ЭКАНАМІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
Эканам. гісторыя Беларусі вывучаецца на аснове разнастайных па форме, змесце і па дакладнасці інфармацыі гіст. крыніцах. Гэта помнікі археалогіі і матэрыяльнай культуры, пісьмовыя крыніцы (летапісы, хронікі, граматы, статуты, судзебнікі, акты заканад. і выканаўчых органаў улады і інш.), розныя гасп. дакументы (інвентары маёнткаў, рэвізіі і інш.). Асобны тып дакументаў — комплекс эканоміка-геагр. і статыст. апісанняў 16—20 ст., працы Вольнага эканам. т-ва (1766—1915), Пецярбургскай археаграфічнай камісіі (1846—92), матэрыялы губернскіх ведамасцей, зборнікі гіст. дакументаў аб гасп. і эканам. жыцці, мемуарная л-ра (Ф.Еўлашоўскі, А.Філіповіч, Ф.Міркавіч, І.Сямашка і інш.), творы бел. мысліцеляў і асветнікаў Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Гусоўскага, Сімяона Полацкага, Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, М.Багдановіча, Я.Коласа, М.Гарэцкага і інш. Першымі прафес. гісторыкамі, якія даследавалі праблемы сац.-эканам. развіцця Беларусі, былі прафесары Віленскага ун-та І.С.Анацэвіч, М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, Ф.Я.Нарбут, І.Б.Ярашэвіч і інш.
Асновы эканам. гісторыі Беларусі як навукі распрацаваў М.В.Доўнар-Запольскі. У сваіх працах «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII ст.» (1891), «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах» (1901), «Сацыяльна-эканамічная структура Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XVI—XVIII стст.» (1927), «Народная гаспадарка Беларусі. 1861—1914» (1926) ён адзін з першых звярнуў увагу на выгаднае геагр. размяшчэнне тэр. і спрыяльныя прыродна-кліматычныя ўмовы Беларусі, дзякуючы чаму яе насельніцтва актыўна ўступала ў гандл. і эканам. сувязі з інш. народамі і краінамі. У.І.Пічэта ў працы «Аграрная рэформа Сігізмунда Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве» (1917) на падставе багатага фактычнага матэрыялу разгледзеў пытанні, звязаныя з развіццём сельскай гаспадаркі, станаўленнем новай сістэмы земляробства і яе эфектыўнасцю. Гісторыя гарадоў, мястэчак і вёсак, развіцця рамяства, гандлю і культуры розных рэгіёнаў Беларусі раскрыта ў працах М.В.Без-Карніловіча, Д.А.Дудкова, Ф.В.Кліменкі, К.І.Кернажыцкага, В.К.Стукаліча, П.М.Шпілеўскага.
Выкладанне эканам. гісторыі Беларусі пачалося ў 1921 на ф-це грамадскіх навук БДУ, дзе рыхтаваліся кадры эканамістаў вышэйшай кваліфікацыі. Адначасова з заснаваннем Бел. ін-та нар. гаспадаркі (1933) уведзены і курс эканам. гісторыі, у 1968—88 там існавала адпаведная кафедра, дзе выкладаўся курс гісторыі нар. гаспадаркі СССР, краін сацыялізму і капіталізму. У якасці дадатковай л-ры рэкамендаваліся «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй А.І.Сідарэнкі (1966), «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй К.І.Шабуні і С.М.Малініна (1969). Даследаваліся праблемы сац.-эканам. развіцця Беларусі (В.Р.Гняўко, В.А.Мілаванаў, Б.Ф.Нікановіч). У 1988 асобная секцыя эканам. гісторыі Беларусі створана ў складзе кафедры размяшчэння прадукц. сіл. На большасці ф-таў вывучалася «Гісторыя народнай гаспадаркі СССР і замежных краін», а таксама спец. курс «Гісторыя народнай гаспадаркі Беларусі».
