мы, нас, нам, намі, аб нас; адз. я, займ. асаб. 1‑й ас. мн.
1. Ужываецца для абазначэння дзвюх і болей асоб, уключаючы і таго, хто гаворыць. Мы адны, сынок, адны, Дарма ў вокны паглядаем. Колас. Мы зноў пайшлі на кірмаш. Трапілі ў рады гаршчэчнікаў і л[ыжа]чнікаў. Якімовіч. // Служыць для абазначэння групы людзей, аб’яднаных агульнасцю паходжання, поглядаў, заняткаў, інтарэсаў і пад. У цяжкія часы панства і царызму мы, беларусы, на свет цэлы неслі сваю вялікую крыўду. Купала. Мы з пароды мужнай, працавітай, Гартавалі нас цяжкія бітвы. Панчанка. — Правільна, — паспачуваў.. [Кашын], — нам, практыкам, заўжды цяжэй. Карпаў. // Ужываецца для абазначэння няпэўнай дзеючай асобы. Перад намі ў сонцы, ў зорах Будучыня наша. Купала.
2. з прыназоўнікам «з» і творным склонам іншых займеннікаў і назоўнікаў. Ужываецца для абазначэння таго, хто гаворыць і аднаго каго‑н. іншага. Мы з сяброўкай. □ [Гарлахвацкі:] Мы з вамі будзем пісаць навуковую працу. [Туляга:] Мы з вамі? Удвух? Крапіва. Пасля першага радаснага прывітання Антусь сказаў: — Я не надоўга. Мы з ім, — кіўнуў на таварыша, — заўтра зранку выходзім у горад. Чорны. Мы з табою, як рыба з вадою. Прыказка.
•••
Між (паміж) намі (кажучы) — аб чым‑н. такім, чаго не варта гаварыць іншым; аб якім‑н. Сакрэце. І стары смела сказаў: — Дык нашы хлопцы, між намі кажучы, узялі і падпалілі маёнтак. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няро́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Нягладкі, з упадзінамі і ўзвышшамі. Дарога была няроўная, з каляінамі, Варавіцкі ледзь выкручваў машыну паміж імі. Лобан. Месца тут няроўнае — то высокая гара, то глыбокая нізіна. Шамякін.
2. Размешчаны не па прамой лініі; крывы. Пёрка выводзіць на паперы няроўныя радкі. Гартны.
3. Неаднолькавы па велічыні, памерах, якасці, умовах і пад. з кім‑, чым‑н. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка.
4. Нераўнамерны ў працэсе дзеяння; перарывісты, з перабоямі. Няроўны пульс. Няроўнае дыханне. □ Калі-нікалі халадзіў лагодны, ціхі ветрык, што варушыўся няроўнымі слабымі павевамі. Мележ. [Газоўка] кідала няроўнае, трапяткое святло на сцены з бярвенняў, між якіх тырчаў сухі.. мох. Васілеўская.
5. перан. Неўраўнаважаны; няўстойлівы. Няроўны характар.
6. перан. Не заўсёды аднолькавы, з лепшымі і горшымі часткамі (пра стыль).
7. Такі, у якім прымаюць удзел неаднолькавыя ў якіх‑н. адносінах бакі. Весці няроўны бой. □ Аб .. падзеях [у Іспаніі] пісалася ў газетах, аб іх гаварылі ў школе, у часе піянерскіх кастроў, дома. І ўсім так хацелася дапамагчы тады іспанскім героям у іх мужнай і няроўнай барацьбе. Лынькоў. І жнівеньскім ранкам У сорак другім Змаганне няроўнае Выпала ім. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пляцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.
1. Роўнае месца на зямлі, прыгоднае або падрыхтаванае для якіх‑н. мэт. Некалькі дзяўчат зносілі ў кучы жалезнае ламачча, расчышчалі пляцоўку, мужчыны заканчвалі крыць павець. Хадкевіч. Пасадачную пляцоўку рыхтавалі ў раёне Межаў, кіламетраў за дваццаць ад Ласінага вострава. Шамякін. // Месца, падрыхтаванае для якіх‑н. работ. На будаўнічых пляцоўках.. [карэспандэнт] пачуў размовы пра зарачанскі калгас, на зямлі якога будавалася станцыя, і вырашыў яго наведаць. Шахавец. Пляцоўка была гатова для здачы пад мантаж, перад вачыма вырысоўваліся абрысы падмурка, які павінен трымаць такую грамадзіну. Хадкевіч.
