ГО́Я, Гоя-і-Лусьентэс (Goya y Lucientes) Франсіска Хасэ дэ (30.3.1746, Фуэндэтодас, каля г. Сарагоса, Іспанія — 16.4.1828), іспанскі жывапісец, гравёр. З 1760 вучыўся ў Сарагосе ў мясц. мастака Х.Лусана-і-Мартынеса. Каля 1769 наведаў Італію, у 1771 вярнуўся ў Сарагосу, дзе стварыў фрэскі ў духу італьян. барока (размалёўка бакавога нефа царквы Нуэстра Сеньёра дэль Пілар). З 1773 працаваў у Мадрыдзе, у 1776—80 і 1786—91 выканаў для каралеўскай мануфактуры больш за 60 кардонаў для шпалер, адметных насычаным каларытам і радасным светаадчуваннем. У 1790 абраны ў Мадрыдскую АМ (з 1785 віцэ-дырэктар, з 1795 дырэктар яе жывапіснага аддзялення), у 1786 прызначаны прыдворным жывапісцам, з 1799 «першы жывапісец караля». Адначасова ў творчасці Гоя ўзмацняюцца рысы трагізму, глыбіня крытычнага ўспрымання рэчаіснасці, непрыязнасць да феад.-клерыкальнай Іспаніі «старога парадку». Пачварнасць яе маральных, духоўных і паліт. асноў ён раскрываў у серыі з 80 афортаў «Капрычас» (з каментарыямі мастака, 1797—98), у якой спалучаны гратэск і рэальнасць, алегорыя і фантастыка. У 1790-я — пач. 1800-х г. росквіту дасягнула яго партрэтная творчасць, у якой адчуванне адзіноты (партрэт сеньёры Бермудэс), мужнае процістаянне і выклік усяму навакольнаму (партрэт Ф.Гіймардэ, 1798), прыгажосць маладой жанчыны («Маха аголеная» і «Маха апранутая», каля 1802). Цудоўны па вастрыні і пераканальнасці характарыстык групавы партрэт «Сям’я караля Карла IV» (1800). Глыбокім гістарызмам, пратэстам напоўнены карціны Гоя, прысвечаныя барацьбе супраць франц. інтэрвенцыі («Расстрэл паўстанцаў у ноч 3 мая 1808 года», 1814), серыя афортаў «Бедствы вайны» (82 аркушы, 1810—20), якая па-філасофску асэнсоўвае лёс народа. Цяжкая хвароба прывяла мастака да частковай страты зроку і поўнай глухаты. У творах таго часу пераважаюць трагічная разгубленасць, кашмарная фантастычнасць вобразаў (фрэскі «Дома глухога», графічная серыя з 22 аркушаў «Дыспаратэс»; усе ў 1819—23). З 1824 Гоя жыў у Францыі, пісаў партрэты сяброў, асвойваў тэхніку літаграфіі. Уплыў яго творчасці на жывапіс і графіку меў і мае агульнаеўрап. характар.
Літ.:
Прокофьев В.Н. «Капричос» Гойи. М., 1970;
Фейхтвангер Л. Гойя, или Тяжкий путь познания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1959;
Ортега-и-Гассет Х. Гойя // Ортега-и-Гассет Х. «Дегуманизация искусства» и другие работы: Пер. с исп. М., 1991.
