КАЛЫХА́НКА,

1) кароткая песенька простага зместу, якую спяваюць звычайна над калыскаю; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. К. знаёмяць дзіця з роднай мовай, навакольным светам, расказваюць пра жывёл і птушак, пра іх учынкі і прыгоды, даюць быт. замалёўкі нар. жыцця. Грунтуецца на тых самых эстэт. прынцыпах, карыстаецца тымі ж маст. сродкамі, што і нар. песні наогул.

Вызначаюцца напеўнай мелодыкай у рытме калыхання, даступнасцю зместу, прастатой кампазіцыі, займальнасцю. Для іх характэрна фантастыка, якая, як і казачная, цесна звязана з жыццём, але адрозніваецца светлым, жыццесцвярджальным настроем. Змест і форма К. улічваюць патрабаванні нар. педагогікі. У К. захаваліся рэшткі міфалагічных уяўленняў продкаў (адухоўленыя вобразы Сну, Дрымоты і інш.) Вылучаюцца песні-імправізацыі і песні з устойлівым традыц. тэкстам. Апошнія распадаюцца на тэматычныя групы: «Кот носіць сон у хустцы, кашалі», «Няхай кату ўсё ліха», «Каток злізаў смятану, мядок», «Каток злавіў рыбку за хвасток», «Прыдзе шэранькі ваўчок» і інш. Паводле кампазіцыі К. вельмі разнастайныя: маналог-апавяданне маці, маналог-зварот да дзіцяці, дыялагічныя песні. Напеўнасць, пяшчотнасць дасягаюцца пры дапамозе алітэрацыі, асанансу, памяншальна-ласкальных суфіксаў, паўтораў асобных слоў і цэлых канструкцый, дзіцячай лексікі.

2) У прафесійнай музыцы — песня або інструментальная п’еса ў запаволеным тэмпе з характэрным рытмічным пагойдваннем у акампанеменце. Падобная да нар.-быт. песень для закалыхвання дзіцяці. З канца 18 ст. жанр К. вядомы ў вак. лірыцы (К. для голасу з фп. пісалі Ф.​Шуберт, І.​Брамс, А.​Аляб’еў, М.​Глінка, М.​Мусаргскі, П.​Чайкоўскі і інш.), у оперы («Садко», «Кашчэй Бессмяротны» М.​Рымскага-Корсакава, «Мазепа» Чайкоўскага), араторыях («На варце міру» С.​Пракоф’ева). З 19 ст. вядомы інстр. К. (для фп. Ф.​Шапэна, Брамса, Ф.​Ліста, Э.​Грыга, М.​Балакірава, А.​Рубінштэйна, для скрыпкі і фп. М.​Равеля, для сімф. аркестра А.​Лядава, І.​Стравінскага і інш.). Бел. кампазітары звярталіся да жанру К. ў камерна-вак., камерна-інстр., хар., песенных творах (Л.​Абеліёвіч, С.​Аксакаў, М.​Аладаў, Я.​Глебаў, Л.​Захлеўны, В.​Капыцько, Дз.​Лукас, І.​Любан, П.​Падкавыраў, Ю.​Семяняка, А.​Туранкоў, Э.​Тырманд, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін, Л.​Шлег), у операх («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера, «Матухна Кураж» С.​Картэса) і балетах. М.​Літвін стварыў кантату «Беларуская калыханка» на словы В.​Віткі (1979).

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Літ. гл. таксама пры арт. Дзіцячы фальклор.

Г.​А.​Барташэвіч, Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖ,

сімвалічны і дэкаратыўны знак (звычайна складаецца з 2 перакрыжаваных прамых), адзін з галоўных хрысціянскіх сімвалаў і прадметаў культу. Вядомы з першабытнай эпохі ў культурах розных народаў свету. Выступае як геаметрызаваны варыянт сусв. дрэва, сімвал каардынат, які дае чалавеку арыенцір у прасторы і часе; звязаны таксама з сімволікай сонца і агню (салярны знак). Найчасцей К. лічыўся сімвалам вышэйшых сакральных каштоўнасцей. У міфалогіі ён падкрэсліваў ідэю цэнтра і асн. кірункаў, якія ідуць ад цэнтра. На думку многіх даследчыкаў міфалогіі, К. сімвалізаваў духоўныя аспекты: узыходжанне духа, імкненне да Бога і вечнасці. Часта К. выступаў як мадэль чалавека і антрапаморфнага божышча. У спалучэнні з колам лічыўся знакам злучэння мужчынскага і жаночага пачаткаў. К. на шары — вярхоўная ўлада, перамога духоўнага. Адной з разнавіднасцей К. з’яўляецца свастыка, якая вядома ў Еўразіі з верхняга палеаліту і абазначае спрыяльны, шчаслівы аб’ект, салярны сімвал, знак святла і шчодрасці. На тэр. Беларусі, пераважна ў яе паўн. і сярэдняй частках, выявы свастык трапляюцца ў жал. веку і сярэдневякоўі. У хрысціянстве К. лічыцца сакральным сімвалам, бо на ім, паводле Евангелля, быў распяты Ісус Хрыстос. Найб. пашыранымі формамі хрысц. К. з’яўляюцца: чатырохканцовы (яго разнавіднасці грэчаскі К., дзе верт. брус і перакладзіна аднолькавыя, і лацінскі, дзе верт. брус даўжэйшы за гарызантальны), Т-падобны, андрэеўскі (2 брусы, складзеныя як дыяганалі), рускі праваслаўны (з 2 перакладзінамі, верхняя гарыз. даўжэйшая, ніжняя дыяганальная), латарынгскі (з 2 гарызантальнымі перакладзінамі, верхняя карацейшая), васьміканцовы (у форме латарынгскага К., з кароткай перакладзінай унізе, дыяганальнай або гарызантальнай). Два апошнія К. даследчыкі называюць «патрыяршыя К.». Форма К. мае практычнае значэнне для хрысц. канфесій: католікі і пратэстанты карыстаюцца амаль выключна чатырохканцовым К., праваслаўныя — шасціканцовым і васьміканцовым розных варыянтаў, часам чатырохканцовым, стараверы прызнаюць толькі васьміканцовы К.

