РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ ТЭЛЕБА́ЧАННЯ Пачала рэгулярнае вяшчанне з 1.1.1956 у Мінску. Напачатку Мінскі тэлецэнтр меў часовую студыю, разлічаную на аднапраграмнае вяшчанне з сярэднясутачным аб’ёмам 6 гадз, радыус дзеяння каля 60 км. У ліп. 1957 арганізавана перадача з дапамогай перасоўнай тэлевізійнай станцыі. У 1958—69 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Гомелі, Віцебску, Брэсце, Гродне. З 1962 пачалося вяшчанне па 2, з 1972 — па 3 праграмах. У 1962 адбыўся выхад бел. тэлебачання на Інтэрбачанне. У 1965 на Мінскім тэлецэнтры пачаў працаваць відэамагн. запіс. З вер. 1974 Р.с.т. стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытв-сці, з 1981 пачала працаваць на самаст. канале, адбыўся поўны пераход рэсп. вяшчання на каляровы стандарт. У склад Р.с.т. ўваходзяць інфарм. агенцтва і 6 дырэкцый: вяшчання 1-га нац. канала; маст.; спарт.; грамадска-паліт.; перспектыўнага вяшчання; спец. праектаў. Як сродак электроннай масавай інфармацыі, прапаганды і камунікацыі, асветы, выхавання, арганізацыі вольнага часу насельніцтва функцыянуе ў адпаведнасці з прынцыпамі праграмнага планавання, дакументальна зафіксаванымі ў т.зв. сетцы эфірнага вяшчання. Яна прадугледжвае перыядычнасць выхаду цыклавых праграм, збалансаванасць відаў вяшчання (інфарм., сац., пазнавальнага, спарт., маст., забаўляльнага), размеркаванне перадач на працягу дня ў адпаведнасці з узростам, сац. і прафес. катэгорыямі гледачоў, а таксама рэйтынгам тэлепрадукцыі. Паводле структуры тэлевізійнае вяшчанне падзяляецца на ўласнае (падрыхтаванае супрацоўнікамі бел. тэлебачання) і мясц. (агульны аб’ём прадукцыі, што выходзіць на экран; уласнае вяшчанне, заказное, дэманстрацыя тыражаваных кінафільмаў, паўторы перадач, спектакляў, канцэртаў і інш.). У канцы 1997 распрацавана і прынята канцэпцыя пад дэвізам «Зямля пад белымі крыламі», у якой вызначаны асн. кірункі палітыкі вяшчання нац. канала. Р.с.т. прымае ўдзел у ажыццяўленні праектаў — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, тэлефестываль бел. песні «На скрыжаваннях Еўропы», рэсп. фестываль камернай музыкі «Музы Нясвіжа», Маладзечанскі фестываль песні і паэзіі, фестываль-кірмаш «Дажынкі», міжнар. фестывалі «Славянскі базар», «Залаты шлягер» і спец. акцый, прысвечаных юбілейным датам і інш. Перадачы бел. тэлебачання поўнасцю ахопліваюць тэр. Беларусі. На 2001 адзіная праграмная сетка мае 6 тэлецэнтраў і 23 рэтранслятары. Р.с.т. ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

Л.​А.​Барадз ша.

т. 14, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФО́РМА ДЗЯРЖА́ЎНАЙ ВЁСКІ 1830—50-х ГАДО́Ў,

