаго, з-пад чаго. Перастаць быць у якім-н. стане, становішчы.

В. з цярпення.

В. з сябе (раззлавацца). В. з ужытку.

В. з-пад улады.

4. Быць выдадзеным, надрукаваным, выпушчаным, падрыхтаваным.

Кніга выйшла з друку.

Фільм выйшаў на экраны.

5. безас. Прыйсціся, дастацца, выпасці.

На кожнага выйшла па мільёну рублёў.

6. Зрасходавацца, кончыцца.

Выйшлі ўсе запасы.

Выйшаў тэрмін.

7. (са словам «замуж» або без яго; разм.), за каго. Стаць чыёй-н. жонкай.

В. замуж за інжынера.

В. за ўрача.

8. Атрымацца, утварыцца ў выніку якой-н. апрацоўкі, падрыхтоўкі, якіх-н. дзеянняў.

Выйшла добрая рэч.

З такога куска выйдзе дзве кашулі.

З яго выйшаў добры майстар.

9. Здарыцца, адбыцца ў выніку чаго-н.

Выйшла непрыемнасць.

Выйшла, што я праў.

10. кім-чым. Зрабіцца, стаць кім-н.

В. пераможцам.

11. з каго-чаго. Пра паходжанне каго-н.

В. з асяроддзя людзей працы.

|| незак. выхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць (да 1—10 знач.).

|| наз. вы́хад, -у, М -дзе, м. (да 1, 2, 4 і 7 знач.).

На в. (каманда выходзіць).

|| прым. выхадны́, -а́я, -о́е (да 4 знач. і ў некаторых спалучэннях да 1 знач.).

Выхадныя даныя (у друкаваным выданні: звесткі пра месца, год выпуску, выдавецтва). Выхадная адтуліна.

В. комін.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сло́та1 ‘сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам’ (ТСБМ, Нас., Варл., Сцяшк., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі; ЛА, 2), ‘нешта вільготнае, ліпкае, назойлівае’ (Жыв. сл., Нар. словатв.), слата́ ‘сырое вільготнае надвор’е’ (ТСБМ, Сцяшк., Гарэц., Шат., Др.-Падб., Байк. і Некр., ПСл, Сл. ПЗБ), ‘назола, прыліпала’ (Ян., Нар. лекс.), слота́ ‘тс’ (ЛА, 3), слоць ‘мокрае надвор’е’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), слю́та ‘слота’, слута́, слюта́, слёта́, слю́та, слоць, слокі́та ‘тс’ (ЛА, 2). Сюды ж слоті́ты ‘надакучаць, часта турбаваць’ (драг., З нар. сл.). Укр. слота́, сльота́, рус. сло́та́, слоть, стараж.-рус. слота ‘непагадзь’, польск. słota, чэш., славац. slota, славен. slóta, серб. дыял. сло̏та ‘тс’, балг. сло́та ‘град’. Прасл. *slota. Роднасныя літ. šáltas ‘халодны’, šaltis ‘холад, мароз’, šálti ‘мерзнуць’, лат. sal̂ts ‘халодны’, авест. sarəta‑ ‘халодны’, новаперс. serd ‘тс’. Гл. Траўман, 298. Далей параўноўваюць з нарв. sletr н. р., sletta ‘дождж’; гл. Фасмер, 3, 675 з іншай літ-рай. Да і.-е. кораня *ꝁel‑ у значэнні ‘мерзнуць, халодны’ (Покарны, 1, 552; Гарачава, Этимология–1976, 62). Махэк₂ (556) беспадстаўна аддзяляе slota у значэнні ‘нягоднік, жулік’, slotit ‘абражаць’ ад slota у першасным значэнні. Паводле Карскага (Белорусы, 149), варыянт з націскам на першым складзе запазычанне з польск. słota, што цяжка давесці. Бязлай (3, 265), Борысь (559) параўноўваюць з літ. šlapa ‘непагадзь, даждлівае надвор’е’, лат. slaptзрабіцца вільготным, мокрым’, грэч. κλέπας ‘вільгаць, макрата’, якія да і.-е. *kʼlep‑ ‘вільготны, мокры’; тады прасл. *slota < *slopta. Гл. яшчэ Скок, 3, 287; ЕСУМ, 5, 311–312.

Сло́та2 ‘насланае няшчасце’ (Касп.), ‘нешта як бы чарамі насланае’ (Варл.); сюды ж, відаць, слата́ слато́й ‘незлічона, шмат’ (Барад.). Ад слаіць (гл.) з суф. ‑от(а), аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)