навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш.Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.
Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.Пеці, Т.Р.Мальтус, Г.Спенсер), ням. (І.П.Зюсмільх, В.Лексіс, Г.Ф.Кнап, Р.Р.Кучынскі), франц. (А.Дэпарсьё, Ж.Бертыльён), амер. (Р.Пірл, А.Дж.Лотка), галанд. (В.Керсебом), швед. (П.В.Варгенцін), бельг. (А.Кетле), рас. (Д.Бернулі, М.В.Ламаносаў, Л.Эйлер, І.Ф.Герман, К.Ф.Герман, В.І.Грабеншчыкоў, В.Я.Бунякоўскі, Г.В.Пляханаў, М.В.Птуха, С.А.Навасельскі) вучоныя.
На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.І.Галынец, А.А.Бекарэвіч, В.В.Кошалеў, С.М.Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.Слупскі, Д.М.Паслаўскі, С.Я.Вальфсон, Б.Я.Смулевіч). У 1960—70-я г.гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац.АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.І.Спіжанкоў, Б.А.Манак, М.Р.Юркевіч, А.Н.Пешкава, Г.Ц.Максімаў, І.В.Насонава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНДАРМЕ́РЫЯ (франц. gendarmerie ад gens d’armes узброеныя людзі),
палітычная паліцыя. Як інстытут паліт. паліцыі ўпершыню ўведзена ў Францыі (1791). У Расіі ў 1792—1817 (з перапынкамі) існавала ў якасці ваен. паліцыі пры рас. арміі. З лютага 1817 набыла самаст. характар. У Пецярбургу і Маскве былі створаны жандарскія дывізіёны, а ва ўсіх губернскіх гарадах конныя жандарскія каманды. Пасля паўстання дзекабрыстаў Ж. стала сродкам барацьбы з рэв. рухам. У 1826 у Расіі існавала 59 розных па прызначэнні жандарскіх часцей і падраздзяленняў. У 1827 Ж. аб’яднана ў корпус жандараў (у 1837—67 і 1875—1917 — асобны корпус) і падпарадкавана кіраўніку Трэцяга аддзялення ў складзе імператарскай канцылярыі, які з 1839 стаў таксама начальнікам штаба корпуса Ж. У 1867 праведзена рэформа і прынята Палажэнне аб корпусе Ж., якое з нязначнымі зменамі дзейнічала да лют. 1917. Корпус Ж. ахопліваў усю імперыю і выконваў абавязкі паліт., коннай гарадской і ваен. паліцыі. Жандарскія падраздзяленні неслі абавязкі па выяўленні і расследаванні дзярж. злачынстваў, нагляду за турмамі і паліт. вязнямі, падтрыманні парадку на чыгунцы. Ж. мела права весці вышук, тайнае назіранне, рабіць вобыскі і інш. У 1880 пасля скасавання Трэцяга аддзялення Ж. ўвайшла ў падпарадкаванне Мін-ваўнутр. спраў. У 1882 створана пасада камандзіра Асобнага корпуса Ж. Ім стаў нам. міністра ўнутр. спраў, які курыраваў дэпартамент паліцыі. Бел. губернскія жандарскія ўпраўленні (Віленскае, Гродзенскае, Мінскае, Магілёўскае і Віцебскае) уваходзілі ў склад 4-й (Віленскай) жандарскай акругі. У губернскіх гарадах існавалі ўпраўленні жандарскіх штаб-афіцэраў. У буйных нас. пунктах губерняў размяшчаліся жандарскія каманды. У 1885 у 5 бел. губернях былі 24 павятовыя ўпраўленні (па 4 у Віленскай і Мінскай губ., па 5 у Гродзенскай і Магілёўскай, 6 у Віцебскай губ.), у якія ўваходзілі 24 обер- і 263 унтэр-афіцэры. У кожным губ. горадзе было гар. ўпраўленне з адпаведным штатам чыноў, пры Віленскім гар. упраўленні існавала конная каманда. На чыгунках, якія праходзілі празтэр. Беларусі і Літвы, для падтрымкі грамадскага парадку дзейнічалі Віленскае і Мінскае чыг. жандарскія ўпраўленні. Жандарскія падраздзяленні на тэр. Беларусі прымалі ўдзел у падаўленні паўстання 1863—64, у выкрыцці рэв. гурткоў, дзеячаў рэв. руху. Ж. ліквідавана пасля Лют. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983;
Курлов П.Г. Гибель императорской России. М., 1992;
Новицкий В.Д. Из воспоминаний жандарма. М., 1991;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),
вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.
