злучы́ць ​1, злучу, злучыш, злучыць; зак., каго-што.

1. Змацаваць адно з другім пры дапамозе чаго‑н., якім‑н. чынам. Злучыць канцы правадоў. // перан. Звязаць якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Паўлінка:] Калі, калі ўжо надыдзе тая часінка, што нас злучаць навекі, і мы ўжо ніколі не расстанемся? Купала. — Ты — мой любы і жаданы, і я мой лёс злучу з табой. Машара.

2. Устанавіць зносіны, сувязь з чым‑н., паміж чым‑н. Злучыць новыя гарады чыгункай. Злучыць сельсаветы тэлеграфнай сувяззю. □ Каналамі злучылі мора з морам, Стан Волга абняла Масквы-ракі... Купала. // Зрабіцца сродкам зносін, сувязі паміж чым‑н. І мост над глыбокай ракою Падняўся, што выгіб дугі, Навекі злучыў між сабою Крутыя яе берагі. Калачынскі. // Падключыць нумар абанента для тэлефонных перагавораў. [Кісель] прайшоў у кабінет Яўгена Данілавіча і папрасіў тэлефаністку пошты злучыць яго з кватэрай. Паслядовіч. [Камісараў:] Зараз жа злучыце мяне з тэлеграфам. Маўзон.

3. Сабраць разам, аб’яднаць; утварыць адно цэлае. — Паўстань, народ, глучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды. Колас. [Трактар] выйшаў на зарэчныя палі, каб заараць усе межы і ўсе палеткі злучыць у адно шырокае калгаснае поле. Бяганская.

4. Прывесці ў хімічнае ўзаемадзеянне. Злучыць вадарод з кіслародам.

5. Звязаць, спалучыць. Злучыць тэорыю з практыкай.

злучы́ць ​2, злучу, злучыш, злучыць; зак., каго.

Звесці самку і самца для палавога акта з мэтай атрымання прыплоду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

луна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Плаўна лятаць, рухацца ў паветры. Праляталі вароны ў бок лесу ды ў шызай вышыні луналі буслы. Гартны. [Бездань] была такая, што аж галава кружылася, і мне здавалася, што я не стаю, а лунаю ў вышыні. Сабаленка. // перан. Перамяшчацца, пераносіцца, не атрымліваючы выразнага праяўлення (пра ўсмешку, думкі і пад.). Узрушаная ўхмылка лунала на вуснах [бацькі]. Шынклер. Здалося, што Алесевы думкі лунаюць недзе далёка па-за гэтым паркам. Шыцік.

2. Развявацца ў паветры. Пад лёгкім ветрам лунаў над домам прасякнуты святлом зары чырвоны сцяг. Самуйлёнак.

3. перан. Плысці, распаўсюджвацца, раздавацца (пра песні, музыку і пад.). Лунала ў прасторы.. песня, рэхам разлягалася над возерам, над палямі. Ваданосаў. А ўслед ляцяць, лунаюць словы: «Жадаю шчасця, голуб мой!». Прыходзька. // Панаваць, адчувацца. Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі горада. Гартны. Нешта святочнае, замілавана-сардэчнае лунала над гэтымі гарамі і лугам, не верылася нават у небяспеку. Быкаў.

4. перан. Знаходзіцца ў стане ўзвышаных або далёкіх ад рэчаіснасці пачуццяў. У Міхася на твары была сціплая радасць. Здавалася, што ён сваімі думкамі лунае там, на Навагрудчыне, у бэзавым садзе. Дубоўка. Калі .. [Колас] прыкмячаў, што ўвага развейваецца, зараз жа спыняўся: — Нешта ты далёка лунаеш... Кепска? Лужанін.

•••

Лунаць у воблаках (у надхмар’і) — знаходзіцца ў летуценным стане, не заўважаючы навакольнага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меркава́ць, мяркую, мяркуеш, мяркуе; незак.

1. Гаварыць, разважаць, абмяркоўваючы што‑н.; думаць. Доўга сядзелі Глушкевіч з Нічыпарам пры лямпе, доўга меркавалі, дзе і што будаваць. Дуброўскі. [Карніцкі:] — Вось зараз мы меркавалі: жаць жыта па палосках ці абагуль[ва]ць усе пасевы і пачынаць уборку калектыўна. Паслядовіч.

2. Рабіць якія‑н. вывады, дапушчэнні, здагадкі. Паводле слоў самога доктара можна было меркаваць, што вельмі многія яго таварышы працуюць у вялікіх гарадах. Васілевіч. Вярнуўшыся з задання, Андрэй дзень-два амаль не выходзіў з свае зямлянкі. Што ён там рабіў — таксама ніхто дакладна не ведаў. Кожны меркаваў па-свойму. Шамякін. // Лічыць неабходным, найбольш магчымым, патрэбным. — Самі ўжо мяркуйце, што рабіць: пакараць ці дараваць волю... Васілевіч. [Мікола:] Я мяркую, што Настасся Рыгораўна павінна ў наш калгас пераехаць. Крапіва.

