ТАЛЬМА́ (Talma) Франсуа Жазеф (15.1.1763, Парыж — 19.10.1826),

французскі акцёр, педагог. Скончыў Каралеўскую школу дэкламацыі і спеваў у Парыжы. У 1787—91, з 1799 у т-ры «Камеды Франсэз» у Парыжы, у 1791—99 удзельнічаў у стварэнні і рабоце «Тэатра Рэспублікі». З 1806 праф. драм. класа Парыжскай кансерваторыі. Акцёр класіцысцкай трагедыі. Мастацтву характэрны ідэалізацыя і манументальнасць вобразаў у спалучэнні з вял. эмацыянальнасцю. Выступаў пераважна ў тагачасным рэпертуары, з пач. 19 ст. — у трагедыях У.​Шэкспіра: Макбет, Атэла, Гамлет (аднайм. п’есы). Рэфарматар сцэн. касцюма і грыму. Аўтар тэатр. мемуараў (1931).

Літ.:

Дейч А.И. Франсуа-Жозеф Тальма. М., 1973.

т. 15, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЛУ́ШЧАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

скурныя залозы жывёл і чалавека, якія выдзяляюць скурны тлушч, што ахоўвае скуру і валасы ад высыхання. Развіваюцца з эпітэлію валасяных фалікулаў, размешчаны па ўсёй скуры. У чалавека Т.з. найб. насычана скура валасістай ч. галавы, шчок, падбародка (400—900 на 1 см²). Сакрэт Т.з. забяспечвае эластычнасць і непранікальнасць скуры для вады, некат. мікраарганізмаў, хім. рэчываў і інш. Сакрэт Т.з. некат. жывёл мае характэрны пах (гл. Мускусныя залозы); у кітападобных Т.з. прадстаўлены спецыфічнай анальнай залозай. Функцыі Т.з. рэгулююцца палавымі гармонамі. У самцоў Т.з. буйнейшыя, чым у самак, выдзяляюць больш сакрэту. Захворванні Т.з. чалавека — атэрома, вугры, себарэя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЦЦЯКО́Ў Віктар Віктаравіч (н. 17.10.1946, г. Краснаярск, Расія),

расійскі скрыпач. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Маскоўскай філармоніі, адначасова з 1983 маст. кіраўнік Камернага аркестра Расіі і выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1989 праф.). Для яго ігры характэрны эмацыянальнасць, маштабнасць, віртуознасць. У рэпертуары скрыпічныя творы І.​Брамса, П.​Чайкоўскага, Дз.​Шастаковіча, С.​Пракоф’ева, а таксама канцэрты, санаты, п’есы рас. і замежных кампазітараў. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1965, Масква), Міжнар. конкурсе імя Чайкоўскага (1966, Масква). Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1981.

т. 15, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМБРЫ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,

жывапісная школа Італіі 13 — пач. 16 ст. Існавала ва Умбрыі з цэнтрам у г. Перуджа. У 13 ст. вядома мініяцюрамі, у канцы 14 — пач. 15 ст. стала адной з вядучых у познагатычным мастацтве Італіі (Джэнтыле да Фабрыяна). З 2-й пал. 15 ст. пад уплывам фларэнційскай школы набыла рысы Ранняга Адраджэння (П.Перуджына, Л.Сіньярэлі, Пінтурык’ё, раннія работы Рафаэля). Для У.ш. характэрны тонкі лірызм, плаўнасць і музыкальнасць лінейных рытмаў, адчуванне паэтычнай гармоніі чалавека і прыроды, мяккасць каларыстычных вырашэнняў.

Да арт. Умбрыйская школа. Л.​Сіньярэлі. Прышэсце Антыхрыста. Фрэска капэлы сабора Сан-Брыцыо ў Арвіета. 1499—1502.

т. 16, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМЕ́НЕС (Jiménez) Хуан Рамон (24.12.1881, г. Магер, Іспанія — 29.5.1958),

іспанскі паэт; прадстаўнік мадэрнізму. Належаў да пісьменнікаў «Пакалення 1898 года». Для зб. «Журботныя арыі» (1903) і інш. характэрны суб’ектывізм і меланхолія. У зб. «Вясеннія балады» (1910) традыцыі андалускага фальклору. У зб-ках «Духоўныя санеты», «Дзённік паэта-маладажона» (абодва 1917), «Бясконцасць» (1918) зварот да ўнутр. свету чалавека. Адыход ад класіцыстычных форм, імкненне да непасрэднасці адлюстравання ў вершах і лірычнай прозе (кнігі «Платэра і я», 1914; «Звер з глыбіні душы», 1949) і крытычных эсэ («Іспанцы трох светаў», 1942; «Бясконцы паток», апубл. 1961). Нобелеўская прэмія 1956.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1981.