М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развіццё М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.Грыгор’еў, С.Іваноў (Палубес), І.Максімаў, старац Іпаліт, Ф.Чука, П.Заборскі.
На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел.тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат буд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.Байрачны, М.Бяляева, Г.Гаркуноў, Г.Гаўрылаў, В.Данчук, А.Дзятлава, Ф.Зільберт, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, В.Кірыленка, А.Концуб, Ю.Конюх, Н.Кухарэнка, М.Міхалап, М.Несцярэўскі, Т.Паражняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, З.Раўко, Т.Сакалова, У.Угрыновіч, Я.Хамініч, М.Шаўцова, Ф.Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.
Літ.:
Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;
Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл.Пач. 20 ст.Да арт.Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́Ц,
горад, цэнтр Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Вузел чыгунак на Брэст, Гомель, Баранавічы, Сарны і аўтадарог. За 240 км на У ад Брэста. 24,9 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 1449 пад назвай Малы Лулін, шляхецкая ўласнасць. У 1471 с. Лулінец маёнтка Ішкалдзь, належаў Неміровічам. У 1552 удава Я.П.Неміровіча Ганна (з Сапегаў) перадала сяло свайму прыёмнаму сыну полацкаму ваяводу С.С.Давойне. З 1561 сучасная назва. У 1588 сяло Навагрудскага пав., 75 дымоў, царква. У 2-й пал. 16—1-й чвэрці 17 ст. належаў Друцкім-Любецкім, Граўжышскім, Кунцавічам, Долматам і інш. У 1622 К.Долмат падараваў Л. разам з сялянамі Дзятлавіцкаму мужчынскаму манастыру. З 1793 Л. у Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1795—624 ж., 75 дамоў. У 1842 маёнткі манастыра перададзены ў казну, жыхары пераведзены ў катэгорыю дзярж. сялян. У 1884—86 праз Л. пракладзены Палескія чыгункі, што паспрыяла хуткаму эканам. развіццю і росту насельніцтва. У 1897—3167 ж., 855 двароў. У канцы 19 ст. заснаваны чыг. рамонтныя майстэрні (239 рабочых у 1900), працавалі 2 млыны, нар. вучылішча, царк.-прыходская школа. 3 пач. 20 ст. дзейнічаў Лунінецкі шпалапрапітны завод. 3 ліст. 1911 да лют. 1912 у Л. жыў і працаваў Я.Колас. 10.11.1917 у Л. абвешчана сав. ўлада. У ліст. 1917 тут адбыўся I з’езд Саветаў Пінскага пав. 18.2.1918 акупіраваны герм. войскамі. У студз. 1919 адноўлена сав. ўлада. 3 лют. 1919 Л. — адзін з важных вузлоў абароны на Зах. фронце ў час сав.-польскай вайны 1919—20. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтр Лунінецкага павета Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 8,3 тыс.ж. З 15.1.1940 цэнтр Лунінецкага раёна. У Вял.
Айч. вайну з 10.7.1941 да 10.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 16 637 чал., вывезлі на катаржныя работы ў Германію 2319 чал. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—14,3 тыс. ж.
