Бры́жы ’рабізна на вадзе’ (палес., Клім.). Укр. бри́жі ’тс’. Метафарычнае ўжыванне слова брыжы́ ’складкі, карункі’ (гл.), якое дало шмат семантычных вытворных. Параўн. брыжы́ 2.
Брыжы́ 1 ’жабо, бардзюр; зубчаты ніз жаночай адзежы, карункі і г. д.’; ’край тканіны’; таксама брыж (БРС, КЭС, лаг., Бяльк., Бір. Дзярж., Касп.), бры́жыкі (Гарэц., Жд., Нас.). Рус. бры́жы́, укр. бри́жі́ ’тс’. Запазычанне з польск. bryże ’тс’ (а гэта з ням. Fries ’фрыз’; Брукнер, 43; Праабражэнскі, 1, 47). Мацэнаўэр (Cizí sl., 121) выводзіць з ням. Breis(e) ’аздабленне на рукаве’. Гл. Фасмер, 1, 221–222.
Брыжы́ 2 ’свіны кішэчны тлушч’ (Вешт.). Укр. бри́жі ’аборачкі каля тонкіх кішак’. Усё да брыжы́ ’складкі, карункі’ (гл.); метафарызацыя. Ва ўкр. мове першая ступень метафары. Палес. брыжы́ ’свіны кішэчны тлушч’ — далейшае развіццё семантыкі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бурва́лак 1 ’невялікі ўзгорак, сухое месца на нізіне’ (Янк. Мат.). Відаць, памяншальнае ад *бурва́л, параўн. рус. бурева́л (Даль) ’лес паломаны і звалены бурай’, бел. бурава́л (да буря, бура і валіць, валить). Невядома ці ёсць нейкая сувязь з літ. bùrvalkis ’сцежка, пратаптаная статкам жывёлы’ ці ст.-літ. burvalkas ’прадмесце’ (прус. burwalkan ’двор’). Аб літ. словах гл. Фрэнкель, 1, 533.
Бурва́лак 2 бушва́лак (жарт.) ’кавалак бервяна; моцны, прысадзісты (камлюкаваты) чалавек’ (Сцяц.). Няясна. Магчыма, таго ж паходжання, што і бурвалак 1, г. зн. < *бурва́л < бурава́л. Ускосна аб гэтым сведчыць і другая форма — бушва́лак, якая (з лінгвагеаграфічных меркаванняў: зах.), здаецца, з’яўляецца паланізаванай формай ад бурва́лак (параўн. польск. burza ’бура’). Непакупны (Latv. Vest., 1973, № 2, 81) лічыць гэта слова магчымым балтызмам (прус. burwalkan двор і г. д.’). Няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бурда́ 1 ’бурда, нясмачная яда’ (БРС, Бяльк., Нас., Шат., Касп.). Рус. бурда́, укр. бурда́. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў: тат. burda ’мутны напітак’. Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 18; Праабражэнскі, 1, 53; Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259. Старая версія (ад народнага бурда́ ’чырвонае віно’ < франц. Bordeaux) не пераконвае (гл. Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259). Шанскі (1, Б, 230) памылкова адносіць да гэтай групы слоў і польск., чэш. burda ’скандал, сварка’ (гэтыя словы зусім іншага паходжання, гл. Махэк₂, 77; Рудніцкі, 258).
