Сме́лы ‘які не паддаецца страху; храбры, адважны’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Пятк. 2, Сл. ПЗБ), сме́ліць ‘рабіць смелым’ (Нас., Ласт.). Укр. смі́лий, рус. сме́лый, польск. śmiały, чэш. smělý, славац. smelý, серб.-харв. сме̏о, славен. smẹ̑l (з серб.-харв.), балг. смел. Прасл. *sъmělъ, першапачаткова дзеепрыметнік прошлага часу на ‑l‑ ад дзеяслова *sъměti (гл. смець); Бернекер, 2, 47; Праабражэнскі, 2, 341–342; Фасмер, 3, 684; Сной₁, 584–585; Махэк₂, 560; Рэйзак, 585; Борысь, 617.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сморг ‘летні час, гарачая пара’ (Нас.), ‘пільная праца’ (Бяльк.), сморк ‘гарачая летняя пара’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, да смо́ргаць, смарга́ць ‘тузаць, торгаць, шморгаць’, адсюль ‘тое, што непакоіць, прымушае спяшацца’. Параўн. таксама ст.-бел. сморкъ (сморщъ) ‘хмара, смерч’ (Ст.-бел. лексікон), якое збліжаецца з морак ‘змрок’ і далей з марока ‘клопаты, цяжар; нешта заблытанае’ (гл.), чэш. smršt ‘віхор’ і ўсх.-слав. сморч ‘дождж, віхура’. Апошняе Брукнер (503) параўноўвае з рус.-ц.-слав. смркати ‘уцягваць, усмоктваць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сну́дзіць ‘нацягваць вяроўку або нітку з мэтай злавіць каго-небудзь’ (Нас.), ‘настройваць, наладжваць, арганізоўвацць’ (Гарэц., Др.-Падб.), снудзі́ць ‘ненадзейна прыстасоўваць для лоўлі’ (Юрч. Вытв.), снуда́ ‘пастка’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, звязана з славен. snúditi se ‘шмыгаць, снаваць’, якое Куркіна (Диал. структура, 116) лічыць этымалагічна тоесным літ. snauduliúti, snausti ‘драмаць, спаць; марудзіць, вагацца’, snaudà ‘дрымота, марудлівасць’, лат. snaũda ‘тс’, што ўзыходзяць да і.-е. *snou‑ з пашыральнікам d і зыходнай семантыкай ‘снаваць, матаць’. Прасл. *snuditi?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спіжа́рня ‘кладоўка, камора’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Нас., Булг., Касп., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘варыўня’ (Гіл.), ст.-бел. спижарня ‘кладоўка, памяшканне для захавання харчовых прадуктаў’. З польск. spiżarnia ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 99), якое ад ст.-польск. spiża ‘прадукты, харчаванне’, запазычанага з ст.-в.-ням. spîse ‘яда, харчаванне, правіянт; хатняя гаспадарка’, сучаснае ням. Speise ‘ада, харчаванне’, што ўзыходзіць да с.-лац. spesa < spensa < лац. expēnsa (pekunia) ‘выдатак, кошт’; гл. Борысь, 568.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стрэ́льба ‘ручная агнястрэльная зброя з доўгім ствалом’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС), ‘паляўнічая зброя’ (Пятк. 1), стрэ́лбла ‘тс’ (рэч., Яшк. Мясц.), стральба́ ‘тс’ (Нас., Шымк. Собр.). Параўн. укр. стре́льба ‘тс’, польск. strzelba ‘тс’, якое, па сведчанні Брукнера (522), першапачаткова значыла ‘страляніна’, а ‘гатунак зброі’ пачало абазначаць з XVII ст. Рэгіянальная інавацыя, магчыма, узнікшая на базе польскай мовы, параўн. польск. strzelba ‘страляніна, кананада’, балг. стрелба́ ‘стральба’, макед. стрелба ‘тс’ і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сулды́га ’частка нагі ад калена да пяткі’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ’вялікая костка’, перан. ’нага’ (Юрч.), сулды́жжа зборн. (мсцісл., З нар. сл.), сулды́жка ’частка рукі ад пляча да локця’, ’ніжняя частка галёнкі’ (Мат. Маг.), ’костка, масол’ (Бяльк.), ’вялікая костка’ (Юрч. Вытв.). Укр. дыял. сулды́га ’шчыкалатка’. З *sǫ‑lъdyga (гл. ладыга) (Міклашыч, Vergl. gr., 2, 285; ЕСУМ, 5), роднаснае *lydъka (гл. лытка), адлюстроўвае карнявы вакалізм у ступені рэдукцыі (Слаўскі, 5, 391; Бязлай, 2, 145).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сці́слы ’выкладзены коратка, лаканічны; кароткі’ (ТСБМ), сьці́слы, сьці́склы ’сціснуты, шчыльны; кампактны’ (Ласт.), сці́слы, сці́склы, сці́склівы ’ашчадны, скупаваты’ (брасл., паст., смарг., Сл. ПЗБ), сці́слы ’сціпла, ашчадна жывучы’ (Нас.), ’ашчадны, скупы’ (Бяльк.), ’скупы, прагны’ (Ян., Жд. 2), ’вельмі скупы, хцівы’ (Растарг.), сці́склы ’эканомны’ (Ян.), сці́склівы ’ашчадны, які намарна нічога не пусціць’ (Варл.), сці́слівы ’сарамлівы’ (Мат. Гом.). З польск. ścisły, старое ścisliwy, ściskły ’шчыльны; дакладны; скупы’, якое ад ściskać ’сціскаць’ < ciskać ’ціскаць’ (Брукнер, 530; Борысь, 614).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сыно́вая ’жонка сына, нявестка’ (Нас., Байк. і Некр.), сынава́, сынава́я, сыно́ва ’тс’ (зах., Сл. ПЗБ), сынава́я, сыно́ва ’тс’ (Сцяшк.), ст.-бел. сыновая ’тс’. Магчыма, з польск. synowa ’тс’ (Сл. ПЗБ, там жа), што фіксуецца ў функцыі назоўніка з XVIII ст. (гл. Длугаш-Курчабова, 478), у першую чаргу паводле націску і арэала распаўсюджання. Паводле Булахава (Бел. лекс., 19), субстантываваны прыметнік, суадносны з іншымі ўтварэннямі ў афіцыйнай мове Вялікага княства Літоўскага, гл. наступнае слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сява́лка ’лубянка для ручной сяўбы’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Нік. Очерки, Др.-Падб., Шат.; ЛА, 5), сева́лка, севя́лка, сіва́лка ’тс’ (шальч., докш., рас., круп., Сл. ПЗБ), сіва́лка ’тс’ (Бяльк.); сюды ж севе́ялка (смарг., Сл. ПЗБ) з дадатковай апеляцыяй да ве́яць, гл. Укр. сіва́лка, рус. сева́лка ’тс’. Дэрыват з суф. ‑алк ад *сяваць, параўн. высяваць, засяваць, укр. сіва́ти, рус. сева́ть, шматкратнага дзеяслова да сеяць (гл.); да словаўтварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 51.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тлушч ’масляністае рэчыва, сала’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ’тук (растопленае сала)’ (зах.-бел., ЛА, 4), тлуст ’тс’ (смарг., ЛА, 4), тлусць ’тс’ (Сцяшк.), клушч ’тс’ (Ласт.), сюды ж тлу́стасць ’сала, тук’ (Нас., Шпіл., Гарэц., Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ; стаўб., З нар. сл., ЛА, 4), тлу́шчосць ’тс’ (пін., ЛА, 4). Запазычана з польск. tłuszcz ’тс’, утворана ад tłusty (*tl̥st‑jь, гл. Борысь, 636), параўн. тоўшч ’таўшчыня, сытасць’, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)