КАЛЫХА́НКА,

1) кароткая песенька простага зместу, якую спяваюць звычайна над калыскаю; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. К. знаёмяць дзіця з роднай мовай, навакольным светам, расказваюць пра жывёл і птушак, пра іх учынкі і прыгоды, даюць быт. замалёўкі нар. жыцця. Грунтуецца на тых самых эстэт. прынцыпах, карыстаецца тымі ж маст. сродкамі, што і нар. песні наогул.

Вызначаюцца напеўнай мелодыкай у рытме калыхання, даступнасцю зместу, прастатой кампазіцыі, займальнасцю. Для іх характэрна фантастыка, якая, як і казачная, цесна звязана з жыццём, але адрозніваецца светлым, жыццесцвярджальным настроем. Змест і форма К. улічваюць патрабаванні нар. педагогікі. У К. захаваліся рэшткі міфалагічных уяўленняў продкаў (адухоўленыя вобразы Сну, Дрымоты і інш.) Вылучаюцца песні-імправізацыі і песні з устойлівым традыц. тэкстам. Апошнія распадаюцца на тэматычныя групы: «Кот носіць сон у хустцы, кашалі», «Няхай кату ўсё ліха», «Каток злізаў смятану, мядок», «Каток злавіў рыбку за хвасток», «Прыдзе шэранькі ваўчок» і інш. Паводле кампазіцыі К. вельмі разнастайныя: маналог-апавяданне маці, маналог-зварот да дзіцяці, дыялагічныя песні. Напеўнасць, пяшчотнасць дасягаюцца пры дапамозе алітэрацыі, асанансу, памяншальна-ласкальных суфіксаў, паўтораў асобных слоў і цэлых канструкцый, дзіцячай лексікі.

2) У прафесійнай музыцы — песня або інструментальная п’еса ў запаволеным тэмпе з характэрным рытмічным пагойдваннем у акампанеменце. Падобная да нар.-быт. песень для закалыхвання дзіцяці. З канца 18 ст. жанр К. вядомы ў вак. лірыцы (К. для голасу з фп. пісалі Ф.​Шуберт, І.​Брамс, А.​Аляб’еў, М.​Глінка, М.​Мусаргскі, П.​Чайкоўскі і інш.), у оперы («Садко», «Кашчэй Бессмяротны» М.​Рымскага-Корсакава, «Мазепа» Чайкоўскага), араторыях («На варце міру» С.​Пракоф’ева). З 19 ст. вядомы інстр. К. (для фп. Ф.​Шапэна, Брамса, Ф.​Ліста, Э.​Грыга, М.​Балакірава, А.​Рубінштэйна, для скрыпкі і фп. М.​Равеля, для сімф. аркестра А.​Лядава, І.​Стравінскага і інш.). Бел. кампазітары звярталіся да жанру К. ў камерна-вак., камерна-інстр., хар., песенных творах (Л.​Абеліёвіч, С.​Аксакаў, М.​Аладаў, Я.​Глебаў, Л.​Захлеўны, В.​Капыцько, Дз.​Лукас, І.​Любан, П.​Падкавыраў, Ю.​Семяняка, А.​Туранкоў, Э.​Тырманд, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін, Л.​Шлег), у операх («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера, «Матухна Кураж» С.​Картэса) і балетах. М.​Літвін стварыў кантату «Беларуская калыханка» на словы В.​Віткі (1979).

Публ.: Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Літ. гл. таксама пры арт. Дзіцячы фальклор.

Г.​А.​Барташэвіч, Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)