Спец. навук. даследаванні праводзіліся ў Ін-це эканомікі АН Беларусі (засн. ў 1931), дзе ў 1959—81 існаваў сектар эканам. гісторыі. Выдадзеная ў 1937 кніга М.Р.Матусевіча і С.М.Малініна «Асноўныя этапы развіцця прамысловасці БССР» стала першай спецыялізаванай навук. працай у галіне эканам. гісторыі Беларусі. У 1963 выдадзена кн. «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму. 1900—17», пазней — некалькі манаграфій па гісторыі эканам. развіцця Беларусі за гады сав. улады (М.Ф.Болбас, З.І.Гіяргідзе, В.А.Мілаванаў, Л.М.Міхневіч, В.І.Дрыц і інш.). У 1991 адноўлена кафедра эканам. гісторыі Беларусі ў Бел. эканам. ун-це. Былі падрыхтаваны і выдадзены навуч. дапаможнікі «Эканамічная гісторыя Беларусі 1917—92 гг.» (1992), «Эканамічная гісторыя Беларусі» (1993, перавыдадзена ў 1996, 1999, 2001), якая ахоплівае перыяд са стараж. часоў да сучаснасці. У 2004 апублікавана 3-е, дапоўненае выданне гэтага дапаможніка на рус. мове. У Бел. эканам. ун-це распрацавана праграма параўнальнага вывучэння эканам. гісторыі Беларусі і замежных краін, створаны шэраг аўтарскіх дапаможнікаў па спец. праблемах, у т. л. «Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі (IX—XIII стст.)» В.І.Галубовіча (1997), «Прамысловасць Беларусі ў XX стагоддзі» А.М.Сасіма (2001), «Гісторыя развіцця грашова-крэдытнай сістэмы Беларусі» Ю.Л.Грузіцкага (2002); навук.-метадычныя зб-кі «З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі» (вып. 1—2, 1994—97), калект. праца «Эканамічная гісторыя замежных краін» (3-е выд., 2002). Каштоўныя матэрыялы па сац.-эканам. гісторыі Беларусі ў манаграфіях М.І.Біча, М.А.Бяспалай, В.Ф.Голубева, Э.М.Загарульскага, А.П.Ігнаценкі, П.А.Лойкі, Ф.С.Марцінкевіча, І.Я.Марчанкі, А.М.Сарокіна, В.У.Чапко, К.І.Шабуні, З.В.Шыбекі і інш. Вынікам шматгадовай навук.-даследчай працы вялікага калектыву гісторыкаў, эканамістаў і інш. вучоных стала выданне «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), у якой шырока прадстаўлены матэрыялы аб сац.-эканам. развіцці Беларусі, стане яе эканомікі, навукі, тэхнікі на розных этапах гісторыі. У 2002 у Ін-це эканомікі Нац. АН Беларусі створаны сектар гісторыі эканам. вучэнняў (кіраўнік В.М.Бусько). Навук. даследаванні па эканам. гісторыі Беларусі праводзяцца ў цеснай сувязі з асэнсаваннем катэгорый рыначнай эканомікі, міжнар. вопыту эканам. развіцця, ролі і месца краіны ў сусв. эканоміцы, выбару канкрэтных мер павышэння яе эфектыўнасці, экалагічнай бяспекі, сац.-эканам. салідарнасці бел. грамадства.
Літ.:
Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861). Мн., 1966;
Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;
Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в. Мн., 1966;
Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988;
Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;
Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994;
Гісторыя беларускага сялянства. Т. 1. Мн., 1997;
Шыбека З.В. Гарады Беларусі (60-я гады XIX — пач. XX ст.). Мн., 1997;
Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1922—23). Мн., 1999;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917—90-я гг.). Мн., 1999;
Новикова И.В. Глобализация и рынок: поиски стратегии экономического развития в XXI в. М., 2001;
Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
В.І.Галубовіч, З.В.Шыбека.
т. 18, кн. 2, с. 483