ПЛЕЧАНО́ГІЯ, брахіяподы (Brachiopoda),

клас (тып) беспазваночных жывёл. Вядомы з кембрыю (каля 560 млн. г. назад). 2 кл., 11—12 атр. (5 сучасных), каля 10 тыс. відаў (каля 300 сучасных). Марскія адзіночныя, пераважна прымацаваныя формы. Да субстрату прымацоўваюцца пры дапамозе сцяблінкі або ракавінай. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюцца для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.

Даўж. двухстворкавай вапняковай ракавіны (у сучасных П.) да 10 см. Цела знаходзіцца ў задняй ч. ракавіны: пярэдняя яе ч., высланая мантыяй, занята парай доўгіх нарасцяў цела — «рукамі», на якіх размешчаны шчупальцы з раснічкамі. Другасная поласць цела вялікая, ёсць сэрца і крывяносныя сасуды, каляглотачнае нерв. кольца і нервы. Большасць раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам; лічынкі свабоднаплаваючыя.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Плечаногія. Тэрабратуліна.

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧНЫ́Я РА́КІ,

падатрад поўзаючых ракаў (Reptantia) атр. дзесяціногіх ракападобных. 3 сям. Пашыраны ў прэсных вадаёмах умераных паясоў зямнога шара, апрача Афрыкі. Жывуць у рэках, ручаях, пячорных вадаёмах. Укрываюцца ў норах. Адчувальныя да якасці вады. На Беларусі 2 віды Р.р.: вузкапальцы (Astacus leptodactylus) і шыракапальцы (A. astacus, або A. fluviatilis), які занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 30 см (мадагаскарскага Р.р. да 80 см), маса да 150 г. Цела складаецца з нерасчлянёных галавагрудзей і брушка з 6 сегментаў, укрыта хіцінавым панцырам. Вочы фасетачныя, сцябліністыя. Кормяцца пераважна воднай расліннасцю, спажываюць і жывёльны корм (пераважна рэшткі). Раздзельнаполыя. Пры росце некалькі разоў ліняюць Шэраг відаў — аб’екты промыслу і развядзення.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Рачны рак шыракапальцы.

т. 13, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,

эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнае геал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс. г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.​Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

*Прыве́раваць, экспр. прыве́роваць ’прычапіцца, прывязацца, прыліпнуць’ (ТС). Няясна. Параўн., аднак, увера́цца ’чапляцца, дакучаць прычэпкамі’, уве́рыцца ’апрацівець, надакучыць’, фразеалагізм уве́рыцца ў косці ’тс’ (ТС), ст.-бел. прівара ’загана, недахоп’, што дае падставы атаясамліваць слова з польск. przywrzeć ’прыліпнуць, прыклеіцца’, przywierać ’прыліпаць’, przywaraрэшткі прыгарэлага варыва; дрэнная схільнасць, недахоп’, што да ‑wrzeć, ‑warzyć (Банькоўскі, 2, 954, 955), гл. урэ́ць, варыць, параўн. варыць ваду ’здзекавацца, сварыцца’ (ТС), польск. wrzeć, warzyć (na kogo) ’злавацца’. Падрабязней гл. Варбат, ИАН ОЛЯ, 54, 4, 62; Чарныш, Слов. лексика, 181).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́скі, тро́сткірэшткі пасля прасейвання мукі’ (Інстр. 3), ‘высеўкі’ (віц., Шн. 3), тро́скі ‘смецце пры паланні ячменных круп, абтоўчаных у ступе’ (віц., Нар. лекс.). Параўн. укр. тро́ска ‘шлак’, польск. troski ‘пілавінне’, чэш. troski ‘абломкі, разваліны’, славац. troski ‘абломкі’, славен. troska ‘жамерыны, шлак’, харв., серб. trȍska, trȕska ‘шлак’, макед. троска ‘пустазелле’. Прасл. *troska (Сной₂, 787), магчыма, выводзіцца з *tręsti/*trǫsiti (Скок, 3, 497), параўн. атро́скі, атру́скі ‘адходы’, гл. трэсці, трусіць. Меркаванні пра сувязь з тро́шчыць, тру́шчыць ‘разбіваць’, гл. ЕСУМ, 5, 649–650.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

