*Трапасні́, трэпысні́ ’лахманы’ (іван., Жыв. сл.; Сл. Брэс.). Відаць, звязана з трэпасце́ць ’мільгацець, ззяць (пра зоркі)’ (пруж., бяроз., ЛА, 2), на аснове якога выводзіцца больш агульнае значэнне ’матляцца, брындаць’, параўн. роднаснае трапятаць, гл. Экспрэсіўная суфіксацыя дзеяслова, магчыма, пад уплывам субстратных балтыйскіх форм, параўн. літ. žybsė́ti, blyksė́ti ’мільгацець, пабліскваць’. Сюды ж трэ́псы ’махры ў хустцы’ (кобр., ЛА, 4), ад якой магло ўтварыцца трэпысні́ па тыпу за́барсні ’вушкі ў лапцях, у якія прасоўваецца абора’. Гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́рхаць ’пырскаць вадой з рота’ (навагр., З нар. сл.), ’бурчаць, лаяцца’ (Юрч.), укр. пу́рхати ’пырхаць’, рус. пу́рхать ’тс’, пу́рхаться ’пялёскацца (у вадзе, снезе, пыле і пад.)’. Гукапераймальнага паходжання, параўн. рус. смал. пурх! ’пырх!’, укр. пурх! ’тс’, гл. пы́рхаць. Паводле Варбат (Балто-слав. этнояз. отнош., 7), рэфлекс -ur на месцы ‑ъr‑, параўн. рус. порха́ть ’пырхаць’, чэш. prchati ’пырскаць’ — фанетычная анамалія, узнікшая пад уплывам балтыйскіх моў, параўн. літ. pur̃kšti ’марасіць’, што, улічыўшы імітацыйны характар слова, неабавязкова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раму́ль ’рамонак’, рамулі́, рамулькі́ мн. л. (ігн., швянч., паст., Сл. ПЗБ). Па лінгвагеаграфічных характарыстыках, хутчэй за ўсё з літ. ramùliai ’тс’, аднак не выключана самастойнае ўтварэнне, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 173, які адзначае формы на ‑уль як малапрадуктыўны словаўтваральны тып, што выкарыстоўваецца на Віцебшчыне, Гродзеншчыне і Магілёўшчыне, напрыклад: горбгарбуль ’нарасць’, быкбычуль ’гультай’, шыпшыпуль ’тонкая трэска’. Адсюль, магчыма, рамонрамуль як экспрэсіўная форма з адсячэннем карнявой фіналі ‑он, параўн. раму́нкі ’рамонкі’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́дгур ’доўгая драўляная плашка, якая злучае пярэднюю і заднюю частку воза’ (Сцяшк. Сл.), ’падгерац’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Сцягнутая форма ад падгерац (гл.) ’жалезны прэнт, які злучае шворан з трайнёю калёс’ (параўн. рус. подтройник ’тс’), а таксама падгерц ’тс’ (Стан.). Магчыма, утворана на базе ням. Herzes ’стрыжань’. Такім чынам, пад‑герац ’тое, што трымае асноўны стрыжань (у дадзеным выпадку шворан)’. Параўн. літ. šerdesas ’шворан’ ад šerdis ’стрыжань’. З пункту погляду семантыкі параўн. падпанак!.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ра ’маленькая адтуліна на скуры, сітавіна, кіпра’ (РБС). Запазычана ў славянскія мовы, у тым ліку іншыя еўрапейскія з лац. porus < грэч. πόρος ’шлях праз нешта, праход’ (Махэк₁, 384), магчыма, праз ням. Pore ’маленькая адтуліна на скуры’ (Сной, 472), рус. по́ра, польск. pora, чэш. pór, славен. pora ’тс’, літ. porà ’тс’. У беларускай, імаверна, праз рускую, дзе праз нямецкую (з XVIII ст.) (Фасмер, 3, 328; Цыганенка, 318). Роднаснае лац. porta ’вароты’, portus ’порт, гавань’ (Цыганенка, 318).