Прамысл. прадпрыемствы: лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», рамонтна-мех.з-д, акц. т-вы «Лунінецкі малочны завод» і «Лунінецлес», дрэваапрацоўчы камбінат, лакаматыўнае дэпо і інш. 2 ПТВ, 4 сярэднія школы, ліцэй, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 11 дашкольных устаноў, 2 дамы культуры, 8 б-к, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, кінатэатр, Лунінецкі краязнаўчы музей, 7 бальнічных устаноў. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮТЭРА́НСТВА,
адзін з кірункаў пратэстантызму. Узнікла ў пач. 16 ст. ў Германіі ў перыяд Рэфармацыі. Назва ад імя заснавальніка М.Лютэра. Канчаткова веравучэнне выкладзена ў 1530 у «Аўгсбургскім спавяданні». Гал. пастулат тэалогіі Л. — выратаванне асабістай верай, якое даруецца Богам, без дапамогі царквы. Сувязь Бога і чалавека набывае ўнутраны, асабісты характар, царква перастае быць пасрэднікам паміж Богам і індывідам. Усе вернікі прызнаюцца роўнымі перад Хрыстом, святары страчваюць становішча асобага саслоўя, адмаўляюцца каталіцкая іерархія, манаства, бясшлюбнасць святароў. Рэліг. суполкі самі запрашаюць пастараў і выбіраюць кіруючыя органы — кансісторыі. Крыніцай веравучэння з’яўляецца Біблія, якую вернік мае права самастойна тлумачыць. У кірхах (храмах) няма абразоў. З 7 таінстваў каталіцкай царквы засталіся хрышчэнне і прычасце. Набажэнства вядзецца на роднай мове. У кульце Л. ўвасабляецца прынцып таннай царквы.
У Беларусь Л. пачало пранікаць у 1520-я г. з Лівоніі і Усх. Прусіі; трапляла і непасрэдна з Германіі праз студэнтаў з ВКЛ, якія навучаліся ў ням. ун-тах, асабліва ў Лейпцыгскім. Першым значным прапаведнікам Л. ў ВКЛ быў А.Кульва, які выкладаў вучэнне Лютэра ў сваёй школе ў Вільні. У 1544 ва Усх. Прусіі быў адкрыты пратэстанцкі Кёнігсбергскі ун-т, які значна паспрыяў распаўсюджванню Л. ў ВКЛ і Польшчы. Тут было некалькі кафедраў з навучаннем на польскай, літ. і бел. мовах, устаноўлена некалькі стыпендый для выхадцаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, друкавалася пратэстанцкая л-ра. 3 сярэдзіны 1550-х г. лютэранскія суполкі з’явіліся ў Вільні, Мінску, Слуцку і інш. У канцы 16 ст. на тэр.ВКЛ было ад 5 да 8 суполак. Л. было пашырана сярод гараджан, у меншай ступені сярод шляхты. Гал. кіруючым органам лютэранскай царквы ў ВКЛ была выбраная на сінодзе Літоўская кансісторыя на чале з прэзідэнтам (пазней суперінтэндантам). У час рэліг. ганенняў у 17—18 ст. лютэране супрацоўнічалі з кальвіністамі і праваслаўнымі, карысталіся падтрымкай Прусіі і Расіі; колькасць вернікаў у гэтыя часы значна скарацілася. У пач. 20 ст. ў Беларусі заставаліся адзінкавыя лютэранскія суполкі, частка іх існавала ў Зах. Беларусі да 1940-х г.; вернікі былі пераважна ням. нацыянальнасці. У 1990-я г. Л. стала адраджацца. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3 лютэранскія суполкі: у Віцебску, Гродне, Мінску.