Х.Р.Хіменес.

т. 17, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕЦЯРУ́К палявы

(Lyrurus tetrix),

птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі. На Беларусі звычайны аселы від, найб. шматлікі ў Бел. Паазер’і і Палессі.

Даўж. да 57 см, маса да 1,8 кг. Самкі меншыя. Ц. характэрны палавы дымарфізм. Самцы (касачы) чорныя з сінявата-фіялетавым адлівам, брыво чырв., на крыле белая паласа, хвост лірападобны (адсюль лац. назва роду), падхвосце белае. Такуюць у шлюбны перыяд. Самкі шэрыя, стракатыя. Нясуць 5—14 яец. Корміцца пупышкамі, каташкамі, парасткамі і насеннем дрэў, ягадамі, збожжам і інш., жывёльным кормам (птушаняты). Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Цецярук: 1 — самка; 2 — самец.

т. 17, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАМШЫ́НА Марка (сапр. Семанюк Іван Юр’евіч; 13.6.1874, с. Кабакі Косаўскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 25.4.1927),

украінскі пісьменнік. Д-р юрыд. н. (1906). Скончыў Венскі ун-т (1901). З 1912 адвакат у г. Снятын. Першае апавяд. «Кормчы» (1896) пра жыццё плытагонаў. Для ранніх твораў характэрны ўплыў мадэрнізму (цыкл вершаў у прозе «Лісткі», 1898), для больш позніх — крытычнага рэалізму (цыкл навел з жыцця гуцульскіх сялян у зб. «Карбы», 1901). Аўтар зб-каў навел «Сяло гіне» (1925), «Верхавіна» (выд. 1929). На бел. мову некат. яго творы пераклаў В.​Рабкевіч.

Тв.:

Бел. пер. — Апавяданні. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избранное. М., 1973.

т. 17, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАЗЁМЫ,

тып глеб, які фарміруецца ў лесастэпавай і стэпавай зонах умераных паясоў пад шматгадовай травяністай расліннасцю. Развіваюцца пераважна на карбанатных пародах пры недахопе ўвільгатнення, ва ўмовах непрамыўнога ці перыядычна прамыўнога воднага рэжыму. Для Ч. характэрны нейтральная ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору, зярністая ці камякавата-зярністая структура, назапашванне арган. рэчываў у моцным (да 1 м) гумусавым слоі, высокая патэнцыяльная ўрадлівасць. Плошча Ч. у свеце каля 240 млн. га. Пашыраны ў Еўразіі (Аўстрыя, Венгрыя, Балгарыя, Малдова, Паўд. Украіна, Расія, Манголія, Кітай), Паўн. (зах. штаты ЗША, паўд. правінцыі Канады) і Паўд. Амерыцы (Паўд. Аргенціна і Чылі). На Беларусі адсутнічаюць.

т. 17, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ФЫ (Echis),

род змей сям. гадзюкавых. 3 віды. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы. Паўд., Паўд.-Зах. і Сярэдняй Азіі. Жывуць у гліністых і пясчаных пустынях і паўпустынях. Найб. вядомыя Э.: пясчаная (E. carinatus, або E. multisquamatus) і стракатая (E. colorata).

Даўж. да 80 см. Афарбоўка шараватая або бураватая, з малюнкам са светлых зігзагападобных палос. На галаве зверху рабрыстая луска, на ёй светлы крыжападобны малюнак. Луска па баках тулава з зубчастымі рабрынкамі, якія пры скручванні тулава выдаюць характэрны гук. На хвасце знізу рад шчыткоў. Яйцажывародныя. Кормяцца дробнымі пазваночнымі. насякомымі. павукападобнымі. Ядавітыя.

Эфа пясчаная.

т. 18, кн. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Віхла́ 1 ’аб чалавеку рухавым, энергічным, у якога хутка ідзе работа’ (Бір. Дзярж., З нар. сл.). Да віхаць ’хістацца’, віхляць’, завіхацца ’спяшаць, намагацца рабіць што-небудзь’. Параўн. польск. wichlacz ’махляр, падманшчык’; ’рухавы чалавек’.

Віхла 2 ’лаза, вярба, Salix L.’ карэліц., свісл. (Весці АН БССР, 1969, 4, 124). Ад віхаць, віхацца ’качацца, хістацца, як, напрыклад, польск. wikło, wikła ад wikłać ’віхаць’. Далей яно звязана з віць (Брукнер, 613). Націск на канчатку ў назвах дрэў (асіна́, альшына́, характэрны для гэтых гаворак (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 124).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)