2. Роўнае вольнае месца ў якім‑н. збудаванні паміж двума лесвічнымі маршамі. Лёнік грукнуў дзвярыма і выскачыў на лесвічную пляцоўку. Васілёнак.
3. Пярэдняя або задняя частка вагона, звычайна без месц для сядзення. Сідарук выйшаў на пляцоўку вагона і, як толькі цягнік на раз’ездзе крыху сцішыў рух, скокнуў у мяккі снег. Галавач. І толькі трамвай спыніўся, .. [Рыгор] спрытна ўскочыў на заднюю пляцоўку. Гартны.
4. Тое, што і платформе (у 2 знач.). [Сярго:] Вагоны скора будуць: Я сёння з Оршы выслаў тры пляцоўкі. Глебка. Нінка спынілася і глядзела, як унізе ішоў доўгі таварны састаў. Маленькія вагоны з чырвонымі дахамі, доўгія пульманы з белымі люкамі, пляцоўкі з трактарамі, з лесам. Шамякін.
•••
Дзіцячая пляцоўка — сезонная выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́вільны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адпавядае правілам, заснаваны на правілах (у 1 знач.); беспамылковы. Правільнае напісанне. □ Ярохін сказаў не на зусім правільнай, але выразнай англійскай мове: — Малайчына! Вы паглядзіце толькі, дзе ён пасадзіў нас. Па пятаку. Шамякін. // Заканамерны, рэгулярны. [Лютынскі:] Севазварот будуецца таксама толькі на строгім і правільным чаргаванні клетак. Крапіва.
2. Які адпавядае сапраўднасці; праўдзівы. [Валя] трымае.. [гадзіннік] у руцэ, просіць дзяўчыну-прадаўшчыцу завесці яго, паставіць стрэлкі на правільны час. Пестрак.
3. Такі, як патрэбна, які прыводзіць да патрэбных вынікаў. Правільны ўчынак. □ Адзіка правільным шляхам да шчасця — да заможнага і культурнага жыцця — для нас, сялян, з’яўляецца калгасны шлях. Брыль. // Разм. Добры, справядлівы (звычайна пра чалавека). — Правільны чалавек наш камандзір, — зазначыў ён нібы сам сабе. Краўчанка. — Правільны чалавек твой бацька, — пахваліў Васільеў. Алешка.
4. Рытмічны, раўнамерны, які дзейнічае пастаянна. Правільны пульс.
5. Які адпавядае правілам прапорцыі, сіметрыі. З аднаго боку над балотам цягнуўся вал досыць правільным паўкругам. Колас. Сталь — белая, бы чыстае срэбра, — правільным авалам астывала ля гарлавіны. Савіцкі. / Пра рысы твару. [Жанчына] мела надзвычай правільны твар з прыемным здаровым смуглым колерам. Карпюк.
6. Спец. Такі, усе стораны і вуглы якога роўны паміж сабой (пра многавугольнік). Правільны многавугольнік.
•••
Правільны дроб гл. дроб 2.
Збіцца з правільнай дарогі гл. збіцца.
Збіць з правільнай дарогі гл. збіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыём, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прымаць — прыняць (у 3, 4, 5, 6, 7, 10 і 15 знач.).
2. Той або іншы характар сустрэчы, які аказваецца каму‑, чаму‑н. Трудна мне выказаць словамі .. сардэчную падзяку за .. браткі прыём. Купала. Міхал Барысавіч узлаваўся за негасцінны прыём. Кавалёў.
3. Збор, сход запрошаных асоб (звычайна афіцыйных у гонар каго‑, чаго‑н.). Урачысты прыём. Афіцыйны прыём. □ Пасля ўрачыстага пасяджэння адбыўся ўрадавы прыём. Дуброўскі.
4. У спалучэнні з лічэбнікам «адзін» указвае на аднаразовасць якога‑н. дзеяння; у спалучэнні з іншымі колькаснымі лічэбнікамі і няпэўна-колькаснымі займеннікамі ўказвае, што дзеянне праходзіць у столькі этапаў, разоў, колькі ўказана ў лічэбніку; раз. Напісаць артыкул у два прыёмы. □ Пачакаўшы колькі дзён, можна ўбіраць хлеб у адзін прыём. Беразняк. Адбываецца нераст у некалькі прыёмаў з прамежкамі паміж імі ў 7–10 дзён. Матрунёнак.