Бурда́ 2 ’грыжа, пухліна’ (Нас.). Слова не вельмі яснага паходжання. Магчыма, трэба параўноўваць з рус. дыял. (кур., арл., разан.) бу́рды ’мясісты нарост у птушак пад ніжняй чэлюсцю; хахалкі ў курэй; другі падбародак’. Усё, магчыма, звязана з асновай бурд‑ (гл. бурды́ль). Першапачаткова ’пухір, бурбалка’?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бу́сяць ’цалаваць’ (Касп.), бу́сіць ’тс’ (Гарэц., Нас.), бусява́цца ’цалавацца’ (Сцяшк. МГ); бу́ся, бу́сі ’пацалуначкі’ (дзіцячае; Шат., Гарэц., Нас., Бесар.), бу́ські (даць буські) ’пацалаваць (дзіця)’ (Сцяц.), бу́ськы ’пацалунак’ (Клім.), бу́ські, бу́сенькі ’тс’ (Бяльк., Касп., Нас.). Укр. бу́зя ’рот, твар’, да́ти бу́зі ’пацалаваць’. Параўн. далей польск. buzia ’роцік; пацалунчык’, балг. бу́за ’шчака’, рум. buză ’губа’, алб. buzë ’тс’, лац. bucca ’рот’, ням. Buß ’пацалунак’, bussen ’цалаваць’, літ. bučiúoti ’цалаваць’, bùč, bùčiu (выклічнік) і г. д. Лічыцца гукапераймальным словам, вядомым (у розных фанетычных варыянтах) у многіх мовах. Гл. Слаўскі, 1, 52; Коржынэк, Studie, 194; Фрэнкель, ZfslPh, 13, 234; Фрэнкель, 61. Але Рудніцкі (242) думае пра памяншальнае ўтварэнне ад губа́: губа́ > губу́ся > бу́ся > бу́зя. Кюнэ (Poln., 47) мяркуе, што бел. слова запазычана з польск. buzia.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ванта́жыцца ’сур’ёзна, не на жарт бароцца’ (Мядзв.). Можна вылучыць некалькі версій, звязваемых з рознымі значэннямі гэтага слова. Рус. вантажиться, вантажничать ’адводзіць шмат часу заляцанням’ (адкуль вальтажиться ’тс’), укр. вантаж ’карысць, выгада’ да франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ (Фасмер, 1, 270); параўн. польск. (у сярэднія вякі) awantaż ’даход, набытак’. Укр. вантаж, вантага ’груз’, вантажити ’грузіць’. Рудніцкі (1, 309) услед за Шавялёвым (ZfslPh, 23, 146–167) выводзіць з ватага, тлумачачы ‑н‑ як аргатычны інфікс; параўн. рус. ватажаться ’вадзіцца’ (Дабр., 53). Гэту версію аспрэчвае Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 130), які схіляецца да думкі, што зыходным значэннем укр. вантажити было ’звязваць, абмотваць, загортваць’, вантажити да вантух ’вялікі мех, грубае палатно для запакоўкі’. З апошняй версіі і трэба, відаць, выводзіць бел. вантажыцца з развіццём значэння ’звязвацца > вазіцца > бароцца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гіз 1 ’муха-сляпень’ (БРС, КЭС). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 224), можна рэканструяваць прасл. *gyzъ ’сляпень’ на аснове бел. гіз, польск. дыял. giz і н.-луж. gizk ’тс’. Слова *gyzъ роднаснае быццам з *gъzъ (> польск. giez). Але параўн. гіз 2, гіж.
Гіз 2 ’гізаванне’ (Сцяшк.). Як ад гіж ’авадзень’ утвораны дзеясловы гіжа́ць, гіжува́ць (гл.), так і ад гіз ’авадзень’ утвараюцца гіз ’гізаванне’ (параўн. і польск. giez ’авадзень’, giez ’гізаванне скаціны’), гізава́ць (БРС, Касп., Шат., Сцяшк.), гізыва́ць (Бяльк.). Праўда, можна ставіць пытанне: ці гіз не запазычана з польск. giez? Аб гэтым можа сведчыць і дзеяслоў ґізануць ’пабегчы, гізануць’, засведчаны ў Сцяшк. з выбухным ґ. Дзеяслоў гізава́ць Сл. паўн.-зах. лічыць запазычаннем з літ. gizúoti ’тс’; няпэўна. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 224.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гіль 1 ’снягір’ (БРС, Касп.), рус. гиль, укр. гиль, польск. gil, giel, чэш. hýl і г. д. Этымалогія назвы гэтай птушкі вельмі няпэўная. Старая версія аб запазычанні з ням. (с.-в.-ням.) gel ’жоўты’ не вельмі надзейная (гл. Фасмер, 1, 406; Слаўскі, 1, 278); іншыя думаюць аб гукапераймальным характары гэтай назвы (агляд версій гл. у Слаўскага і Фасмера). Пытанне аб этымалогіі застаецца адкрытым. Сл. паўн.-зах. прыводзіць форму гіль ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 221), *gylь — прасл. слова (магчыма, ад *gyliti).
