Калі́ль ’калі-небудзь’ (калінк., З нар. сл.), коліль; (Янк. 2), колілься (калінк., З нар. сл.). Магчыма, з калінь, колінь (параўн. ніжэй), з асіміляцыяй ‑л‑ да ‑н‑. Па тэрыторыі гэтыя ўтварэнні, праўда, з розных арэалаў Палесся. Менш верагодна бачыць у другой частцы прасл. li‑, вядомае ў розных функцыях (гл. спец. ESSJ SG, 2, 409–413). Як здаецца, нельга вывесці з формы каліколь (гл. вышэй), фіксацыя якой відавочна ўскладняе этымалагізацыю гэтых лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раске́ліна ’язва, рана’ (Ласт.). Хутчэй за ўсё, фанематычны варыянт раско́ліна ’шчыліна ад расколу’ (Бяльк.), аднак нельга выключыць сувязь з магчымым, але не зафіксаваным слоўнікамі *расшчы́ліна < шчы́ліна (гл.) пры захаванні вядомага гаворкам гістарычнага спалучэння ‑ск‑ (адносна фаналагічнай праблематыкі прабеларускага sk‑ перад ě гл. Векслер, Гіст., 91–92). Адзінкавая фіксацыя з вельмі спецыялізаванай семантыкай можа сведчыць у аднолькавай ступені як аб экспрэсіўным характары націскнога, так і на карысць штучнага ўтварэння. Параўн. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНТРАПАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,

1) вучэнне, паводле якога развіццё грамадства зводзіцца да канкурэнцыі расавых тыпаў; адна з антыгуманных біялагізатарскіх канцэпцый у антрапалогіі. Створана ў канцы 19 ст. франц. вучоным Ж.В. дэ Лапужам і ням. О.​Аманам, якія спрабавалі даказаць, што псіхічныя асаблівасці брахікефалаў (кароткагаловых) больш нізкія ў параўнанні з доліхакефаламі (доўгагаловымі). Прадстаўнікі антрапасацыялогіі лічаць, што вышэйшыя псіхічныя якасці ўласцівыя толькі т.зв. арыйскаму — доўгагаловаму светлавалосаму тыпу, пашыранаму ў Паўн. і Цэнтр. Еўропе. Адкрыты Ч.​Дарвінам прынцып барацьбы за існаванне паміж біял. відамі яны пераносілі на гісторыю чалавецтва, якую разглядалі як барацьбу асобных рас. Сцвярджэнне, што гісторыя чалавецтва падпарадкоўваецца не сацыяльным, а біял. законам, паўтарае і амер. вучоны, стваральнік сацыябіялогіі Э.​Уілсан, які лічыць, што гуманітарныя і сац. навукі можна разглядаць як спецыялізаваныя раздзелы біялогіі.

2) Адзін з кірункаў у сацыялогіі. Узнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове тэорыі аб арыйцах як вышэйшай расе. Найб. развіццё атрымала ў Германіі. Новыя сацыялагічныя факты разглядае з пункту погляду антрапал. вучэння пра чалавека, яго цялесную арганізацыю і абумоўленыя антрапаметрыяй псіхічны стан, пачуцці, мысленне, волю, памяць, іх змены пад уздзеяннем культуры, індустр. тэхналогіі і ўласнай культуратворнай дзейнасці чалавека. Агульнатэарэт. пачатак антрапасацыялогіі — гэта фіксацыя адрознення чалавека ад жывёл. Неразвітасць у чалавека прыродных сродкаў самазабеспячэння стала ў прадстаўнікоў антрапасацыялогіі вядучым метадалаг. прынцыпам аналізу грамадскага жыцця. Сваю «недастатковасць» чалавек кампенсуе культурай, а адсутнасць прыроджаных генет. праграм паводзін папаўняе праграмамі сац. наследавання. Культура, паводле антрапасацыялогіі, гэта біялагічна неабходны працэс ператварэння знешняй прыроды ў жыццёвае асяроддзе. «Акультураная» прырода ўключае прылады працы, тэхніку, тэхналогію, сродкі камунікацыі і «сац. парадкі» (грамадскія ін-ты). Праблемамі антрапасацыялогіі з’яўляюцца таксама антрапал. змены сучаснага чалавека, што прынеслі з сабой тэхнізацыя, індустр. грамадства, навук.-тэхн. прагрэс.

Л.​І.​Цягака, С.​А.​Шавель.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

1) сельскае феадальна залежнае насельніцтва, якое жыло на дзярж. землях у ВКЛ у 14—18 ст. Узніклі з асабіста вольных сялян-абшчыннікаў і чэлядзі нявольнай, пасаджанай на зямлі вял. князя. У склад Дз.с. уваходзілі таксама сяляне-слугі (гл. Слугі), асочнікі, бортнікі, конюхі і інш. Запрыгонены пры ажыццяўленні валочнай памеры. У 17—18 ст. з Дз.с. зліліся ніжэйшыя ваен. слугі, якія жылі на гаспадарскіх землях (баяры).

2) Катэгорыя сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў 18—2-й пал. 19 ст. Вылучаны пры Пятру I з незапрыгоненых чарнасошных сялян, палоўнікаў, аднадворцаў і інш.