3. Мець намер, план. У самыя бліжэйшыя дні Сяргей меркаваў узяцца за складанне глебавай карты калгаса. Шахавец. Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чарнышэвіч.

4. Ацэньваць якім‑н. чынам, рабіць заключэнне. [Апейка:] — Мы будзем меркаваць пра вас па тым, што і як вы будзеце рабіць... Мележ. [Камандзір:] — Яно-то праўду гавораць, што па знешняму выгляду нельга меркаваць аб сіле чалавека. Шамякін.

5. Разм. Прымяраць, прыкідваць. Бацька сядзеў каля стала. Меркаваў скурат да пераплеценага лапця. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́ша, ‑ы, ж.

1. Празмерны дастатак, багацце. Зайцаў ні разу не бачыў яго, але чуў ад іншых, што хлопец той не можа нават засмяяцца, бо гэтак атлусцелі і разбыліся ад раскошы яго шчокі. Кулакоўскі. [Вера:] — Не з раскошы я дала згоду ісці за .. [Адама] замуж. Дамашэвіч. // Празмернасць у выгодах; камфорт. І вось цяпер .. за ўсю гэту раскошу, якой цэлае лета цешацца «дачнікі» — дальняя і блізкая радня — за ўсё гэта Міхал Няронскі расплачваецца. Васілевіч. // Што‑н. лішняе, не першай неабходнасці (пра прадметы, учынкі і пад.). — Я купіла табе самае лепшае мыла, самога Гольдзіна прасіла прывезці, адэкалон, крэм... — Навошта гэта непатрэбная раскоша? Шамякін. — Зараз у нас рукі не цалуюць, не модна. Лічаць гэта панскай раскошай. Машара.

2. Пышнасць, велічнае хараство. — Такая раскоша, такое багацце! Не ведаеш, на што пазіраць і што выбіраць, — смяяўся .. [Турсевіч]. Колас.

3. Багацце, пышнасць (прыроды, расліннасці). За акном буяў у раннямайскай раскошы сад. Ліс. Агародчык напаўняўся той раскошай, якой не мог не заўважыць кожны. Вітка.

4. Прастора, свабода. Пасля зазерскага і скобраўскага малазямелля і цеснаты — тут сапраўды была раскоша. Пальчэўскі.

5. у знач. вык. Разм. Пра тое, што выклікае задавальненне, захапленне. Стол — раскоша. На ім віно, гарэлка, закуска. Навуменка. — Гэта ж цяпер раскоша, а не жыццё — і музыку слухаеш, і ўсе навіны, і розныя парады... Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хоть

1. союз хоць, хаця́;

он хоть и стар, но бодр ён хоць (хаця́) і стары́, але́ бадзёры;

2. част. хоць; (при выражении опасения и пожелания) хаця́;

пойду́ хоть сейча́с пайду́ хоць за́раз;

скажи́те хоть одно́ сло́во скажы́це хоць адно́ сло́ва;

хоть кто хоць хто;

хоть что́-нибудь хоць што-не́будзь;

ты хоть туда́ не ходи́ ты хаця́ туды́ не хадзі́;

◊

хоть глаз вы́коли хоць у хо́ванкі гуля́й; хоць па́льцам у во́ка;

хоть пруд пруди́ хоць гаць гаці́; як расы́; як каме́ння; як дроў у ле́се;

хоть карау́л кричи́ хоць гвалт крычы́;

хоть кол на голове́ теши́ хоць у лоб страля́й; упёрся як чорт у грэ́блю; заця́ўся як ка́мень;

хоть бы что і не шум баравы́; хоць бы цвік.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

больш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. многа. [Насця:] Слова назад я не бяру, але хачу больш прыгледзецца да цябе. Крапіва. Сцёпка пільна сачыў за выразам твару настаўніка. А настаўніцкі твар усё больш і больш прасвятляўся. Колас. // З колькаснымі назоўнікамі або з колькаснымі назоўнікавымі злучэннямі ўказвае на перавышэнне абазначанай колькасці. Больш за тону. Больш за метр. □ Нечакана зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. .. Званілі доўга, больш за пяць хвілін. Чорны.

2. У спалучэнні з прыметнікам або прыслоўем служыць для ўтварэння вышэйшай ступені. Міколка.. наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда. Лынькоў. Усё гучней і больш рашуча чуліся патрабаванне міру, зямлі, свабоды. Дуброўскі.