буза́

(тур. buzä, ад перс. būzä)

1) лёгкае хмельнае пітво з проса, грэчкі, ячменю, пашыранае галоўным чынам у Крыме і на Каўказе;

2) рэшткі вадкасці, падонкі;

3) адклады на дне вадаёмаў (рэк, сажалак, азёр) з найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

світч

(англ. switch)

камерц. 1) перанос тэрміну пастаўкі з аднаго месяца на другі;

2) ліквідацыя абавязацельстваў у адных каштоўных паперах або валютах і заключэнне здзелак у другіх;

3) перадача трэцяму баку рэшткі на клірынгавым рахунку па курсу са скідкай супраць афіцыйнага.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЛЕ́НЬ ВЕЛІКАРО́ГІ, гіганцкі алень,

ірландскі алень (Megaloceros giganteus),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. аленевых атр. парнакапытных. Вядомы з сярэдняга і верхняга плейстацэну і ранняга галацэну Еўразіі і Паўн. Афрыкі. Асабліва многа шкілетаў знойдзена ў тарфяніках Ірландыі, на стаянках чалавека каменнага веку ў сярэдніх і паўд. шыротах, у т. л. ў Крыме і на Паўн. Каўказе, цэлыя шкілеты — на тэр. Разанскай і Екацярынбургскай абласцей Расіі. На Беларусі рэшткі аленя велікарогага выяўлены каля Смаргоні і в. Вейна (Магілёўскі р-н).

Буйная жывёла з вялізнымі (больш за 4 м у размаху) лапатападобнымі рагамі з некалькімі адросткамі. Вонкава нагадваў лань. Жыў на вільготных лугах па берагах рэк і балотаў, пазбягаў лясоў, у ледавіковыя эпохі адступаў на Пд.

Алень велікарогі. Шкілет. Рэканструкцыя.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАХІТО́ЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду аскахіта. Прычыняюць вял. шкоду лёну, зернебабовым і пладова-ягадным культурам. На надземных органах раслін паяўляюцца плямы рознай формы, памеру і колеру, часцей круглыя, шаравата-бурыя, у цэнтры больш светлыя, з цёмным краем. На плямах развіваюцца жаўтавата-бурыя або чорныя кропкападобныя пладовыя целы грыба — пікніды. Пасля выспявання з іх выходзяць бясколерныя споры. Хворае лісце засыхае, сцёблы робяцца крохкімі (у бобу), у лёну размачальваюцца, насенне не выспявае. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз хворыя расліны, пасляўборачныя рэшткі. На Беларусі найб. пашырэнне аскахітозаў адзначана ў вільготныя гады. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, падбор устойлівых супраць аскахітозаў скараспелых сартоў, пратручванне насення, своечасовая ўборка ўраджаю, знішчэнне пажніўных рэшткаў, глыбокае зяблевае ворыва, дэзінфекцыйныя мерапрыемствы.

Аскахітозы: гароху і лёну.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЕ́РХНЯЯ ЦАРКВА́,

помнік мураванага дойлідства 14 — пач. 15 ст. Пабудавана на месцы Гродзенскай Ніжняй царквы. Часткі пабудовы выяўлены ў 1931—37 Ю.​Ядкоўскім у час археал. раскопак на тэр. Гродзенскага Старога замка; у 1939 перанесены ў асобны павільён.

Рэшткі царквы даюць падставу меркаваць, што гэта быў квадратны ў плане са зрэзанымі вугламі бесстаўповы храм з паўкруглай апсідай. Унутры бакавых частак апсіды выяўлены аркі таўшчынёй у 1—2 цагліны. Першапачаткова перакрыццё царквы было драўлянае, пазней — скляпеністае на нервюрах. Пасля перабудовы храм накрыты чырвонай чарапіцай у форме плоскіх пласцін. Верхняя частка сцен упрыгожана крыжападобнай цэглай. Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 Т.​Андрыёнчык, у 1965 Абрамаўскас, у 1987 Ф.​Селязнёў, Р.​Сташкевіч, А.​Трусаў.

Гродзенская Верхняя царква. Рэканструкцыя.

т. 5, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)