У геральдыцы існуе больш за 200 разнавіднасцей К., якія выступаюць у якасці гербавых фігур. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. рознай формы былі састаўнымі часткамі гербаў гарадоў Гродна, Крычава, Лепеля, Ліпнішак, Любчы, Оршы, Ружан, Слоніма, Цырына, а таксама шэрагу шляхецкіх гербаў («Бойча», «Бродзіц», «Касцеша», «Лада», «Ліс», «Любіч», «Пілява», «Сыракомля», «Тарнава», «Ястрэмбец» і інш.).

Э.​М.​Зайкоўскі.

Да арт. Крыж. Крыжы: 1 — грэчаскі; 2 — лацінскі; 3 — патрыяршы, латарынгскі; 4 — папскі; 5 — праваслаўны; 6 — андрэеўскі (св. Андрэя); 7 — антоніеўскі (св. Антонія); 8 — відэльцападобны; 9 — мылічны; 10 — іерусалімскі; 11 — перакрыжаваны; 12 — трохлісты; 13 — кардынальскі; 14 — якарны; 15 — пашыраны; 16 — кавалерскі (рыцарскі); 17 — павысяканы; 18 — мальтанскі (мальтыйскі).

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫ́Т (лац. creditum пазыка, доўг ад credere верыць),

пазыка ў грашовай або таварнай форме, якая даецца адной юрыд. або фіз. асобай (крэдыторам) другой асобе — пазычальніку. Уяўляе сабой рух пазыковага капіталу, які ажыццяўляецца на асновах тэрміновасці, зваротнасці і платнасці. Як эканам. катэгорыя К. вядомы з часоў рабаўладальніцкага грамадства, найб. развіццё атрымаў пры капіталізме. У рыначнай эканоміцы К. ўласціва пераразмеркавальная функцыя, таму даходы дзяржавы, прыбытак прадпрыемстваў, прыватныя зберажэнні ператвараюцца ў пазыковы капітал, які садзейнічае эканоміі выдаткаў абарачэння і накіроўваецца ў неабходныя сферы нар. гаспадаркі. К. выконвае функцыю паскарэння канцэнтрацыі і цэнтралізацыі капіталу. У працэсе яго развіцця выкарыстоўваюцца розныя віды рахункаў, дэпазітныя сертыфікаты, крэдытныя карткі і інш., адбываецца апераджальны рост безнаяўнага абароту, паскарэнне грашовых патокаў. К. бывае камерцыйны, банкаўскі, дзяржаўны, знешнегандлёвы, спажывецкі, міжнародны, іпатэчны і інш. Камерцыйны К. выдаецца прадпрыемствамі, аб’яднаннямі і інш. гасп. суб’ектамі адзін аднаму, напр., для папаўнення часовай нястачы абаротнага капіталу, пашырэння вытв-сці, а таксама ў выглядзе адтэрміноўкі плацяжу за прададзеныя тавары, выкананыя работы або паслугі. Такі К. афармляецца звычайна вэксалем. Ён не можа быць выкарыстаны для выплаты зарплаты і выдаецца толькі прадпрыемствамі-вытворцамі. Банкаўскі К., які з’яўляецца асн. формай крэдытавання, даецца банкамі, фондамі, асацыяцыямі і інш. крэдытна-фінансавымі ўстановамі любым гасп. суб’ектам. Від К., пры якім пазычальнікам выступае дзяржава, а фіз. і юрыд. асобы, якія набываюць дзярж. каштоўныя паперы, — арандатарамі, наз. дзяржаўным. Спажывецкі К. даецца пры продажы тавараў і паслуг непасрэдна спажыўцам у форме адтэрміноўкі плацяжу (у растэрміноўку). Знешнегандлёвы -К. можа быць экспартны, імпартны, камерцыйны або банкаўскі. Міжнародны К. прадастаўляецца дзяржавамі, міжнар. банкамі і фінансавымі арг-цыямі, прыватнымі банкамі і фірмамі, інш. фіз. і юрыд. асобамі ў працэсе міжнар. эканам. супрацоўніцтва і з’яўляецца важнай састаўной часткай міжнар. эканам. адносін, умовай развіцця сувязей паміж рознымі краінамі. Міжнар. банкаўскі К. можа выступаць і ў форме экспартнага, фінансавага, валютнага К. Важнай яго формай з’яўляецца і міждзярж. доўгатэрміновы крэдыт (міжурадавыя пазыкі). Пашыраецца іпатэчны К., які выдаецца іпатэчнымі камерцыйнымі банкамі, страхавымі і інш. крэдытна-грашовымі ўстановамі пад заклад нерухомай маёмасці (землі, пабудовы і інш.), а ў асобных выпадках пад заклад, машын і абсталявання. К. можа быць ільготны (даецца па стаўках, ніжэйшых за рыначныя, і часта на больш працяглы перыяд), адзыўны (выдаецца пад пераводны вэксаль, што можа быць адкліканы ў любы момант без папярэджання), рэвольверны (крэдытная лінія, сродкі па якой могуць быць запазычаны ў любы час з наступнымі рэгулярнымі плацяжамі ў пагашэнне раней абумоўленай мінімальнай сумы). Па тэрмінах выплаты К. бывае каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновы.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцтвам С.​Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.​А.​Ткачоў (1982), З.​Л.​Яцкевіч (1990), І.​М.​Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.