5. Спосаб дасягнення, ажыццяўлення, выканання чаго‑н. Мастацкія прыёмы. Графічны прыём рашэння задач. □ У трэнера Левандоўскага быў свой прыём. Зялёнаму навічку ён надзяваў рукавіцы і выпускаў на рынг з баксёрам-першаразраднікам. Карпюк. «Ну, сябры, не вельмі я напалохаўся вашых фатаграфій! — падумаў Асташонак. — Стары прыём вярбоўкі, прыдумалі б хоць што навейшае...» Ваданосаў.
6. Спосаб, манера паводзіць, трымаць сябе. Назіраючы, як трапна казыраюць маладыя партызанскія камандзіры,.. як прыгожа паварочваюцца яны, гучна шчоўкнуўшы пры гэтым абцасамі ботаў, Майка наважылася пераняць усе гэтыя прыёмы. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салёны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтрымлівае ў сабе соль, насычаны соллю (пра вадаёмы) і проціл. прэсны. Салёнае мора. Салёнае возера. □ Увесь час пытай зямлю, чаго яна хоча: кіслага ці салёнага? Кулакоўскі. // Якому ўласцівы спецыфічны смак солі (пра вільгаць). Салёныя пырскі. □ У салёнай белай пене Шэпты галькі навакол, Бы Манахава маленне Ціха падае на дол. Крапіва. Хвалі салёныя — чыстыя слёзы, Мо ў твае рэчкі плакалі лозы? Кавалюк. / Пра паветра, вецер. Салёны вільготны вецер дзьмуў.. [хлопчыкам] у твар, свістаў ля вушэй, упіраўся ў грудзі. Бяганская.
2. Прыпраўлены соллю, занадта пасолены. Салёная страва. Салёная зацірка. □ Навечна будзь благаславёны, Запрацаваны ў поце хлеб — Не квашаны і не салёны, Для важных спечаны патрэб! Глебка. / Пра смак крыві, слёз, поту. Салёны пот. □ Мірошкін адчуў салёны смак у роце і зразумеў, што гэта слёзы Галі — апошняе адчуванне, звязанае з гэтай прыгожай, каханай дзяўчынай. Пятніцкі. / у перан. ужыв. Развітаўся з салёнаю службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.
3. Прыгатаваны ў запас з соллю, у салёным растворы (пра харчовыя прадукты). Салёная рыба. Салёныя агуркі. □ Грыбную ікру можна прыгатаваць з сушаных або салёных грыбоў. «Звязда».
4. перан. Разм. Дасціпны да рэзкасці, непрыстойнасці. Салёнае слоўца. Салёны анекдот. □ Пры рабоце адпускалася многа жартаў, салёных і смешных. Лужанін. Размаўлялі .. [рыбакі] паміж сабой вольна, нярэдка перасыпаючы гаворку салёнымі слоўцамі. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страка́цець 1, ‑ее; незак.
1. Вылучацца сваёй стракатасцю; пярэсціцца. І толькі калі [Ніна] зірнула ў акно, зразумела — поезд, змяншаючы хуткасць, падыходзіў да станцыі: перад вачыма разгаліноўваліся бліскучыя ад сонца рэйкі, а ўдалечыні ўжо стракацелі цагляныя і драўляныя будынкі прыгарада. Сіўцоў. На .. [хлопцах] былі таксама вузкія дудачкай штаны, з-пад якіх стракацелі шкарпэткі. Асіпенка. // чым або ад чаго. Быць, здавацца стракатым, рознакаляровым (ад чаго‑н.). Імшары стракацяць рознакаляровымі сыраежкамі, бабкамі, падасінавікамі. Сачанка. Пчаліныя хаткі стракацелі рознай афарбоўкай між пабеленымі стваламі яблынь. Пестрак. Невысокая трава паабапал стракацела жоўтымі люцікамі, ружовымі смолкамі, сінімі званочкамі. Ваданосаў. Берагі ракі стракацелі ад птушак, што, здавалася, зляцеліся сюды з усіх джунгляў. Хомчанка.
2. Станавіцца стракатым. Вуліца пачала стракацець белымі, чырвонымі, блакітнымі кофтамі і хусткамі. Мележ.
страка́цець 2, ‑ціць; незак.
1. Часта трапляцца на вочы, мільгаць перад вачыма. На паплавах стракацеў дзяцельнік, тырчалі галоўкі адуванчыка, у нізінах паміж асакою жаўцела лотаць. Гурскі.
