Аго́нь ’агонь, касцёр’ (БРС, Нас., Янк. I, Касп.), агонь ’гарачка’ (Янк. Мат.), огон: до огнʼа ’вельмі многа’, на огнʼа ’на чорта’, огнʼовы ’чортавы’ (КСТ), агульна- і праславянскае ognь: рус. огонь, укр. огонь, польск. ogień, чэш. oheň, балг. огън, серб.-харв. о̀гањ, літ. ugnìs, agnùs ’вогняны’, ст.-інд. agnis ’агонь’, хец. agniš, лац. ignis і г. д. < *ugnis. Сасюр, 7, 93; Мейе, MSL, 8, 236, 315; Педарсан, KZ, 38, 395; Гуер, LF, 66, 459; Лер-Сплавінскі, SSW, 1957, 205; Мартынаў, ЭИРЯ, 2, 55. Не даведзена канчатковая сувязь прасл. ognь з серб.-харв. ви̏гањ ’кузня’, чэш. výheň ’горан’ (Ільінскі, РФВ, 74, 133; Левенталь, WuS, 11, 54). Цікава супаставіць з і.-е. *ugnis, ст.-грэч. άγνίζω ’ачышчаю’, памятаючы сакральную ачышчальную ролю агню. Пачатак старагрэчаскага слова (spiritus asper) можна тлумачыць як рэфлексацыю S‑mobile.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апо́лец ’кавалак сала’ (Сцяц., Сцяшк.). Геаграфія ўказвае на магчымасць, а фанетыка (е замест усх.-слав. а) — на верагоднасць таго, што гэта запазычанне з польск. poleć кавалак сала’ з пратэтычным а‑. Усх.-слав.: бел. полць ’палавіна гусі, качкі; палоска сала, выразаная ўздоўж’ (Нас.), польць, пульць ’вялікі кавалак сала’ (Вешт.), полаць ’кавалак сала’, рус., укр. полоть, бел. палаток, рус., укр. полоток ’палавіна (частка) вэнджанай (соленай) тушы гусі і інш.’ Але наогул галосны ў слове полць, полаць не зусім ясны. У аполец ‑ец у выніку дээтымалагізацыі ўсведамляецца як суфікс. Сцяц. (Нар., 65) бачыць тут прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне: а‑пол‑ец па тыпу азадак. Больш падыходзячым быў бы тып акраец; пры такой этымалогіі няясна, што такое *пол у тушы (аполец азначала б ’тое, што з боку — ’полу’), таму гэта версія здаецца менш верагоднай, чым тлумачэнне слова як запазычанага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Доўг ’доўг’ (БРС). Рус. долг, укр. дыял. довг, ст.-рус. дългъ, длъгъ, дълъгъ, долгъ, чэш. dluh, славац. dlh, польск. dług, балг. дълг, дыял. длъг, серб.-харв. ду̑г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. *dъlgъ ’доўг’ (так у Трубачова, Эт. сл., 5, 179; у Фасмера, 1, 524, і іншых праформа *dьlgъ. Аргументацыя Трубачова: «Праформа слав. *dьlgъ, якую пры гэтым дапускалі, трэба сказаць, занадта блізка падводзіць нас да вядомага прыметніка ’доўгі’, каб гэту блізкасць ігнараваць»). Слова даволі цёмнае па этымалогіі. Лічылі роднасным з гоц. dulgs ’доўг’, ірл. dligid ’доўг’ (гл. Фасмер, 1, 524; Бернекер, 1, 224; Траўтман, 55 і наст.). Не вельмі абгрунтаванымі былі версіі аб запазычанні з герм. моў або кельцкіх. Лічыцца няпэўным і збліжэнне з прыметнікам ’доўгі’ (*dьlgъ), якое прапанавалі Праабражэнскі, 1, 188–189, і Брукнер, 90. Агляд версій гл. яшчэ ў Трубачова, 5, 180.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыгу́н ’няўрымслівы, неспакойны чалавек’ (маладз., Янк. Мат., 98). Параўн. рус. дыял. смал. жыгу́н ’гарэза, свавольнік’, перм. ’насякомае, якое джаліць’, тул. дыял. ’бізун’ > назвы розных раслін, укр. джигун ’вісус, залётнік’, ’гатунак ежы на квасе’. Ад дзеяслова жыг‑а‑ць ’бліскаць’ з суфіксам ‑ун (як вяртун, кульгун). Іншае тлумачэнне (Лаўчутэ, Baltistica, VI (2), 199) з літ. žygūnas ’веставы, хадок’ выклікае сумненні. Звычайна літ. аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑unas, вядомыя літ. мове, а не дыялектам, маюць негатыўную афарбоўку, у дыялектах суфікс ‑unas амаль не выкарыстоўваецца, што дае падставу лічыць многія літ. словы на ‑ūnas слав. запазычаннямі (Атрэмбскі, Gramatyka, II, 208; Мартынаў, Дерив., 38). Апрача таго, сема хуткасці лягчэй тлумачыць развіццё значэння ’няўрымслівасці’, чым значэнне ’хадака, веставога’ (хаця і апошняе не выключаецца), а слова жыгун не стаіць асобна ў бел. мове, а мае шэраг паралелей: жыг, жыга, жэг.