Гіль 2 ’конскі авадзень’ (гродз., гл. Цыхун, Лекс. балтызмы, 52; Сцяшк., Шатал., Жд. 1; параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах.). Паводле Цыхуна (там жа), запазычанне з літ. мовы (параўн. літ. gylỹs ’авадзень’). Трубачоў (Эт. сл., 7, 221) думае пра роднаснасць з прасл. *gylь ’снягір’; няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нары́тнікі ’набедрыкі’ (Некр., ТС, Мат. Гом.), ’шляя’ (Маслен.; чач., Жыв. сл.), ’паўшоры’ (рэч., Нар. сл.), наритнікі ’набедрыкі’ (кір., Нар. сл.; гом., Мат. Гом.), нарыткі ’тс’ (ТС), нары(т)шнікі ’тс’ (Шат.), укр. наритники ’шляя’. Паводле Непакупнага (Связи, 48–49), корань ‑рот‑ ’бядро, бок, круп каня’ выводзіцца на падставе структурнай паралелі і семантычнага аналага на‑бедр‑ыкі і суадносіцца з літ. rietas ’бядро’, роднасным ст.-рус. рить ’капыт’, ст.-ц.-слав. рить, чэш. riť, польск. rzyć ’anus’, а само слова можа разглядацца як паўкалька ці лексіка-семантычны варыянт тэрміна набедрыкі. Параўн. таксама рыткі ’прыстасаванне для выроўнівання асновы пры навіванні яе на навой (дзве драўляныя планкі з зубцамі)’ (ТС, Уладз.), якое фармальна можна суаднесці з нарыткі ’набедрыкі’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нерх ’лёгкая неўраджайная зямля’ (ТС), нерхова́ты ’неўраджайны, лёгкі (аб зямлі)’ (ТС). Няясна; магчыма, звязана з польск. дыял. nierzch ’нераст, ікра’, што адлюстроўвае знешняе падабенства, параўн.: «Земля — нерх, бі чэ́рві ее поточылі. Вона бі чорна, але непло́тна» (ТС), тады ўсё да нераст (гл.), якое можа мець значэнне ’ікра ў рыб, жаб’ і інш. У сувязі з апошнім параўн. укр. нерость, нерість ’усё зямное (акрамя вады), што не расце і што не створана штучна: зямля, каменні, металы, г. зн. наогул мінералы’ (Грынч., да рости ’расці’), што дапускае змяшэнне з нересть ’апладненне ў рыб, змей; сварка’ (там жа). Ва ўсякім разе здзіўляе поўная ідэнтычнасць слова з рэканструкцыяй прасл. *nerьchъ ⩽ nerĭs‑os ’нераст, ікра’ (Шустар-Шэўц, 13, 996), магчыма, першаснае значэнне грунтуецца на ўяўленні пра ікру земнаводных ці чарвякоў. Гл. няршы́ць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паве́сма ’звязка часанага льну ад 10 да 12 жменяў’ (Нас., Маш.; КЭС, лаг.); у іншых крыніцах колькасць жменяў можа быць большай або меншай (Шат., Бяльк., Касп., Мядзв.), паве́сьма (Нар. сл., Мат. Гом.), повы́смо (Шатал., Сл. ПЗБ), пови́смо (Гарб., Выг.), пові́сма (Сл. ПЗБ), пове́сна (Жд. 2), паве́сло (Мат. Гом.), пові͡есмо ’пража на калаўроце’ (Бес.). Рус. паве́с(ь)мо ’пучок пражы ў сорак нітак’, чэш. pověsmo ’10 жменяў ільну’, славац. powesmo, ’пучок ільну або каноплі’, н.-луж. powězmo ’тс’, балг. повесмо́ ’звязка, вяроўка, канат’, славен. povésmo ’скручаны пучок для пражы’, серб.-ц.-слав. повѣсмо. Паводле Міклашыча (392), ад па‑ і весіць, тады прасл. pověsmo. Аналагічна Трубачоў (Ремесл. терм., 102). Махэк (476) узнаўляе прасл. po‑věz‑ьmo ад vęzati (гл. вязаць), але гэта версія не ўлічвае вакалізм слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)