(4.3.1921, с. Славоціна Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія —17.10.1998),
бел. жывапісец. Вучыўся ў Яраслаўскім маст. вучылішчы (1938—39). У 1946—53 рэпрэсіраваны і зняволены. Працаваў у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Творчай манеры ўласцівы экспрэсіўнасць, выразнасць каларыту, арыгінальнасць кампазіцыйнай пабудовы, шырокае выкарыстанне сімволікі. Героіка-трагедыйным гучаннем вызначаюцца творы антыфаш. цыкла: «Праклён фашызму» (1960), «Уцёкі» (1961), «Правда» (1963), «Няскораны» (1969), «Асвенцім» (1974), «Памяці вязняў Ламсдорфа» (1977) і інш. Аўтар партрэтаў («Маці партызана», 1957; Ф.Дастаеўскага, 1972; партызана М.А.Хлебнікава, 1979; пісьменніка У.А.Калесніка, 1980; ганаровага грамадзяніна Брэста В.П.Ласковіча, 1988), шэрагу краявідаў Прыбалтыкі і Каўказа, нацюрмортаў, карцін на сучасныя тэмы. Сталінскім лагерам прысвяціў карціны «Іван Дзянісавіч» (1984), «У памяці маёй» (1987), «Аўтапартрэт» (1989) і інш.