Ф.Гоя. Аўтапартрэт.Ф.Гоя. Тут нічога нельга было зрабіць. Афорт. З серыі «Капрычас». 1797—98.Ф.Гоя. Махі на балконе. Каля 1802.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НАЎ (Аляксей Гаўрылавіч) (18.2.1780, Масква — 16.12.1847),
рускі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў быт. жанру ў рус. жывапісе. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1811). Вучыўся ў У.Баравікоўскага. У ранні перыяд пісаў інтымныя лірычныя партрэты А.І.Бібікава, М.А.Фанвізіна, часам блізкія да рамантызму. У 1807 падрыхтаваў 4 афорты («Вяльможа» і інш.) для «Часопіса карыкатур на 1806 год у тварах» — першага ў Расіі ілюстраванага гумарыстычнага лістка. З 1819 жыў у в. Сафонкава Цвярской губ., дзе пісаў партрэты сялян і сцэны з іх жыцця («Ачыстка буракоў», пастэль, 1822; «Гумно», каля 1821—23, «Пастух, які спіць», 1823—24; «На раллі. Вясна», «На жніве. Лета», абедзве 1820-я г., «Галава старога селяніна», 1825). У сваіх творах ствараў ідэалізаваныя паэт. вобразы сял. жыцця, звязаныя з прыгажосцю рус. прыроды. У канцы 1820-х г. заснаваў прыватную маст. школу, у якой вучыліся і працавалі жывапісцы М.Крылоў, А.Тыранаў, Я.Крандоўскі, Л.Плахаў, А.Аляксееў, А.Дзянісаў, С.Заранка, Р.Сарока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІКО́ЎСКІ (Уладзімір Лукіч) (4.8.1757, г. Міргарад, Украіна — 18.4.1825),
рускі і ўкр.жывапісец-партрэтыст. Акадэмік (з 1795), саветнік (з 1802) Пецярбургскай АМ. Вучыўся ў аўстр. мастака І.Б.Лампі. У партрэтах 1790-х г. яскрава выявіліся ідэі сентыменталізму (партрэт Кацярыны II). Імкнуўся ствараць натуральныя вобразы асоб, здольных на тонкія перажыванні, паэт. мары і элегічныя настроі (партрэты А.А.Менеласа, В.В.Капніста, К.М.Арсеньевай, М.І.Лапухіной, А.Г. І В.Г.Гагарыных). У мужчынскіх партрэтах імкнуўся ўвасобіць ідэал паважаных дзярж. дзеячаў (Д.П.Трашчынскага, Ф.А.Бароўскага, А.Ф.Бястужава і інш.). Пасля 1800 у яго творчасці з’яўляюцца рысы класіцызму (партрэты А.І.Безбародка з дочкамі, А.А. і М.І.Далгарукіх, А.Л.Ж. дэ Сталь і інш.). Баравікоўскаму належаць парадныя партрэты (Муртаза-Кулі-Хана, А.Б.Куракіна і інш.) і рэдкія ў тагачасным мастацтве вобразы сялян («Хрысціння», «Зіма ў вобразе селяніна»). У 1793—94 стварыў абразы для Іосіфаўскага сабора ў Магілёве.
Літ.:
Алексеева Т.В. В.Л. Боровиковский и русская культура на рубеже 18—19 вв. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЗЕР (Абрам Маркавіч) (1892, Кішынёў — 1942),
бел. скульптар, жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Скончыў Кішынёўскае маст. вучылішча (1910), вучыўся ў Парыжскай АМ (1912—14). Удзельнік выставак «Асенні салон» у Парыжы (1913), «Свет мастацтваў» у Петраградзе (1916). Выкладаў у Віцебскім маст.-практычным ін-це (1918—23), у Мінску. Яго скульптурныя работы вызначаюцца глыбінёй вобразных характарыстык, экспрэсіўнасцю: помнік-бюст І.Г.Песталоці ў Віцебску (1919—20, не захаваўся), партрэты К.Маркса (1920), Ф.Скарыны (1925), С.М.Міхоэлса (1926), М.М.Галадзеда (1931), М.Б.Голуба (1940), барэльефы да помніка Ф.Э.Дзяржынскаму (г. Дзяржынск Мінскай вобл., 1933). Сярод жывапісных твораў аўтапартрэт (1918), нацюрморты, партрэты Ю.Пэна (1921), У.І.Галубка (1931), карціны «Расстрэл у Дукоры ў 1920 г.» (1928) і інш. У 1930-я г. выканаў шэраг графічных работ, у т. л. партрэты пісьменнікаў М.Лынькова, З.Бандарынай, К.Чорнага, П.Броўкі, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. Загінуў у фаш. канцлагеры.