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́рсткі ’хуткі, жвавы’ (ТСБМ, Некр.), гарачы, прыткі’ (слонім., Арх. Бяльк.), ’запальчывы’ (калінк., Мат. Гом.), ’які балюча рэагуе на заўвагі ці парады’ (докш., Янк. Мат.; Янк. 1, Шат., Ян.), ’наравісты (пра жывёлу)’ (чэрв., Сл. ПЗБ), по́рскі ’хуткі’ (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё, да порскаць (гл.) пад уплывам семантыкі ’незадаволена рэагаваць’; ’фыркаць’, што суадносіцца і са значэннем ’пырхаць’, параўн. літ. pùrst ’пырх’, укр. порски́й ’хуткі, жвавы (пра каня)’, порськи́й ’тс’, гл. ЕСУМ 4, 528.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мні́цельны ’недаверлівы, беспрычынна падазроны’ (ТСБМ). Да рус. мнительный ’тс’, якое з рус. мнить, ст.-рус. мьнѣти, ст.-слав. мьнѣти і г. д. Прасл. mьněti, роднаснае да літ. minė́ti ’ўспамінаць’, ст.-прус. minisnan ’памяць’, ст.-інд. mányatē, manutḗ ’думае’, ст.-грэч. μέμονα, лац. meminī ’ўспамінаю’. Ст.-слав. мѣнити ’згадваць, успамінаць’, славен. méniti, ст.-чэш. mieniti, польск. mienić, аднак, з’яўляюцца роднаснымі да ст.-в.-ням., с.-в.-ням. meinen ’думаць, меркаваць’ (Фасмер, 2, 633).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Моняла, мо́няло ’марудны чалавек’ (драг., стол., Нар. лекс.), монятысь ’павольна рабіць’ (драг., Лучыц-Федарэц), укр. монятися ’мяцца, марудзіць, кешкацца’, рус. алан. моньжа ’вялы, хілы, хворы’, ’маруда’, ’п’яны чалавек’, арх. моня ’непаваротлівая, ціхая дзяўчына’. Няясна. Фасмер (2, 651) дапускае, што, магчыма, слова паходзіць ад імя Моня < Митрофан. Непераканаўча. Магчыма, што лексема моня паходзіць з народных вераванняў. Параўн. літ. mõnas ’лясун’, mõnai ’чары’ і іншыя слав.: польск. zmora, паўд.-слав. mora, бел. мана́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мяжы́перніца, межыперсніца, мяжыперсціц(а) ’міжперсніца, нарывы рук (ног) паміж пальцамі’ (Некр., Касп., Бяльк.), ’высыпка, асабліва пры каросце’ (Нас., Бяльк.), міжыпірніца ’глыбокае загнаенне далоней ад цвёрдай работы’ (КЭС, лаг.). Рус. валаг. междупёрст(н)ица ’хвароба паміж пальцамі ад забруджвання’, с.-урал. ’кароста’, смал. межепарщица ’тс’. Фармальна да меж- (між‑) і перст ’палец’ (< прасл. pьrstъ). Аднак, улічваючы пашырэнне лексемы ва ўсх.-слав. гаворках, можна меркаваць, што гэта калька з балт. моў; параўн. літ. tarpupirščiai ’прамежкі паміж пальцамі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накашалі́ць ’нагаварыць недарэчнага’ (трак., Сл. ПЗБ), ’нарабіць беспарадак’ (свісл., Сцяшк. Сл.). Параўнанне з літ. kašelėti ’пашкодзіць па глупству’ не здаецца пераканаўчым, тым больш што і само літоўскае слова вельмі падобна на запазычанне са славянскіх моў, напрыклад, можа апірацца на фразеалагізм кашалы́ гарадзі́ць ’гаварыць недарэчнае’ (Сл. ПЗБ). Гэта датычыць і беларускага слова, для якога зыходным мог стаць шырока вядомы фразеалагізм пле́сці кашалі́ — гаварыць недарэчнае, прамое ж значэнне прыведзенага спалучэння магло быць падставай для значэння ’нарабіць беспарадак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)