І.​А.​Марзалюк, М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБІВА́НКА, набойка, выбойка,

спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст. Найб. росквіту дасягнула ў 16—17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу Н. ў 19 ст. былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобл.), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобл.), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабр. вытв-сцю набіваных тканін. Да сярэдзіны 20 ст. Н. выраблялі асобныя майстры.

Н. рабілі двума спосабамі: дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка); на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.). Звычайна Н. рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы. У 19 ст. быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне. Пры вырабе рознакаляровых Н. для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з метал. (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак. У зах. раёнах Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. для Н. выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геам. узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і інш.), выразаныя з бульбы або рэпы. Рысунак бел. Н. лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найб. пашыраны геам. (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны расл. арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантаст. птушак). Бел. Н. характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невял. колькасці дэкар. элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна бел. Н. звязана з інш. відамі нар. мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).

Я.​Ф.​Шунейка.

Узоры беларускіх набіванак.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ МУЗЫКА́НТЫ,

народныя выканаўцы-інструменталісты. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі маюць розныя назвы: збіральныя — музыкі, скамарохі (на Магілёўшчыне), «вясёлыя людзі» (вясельныя музыканты на Гродзеншчыне), у якіх адлюстравана грамадская функцыя Н.м., і канкрэтныя — скрыпач, дудар, цымбаліст, гарманіст, барабаншчык і інш. ад назвы муз. інструмента. Вылучаюцца прафесіяналы і аматары. Н.м.-прафесіяналы абслугоўваюць звычайна вяселлі, хрэсьбіны, бяседы, танцы, ігрышчы; раней суправаджалі і паказы нар. т-ра батлейка, ігралі на кірмашах (лірнікі). Н.м.-аматары музіцыруюць для ўласнай забавы. Асобную групу складаюць пастухі, паляўнічыя (у мінулым і вартаўнікі, званары), дзейнасць якіх мае прыкладное значэнне (у народзе музыкантамі іх не лічаць, а іх інструменты — трубу, рог, дудку, трашчотку, звон — да ўласна муз. інструментаў не адносяць). Мастацтва ігры Н.м. пераймаюць па традыцыі ў сям’і (на Беларусі шмат патомных музыкантаў), спасцігаюць самавукам (нар. вызначэнне — «прыродныя музыкі») або ў славутых нар. музыкантаў-«майстроў» (некат. з іх, напр. А.​Свірыдовіч з в. Малая Ганута Чэрвеньскага р-на, стварылі свае мясц. выканальніцкія нар. школы). Часта Н.м. валодаюць некалькімі муз. інструментамі, спалучаюць выканальніцтва з іх вырабам. На Беларусі Н.м. ў асн. мужчыны, але ў апошнія дзесяцігоддзі павялічваецца колькасць музыкантаў-жанчын. Дзейнасць Н.м. спрадвеку звязана з рознымі праявамі жыцця бел. вёскі, пра што сведчаць многія нар. песні, казкі, паданні.

Сярод сучасных Н.м. шмат таленавітых салістаў і ансамблістаў, у т. л. гарманісты К.​Зяброў (в. Краснае, Мсціслаўскі р-н), М.​Рабіза (г.п. Варапаева, Пастаўскі р-н), А.​Свірыдовіч (в. Аляксандраўка, Чэрвеньскі р-н), дудачнікі М.​Глушань (пас. Карчаватка, Жыткавіцкі р-н), В.​Пратасевіч (г. Узда), В.​Швед (в. Глушкавічы, Лельчыцкі р-н), скрыпачы А.​Высоцкі і А.​Лось (в. Пярэбнавічы, Смаргонскі р-н), М.​Ляшчынскі (г.п. Лельчыцы), С.​Маленчык (г. Шчучын), М.​Тысевіч (в. Аброва, Івацэвіцкі р-н), скрыпач і кларнетыст М.​Семянчук (в. Гарадзец, Столінскі р-н), цымбалісты М.​Мірон (в. Дзягільна, Дзяржынскі р-н), Л.​Мелец (в. Пожарцы, Пастаўскі р-н), І.​Шульга (в. Пярэбнавічы), барабаншчыца К.​Шэкун (в. Усполле, Мсціслаўскі р-н), выканаўцы на пішчыку І.​Піцуха (в. Сіманавічы, Драгічынскі р-н) і парных дудках І.​Мураўёў (в. Ластрыгіна, Мсціслаўскі р-н). Іх мастацтва вывучаецца, прапагандуецца ў тэле- і радыёперадачах, этнагр. кіна- і тэлефільмах.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этногр. обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;

Назіна І.​Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.

І.​Дз.​Назіна.

Да арт. Народныя музыканты. Майстар і выканаўца на дудцы В.​С.​Пратасевіч (злева); выканаўца на акардэоне і язычковай дудцы А.​А.​Высоцкі.

т. 11, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТЫ́ЗМ,

форма міжвідавых антаганістычных узаемаадносін двух (часам некалькіх) арганізмаў, з якіх адзін — паразіт. Большасць шматклетачных арганізмаў маюць паразітаў. Крытэрый П. — патагеннае ўздзеянне паразіта на гаспадара і абарончая рэакцыя з боку гаспадара. Многія паразіты з’яўляюцца антыгенамі, выклікаюць утварэнне антыцел у арганізме гаспадара, што вядзе да рэакцыі імунітэту (гл. Інвазійныя хваробы, Інфекцыйныя хваробы жывёл, Інфекцыйныя хваробы раслін, Інфекцыйныя хваробы чалавека). Адносіны паміж паразітам і гаспадаром падпарадкаваны пэўным экалагічным заканамернасцям. П. звязаны з інш. формамі міжвідавых узаемаадносін; сімбіёзам, сінайкіяй і інш. Звычайна гаспадар бывае заражаны некалькімі відамі паразітаў, якія лакалізуюцца ў розных органах і тканках і ствараюць своеасаблівае супольніцтва — паразітацэноз. Шляхі пранікнення паразітаў у арганізм гаспадара розныя: актыўнае пранікненне праз покрывы цела, з кормам, пры дапамозе пераносчыкаў і інш. Геагр. пашырэнне паразітаў звязана з распаўсюджаннем іх гаспадароў і асаблівасцямі асяроддзя пражывання. Адрозніваюць таксама звышпаразітызм, або гіперпаразітызм (гаспадаром паразіта з’яўляецца паразіт), псеўдапаразітызм (адзін арганізм трапляе ў арганізм другога выпадкова).