Літ.:
Чанышев А.Н. Протестантизм. М., 1969;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim. Wrocław etc., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцгвам С.Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.А.Ткачоў (1982), З.Л.Яцкевіч (1990), І.М.Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Навой ’дэталь у кроснах’ (Бяльк., Гарэц., Тарн., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ, ТС), навоі ’частка кроснаў’ (Воўк-Лев., Татарк.), навойка ’тс’ (полац., Нар. сл.; Янк. 1, Мат. Гом., ТС). Укр.навій, рус.наво́й, польск.nawój, чэш.návoj, славац.návoj, н.-луж.nawój ’тс’, серб.-харв.дыял.на́вој ’дзве расошкі, на якія кладзецца задняе вараціла пры навіванні асновы’. Да навіваць, віць, параўн. навіць ’наматаць’ (Бяльк.), першапачаткова адносілася, відаць, да задняга вала ў кроснах, пра што сведчыць значэнне серб.-харв. дыялектнай назвы (Машынскі, Kultura, 1, 349), і звязвалася з навіваннем нітак асновы на яго; не выключана, што гэтым словам называлася само навітае прадзіва, пра што можа сведчыць балг.дыял.навой ’тонкая звітая вяроўка, якой абвязваюць абмоткі на нагах’, перанос назвы на вараціла і іншыя дэталі, якія звычайна маюць праславянскія назвы, праз стадыю ’вал з навітым на яго прадзівам’, параўн. докш.Навой — пяць губак і болей (Сл. ПЗБ). Адносна чаргавання гл. Шустар-Шэўц, 994.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вучані́к ’вучань’ (Бяльк.), ст.-бел.ученикъ ’тс’; параўн. укр. (кніжнае) учени́к ’вучань, паслядоўнік’, рус.учени́к ’вучань’, серб.-харв.у̏ченӣк ’вучань, навучэнец’, славен.učenik ’настаўнік’, макед.ученик ’вучань, навучэнец’, балг.учени́к ’тс’. Да *uč‑ьn‑ikъ, утворанага ад прыметнікавай асновы uč‑ьn‑, гл. вучаны; адносна ст.-бел. і ст.-укр. форм выказваецца меркаванне аб іх запазычанасці кніжным шляхам праз царкоўнаславянскую мову са ст.-слав.оученикъ, параўн. Суф. словообр.; 85, ва ўсякім разе гэта павінна быць вельмі ранняе запазычанне, паколькі слова з’яўляецца звычайным у ст.-бел. і вядома было ст.-рус.; параўн. Гіст. лекс., 224. Можна меркаваць, што яго ўжыванне падтрымлівалася ў мове ў сферах, звязаных з кніжнаславянскай традыцыяй (царква, бурсакі, жабракі з т. зв. духоўнымі песнямі), дзе яно мела значэнне перш за ўсё ’паслядоўнік (пэўнага вучэння)’, значэнне ’вучань у школе, школьнік’ больш позняе. Можна дапусціць таксама паўторнае запазычанне слова ў апошнім значэнні з рускай мовы ў навейшы час.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел.верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр.вериги, рус.вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус.верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен.veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв.вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед.верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг.верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав.верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ.vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат.vērt ’тс’, грэч.ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав.празц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус.верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжная — КТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ко́раб ’пасудзіна, сплеценая з лубу, саломы і пад.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., КЭС, лаг., Бяльк., Нар. сл., З нар. сл.), корабам стаць ’павялічыцца, расшырыцца (пра галаву)’ (Жыв. сл.), поўны кораб, сем корабаў, як з кораба ’у вялікай колькасці’ (ТСБМ). Укр.короб, рус.короб, ст.-рус.коробъ ’тс’, славен.kraba ’каробка’, польск.kroba ’плеценая каробка’. Мы не бачым магчымасці для рэканструкцыі прасл.korbъ, паколькі няма надзейных паўднёваславянскіх адпаведнікаў. Славен.kraba — новае запазычанне з іншых славянскіх моў (Безлай, 2, 77). Таму трэба вярнуцца да этымалогіі Міклашыча (130), згодна з якой у гэтым выпадку мы маем справу з запазычаннем з лац.corbis ’карзіна’ (непасрэдна або празс.-в.-ням.korb ’тс’). Гл. таксама Бернекер, 1, 568–569; Брукнер, 267. Фасмер (2, 331), які зыходзіць выключна з фанетычных крытэрыяў, разглядае лацінскія, германскія і нават літ.kar̃bas, лат.kar̂ba як спрадвечна роднасныя са славянскімі. Параўн. Фрэнкель, 220, дзе балтыйскія лексемы лічацца славянізмамі.