сістэма мер у Рас. імперыі, накіраваных на ўздым прыбытковасці дзярж. маёнткаў, прыпыненне працэсу абеззямельвання і збяднення дзяржаўных сялян, змяншэння сац. напружання ў вёсцы. Аўтар і распрацоўшчык рэформы граф П.​Дз.Кісялёў. Рэформа праводзілася па 3 асн. кірунках: перабудова кіравання, арганізацыя «апякунства» і люстрацыя 1840—50-х г. У выніку перабудовы кіравання дзяржаўнай вёскай агульнакіраўнічыя функцыі, раней сканцэнтраваныя ў дэпартаменце дзярж. маёмасцей мін-ва фінансаў, з 1.1.1838 перадаваліся новаму мін-ву дзярж. маёмасцей (міністр Кісялёў). Ніжэйшыя ступені кіравання фарміраваліся паводле «Устанаўлення аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» і «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці» ад 28.12.1839, якое ўлічвала мясц. асаблівасці. На Беларусі ўстанаўліваліся 3 адм. ярусы кіравання дзярж. вёскай: губерня — акруга — сельскае ўпраўленне. Функцыі валасной адміністрацыі ў бел. губернях былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сял. выбарнымі. Новы адм. апарат пачаў дзейнічаць з крас. 1840. У кампетэнцыю губ. органаў — палат дзярж. маёмасцей уваходзілі выбар форм кіравання дзярж. маёнткамі, правядзенне рэвізій, люстрацый, ахова грамадскага парадку, пытанні харч. і мед. дапамогі і інш. Акруговая адміністрацыя займалася непасрэднай арганізацыяй сельскіх грамад. Органы сельскіх упраўленняў (сельскія сход, управа, стараста) займаліся землеўладкаваннем, раскладкай падаткаў і збораў паміж сялянамі і інш. Абшчына, адроджаная ў дзярж. маёнтках Беларусі пасля далучэння да Расіі, у выніку рэформы была максімальна набліжана да агульнарас. ўзору. На Беларусі ўзнікла арэнда сялянамі зямельных угоддзяў. Палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі заключалася ў арганізацыі харч. дапамогі сялянам праз спец. хлебазапасныя магазіны. Для арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзярж. сялян у сельскіх грамадах адчыняліся прыходскія школы. Дзярж. маёнткі забяспечваліся фельчарамі, павітухамі, сялянам пачалі рабіць прышчэпкі. Люстрацыя 1840—50-х г. — асн. частка рэформы — мела на мэце правядзенне дакладнага ўліку сял. даходаў, раўнамернае надзяленне дзярж. сялян зямлёй, рэгламентацыю павіннасцей (перавод з паншчыны на грашовы аброк і інш.). Гал. вынік рэформы — адмова ад прыгоннай сістэмы і пераход на аброк. Адбыліся перамены і ў прававым становішчы дзярж. сялян (прызнаваліся грамадз. свабоды, што адрознівала іх ад памешчыцкіх падданых).

Літ.:

Конюхова Т.А. Государственная деревня Литвы и реформа ПД.​Киселева, 1840—1857 гг. М., 1975.

В.​Э.​Загарульская.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕ́КТЫКА [ад грэч. dialektikē (technē) майстэрства весці гутарку, спрэчку],