Сярод раслін П. вядомы ў бактэрый, грыбоў, некат. водарасцей, кветкавых раслін. Адны расліны-паразіты маюць хларафіл і здольныя выпрацоўваць арган. рэчывы ў працэсе фотасінтэзу, інш. жывяцца толькі за кошт гаспадара. Большасць грыбоў і раслін-эктапаразітаў знаходзяцца па-за гаспадаром (мучністарасяныя грыбы, павітуха і інш.), а органы жыўлення (гаўсторыі) кантактуюць з жывымі клеткамі. Цела эндапаразітаў (большасць паразітычных грыбоў, у кветкавых — рафлезіевыя) апушчана ў жывую тканку гаспадара, звонку застаюцца органы размнажэння. Вял. колькасць ніжэйшых грыбоў — унутрыклетачныя паразіты. Аблігатныя (абавязковыя) і блізкія да іх паразіты (галаўнёвыя грыбы, іржаўныя грыбы, мучністарасяныя грыбы) пашкоджваюць пераважна добра развітыя расліны; факультатыўныя (неабавязковыя) — іх ізаляваныя ч. (напр., агародніна і плады пры захоўванні). У жывёл многія класы і атрады цалкам складаюцца з паразітаў (спаравікі, смактуны, цэстоды, блохі і інш.). Бывае П. часовы, калі кантакт адбываецца ў час харчавання (камары, мошкі і інш.) і стацыянарны (пастаянны), калі арганізм паразітуе на інш. на працягу свайго жыцця (кровапаразітныя прасцейшыя, вошы, пер’яеды і інш.), і перыядычны, або фазавы, характэрны для пэўнага перыяду жыцця або фазы метамарфозу (напр., у падскурнага авадня і наезнікаў паразітуюць лічынкі, у некат. круглых чарвей, блох і інш. — дарослыя; смактуны, стужачныя і круглыя чэрві, паразітныя ракападобныя, якія мяняюць сваіх гаспадароў, паразітуюць у дарослым стане і на пэўных лічынкавых стадыях). У асобных выпадках паразітныя і непаразітныя пакаленні могуць чаргавацца. Вывучэннем П. і распрацоўкай метадаў барацьбы з паразітозамі займаюцца вірусалогія, мікрабіялогія, паразіталогія, фітапаталогія.

Літ.:

Догель В.А. Общая паразитология. Л., 1962;

Радкевич В.А. Животные и растения: Экол. очерки, 2 изд. Мн., 1980.

І.​В.​Чыкілеўская, С.​І.​Бельская.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТЭМІ́ЗМ,

комплекс вераванняў і абрадаў у абшчынна-родавым грамадстве, звязаны з уяўленнем пра роднасць паміж групай людзей (родам, фратрыяй) і татэмам. Сярод татэмаў пераважалі жывёлы, што абумоўлена пераважаннем паляўніцтва ў абшчынна-родавым грамадстве. Татэмаў паважалі, часам абагаўлялі, не прычынялі ім шкоды (іх нельга было забіваць, есці іх мяса дазвалялася толькі ў час татэмных свят), імкнуліся іх аберагаць, спрыяць павелічэнню іх колькасці. Кожная татэмная група насіла імя свайго татэма, а яе члены мелі спец. татэмічныя эмблемы (камень, дошчачка); існавала забарона на заключэнне шлюбаў унутры татэмных груп. Дзеля «задобрывання» татэма-жывёлы і павелічэння яго колькасці людзі выконвалі спец. магічныя абрады, песні-заклінанні, татэмічныя танцы, у якіх звычайна імітаваліся паводзіны татэмаў.

Класічны Т. зафіксаваны ў Аўстраліі. Існуе некалькі канцэпцый узнікнення Т.: боязь жывёл (найперш драпежных); адчуванне сваёй натуральнай еднасці з жывёламі і раслінамі; вера ў існаванне свяшчэнных (сакральных) прыродных сіл і з’яў. У некат. народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі, Акіяніі рэшткі Т. захаваліся да нашага часу. Яны выяўляюцца ў разнастайных формах: выявах татэмічных істот на сценах дамоў і на дэталях адзення; звычаях урачыстага пахавання памерлых татэмаў; выкарыстанні ў якасці абярэгаў асобных частак цела татэмных жывёл (зубы, скура, галава, пер’е, косці); клятва на частках цела татэмных жывёл; звычай пераапранання ў скуру жывёл у час свят, рытуальныя татэмічныя танцы; легенды, паданні, казкі пра паходжанне роду ад пэўнага татэма.

У беларусаў захаваліся нар. легенды і паданні, прыкметы і павер’і, у якіх адзначаюцца рэшткі стараж. Т. У асобных бел. фальклорных творах распавядаецца, што людзі часам ператвараліся ў мядзведзяў, буслоў, ваўкоў. Праявамі Т. з’яўляюцца наступныя вызначэнні асобных жывёл: мядзведзя наз. «продкам», «апекуном», бусла — «братам» і г.д. У бел. фальклоры найчасцей сустракаюцца звесткі пра мядзведзя, які быў найб. паважанай жывёлінай. Ён лічыўся адным з самых магутных звяроў у лесе (таму яго баяліся і імкнуліся задобрыць), а таксама шмат у чым нагадваў самога чалавека (напр., мог хадзіць на задніх лапах, любіў есці мёд, гарохавую кашу, кісель). На Беларусі працяглы час захоўвалася свята татэмнага паходжання камаедзіца. У бел. фальклоры сустракаюцца павер’і, паводле якіх, напр., калі мядзведзь пройдзе каля «зачараванай» хаты, то можа адвесці няшчасці, і інш. Карані Т. і ў звычаі пераапранання ў скуру мядзведзя ў час нар. свят (напр., Каляд).