Літ.:
Очерки по истории изобразительного искусства Белоруссии. М.; Л., 1940;
Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЖАЗО́ЎСКІ (Генрых Францавіч) (н. 1.1.1912, Мінск),
бел.жывапісец. Бацька Л.Г.Бржазоўскай. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1930—33) у М.Керзіна і М.Эндэ; у 1938—41 у маст. студыі Ф.Мадорава ў Мінску. У 1943—44 у партыз. атрадзе, гал. афарміцель час. «Народны мсціўца». Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Каля 100 замалёвак, зробленых у час Вял.Айч. вайны (зберагаюцца ў Музеі гісторыі Вял.Айч. вайны, Пухавіцкім краязн. музеі і інш.), пазней увасобіў у буйнамаштабныя палотны. Сярод твораў: «Партрэт Героя Савецкага Саюза Мармулёва» і «Разведчык» (1943), «Камбрыг» (1944), «Беларускі пейзаж» і «Лес» (1946), «Выхад з блакады» і «Пахаванне таварышаў» (1947), «На родных палетках» (1952), «У ліцейным цэху» (1959), «Партызаны каля кастра» і «Брэсцкая крэпасць. 22 чэрвеня 1941 года» (1961), «Рэйкавая вайна» (1976), «Янка Купала ў гадзіны адпачынку на беразе Свіслачы» (1981), «Дубы Курасоўшчыны» (1985) і інш. Яго творы адметныя дакументальнасцю, псіхал. напоўненасцю вобразаў, змястоўнай выразнасцю жывапіснага вырашэння.
Літ.:
Фатыхава Г. Рэалізм і шчырасць // Мастацтва. 1992. № 7.
Г.А. Фатыхава.
Г.Бржазоўскі. На родных палетках. 1952. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНІ́НІ ((Bernini) Джавані) (Джан) Ларэнца (7.12.1598, г. Неапаль, Італія — 28.11.1680),
італьянскі архітэктар, скульптар, жывапісец. Найб. вядомы прадстаўнік барока. Вучыўся ў бацькі, скульптара П’етра Берніні. Арх. пабудовы вылучаюцца прасторавым размахам і пышнасцю дэкору, дынамікай формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, цэласным сінтэзам мастацтваў (ансамбль плошчы св. Пятра, 1657—63, і царква Сант-Андрэа, 1653—58, фантан на П’яцца Навона, 1648—51, у Рыме). Арганічна спалучаў архітэктуру і скульптуру, выкарыстоўваў розныя матэрыялы, размалёўку, пазалоту (інтэр’еры сабора св. Пятра, 1657—66). Скульптуры Берніні ўласцівыя імклівасць руху, спалучэнне рэліг. афектацыі і экзальтацыі пачуццяў («Апалон і Дафна», 1622—25; «Экстаз святой Тэрэзы», 1644—52; капэла Карнара ў царкве Санта-Марыя дэла Віторыя, усе ў Рыме). У творчасці Берніні сфарміраваўся тып параднага партрэта барока з яго рэаліст. дакладнасцю, псіхал. вастрынёй і дэкар. пышнасцю («Людовік XIV»). Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на еўрап. мастацтва 17—18 ст.
Літ.:
Лоренцо Бернини, 1598—1680: Воспоминания современников: Пер. с итал. и фр.М., 1965.
Дж.Л.Берніні. Экстаз святой Тэрэзы. 1644—52.Дж.Л.Берніні. Фантан на П’яцца Навона ў Рыме. 1648—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІ́Н (Аляксандр Якаўлевіч) (1.3.1863, Масква — 17.4.1930),
рускі тэатр. мастак, жывапісец. Акад. жывапісу (1912), нар.арт. РСФСР (1928). У 1881—89 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў В.Паленава, І.Пранішнікава, У.Макоўскага і ў Парыжы (1889, 1897). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». У канцы 1900-х г. афармляў спектаклі, антрэпрызы С.П.Дзягілева ў Парыжы, балет І.Стравінскага «Жар-птушка». Тонкі каларыст, майстар тэатр. касцюма. Аформіў у Маскве спектаклі «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава (1901, Вял.т-р), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1927, МХАТ) і інш.; у Пецярбургу — «Кармэн» Ж.Бізэ (1908, Марыінскі т-р), «Маскарад» М.Лермантава (1917, Александрынскі т-р), «Сольвейг» Э.Грыга (1922, т-р оперы і балета) і інш. Аўтар партрэтаў Ф.Шаляпіна, У.Меерхольда, М.Траянавай і інш. У Нац.маст. музеі 7 работ мастака.
Літ.:
Головин А.Я. Встречи и впечатления;
Письма;
Воспоминания о Головине. Л.;
М, 1960;
Онуфриева С. А.Головнн. Л., 1977;
Гофман И.М. Головин-портретист. Л., 1981;
Александр Головин: Путь художника / Авт.-сост. М.Н.Пожарская. М., 1990.
