ПАРАЗІТЫ́ЗМ,
форма міжвідавых антаганістычных узаемаадносін двух (часам некалькіх) арганізмаў, з якіх адзін — паразіт. Большасць шматклетачных арганізмаў маюць паразітаў. Крытэрый П. — патагеннае ўздзеянне паразіта на гаспадара і абарончая рэакцыя з боку гаспадара. Многія паразіты з’яўляюцца антыгенамі, выклікаюць утварэнне антыцел у арганізме гаспадара, што вядзе да рэакцыі імунітэту (гл. Інвазійныя хваробы, Інфекцыйныя хваробы жывёл, Інфекцыйныя хваробы раслін, Інфекцыйныя хваробы чалавека). Адносіны паміж паразітам і гаспадаром падпарадкаваны пэўным экалагічным заканамернасцям. П. звязаны з інш. формамі міжвідавых узаемаадносін; сімбіёзам, сінайкіяй і інш. Звычайна гаспадар бывае заражаны некалькімі відамі паразітаў, якія лакалізуюцца ў розных органах і тканках і ствараюць своеасаблівае супольніцтва — паразітацэноз. Шляхі пранікнення паразітаў у арганізм гаспадара розныя: актыўнае пранікненне праз покрывы цела, з кормам, пры дапамозе пераносчыкаў і інш. Геагр. пашырэнне паразітаў звязана з распаўсюджаннем іх гаспадароў і асаблівасцямі асяроддзя пражывання. Адрозніваюць таксама звышпаразітызм, або гіперпаразітызм (гаспадаром паразіта з’яўляецца паразіт), псеўдапаразітызм (адзін арганізм трапляе ў арганізм другога выпадкова).
Сярод раслін П. вядомы ў бактэрый, грыбоў, некат. водарасцей, кветкавых раслін. Адны расліны-паразіты маюць хларафіл і здольныя выпрацоўваць арган. рэчывы ў працэсе фотасінтэзу, інш. жывяцца толькі за кошт гаспадара. Большасць грыбоў і раслін-эктапаразітаў знаходзяцца па-за гаспадаром (мучністарасяныя грыбы, павітуха і інш.), а органы жыўлення (гаўсторыі) кантактуюць з жывымі клеткамі. Цела эндапаразітаў (большасць паразітычных грыбоў, у кветкавых — рафлезіевыя) апушчана ў жывую тканку гаспадара, звонку застаюцца органы размнажэння. Вял. колькасць ніжэйшых грыбоў — унутрыклетачныя паразіты. Аблігатныя (абавязковыя) і блізкія да іх паразіты (галаўнёвыя грыбы, іржаўныя грыбы, мучністарасяныя грыбы) пашкоджваюць пераважна добра развітыя расліны; факультатыўныя (неабавязковыя) — іх ізаляваныя ч. (напр., агародніна і плады пры захоўванні). У жывёл многія класы і атрады цалкам складаюцца з паразітаў (спаравікі, смактуны, цэстоды, блохі і інш.). Бывае П. часовы, калі кантакт адбываецца ў час харчавання (камары, мошкі і інш.) і стацыянарны (пастаянны), калі арганізм паразітуе на інш. на працягу свайго жыцця (кровапаразітныя прасцейшыя, вошы, пер’яеды і інш.), і перыядычны, або фазавы, характэрны для пэўнага перыяду жыцця або фазы метамарфозу (напр., у падскурнага авадня і наезнікаў паразітуюць лічынкі, у некат. круглых чарвей, блох і інш. — дарослыя; смактуны, стужачныя і круглыя чэрві, паразітныя ракападобныя, якія мяняюць сваіх гаспадароў, паразітуюць у дарослым стане і на пэўных лічынкавых стадыях). У асобных выпадках паразітныя і непаразітныя пакаленні могуць чаргавацца. Вывучэннем П. і распрацоўкай метадаў барацьбы з паразітозамі займаюцца вірусалогія, мікрабіялогія, паразіталогія, фітапаталогія.
Літ.:
Догель В.А. Общая паразитология. Л., 1962;
Радкевич В.А. Животные и растения: Экол. очерки, 2 изд. Мн., 1980.
І.В.Чыкілеўская, С.І.Бельская.
т. 12, с. 84