Літ.:

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Мн., 1995 [рэпр. выд.: Гродно, 1895];

Арсеньев В.Р. Звери—боги—люди. М., 1991;

Ненадавец А.М. Святло таямнічага вогнішча. Мн., 1993;

Волошина Т.А., Астапов С.Н. Языческая мифология славян. Ростов н/Д, 1996;

Соколова З.П. Животные в религиях. СПб., 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРФО́Р (тур. farfur, fagfur ад перс. фегфур),

1) у тэхніцы — шчыльны керамічны матэрыял, а таксама вырабы з яго; разнавіднасць керамікі. Вызначаецца вода- і газанепранікальнасцю, мех. трываласцю, высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, тэрмічнай і хім. устойлівасцю (устойлівы ў кіслотах, акрамя плавікавай).

Паводле складу сыравіны (асн. кампаненты — пластычная вогнетрывалая гліна, каалін, кварц, палявы шпат) і рэжыму абпалу адрозніваюць Ф. цвёрды і мяккі. Атрымліваюць абпальваннем фармаваных вырабаў. Фармаванне ажыццяўляюць паўсухім або вільготным прасаваннем, ліццём у гіпсавыя формы і інш. Паверхню Ф. звычайна пакрываюць белай або каляровай палівай, без палівы Ф. наз. бісквітам. Выкарыстоўваюць цвёрды Ф. для вырабу вузлоў і дэталей хім. апаратуры, эл. ізалятараў, санітарна-тэхн. абсталявання, труб, мяккі — быт. і маст. вырабаў.

2) У мастацтве посуд, дробная пластыка і інш. маст. вырабы з белай абпаленай пры высокай тэмпературы масы са спец. дамешкамі, якая вызначаецца няпорыстай будовай і прасвечваецца ў тонкім слоі.

Найстараж. вырабы з Ф. вядомы з 4—6 ст. у Кітаі. Своеасаблівыя варыянты вытв-сці Ф. вядомы ў Японіі і Карэі. Пазней Ф. пашырыўся ў інш. краінах Азіі. У Зах. Еўропе ў 16—18 ст. вырабляўся мяккі фарфор з легкаплаўкай сілікатнай масы, знешне падобны да Ф. (гл. Сеўрскі фарфор); яго разнавіднасць — касцяны Ф. з перапаленай косцю (Вялікабрытанія, 18 ст.). У Германіі паўнацэнны Ф. атрымаў у 1709 І.​Ф.​Бётгер пры садзеянні Э.​В.​Чырнгаўза; у выніку засн. вытв-сць майсенскага фарфору. Склад і тэхналогію Ф. ў Расіі распрацаваў у 1740-я г. Дз.​Вінаградаў. У сав. час набыў вядомасць агітацыйны Ф.

На Беларусі Ф. вырабляюць з 1951 на Мінскім фарфоравым заводзе, з 1978 — і на Добрушскім фарфоравым заводзе. У аздабленні выкарыстоўваюць падглазурную і надглазурную размалёўку, дэколі, штамп, аэраграфію і інш. Бел. мастакі-керамісты ствараюць узоры для масавай вытв-сці чайна-кававых сервізаў, сталовага посуду, ваз, набораў для спецый, чайнікаў, статуэтак, сувеніраў і інш. Вылучаюцца работы Р.​Алёшынай, Л.​Багданава, М.​Бяляева, І.​Гагалушкі, М. і Л. Гатальскіх, В.​Гаўрылава, В.​Данчук, В.​Кірыленкі, В.​Леантовіча, Г.​Літвіненкі, М.​Міхалапа, І.​Прохарава, Л.​Рыжкоўскага, А.​Федуся, Э.​Фокінай. З Ф. ствараюць пластычна выразныя дэкар. станковыя кампазіцыі, выкарыстоўваюць для аздаблення інтэр’ераў грамадскіх будынкаў (Бяляеў, У.​Васюк, В.​Іванькова, В. і Л. Кавальчукі, Л.​Малышаў і інш.).

Літ.:

Мороз И.И. Технология фарфоро-фаянсовых изделий. М., 1984.

В.​Г.​Гаўрылюк (у мастацтве).

Да арт. Фарфор. Ваза «Шампальён». Горад Сеўр. Францыя. 18 ст.
Да арт. Фарфор. Л.​Багданаў. Анімалістычная пластыка.
Да арт. Фарфор. Я.​Малышаў. Набор «Супрэматычныя мелодыі». 1999.
Да арт. Фарфор. В.​Леантовіч. Набор «Слуцкі». 1998.

т. 16, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКІ І КАНАЛЫ

Агульная характарыстыка рачной сеткі. Рэкі Беларусі належаць да вадазбораў Чорнага (Дняпро з Прыпяццю, Бярэзінай і Сажом; збіраюць ваду з 56% тэр. Беларусі) і Балтыйскага мораў (Нёман, Зах. Дзвіна, Нараў, Зах. Буг, Ловаць; дрэніруюць 44% тэр. краіны). Водападзел праходзіць праз паўн.-зах. ўскраіну Палесся, па Капыльскіх градах, Мінскім і Аршанскім узвышшах.