А.Галавін. Вёска. Эскіз дэкарацыі балета на музыку Э.Грыга «Сольвейг». 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЕНКА (Уладзімір Цітавіч) (н. 6.7.1936, в. Клівы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел.тэатр. мастак, жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). У 1975—78 гал. мастак Бел.рэсп.т-ра юнага гледача. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1963—70), Бел.тэатр.-маст. ін-та (1973—75, 1978—93, у 1993—96 у Рэспубліканскім цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Творы Гардзеенкі вызначаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, яркай дэкар. вобразнай мовай. У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «На ўсіх адна бяда» П.Макаля, «Партызанская зона» К.Губарэвіча (абодва 1976), «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1977), «Эдзіт Піяф» В.Лягентава (1978) і інш.; у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Мая жонка — ілгуння» В.Ільіна і У.Лукашова (1989). Аўтар станковых твораў «Думы пра былое (Пятрусь Броўка)» (1976), «Слова пра Беларусь» (1983), «Салют над Прыпяццю», «Безыменная вышыня» (абедзве 1984), «Процістаянне» (1985), пейзажаў «Край дзеда Талаша» (1985), «Чырвоныя дрэвы» (1995), серый нацюрмортаў «Кветкі Чарнобыля» (1986—96), «Сто сустрэч з Радзімай (Пасля Чарнобыля)» (1986—96).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ (Мікалай Мікалаевіч) (27.2.1831, г. Варонеж, Расія — 13.6.1894),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—57), пенсіянер АМ у Італіі (1857—63). Працаваў у Рыме (1857—59) і Фларэнцыі (1860—69). З 1870 у Пецярбургу. Зазнаў уплыў К.Брулова і А.Іванава. Адзін з заснавальнікаў Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. У ранніх творах традыц. для акад. мастацтва евангельскія тэмы трактаваў з глыбокім псіхалагізмам і драматызмам («Тайная вячэра», 1863; «Вестуны ўваскрэсення», 1867). У карцінах на евангельскія тэмы («Што ёсць ісціна?», 1890; «Распяцце», 1892—94, «Галгофа», 1893) сцвярджаў блізкія да поглядаў Талстога ідэі духоўнага пратэсту супраць зла, веліч ахвярнага подзвігу ў імя ідэі. Звяртаўся да гіст. жывапісу («Пётр I дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе», 1871, і інш.), пейзажаў, партрэтаў. Яго партрэты перадаюць складанасць духоўнага жыцця чалавека («А.І.Герцэн», 1867, «Л.М.Талстой», 1884, «Аўтапартрэт», 1893). У Нац.маст. музеі Беларусі тры карціны Ге: «Ахілес аплаквае цела Патрокла», 1855, «Рымлянка», 1857, «Мужчынская галава», 1868.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАРДЖО́НЕ [Gioigione; сапр.Барбарэлі да Кастэльфранка (Barbarelli da Castelfranco) Джорджа; 1476 або 1477, г. Кастэльфранка-Венета, Італія — вер. або кастр. 1510],
італьянскі жывапісецвенецыянскай школы жывапісу, адзін з пачынальнікаў мастацтва Высокага Адраджэння. Вучыўся, верагодна, у Дж.Беліні, быў блізкі да венецыянскіх гуманістаў, вядомы таксама як спявак і музыкант. Побач з кампазіцыямі на рэліг. тэмы («Пакланенне пастухоў», каля 1504) пісаў карціны на свецкія, у асн. міфал., сюжэты, якія ў яго творчасці сталі пераважнымі. У творах «Юдзіф» (каля 1502), «Тры філосафы», «Навальніца» (абедзве 1506—07), «Спячая Венера» (1507—08) паэт. ўяўленні мастака пра багацце скрытых у свеце і чалавеку жыццёвых сіл раскрываюцца не ў дзеянні, а ў перадачы стану агульнай маўклівай адухоўленасці. Захоўваючы ўласцівыя мастацтву Ранняга Адраджэння яснасць аб’ёмаў і меладычную выразнасць контураў, ён з дапамогай празрыстага святлаценю дасягаў зрокавага зліцця чалавечых фігур з пейзажам. Выкананыя ім партрэты вызначылі інтымна-лірычную танальнасць (партрэт юнака, 1502, жаночы партрэт, т. зв. «Лаура», 1506). Творчая канцэпцыя Дж. зрабіла значны ўплыў на венецыянскі жывапіс і атрымала развіццё ў яго вучня Тыцыяна.