вучэнне аб найб. агульных законах развіцця космасу і прыроды, грамадства, чалавека і мыслення. Асн. прынцыпы Д. — усебаковая, усеагульная сувязь рэчаў і з’яў, станаўленне і развіццё. У склад Д. як вучэння ўваходзяць філас. тэорыя, метад і метадалогія філас. пазнання. Першыя спробы дыялект. асэнсавання прыроднай і грамадскай рэчаіснасці, быцця чалавека ў свеце зроблены ў глыбокай старажытнасці і знайшлі сваё ўвасабленне ў духоўнай культуры і светапоглядзе ўсх. цывілізацый: егіпецкай, шумерскай, індыйскай, кітайскай і інш. Унікальны ўклад у развіццё дыялект. мыслення зрабіла ант. грэч. цывілізацыя, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для росквіту духоўнай творчай дзейнасці чалавека, асабліва ў галіне філасофіі, эстэтыкі, навукі. Паняцце Д. ўпершыню выкарыстаў Сакрат, разумеючы пад ім майстэрства весці мэтанакіраваны дыялог, калі супрацьпастаўленне і барацьба розных думак спрыяюць знаходжанню ісціны. Сакратаўскае разуменне Д. развіў Платон у шэрагу сваіх прац, напісаных у форме дыялогу. Ён даў дыялект. інтэрпрэтацыю філас. катэгорый руху, спакою, адрознення, тоеснасці, быцця, падкрэсліваючы іх супярэчлівы змест. Характэрнай рысай дыялект. мыслення стараж.-грэч. філосафаў было ўспрыманне свету ў якасці адзінага непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане стыхійнага руху і змянення. У межах стыхійна-наіўнага ўяўлення аб непадзельнай рэчаіснасці ў Грэцыі існавалі і развіваліся формы суб’ектыўнай і аб’ектыўнай Д. Геракліт лічыў, што ўсё існуе і ў той жа час не існуе, таму што ўсё цячэ і змяняецца, узнікае і знікае, а свет з’яўляецца месцам няспыннай барацьбы процілеглых з’яў. У гэтай барацьбе процілегласцей ён бачыў галоўную прычыну развіцця. Стыхійна дыялект. ідэі знайшлі адлюстраванне ў вучэнні Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура і інш. аб атамах і атамнай будове рэчаў. Істотнае даследаванне розных форм дыялект. мыслення правёў Арыстоцель. У часы панавання монатэістычных рэлігій, у прыватнасці хрысціянства, Д. фактычна атаясамлівалася з асобасным абсалютам — тварцом космасу і прыроды і адначасова з першапрычынай іх няспыннага руху і змянення. У філасофіі новага часу дыялект. ідэі выкарыстоўваліся супраць панавання метафіз. поглядаў. Р.Дэкарт спрыяў пранікненню дыялект. спосабу мыслення ў матэматыку, абгрунтоўваў ідэю аб неаднароднасці прасторы і пачатак развіцця адносна да касмалогіі. Д.Дзідро лічыў рух унутр. уласцівасцю матэрыі і адстойваў эвалюц. погляды на жывую прыроду. Г.Лейбніц падышоў да дыялект. погляду на адзінства прасторы і часу. Навукова плённыя дыялект. думкі аб захаванні матэрыі і руху, эвалюц. паходжанні і развіцці зямлі выказаў М.В.Ламаносаў. У якасці універсальнай тэорыі і метаду пазнання свету шляхам знаходжання, аналізу і раскрыцця ўласцівых яму супярэчнасцей Д. распрацоўвалася ў ням. класічнай філасофіі 18—19 ст. І.Кант вучыў, што працэс пазнання рэчаіснасці чалавекам абапіраецца на практычны вопыт, таму абстрактныя катэгорыі «бог», «душа», «свабода» і інш. не могуць прэтэндаваць на абсалютныя веды, а чалавечы розум у сваім імкненні авалодаць абсалютным няўхільна трапляе ў палон невырашальных супярэчнасцей. Выключнае месца ў станаўленні навук. канцэпцыі Д. займае філас. вучэнне Г.​Гегеля, які абагульніў гіст. вопыт навук. дыялект. мыслення аб космасе, прыродзе і чалавеку, а ўвесь матэрыяльны і нематэрыяльны свет прадставіў у якасці працэсу бесперапынных змен і развіцця Адначасова ён зрабіў спробу сфармуляваць унутр. законы Д. Змены, пераход рэчаў і з’яў з аднаго якаснага стану ў другі Гегель тлумачыў узаемадзеяннем супярэчнасцей і іх канчатковым вырашэннем, г.зн., што працэс развіцця адбываўся дзякуючы ўласным унутр. імпульсам, а развіццё з’яўлялася самаразвіццём. Такую ўласцівасць ён лічыў істотнай рысай абсалютнай ідэі, абсалютнага духу, што было абумоўлена сутнасцю ўсёй гегелеўскай філасофіі, паводле якой свядомасць з’яўляецца тварцом рэчаіснасці. Дыялект. ідэі, погляды і канцэпцыі прадстаўнікоў ням. класічнай філасофіі далі штуршок развіццю матэрыяліст. Д., якую распрацоўвалі К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін. Яе асн. катэгорыі і законы: прастора, час, рух, матэрыя, адзінства і барацьба процілегласцей, адмаўленне адмаўлення, пераход колькасных змен у якасныя і інш. Матэрыяліст. Д. прыроды абгрунтоўвае і даказвае свае палажэнні, спасылаючыся на гіст. вопыт развіцця прыродазнаўчых навук, а Д. сац. жыцця звяртаецца да вывучэння асаблівых рыс чалавечага грамадства, суадносін суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў гісторыі, сац. прагрэсу, узаемаадносін грамадства і прыроды, грамадства і асобы і інш. Яна ўключае таксама тэарэт. праблемы пазнання, якое заснавана на прынцыпе адлюстравання і дыялектычную логіку.

Літ.:

Гегель Г.В.Ф. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);

Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987;

Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фо́рма, -ы, мн. -ы, форм і -аў, ж.

1. Знешні контур, вонкавы выгляд прадмета.

У форме шара.

Прадмет выпуклай формы.

2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго-н., структура чаго-н., абумоўленыя пэўным зместам.

Адзінства формы і зместу.

3. Знешні выгляд, знешні бок чаго-н. як нешта, што пярэчыць унутранаму зместу, рэчаіснасці.

Вытрымаць форму.

Рабіць дзеля формы.

4. Устаноўлены ўзор, парадак чаго-н.

Запоўніць ведамасць па форме.

5. Прыстасаванне для надання чаму-н. тых або іншых контураў, пэўнага знешняга выгляду.

Ф. для капелюшоў.

6. Аднолькавае па кроі, колеры і пад. адзенне (для ваеннаслужачых, вучняў і пад.).

Пераход ваенных на летнюю форму.

Школьная ф.

7. Сукупнасць прыёмаў і выяўленчых сродкаў мастацкага твора.

Апавядальная ф. верша.