Рэкі. На Беларусі 20,8 тыс. рэк, іх агульная даўжыня 90,6 тыс. км. Малых рэк і ручаёў (даўжыня да 10 км) 19,3 тыс. (або 93% усіх рэк), іх агульная даўжыня 48,8 тыс. км (53% агульнай даўжыні рэк). Сярэдніх рэк (101—500 км) — 42 (0,2% усіх рэк), іх даўжыня 6,7 тыс. км (8% агульнай даўжыні). 9 рэк маюць даўжыню больш за 500 км: Бярэзіна (цячэ цалкам па тэр. Беларусі), Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Зах. Дзвіна, Дняпро, Сож, Прыпяць, Гарынь і Зах. Буг (транзітныя). Звесткі пра 20 найбуйнейшых рэк Беларусі гл. ў табліцы. Сярэдняя густата рачной сеткі Беларусі 0,44 км/км², у басейне Дняпра — 0,39 км/км², Нёмана — 0,47 км/км², Зах. Буга — 0,36 км/км², у басейне Прыпяці 0,42 км/км², у асобных вадазборах — 0,1—0,2 км/км².

Найбольш распаўсюджаны на Беларусі раўнінныя малыя рэкі, якія працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. Яны маюць складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў звілістыя рэчышчы з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы воднай паверхні, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны рэк больш выразныя, іх цячэнне больш хуткае; месцамі, асабліва ў вярхоўях, такія рэкі цякуць у ярах; іх берагі стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, але затым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат рэк, якія цякуць праз балоты або маюць значныя забалочаныя ўчасткі ў складзе сваіх вадазбораў. На Пн Беларусі значную частку складаюць рэкі, якія выцякаюць з азёр або цякуць праз іх. За вытокі рэк звычайна прымаюць месцы, з якіх паяўляецца пастаяннае рэчышча патоку; на Беларусі гэта найчасцей крыніцы, балоты, радзей азёры.

У рачной сістэме з вялікай колькасцю вытокаў галоўным лічыцца найбольш аддалены ад вусця ці найбольш мнагаводны. Калі вярхоўе ракі, што выцякае з балота, каналізавана, за выток прымаюць пачатак асноўнага асушальнага канала, які з’яўляецца працягам ракі ўверх па цячэнні; у рэках, якія часова перасыхаюць, — месца на дне лагчыны ці яра, дзе назіраюцца сляды рэчышча, распрацаванага снегавымі ці дажджавымі водамі.

Рэчышчы характэрных для Беларусі раўнінных і нізінных рэк звычайна звілістыя, месцамі падзелены на рукавы. Ва ўзвышаных раёнах рэчышчы больш выразныя, без рукавоў і праток. З наносаў у іх фарміруюцца рэчышчавыя ўтварэнні — перакаты, косы, астравы, мелі, асяродкі і пляжы. На Пн рэчышчы звілістыя, неразгалінаваныя, у асноўным устойлівыя. Шырыня іх пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шырыня буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Пераважныя глыбіні рэк 0,5—1 м, на плёсах 2—4 м, месцамі да 8 м. Дно часцей пясчанае і пясчана-ілістае, на ПнЗ месцамі камяністае і парожыстае. На Пд Беларусі рэчышчы неканалізаваных рэк звілістыя, разгалінаваныя, часта сустракаюцца старыцы, пратокі, меліярацыйныя канавы. Шырыня рэчышча ад 5—10 м у вярхоўях да 20—40 м у ніжніх цячэннях, месцамі да 60—80 м. Глыбіня ад 0,1—0,3 м да 7 м у асобных ямах. Часта трапляюцца пясчаныя нізкія астравы. Правыя берагі на рэках мерыдыянальнага напрамку часцей больш высокія, абразійныя, левыя — нізінныя акумуляцыйныя. Пераважаюць пясчаныя берагі, на Пд часта сугліністыя. Вышыня іх абумоўлена марфалогіяй і геалогіяй рэльефу, што ўплывае на ваганні ўзроўню вады ў рэках (да 12 м на асобных участках Дняпра і Зах. Дзвіны). Даліны рэк займаюць амаль 10% усёй тэр. Беларусі. На Пд ад мяжы апошняга (паазерскага) зледзянення сучасныя даліны шырокія, адносна мелкія, звычайна асіметрычныя ў папярочным сячэнні, іх правыя схілы больш высокія і стромкія, чым левыя. Самыя маладыя даліны на Беларускім Паазер’і (пачатак іх утварэння 16—14 тыс. гадоў назад, калі вобласць апошняга зледзянення хутка вызвалялася ад ледавіковага покрыва). Даліны тут звычайна глыбокія (20—30 м) і адносна вузкія, месцамі каньёнападобныя, са стромкімі схіламі, поймы вельмі вузкія або адсутнічаюць. У развітых поймавых далінах вылучаецца шырокае і плоскае дно, якое перыядычна затапляецца ў разводдзе, межаннае рэчышча ракі і схілы з тэрасамі. Вышыня поймаў над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, цэнтральных і паўночных частках краіны ад 1,5—4 да 6 м.

Нахілы рэк Беларусі вагаюцца ад 0,1 да 2—3‰. Сярэднія скорасці цячэння вялікіх і сярэдніх рэк 0,5—0,7 м/с, на перакатах да 0,8—1,5 м/с, на плёсах да 0,1—0,3 м/с, на парожыстых участках малых рэк больш за 1,5 м/с. Максімальныя скорасці назіраюцца ў час разводдзя і паводак, мінімальныя — у межань.