3. У адмоўным сказе азначае: далей, у далейшым, ужо. Зязюля ў лесе больш не лічыць Гадоў старому ганчару. Бялевіч. // Разм. Апрача гэтага, яшчэ. [Зэня:] — А больш ты [Паўлік] з кім там гаварыў? Чорны.

4. Пераважна, галоўным чынам. Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца. Якімовіч.

•••

Больш за ўсё — пераважна, часцей за ўсё, найчасцей.

Больш-менш — у нейкай ступені, часткова.

Больш таго — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць таго, што будзе сказана далей.

Больш чым... — абсалютна, у вышэйшай ступені.

Куды больш — на многа больш.

Ні больш ні менш (як) — строга вызначаная сума, колькасць чаго‑н.

Тым больш (з дап. сказам) — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць прычыны, пра якую будзе зараз сказана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. засеў, ‑ла; зак.

1. Усесціся дзе‑н. зручна, надоўга. Засесці з сябрамі за стол. □ [Кулагін] засеў у сваім кабінеце і пачаў падпісваць нейкія паперы. Гаўрылкін. // за што і з інф. Надоўга і старанна заняцца чым‑н. [Эрна] паслухала бацьку, засела за падручнікі, а праз паўгода здала экзамены. Навуменка. Верамейчык засеў вывучаць вынікі абедзвюх гаспадарак за мінулы год. Дуброўскі.

2. Разм. Надоўга застацца дзе‑н. (жыць, працаваць і пад.). Засесці на ўсё жыццё ў роднай вёсцы. // Адстаць у вучобе. Засесці ў другім класе.

3. Схавацца ў засадзе, заняць пазіцыю для абароны або нападу. Засесці ў акопах. □ Дзенісенка ўзяў кулямёты, усіх аўтаматчыкаў і з вечара засеў у Новым Сяле. Брыль.

4. Разм. Завязнуць, загрузнуць у чым‑н., спыніць рух. Самазвал ірвануўся ўперад, але, праехаўшы некалькі метраў, споўз з дарогі і засеў у непралазнай гразі. Лукша. // Глыбока ўвайшоўшы, улезшы ў сярэдзіну чаго‑н., застацца там. Некалькі куль.. уваткнулася ў зямлю, а адна папала якраз у грудзі тэлефаністу і там засела. Чорны. // Зачапіцца, павіснуць на чым‑н. Пагойдваюцца шырокія плечы Адама.., на адтапыраных вушах засеў зялёны велюравы капялюшык. Дамашэвіч. // перан. Разм. Затрымацца, умацавацца ў думках, свядомасці і пад. Трывога за .. дзяўчынку моцна засела недзе ў глыбіні душы. Кулакоўскі.

•••

Засесці ў горле — застацца нявыказанымі (пра словы, крыўду і пад.). [Тышкевіч] хацеў .. сказаць штосьці вясёлае, смешнае, але словы заселі ў горле, бо людзі сядзелі панурыя, і гэта толькі зараз кінулася ў вочы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Нічога не гаварыць, не падаваць голасу. Васіль маўчаў, не абзываўся ніводным словам. Лынькоў. Косцік і Шурка ласа елі .. і маўчалі, быццам гутарка іх не датычыла. Брыль. // перан. Не парушаць цішыні, спакою якімі‑н. гукамі. Гарадок прытоена маўчаў. Ні пражэктара, ні стрэлу. Лынькоў. У адным з вагонаў рыпнуў гармонік. Зараз жа да вагона падбег нейкі старшы і загадаў маўчаць. Чорны. Спіць і лес ва ўсім адзенні І маўчаць лугі, дубровы. Колас. // перан. Не дзейнічаць, не працаваць. Матор маўчаў, піла цыркуляркі не круцілася. Гамолка. Бягуць к тэлефону — дарма. Маўчыць тэлефон. Колас.

2. Захоўваць што‑н. у таямніцы, не расказваць аб чым‑н. Кравец рабіў так, як і сказаў яму Несцяровіч, — маўчаў. Чорны. Аб гэтай справе лепш маўчаць, каб не станавіцца ў нязручную і смешную позу. Лынькоў.

3. перан. Не даваць знаць пра сябе; не праяўляцца. [Вера:] Трэба знайсці вінаватага. [Чарнавус:] А ён, падлюга, хітры, — маўчыць і не адгукаецца. Крапіва. // Не пісаць пісем, не адказваць на пісьмы. [Нахлябіч] яшчэ раз пісаў, а .. [сын] усё маўчаў. Чорны.