8. У мовазнаўстве: сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказе.

Кароткая ф. прыметнікаў.

Формы множнага ліку назоўнікаў.

9. звычайна мн. Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма.

Прымітыўныя формы жывёл.

◊

Па ўсёй форме (разм.) — як належыць, як трэба.

У форме — у такім стане, калі праяўляюцца ўсе сілы, здольнасці, уменне; сабраны, падцягнуты.

Шахматыст у бліскучай форме.

|| прым. фарма́льны, -ая, -ае (да 2, 3, 4, 7 і 8 знач.), фармавы́, -а́я, -о́е (да 5 знач.; спец.) і фо́рменны, -ая, -ае (да 4 і 6 знач.).

Фармальны аналіз.

Форменны бланк.

Форменны касцюм.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ке ’і, ды, ці’ (ТС. Чуд., Шпіл.). Першую спробу этымалагізацыі знаходзім у Чуд., 76, дзе ке параўноўваецца са ст.-грэч. καί ’і’. Цыхун (БЛ, 28, 1985, 64) слушна адвяргае магчымасць захавання такога архаізма, які даў бы рэфлекс *це (параўн. для ст.-рус. цЬ Фасмер, 4, 293). Цыхун (там жа, 64–65) прапануе тры магчымыя версіі паходжання разглядаемай лексемы. Варыянт кі‑ можна генетычна суаднесці са ст.-рус. ти Ί, at але’∼ літ. tei..t lei ’як.., так і’. Тады прыйдзецца прыняць пад увагу паслядоўны пераход ť > k’ на тэрыторыі распаўсюджання кі. Варыянт ке можна выводзіць з *KO‑je. I нарэшце, кі < як і. Апошняя версія здаецца найбольш пераканаўчай. Параўн. прыклад з Чуд.: «На вадзе, ке на вяселлі людзі пьюць» («На вадзе, як і на вяселлі…»). Або з ТС, 189: «…А бабоўнік, ке полынь — горкота» (= «А бабоўнік, як і полынь.…»).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́га ’пякотка’ (гом., лун., Шатал.), жо́га (Мат. Гом., Бяльк.). Рус. арл., кур. жёга ’пякотка’, укр. жага́ ’смага’, чэш. žáha, в.-луж. žaha, славац. žáha (Калал, паводле Шафарыка, дае і žiaha), укр. зга́га ’смага, пякотка’, польск., н.-луж. zgaga, славац. zhaka, серб.-харв. zgȁga ’пякотка’; параўн. балг., макед. жега, серб.-харв. же̏га, ц.-слав. жєгꙗ ’спёка’. Бяссуфікснае, відаць, яшчэ прасл. утварэнне ад кораня žeg‑ (< *geg‑); магчыма, варыянт жа́га адлюстроўвае форму з а < ě < *e, а варыянт жо́га — форму з о < e < *ě. Семантычны ход той самы, што і ў пякотка — пячы. Махэк₂ (727) бачыць у žáha ступень *gōg‑; у гэтым выпадку патрабуе тлумачэння пераход *g > *ž; ступень *gōg‑ прадстаўлена ў формах тыпу згага. Голуб-Копечны (441), абапіраючыся на ст.-чэш. zháha, лічаць форму žáha пазнейшай, утворанай у выніку кантамінацыі zháha — žhu. Гл. Мяркулава, ОЛА, 1974, 255–257. Гл. зґа́ґа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэ́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, востры, пранізлівы. Рэзкі холад. Рэзкія болі. □ У хату са свістам уварваўся рэзкі вецер, скінуў коўдру з акна. Мележ. // Які раздражняе, непрыемна дзейнічае на органы пачуццяў. Рэзкі голас. Рэзкі пах. Рэзкі крык. □ Калі тухне рэзкае дзённае святло — мякчэюць і рысы чалавечага твару. Нікановіч.

2. Які вызначаецца выразнымі абрысамі; не расплыўчаты. Марцін шырокаю рукою закрыў хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі твар. Мележ. На кароткім тоўстым абрубку сядзіць грамозны шырокі чалавек з светлымі грознымі, жорсткімі вусамі, з буйным рэзкім тварам. Колас. // перан. Які моцна і выразна праяўляецца. Рэзкі пераход у паводзінах. Рэзкія супярэчнасці. Рэзкія кантрасты.

3. Раптоўны і вельмі значны. Рэзкае павышэнне паспяховасці вучняў. Рэзкае пахаладанне. // Хуткі, імклівы. Рэзкі паварот галавы. Рэзкая хада. □ Рэзкім рухам рукі Юля скінула з сябе коўдру. Грамовіч.

