СПЕЛЕАФА́УНА (ад грэч. spēlaion пячора + фауна),

сукупнасць жывёл, што жывуць у пячорах, трэшчынах горных парод і інш. месцах гіпагеі (падземнай вобласці жыцця). Вывучае С. біяспелеалогія, якая ўключае фрэатабіялогію (навуку аб жывых арганізмах у падземных водах). Прадстаўнікі С. прыстасаваны да спецыфічных умоў гіпагеі (высокай вільготнасці, пастаяннай т-ры, адсутнасці святла і зялёных раслін), выкарыстоўваюць арган. рэчыва, прынесенае з навакольнага асяроддзя (расл. і жывёльныя рэшткі, памёт рукакрылых). Вылучаюць экалагічныя групы: траглабіёнты (пастаянныя жыхары гіпагеі), траглафілы (здольныя праходзіць поўны жыццёвы цыкл і ў гіпагеі, і ў інш. падобных умовах) і траглагсены (праходзяць у гіпагеі ч. жыццёвага цыкла).

т. 15, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)