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́верзня ’бесталковы, хлуслівы’, накаверзнічаць ’схлусіць’ засведчаны ў Барысаўскім р‑не (Жакава, Совещание по ОЛА, 1975, 199). Укр. каверза ’хітрыкі, штука’, каверзник не выглядае як народнае, аднак Грынчэнка з паметай «Лебед. у.» прыводзіць слова каверзякати ’верзці лухту’. Рус. каверза вядома ў літар. мове (з 1641) і ў гаворках: пск., асташ., цвяр. каверза ’пра чалавека, які прыносіць іншым непрыемнасці’, перм., алан., арх. ’пляткар, пляткарка’, валаг. ’штукар’, алан. ’назола’, смален. кавирзу сплесть ’схлусіць, сказаць плётку, узвесці паклёп’. Усх.-слав. утварэнне ад коверзати ’плесці’, гл. кавярзаць. Семантыка празрыстая, параўн. рус. сплетня, польск. plotki. Бел. каверзь ’лухта’ можна параўнаць з рус. пск., асташ., цвяр. каверзь ’дрэнь, брыдота’ (параўн. адзначанае на той жа тэрыторыі каверзяниться ’пэцкацца’), ’пра пустога, нікчэмнага чалавека’; бел. каверзня ’пра бесталковае, хлуслівае’ з рус. пск., асташ., цвяр. каверзня ’неверагоднае, або такое, якое не заслугоўвае даверу, апавяданне’. Гл. кавярзень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пах ’адчуванне органамі нюху лятучых рэчываў і субстанцый’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Яруш., Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), ’дух; дыханне’ (Нас.), па́хнуць, па́хнуті, па́хці ’пахнуць’ (Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), паху́чы, пахну́чы, пахню́шчы(й) ’духмяны’, ’пахучы’, ’смярдзючы’ (Гарэц., Сл. ПЗБ; ТС; карм., Мат. Гом.; укр. пах, па́хати ’нюхаць’, па́хнути, рус. пахнуть, польск. pach, pachnąć і pąchač, чэш. pach, páchnouti, славац. pach ’смурод’, páchnuť ’смярдзець’, ’аддаваць пахам чаго-н.’ Паводле Праабражэнскага (2, 29), Младэнава (415), Голуба (188), — гукапераймальнае. Махэк₂ (426) лічыць гэта слова экспрэсіўным дзеясловам з суфіксам ‑x‑ (ст.-чэш. páchati, в.-луж. pachać ’пыхкаць (люлькай)’, н.-луж. pachaś ’дыміць, курыць’), які ўзыходзіць да pálati ’гарэць, палаць’, што для Трубачова (гл. Фасмер, 3, 221) з’яўляецца недастаткова пераканаўчым. Сюды ж дзятл. па́хат (< pax + ъtъ) ’пах’ (Сл. ПЗБ) і па́хоць ’вялікі пах’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перасы́паць, пірасы́паць ’перабудаваць старую драўляную будыніну, у якой гнілое бярвенне замяняецца новым’ (Некр.; Варл.; бялын., Янк. Мат.; Мат. Гом.), ’рамантаваць агароджу’ (навагр., Жыв. сл.), драг. пырысэ́патэ (хату, хлыва́) ’паднавіць будынак’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), перасыпа́нка ’рамантаваная хата з падноўленымі вянкамі’ (навагр., Сцяшк. Сл.). Укр. бойк. переси́пати (піч, хату) ’перабудаваць, пераставіць’, зах.