2. чым. Змяшчаць шмат таго, што часта паўтараецца. І толькі параўняўся .. [Джыавані] з газетным кіёскам, які стракацеў вокладкамі розных часопісаў, як востры боль прастроміў яго плячо. Лынькоў. // перан. Змяшчаць шмат чаго‑н. аднароднага, што часта паўтараецца. Друк нацыянальна-вызваленчага руху стракацеў строфамі і вобразамі Купалы, асабліва ў допісах з месц. Таўлай. Таўбін любіў ужываць словы-абрубкі, яго юныя вершы часамі стракацелі іншамоўнымі слоўцамі. Шушкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суча́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цяперашняга часу, да сваёй эпохі. У сучаснай беларускай мове шмат службовых слоў для ўстанаўлення сувязей паміж членамі сказа. Цікоцкі. Для сучаснага чытача гэта ўжо ў значнай ступені мастацкі дакумент пачуццяў і спраў мінулых дзён. Гіст. бел. сав. літ. Раіса іграла мелодыі сучасных песень, а гэта было зразумела і проста. Шамякін.
2. Які знаходзіцца на ўзроўні свайго веку, адпавядае патрабаванням свайго часу. Дасягненні сучаснай навукі. Сучаснае абсталяванне. Сучасныя хуткасці. □ Калхіду асушыць можна, сучасная тэхніка здолее гэта здзейсніць. Самуйлёнак. Значыць, мы з табой адсталыя, Значыць, несучасныя: Месім гурбы не расталыя Напрадвесні ў лесе часта мы .. І зрываем на праталінах Сонтравы зеанкі зубчастыя... Гэта значыць: не адсталыя, Значыць, мы з табой сучасныя. Жычка. // Важны для цяперашняга моманту; выкліканы патрабаваннямі свайго часу; актуальны. Сучасная тэма.
3. Які адбываецца цяпер, у дадзены час; цяперашні. [Міколка:] — Сучаснае жыццё, яно ў нашых руках! Нікановіч. Сучаснымі крыніцамі жыўлення азёр з’яўляюцца дажджавыя, снегавыя, рачныя і грунтавыя воды. «Прырода Беларусі».
4. у знач. наз. суча́снае, ‑ага, н. Цяперашні час; падзеі, якія адбываюцца цяпер, у дадзены час. Гадае той аб прышласці далёкай, Хто верыць у сучаснае душой. Глебка. [Якаў] расказаў мне пра ўсё сваё мінулае, а тое сучаснае, пра што будзе ісці гаворка далей, адбылося, як кажуць, на маіх вачах. Кулакоўскі.
•••
Сучаснае пяцібор’е гл. пяцібор’е.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмацні́цца, ‑моцніцца; зак.
1. Павялічыцца ў сіле, стаць больш інтэнсіўным (пра вецер, дождж і пад.). Я адчуў, што сапраўды вецер узмацніўся, і пад яго павевамі звініць сухое .. лісце на маладых дубках. Навуменка. На дварэ зусім праяснілася, мароз узмацніўся, і вясёлыя зоркі ўсеялі ўсё неба. Чарнышэвіч.
2. Стаць больш выразным у сваім праяўленні, больш інтэнсіўным (пра якія‑н. уласцівасці, якасці, працэсы). Па шашы каля возера яшчэ болей узмацніўся рух. Броўка. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч. / Пра гукі, голас і пад. Потым выразней пачуліся гукі — чуфффы, чушш! — і ўзмацніліся так, што лёгка можна было распазнаць заўзятую бойку. Маўр. / Пра думкі, пачуцці і пад. Інстынктыўна недавер да Віктара яшчэ больш узмацніўся. Машара. // Стаць больш актыўным па характару працякання, ажыццяўлення; набыць большую выразнасць. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку [А. Вярцінскага] «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.
3. Стаць больш моцным, эфектыўным, дзейсным (пра ваенныя дзеянні). Атака ўзмацнілася. □ Агонь варожай артылерыі ўзмацніўся. Кавалёў.
4. Папаўняючыся, стаць больш баяздольным. Часці ўзмацніліся новымі байцамі. // Стаць больш магутным, уплывовым (у эканамічных, палітычных і пад. адносінах). Пасля вядомай Крэўскай уніі 1385 г. узмацніліся палітычныя, гаспадарчыя і культурныя сувязі паміж беларусамі і палякамі. Гіст. лекс. бел. мовы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.
1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.
2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.
3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.
4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.
5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)