4. Не выказваць адкрыта сваіх думак, намераў. Нельга маўчаць аб недахопах. □ Пятроў схамянуўся: яму раптам здалося, што далей ён можа як-небудзь зрабіць намёк на тое, аб чым лепш маўчаць. Брыль. // перан. Зносіць што‑н., не скардзячыся, не пратэстуючы. Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загукаю: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» Колас.

•••

Пра гэта гісторыя маўчыць гл. гісторыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уста́ць, устану, устанеш, устане; зак.

1. Стаць на ногі; падняцца з ляжачага, сядзячага становішча. — Устаць! — строга крыкнуў вартаўнік суда. Прысутныя ўсталі. Брыль. Бацька доўга яшчэ сядзеў на ўслоне каля стала. Затым устаў і палез на палаткі. Ляўданскі. Лось устаў на ногі, панюхаў лёд, прабег трушком, рассыпаючы капытамі снег. Пташнікаў. // Прачнуўшыся, падняцца з пасцелі. Маці адкінула коўдру з грудзей, заварушылася з намерам устаць. Якімовіч. — Помню, помню, маці, зараз устану! — адказаў.. [Рыгор] і злез з пасцелі. Гартны. // Паправіцца, выздаравець. [Алаіза] чуць выкачалася ад хваробы. Думала, што ўжо і не ўстане. Арабей. / Пра палеглыя расліны. Пшаніца ўстала пад дажджом. Вялюгін. // перан. Аднавіцца, адбудавацца. Глядзі! Ля нашай школы Устаў з руін Палац. Агняцвет.

2. Падняцца на абарону чаго‑н.; падрыхтавацца да барацьбы за што‑н. І ленінцы, яднаючы рады, За Леніным супроць царызму ўсталі. Астрэйка.

3. Узысці, з’явіцца на гарызонце (пра нябесныя свяцілы). На дварэ светла, толькі што ўстаў месяц. Лобан. / у вобразным ужыв. Нада мною Мядзведзіца ўстала, Замахнулася зорным каўшом. Ляпёшкін.

4. перан. Узнікнуць, з’явіцца; паўстаць. Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. Калі ўсё сціхла і супакоілася — зноў устала пытанне пра дзялянку, пра дровы, а цяпер ужо ў дадатак і пра каня. Васілевіч.

•••

Устаць з зоркай — устаць вельмі рана.

Устаць з левай (не з той) нагі — быць у дрэнным настроі, злавацца без асаблівай прычыны.

Устаць з магілы — выздаравець, ачуняць пасля цяжкай хваробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абярну́цца, абярнуся, абернешся, абернецца; зак.

1. Паваліцца на бок, перавярнуцца, перакуліцца. Санкі толькі скрыпелі ды пагрозліва перавальваліся з боку на бок на выбоінах, але абярнуцца, мусіць, не паспявалі. Дамашэвіч. Здалося, што зараз упадзе столь, абернуцца сцены і падушаць людзей, а хата была паўнюткая. Лужанін. // Разліцца, выліцца, высыпацца з перавернутай пасудзіны. Малако абярнулася.

2. Павярнуць галаву, тулава назад, убок; аглянуцца. Антось абярнуўся: перад ім стаялі начальнік міліцыі, дэпутат сельсавета і старшыня калгаса. Скрыпка. Злачынец раптоўна абярнуўся назад і працягнуў руку, у якой быў рэвальвер. Чорны.

3. Звярнуцца з чым‑н. да каго‑н. — Табе куды ехаць? — абярнуўся Рыгор да Ганны на ты і сумеўся. Гартны.

4. Разм. Прайсці шлях у якім‑н. напрамку і вярнуцца назад за які-небудзь адрэзак часу; звярнуцца. Мо паспрабаваць заўтра два разы абярнуцца, ночы ж доўгія... Б. Стральцоў.

5. перан. Змяніцца, ператварыцца ў новую якасць. Ён пазбыў свой цяжкі клопат і яго бацькава гора абярнулася ў радасць: ён знайшоў свайго сына і даручыў яго надзейным людзям. Колас. // Нечакана набыць іншы напрамак, іншы сэнс. Больш таго, гэты падвох абярнуўся супроць саміх паліцаяў. Васілевіч. І чым бліжэй да прахадной, тым больш запаволены і карацейшы становіцца крок.. Апошняя сустрэча... А зрэшты, хіба хто ведае наперад, як усё абернецца... Мыслівец. // У казках і рэлігійных павер’ях — ператварыцца ў каго‑, што‑н. пры дапамозе чараў. Абярнуцца ў камень. □ У народзе ходзяць чуткі, быццам князь Усяслаў умее абярнуцца ў рысь ці ваўка і блукае ўначы па дарогах. В. Вольскі.

6. Спец. Зрабіць абарот (у 3 знач.) (пра капітал, грошы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)