-валын. пирисе́пате ’збіраць нанова рассыпаныя клёпкі ці ўстаўляць новае дно’; рус. кастр., арл., наўг. пересыпа́ть ’разбіраць і зноў складваць, перабудоўваць (аб будынках)’, польск. przesypać ’тс’, славац. presýpať perie ’памяняць пер’е ў падушках’. Да пера- і cы́паць (гл.). Утварылася ў выніку семантычнага пераносу: першапачаткова слова ўжывалася толькі ў адносінах да сыпучых цел, пазней — у адносінах да драўлянага посуду і начыння: перабіраліся клёпкі, старыя замяняліся новымі, зноў набіваліся абручы, і, параніце, назва дзеяння, звязанага з гэтым рамонтам, перайшла на рамонт будынкаў, агароджы і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́та1 ’выплата, узнагарода за працу, службу ці за атрыманую рэч’, ’грашовая кампенсацыя’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Варл., Сцяшк. Сл.), укр. пла́та, рус. пла́та, польск. płaca (< *plat‑ja) ’від аплаты ў судзе’ (XV ст.), пазней ’плата за працу’, старое płata ’аплата’, в.-луж. płata ’плата, плацеж’, чэш. pláce, plat, славац. pláca, plat, славен. plȃt узнагарода’, pláča ’жалаванне’, серб.-харв. пла́та, пла́ћа ’плата, заробак’, макед., балг. плата ’тс’. Прасл. *plata, *platja, утворанае ад *platiti (Банькоўскі, 2, 615), якое ад *platъ > плат1 (гл.), было запазычана ў прагерм. мову (Мартынаў, Язык, 23–24). Паводле Фасмера (3, 274), ад *plata ўтворана *platiti.

Пла́та2 ’гатунак са скуры каніны’ (Касп.), рус. дыял. плат ’моцная скура для ботаў, якая не прапускае ваду’, польск. płat ’кавалак скуры’. Развіліся з плат1 (гл.) ’кавалак палатна’. Канец слова — пад уплывам ску́ра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́цце, пла́цьця, пла́це, пла́ця, пла́цё, плацье, пла́тьте, пла́тье ’сукенка’ (ТСБМ, Юрч., Янк. 1, Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Бяльк.; ганц., Сл. Брэс.); ’бялізна’ (ТСБМ, Юрч.: ст.-дар., Жыв. НС; слонім., рагач., Арх. ГУ; Сцяшк. Сл., Некр., Янк. 1; бых., Янк. Мат.; Маш., Нас., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; пін., Сл. Брэс.; петрык., Шатал.; навагр., калінк., З нар. сл.; навагр., Жыв. сл.; слонім., лельч., ваўк., шчуч., Нар. лекс.); ’адзенне’ (Маш., Нас., Сл. ПЗБ); ’брудная бялізна’ (паўсюдна, акрамя гродз., ЛА, 3). Укр. пла́ття ’адзежа’, ’бялізна’, рус. платье ’дарагое адзенне’, ’сарафан’, ’спадніца’; ’бялізна’; польск. płacie ’анучы, акраўкі, хусты, кавалкі палатна, брудная бялізна’. Прасл. *platьje < *platъ > плат (гл.); Фідроўская (Зб. памяці Багародзіцкага, 143) лічыць слова запазычаным са ст.-слав., што не мае падстаў, калі выводзіць яго з прасл. *platъ, параўн. ESJSt, 11, 652.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́дра1 (ТСБМ). Паводле Махэка (497), “еўрапейскае слова”, параўн. укр., рус. пу́дра, польск. puder, ням. Puder і г. д.; на Беларусь трапіла, хутчэй за ўсё, праз рускую мову з франц. poudre ’парашок, пудра’, што з лац. pulvis ’парашок’ (Р. скл. pulveris).

Пу́дра2 ’вятроўнік вязалісты (ці лабазнік вязалісты)’ (ТС), ’вазон (кветка)’: пу́дры такія высокія, цвітуць такім розавым, белым цветам (хойн., Мат. Гом.), пу́драчкі ’каляровыя рамонкі’ (уздз., Жд. 3). Відаць, да пудра1 з-за каляровага ці белага пылку, што пакрывае кветкі.

Пу́дра3 ’строгая вымова’, пудро́вка ’моцная прачуханка, чос’, пудрова́ць ’моцна лаяць, рабіць вымову’, пудрова́ць голову ’рабіць строгія вымовы і нават цягаць за валасы’ (Нас.). Сюды ж, відаць, пудры́цца ’узбіцца (пра падушку)’: падушка пудрыцца (віл., Сл. ПЗБ), што звязваюць з лат. pudra, pudrs ’куча, купа’, літ. pudénti ’тузаць, скубаць, рабіць пухкім’ (LKK 16, 143).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)