Каналы. На Беларусі створана густая сетка каналаў агульнай працягласцю каля 200 тыс. км (2001). Пераважаюць асушальныя меліярацыйныя каналы. Абсалютная большасць з іх мае невялікую працягласць, якая рэдка перавышае 10—20 км. Найбольшае значэнне сярод меліярацыйных каналаў маюць магістральныя. З іх самыя вялікія: Слаўкавіцка-Ямінскі, Дубайскі, Заазерскі, Асавецкі, Шчэлбінскі, Ненач; іх даўжыня ад 38 да 52 км. Нахілы магістральных меліярацыйных каналаў 0,3—0,4‰, скорасць цячэння ў іх вагаецца ад 0,3 да 1,4 м/с. На Пд шмат каналізаваных рэк (Арэса, Ведрыч, Іпа, Сведзь, Віць, Ненач і інш.); сетка меліярацыйных каналаў на балотных масівах павышае густату гідраграфічнай сеткі ў 2,5—4 разы. Некаторыя каналы створаны з мэтай злучэння суднаходных рэк: Дняпроўска-Бугскі (196 км) і Мікашэвіцкі (7 км). Захаваліся Агінскі, Аўгустоўскі, Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) каналы, якія ў наш час страцілі сваё першапачатковае значэнне, але маюць значную каштоўнасць як гістарычныя аб’екты для турызму. Сярод каналаў трэба вылучыць водападвадныя, па якіх вада падаецца для арашальных сістэм, жыўлення рыбаводных сажалак, для цеплавых электрастанцый, пітнога водагаспадарчага забеспячэння, абвадняльных сістэм (напр., Сляпянская водная сістэма ў Мінску). Найдаўжэйшы з такіх каналаў — канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (62 км).

Рэжым па сезонах. Паводле гідралагічнага рэжыму вылучана 6 гідралагічных раёнаў: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі (усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны). Асноўная крыніца жыўлення рэк — атмасферныя ападкі, якія ў цёплы перыяд года сцякаюць непасрэдна пасля выпадзення, у халодны — намнажаюцца на паверхні вадазбораў і сцякаюць пасля раставання снегу. Для рэжыму рэк Беларусі характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асенняя і зімовая межані, якія часам парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Сярэдняе перавышэнне разводдзя над самым нізкім летнім узроўнем на вял. рэках складае ад 1,5 да 7 м (у залежнасці ад водных умоў года), на сярэдніх і малых рэках — прыкладна ўдвая ніжэйшае. Самае кароткае разводдзе ў басейне Нёмана (30—50 сут), самае працяглае — у басейне Прыпяці (да 120 сутак). Яно найчасцей суправаджаецца затапленнем поймаў рэк, а ў асобныя гады — і населеных пунктаў. Шырыня разліваў ад 1,5 да 15 км (Прыпяць), глыбіня затаплення ад 0,3—0,8 м на шырокіх поймах рэк да 2 м на вузкіх. Летне-асенняя межань, калі найбольш нізкія ўзроўні вады, доўжыцца ў басейне Зах. Дзвіны 160—180 сут, у басейне Прыпяці 135—165 сут, на астатніх рэках 190—205 сутак. У сухую летнюю межань малыя рэкі, а на Палессі ў асабліва засушлівыя гады таксама асобныя вадацёкі з пл. вадазбору 1200—1300 км², часам перасыхаюць. Летне-асенняя межань амаль штогод парушаецца дажджавымі паводкамі. У час найбольш высокіх з іх падняцце ўзроўню вады дасягае вышыні веснавога разводдзя, шматлікія сельскія населеныя пункты і с.-г. ўгоддзі аказваюцца падтопленымі. Працяг зімовай межані ў сярэднім 85—110 сутак. На рэках Беларусі пераважная большасць рачнога сцёку прыпадае на вясну пры раставанні снегу (да 77% гадавога сцёку). Агульнае памяншэнне веснавога сцёку назіраецца з Пн на Пд, гадавога сцёку — за ПнУ на ПдЗ. Веснавы сцёк (у % ад гадавога) па раёнах: Заходнедзвінскі — 50, Верхнедняпроўскі — 67, Вілейскі — 46 (Пн) і 40 (Пд), Нёманскі — 44, Цэнтральнабярэзінскі — 53 (ПнУ) і 59 (Перадпалессе), Прыпяцкі — 65 (Пн), 56 (Пд) і 46 (3). На перыяд летне-асенняй межані прыпадае 18—43% гадавога сцёку, зімовай 4—25%. У перыяд зімовых адліг на рэках нярэдка назіраюцца паводкі, што асабліва характэрна для заходняй і паўднёвай частак Беларусі. Азёрныя рэкі маюць працяглае разводдзе і павышаны сцёк у межань, Балотныя рэкі характарызуюцца працяглым разводдзем і паводкамі, а таксама паніжаным сцёкам у межань. На асобных участках рэк натуральны водны рэжым парушаецца дзеяннем гідратэхнічных збудаванняў — плацінамі, гідравузламі і інш. Для гідралаг. рэжыму каналаў характэрна значная ступень зарэгуляванасці сцёку.

Аб’ём сярэдняга шматгадовага мясцовага сцёку рэк, што фарміруецца на Беларусі, складае 34 км³, а з улікам транзітнага — 57,9 км³. З іх на Дняпро прыпадае 31%, Прыпяць — 22%, Зах. Дзвіну — 18%, Нёман — 25%, Зах. Буг — 4%. З сумежных з Беларуссю тэрыторый па рэках паступае каля 22 км³ вады (каля 70% з Расіі, 30% з Украіны). Адток вады ў суседнія краіны: 56% — на Украіну, 25% — у Латвію, 17% — у Літву, 2% — у Расію і Польшчу.

