Тру́фель ‘клубнепадобны падземны грыб’ (ТСБМ), тру́хвель ‘тс’ (карм., Сярж.–Яшк.), тру́фля ‘тс’ (Некр. і Байк., Сяржаніна, Грыбы). Праз рус. трюфель ці польск. trufła і, магчыма, ням. Trüffel з франц. truffe ‘грыб Tuber’ < італ. trufla < оск.-умбр. *tūfer < лац. tūber ‘клубень’, ‘труфель’ (Фасмер, 4, 112). Паводле Пяткевіча (Пятк. 1, 15), “труфлі паляшук не знае, пагэтаму і не шукае”. Гл. Брукнер, 577; ЕСУМ, 5, 663; Арол, 4, 111.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)