ФАРФО́Р (тур. farfur, fagfur ад перс. фегфур),

1) у тэхніцы — шчыльны керамічны матэрыял, а таксама вырабы з яго; разнавіднасць керамікі. Вызначаецца вода- і газанепранікальнасцю, мех. трываласцю, высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, тэрмічнай і хім. устойлівасцю (устойлівы ў кіслотах, акрамя плавікавай).

Паводле складу сыравіны (асн. кампаненты — пластычная вогнетрывалая гліна, каалін, кварц, палявы шпат) і рэжыму абпалу адрозніваюць Ф. цвёрды і мяккі. Атрымліваюць абпальваннем фармаваных вырабаў. Фармаванне ажыццяўляюць паўсухім або вільготным прасаваннем, ліццём у гіпсавыя формы і інш. Паверхню Ф. звычайна пакрываюць белай або каляровай палівай, без палівы Ф. наз. бісквітам. Выкарыстоўваюць цвёрды Ф. для вырабу вузлоў і дэталей хім. апаратуры, эл. ізалятараў, санітарна-тэхн. абсталявання, труб, мяккі — быт. і маст. вырабаў.

2) У мастацтве посуд, дробная пластыка і інш. маст. вырабы з белай абпаленай пры высокай тэмпературы масы са спец. дамешкамі, якая вызначаецца няпорыстай будовай і прасвечваецца ў тонкім слоі.

Найстараж. вырабы з Ф. вядомы з 4—6 ст. у Кітаі. Своеасаблівыя варыянты вытв-сці Ф. вядомы ў Японіі і Карэі. Пазней Ф. пашырыўся ў інш. краінах Азіі. У Зах. Еўропе ў 16—18 ст. вырабляўся мяккі фарфор з легкаплаўкай сілікатнай масы, знешне падобны да Ф. (гл. Сеўрскі фарфор); яго разнавіднасць — касцяны Ф. з перапаленай косцю (Вялікабрытанія, 18 ст.). У Германіі паўнацэнны Ф. атрымаў у 1709 І.​Ф.​Бётгер пры садзеянні Э.​В.​Чырнгаўза; у выніку засн. вытв-сць майсенскага фарфору. Склад і тэхналогію Ф. ў Расіі распрацаваў у 1740-я г. Дз.​Вінаградаў. У сав. час набыў вядомасць агітацыйны Ф.

На Беларусі Ф. вырабляюць з 1951 на Мінскім фарфоравым заводзе, з 1978 — і на Добрушскім фарфоравым заводзе. У аздабленні выкарыстоўваюць падглазурную і надглазурную размалёўку, дэколі, штамп, аэраграфію і інш. Бел. мастакі-керамісты ствараюць узоры для масавай вытв-сці чайна-кававых сервізаў, сталовага посуду, ваз, набораў для спецый, чайнікаў, статуэтак, сувеніраў і інш. Вылучаюцца работы Р.​Алёшынай, Л.​Багданава, М.​Бяляева, І.​Гагалушкі, М. і Л. Гатальскіх, В.​Гаўрылава, В.​Данчук, В.​Кірыленкі, В.​Леантовіча, Г.​Літвіненкі, М.​Міхалапа, І.​Прохарава, Л.​Рыжкоўскага, А.​Федуся, Э.​Фокінай. З Ф. ствараюць пластычна выразныя дэкар. станковыя кампазіцыі, выкарыстоўваюць для аздаблення інтэр’ераў грамадскіх будынкаў (Бяляеў, У.​Васюк, В.​Іванькова, В. і Л. Кавальчукі, Л.​Малышаў і інш.).

Літ.:

Мороз И.И. Технология фарфоро-фаянсовых изделий. М., 1984.

В.​Г.​Гаўрылюк (у мастацтве).

Да арт. Фарфор. Ваза «Шампальён». Горад Сеўр. Францыя. 18 ст.
Да арт. Фарфор. Л.​Багданаў. Анімалістычная пластыка.
Да арт. Фарфор. Я.​Малышаў. Набор «Супрэматычныя мелодыі». 1999.
Да арт. Фарфор. В.​Леантовіч. Набор «Слуцкі». 1998.

т. 16, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)