Зімой рэкі замярзаюць на 80—140 сут. Пачынаюць замярзаць пры т-ры паветра ніжэй за 0 °C у 2-й дэкадзе лістапада з Пн на Пд і ПдЗ. Таўшчыня лёду на іх на Пн і ПнУ 29—64 см, на З і ПдЗ 22—57 см, на Пд 17—45 см. Амаль усюды бывае веснавы крыгаход. У асобныя суровыя зімы некаторыя рэкі могуць прамярзаць да дна, але гэта нехарактэрная з’ява для рэк краіны. У мяккія зімы ледаставу часам не бывае. Сярэднемесячная тэмпература вады ў рэках у ліпені складае 19—22 °C (у асобныя дні да 27 °C) з максімумам у 16—18 гадзін і мінімумам у 6—8 гадзін. Тэрмічны рэжым каналаў у безлядовы перыяд амаль не адрозніваецца ад рэжыму суседніх рэк.

Рэкі нясуць, асабліва вясной, завіслыя часцінкі (каламуць). Вылучаюцца зоны павышанай каламутнасці (25—50 г/м³) — вярхоўі Зах. Дзвіны (да г. Бешанковічы), Дняпра (да Магілёва), вярхоўі Проні і Віхры (прытокі Сажа) і Нёмана — і зоны малой каламутнасці (да 25 г/м³) — Зах. Дзвіна (ніжэй Бешанковіч), Дняпро (ніжэй Магілёва), Вілія, Бярэзіна, Сож і Прыпяць. Рэкі штогод выносяць за межы Беларусі каля 1,2 млн. т завіслых наносаў і каля 6,5 млн. т (31,4 т/км² за год) раствораных рэчываў у выглядзе іоннага сцёку, паказчык якога (т/км² за год) вагаецца ад 64,6 (басейн Ашмянкі) да 16—24 (басейн Прыпяці).

Гаспадарчае выкарыстанне. Рэкі і каналы выкарыстоўваюць як крыніцы пітнога і тэхнічнага водазабеспячэння. На патрэбы нар. гаспадаркі з паверхневых крыніц штогод адбіраюць каля 750 млн. м³ вады (2001; з улікам вады, якая падаецца з Вілейскага вадасховішча па Вілейска-Мінскай воднай сістэме для абваднення р. Свіслач). Патэнцыяльныя гідраэнергарэсурсы рэк складаюць каля 900 тыс. кВт, працуе некалькі невялікіх ГЭС (найбольшая — Асіповіцкая на р. Свіслач). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў Беларусі 3,9 тыс. км. Найбольш развіта суднаходства на Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Мікашэвіцкім каналах. Па некаторых рэках (Зах. Дзвіне, Нёмане, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Дняпры, Гарыні) у асобныя гады праводзяць лесасплаў. Даўж. лесасплаўных рэк 15 тыс. км. Прамысловае рыбалоўства вядуць на працягу амаль 4,6 тыс. км вялікіх і сярэдніх рэк, вылоўліваюць каля 200 т рыбы (2001). Многія рэкі з’яўляюцца водапрыёмнікамі меліярацыйных сістэм, крыніцамі вады на арашэнне і абвадненне. З мэтамі рэкрэацыі на рэках ствараюць зоны адпачынку (Беразіно, Гарадок, Дняпро, Масты, Стоўбцы і інш.), курорты (Рагачоў, Ушачы і інш.).

Рэкі выкарыстоўваюць як водапрыёмнікі сцёкавых вод: штогод у рэкі паступае каля 1200 млн. м³ сцёкаў (2001). Паводле якаснага складу вады рэкі ў пераважнай большасці адносяцца да катэгорыі ўмерана забруджаных. Найбольш забруджанымі з’яўляюцца вялікія і сярэднія рэкі ніжэй прамысловых цэнтраў (самая забруджаная — р. Свіслач ніжэй Мінска), малыя рэкі каля жывёлагадоўчых комплексаў. На ПдУ, у зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, некаторыя рэкі забруджаны радыёнуклідамі, каля Салігорска — солямі з адвалаў калійных камбінатаў. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем на рэках ствараюць гідратэхнічныя збудаванні. Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні рэк і каналаў прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Государственный водный кадастр. Многолетние данные о режиме и ресурсах поверхностных вод суши. Т. 3. Белорусская ССР. Л., 1985;

Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл. Мн., 1994. Государственный водный кадастр. Водные ресурсы, их использование и качество вод. Мн., 1994—2002.

А.​А.​Макарэвіч.


Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк Беларусі
Назва Даўжыня, км Плошча басейна, тыс. км² Сярэднегадавы расход вады, м³/с
Дняпро, увесь 2145 504 000 1670
у межах Беларусі 689 66 380 583
Нёман, увесь 937 98 200 685
у межах Беларусі 459 34 600 214
Заходняя Дзвіна, уся 1020 87 900 666
у межах Беларусі 328 33 100 441
Прыпяць, уся 761 121 000 450
у межах Беларусі 500 51 370 450
Сож, увесь 648 42 100 219
у межах Беларусі 485 21 700 219
Бярэзіна 613 24 500 142
Заходні Буг, увесь 772 39 400 145
у межах Беларусі 154 10 360 100
Вілія, уся 498 25 100 186
у межах Беларусі 64 10 920 80
Гарынь, уся 659 27 700 110
у межах Беларусі 82 560 110
Іпуць, уся 437 10 900 55,6
у межах Беларусі 64 1 270 55,6
Свіслач 285 5 200 50,0
Пціч 421 9 470 49,7
Стыр, уся 494 12 900 49,5
у межах Беларусі 70 570 49,5
Шчара 325 6 990 37,7
Ясельда 250 7 790 35,8
Друць 295 5 020 31,6
Бярэзіна (прыток Нёмана) 226 4 000 30,0
Беседзь, уся 261 5 460 28,4
у межах Беларусі 185 3 880 28,4
Убарць, уся 292 5 800 24,4
у межах Беларусі 126 1 910 24,4
Асцёр, увесь 274 3 370 21,6
у межах Беларусі 50 430 21,6
Рака Нёман каля г. Гродна.
Рака Дняпро каля Магілёва.
Дняпроўска-Бугскі канал каля Кобрына.

т. 18, кн. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)