4. Грубы, дзёрзкі. Кацельшчык Мікалай Федаровіч — чалавек нявытрыманы, часам занадта рэзкі. Кірэйчык. Ды і сама Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. [Лёдзя] сабралася сказаць яшчэ нешта рэзкае, ды нечакана, ледзь не заплакаўшы, адвярнулася і пайшла прэч. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Клёк 1 ’розум, развага’, ’косны мозг’ (ТСБМ, Нас., Шат., Грыг., Янк. БП, Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Ян.). Да клёк 2 (гл.) семантычны пераход: ’жыццёвая сіла’ > ’розум’.

Клёк 2 ’жыццёвая сіла, сокі, клейкасць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Мядзв., Мат. Гом., З нар. сл., Ян.), ’расол ад селядцоў’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.). У гэтым значэнні слова трэба разглядаць як кантамінацыйнае ўтварэнне на аснове крак (гл. кракавіна) і клей 2 (гл.). Параўн. бел. кракавіна ’жабурынне’, польск. klej ’тс’, рус. клёк ’тс’. Параўн. таксама Грынавецкене і інш. LKK, 16, 170.

Клёк 3 ’дзіцячая гульня, палачка’ (Мат. Гом., Сцяц., Нар. словатв., Ян.). Укр. кльок ’дзіцячая гульня «свінка»’, рус. клёк ’гульня ў гарадкі’, клёка ’драўляны брусок для гэтай гульні’. ЕСУМ (2, 471) сцвярджае генетычную сувязь з клюк ’дзіцячая гульня, драўляны гак’. Гл. клюка.

Клёк 4 выкл.-дзеясл. форма: «Нам клёк у грудз[e]: здагадаліса…» (Янк. II). Гукапераймальнае. Параўн. ст.-рус. клекати ’біцца (пра сэрца)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здра́да ’пераход на бок ворага’. Рус. смал., варонеж., паўд., зах. зра́да, укр. зра́да ’здрада’, польск. zdrada, чэш., славац. zrada. Ст.-бел. здрада, зрада (з 1509 г.). У Насовіча здра́да ’здрада’, але зра́да ’агульная згода’, ’змова’, ’здрада’. Форма з устаўным ‑д‑ толькі ў бел. і польск., верагодна, бел. здрада < польск. zdrada ужо ў ст.-бел. (Булыка, Запазыч., 120). Форма ўключае корань rad‑ ’савет’ (гл. рада), прэфікс з‑ (< *jьz‑), відаць, гэта аддзеяслоўны (jьzraditi) назоўнік. Параўн. ням. з блізкай унутранай формай Ver‑rat ’здрада’ = ’раз + рада’. Значэнні ’згода’, ’змова’ звязаны з унутранай формай. У групе zr‑d устаўное (Карскі, 1, 353) у выніку уяўнай архаізацыі. Здрадца з суф. ‑ца (Гіст. лекс., 99), як і здрада, з польск. у ст.-бел. Меркаванне пра рад < *ręd (Крыўчык, Труды яз., 35) не адпавядае зах.-слав. фактам, дзе rad не можа быць з ręd. Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 439; Махэк₂, 505; Фасмер, 2, 105.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́віць ‘размяшчаць, умацоўваць вертыкальна’, ‘расстаўляць’, ‘будаваць’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ст.-бел. ставити ‘тс’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. ста́вити, рус. ста́вить, ст.-рус. ставити, польск. stawić, в.-луж. stawić, н.-луж. stawiś, чэш. staviti, славац. staviť, славен. stáviti, серб.-харв. ста̏вити, балг. ста́ви, макед. стави, ст.-слав. ставити. Прасл. *staviti ‘рабіць так, каб нешта стаяла’ — каузатыў ад прасл. *stojati (гл. стаяць), мае адпаведнікі ў літ. stovė́ti ‘стаяць’, лат. stãvêt ‘тс’, гоц. stōjan ‘накіроўваць’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 742 з літ-рай; Борысь, 576; Глухак, 582; Бязлай, 3, 313–314; Махэк₂, 575–576; Скок, 3, 330–333; Траўтман, 283–284; ЕСУМ, 5, 389 390. Непакупны (Связи, 68–69) звяртае ўвагу таксама на семантычны паўночнаславянскі (і славенскі) пераход ‘ставіць, паднімаць’ → ‘будаваць’, які мае працяг у балцкіх (літ. statýti ‘ставіць’ і ‘будаваць’) і германскіх (ням. aufstellen) мовах, аднак не характэрны для рускай мовы, што недакладна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)