Жылі на казённых землях, плацілі казне феад. рэнту за карыстанне землямі і лічыліся асабіста вольнымі. Рас. ўрад раздаваў, прадаваў ці здаваў у арэнду дваранам дзярж. маёнткі з Дз.с. Гэта катэгорыя пазней павялічана за кошт сялян секулярызаваных царк. уладанняў і далучаных тэр. (Прыбалтыкі, Украіны, Беларусі, Крыма, Закаўказзя) і інш. У Беларусі і ў інш. зах. рэгіёнах пасля іх далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) у катэгорыю Дз. с. уключаны аднадворцы, панцырныя баяры, сяляне канфіскаваных маёнткаў, вайск. людзі, вольныя хлебаробы і інш. Ва ўмовах заняпаду дзярж. гаспадарак, збяднення і хваляванняў Дз. с. рас. ўлады ў 1830—50-я г. рэарганізавалі дзярж. вёску (у т. л. ў 1837—41 праведзена Кісялёва рэформа). У 1840—50-я г. ў зах. губернях Расіі праведзена люстрацыя (фіксацыя, упарадкаванне павіннасцей) Дз. с. У сярэдзіне 19 ст. яны складалі каля 45% усіх сялян. З 1857 паншчына поўнасцю заменена аброкам, ліквідавана практыка здачы дзярж. маёнткаў у арэнду, зменшаны памеры феад. павіннасцей і павялічаны зямельныя надзелы. Сялянская рэформа 1861 не пашырылася на Дз.с. Паводле рэформы дзярж. сялян 1867 у Беларусі яны пераводзіліся з аброку на выкуп.

Літ.:

Козловский П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1982;

Кабузан В.М. Государственные крестьяне России в XVIII — 50-х гг. XIX в.: Численность, состав и размещение // История СССР. 1988. № 1.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Выклада́ць ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ (БРС, Гарэц., Яруш., Касп.), ’вымаць’ (БРС, Нас., Гарэц.), ’выказваць (думку), тлумачыць’ (БРС, Нас., Гарэц., Яруш.); ’кастрыраваць’ (Юрч., Шатал.), выклада́ти ’ткаць тэхнікай узорнага ткання’ (Влад.). Гл. кладу, класці. У значэнні ’вучыць, займацца педагагічнай дзейнасцю’ слова з’яўляецца калькай рус. излагать (Крукоўскі, Уплыў, 149); мяркуюць (Гіст. мовы, 2, 142), што значэнне ’выказваць (думку)’ — таксама калька рус. дзеяслова, але хутчэй гэта семантычнае запазычанне з польск. wykładać ’выказваць, тлумачыць’, на што можа ўказваць фіксацыя гэтага значэння ўжо ў Насовіча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

П’яні́цы ’буякі’ (Сл. ПЗБ), піяніцы ’тс’. Да п’яны (гл.), паводле першасных уяўленняў, названы так з-за ап’яняючых, адурманьваючых уласцівасцяў, параўн. рус. дыял. пьяника, пьяница, пьяная ягода, дурника і пад., хаця ачмурэнне выклікае расліна багун, якая расце разам з буякамі: пʼяніцы ядуць, але ад багуна апʼянееш (астрав., Сл. ПЗБ). Меркаванне Грынавяцкене (LKK, 30, 122) пра ўплыў літ. girtuökles (< girtas ’п’яны’) па лінгвагеаграфічных прычынах (фіксацыя назвы пьяная ягода на поўначы Расіі, гл. Мяркулава, Очерки, 234), хутчэй за ўсё, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыльё ‘тупы бок касы’ (Чуд.), ‘тыльная частка нажа’ (ТС), тыллё ‘лязо нажа’ (Касп., Мат. Маг.) — адносна апошняга Станкевіч мяркуе, што гэта старана, процілеглая лязу (Стан., 1173), аднак фіксацыя ў розных населеных пунктах пярэчыць гэтаму меркаванню. Да тыл (гл.); змена семантыкі, магчыма, звязана з мясцовай трансфармацыяй зыходнага слова ў дыял. тул, гл. Сюды ж памянш.-ласк. ты́льечко ‘паркан’ (Доўн.-Зап., Пін.), параўн. тыльна сцяна ‘глухая сцяна з цэлых бярвёнаў, прасла’ (ЛА, 4), магчыма, першапачаткова ад тын, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іспо́д ’ніз’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп.), ’дно (падлога) у печцы’ (Гарэц., Касп.), ’ніжняя частка якой-н. пасудзіны’ (Нас. Доп.), іспо́т ’под’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. и́спо́д ’падкладка адзення’, ’ніз’, ’дно чаго-н.’, ’чарэнь’, ’падлога’. Ст.-рус. исподъ ’ніз’, ’выварат, спод’, ’адваротны бок якой-н. рэчы’, ’ніжняе адзенне, бялізна’, исподь ’ніз’ адзначана з XI ст. (першая фіксацыя ў Ізборніку Святаслава 1076 г.). Утворана шляхам зрашчэння складанага прыназоўніка из (ис) — подъ у ст.-рус. мове. Гл. спод, ісподні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́бра. З рус. зебра ’тс’ (з польск. было б зэ‑), дзе з англ. ці франц. zebra у XVIII ст. (фіксацыя 1792 г.). У англ., франц. з 1600 г., у партуг., ісп. ужо ў XVI ст. ці з лац. equiferus ’дзікі конь’, ці са слова аднаго з паўд.-афр. плямён. Фасмер, 2, 91; Шанскі, 2, З, 83; Блох-Вартбург, 673; Окс. сл., 3868 (11, 87); Махэк₂, 714. Перан. зебра ’паласа дарогі для пераходу пешых’, паводле афарбоўкі, у 60–70‑я гады XX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Імаве́рны ’праўдападобны, магчымы, верагодны’, імаве́рнасць (ТСБМ, Гарэц.). Рус. дыял. имове́рный, имове́рность, имове́рие ’тс’, укр. імові́рний ’магчымы’, уст. ’даверлівы’, імові́рність. Ст.-рус. имовѣрный ’пэўны, верагодны’, имовѣрство, имовѣрие, першая фіксацыя ў Книгах Законных… XII–XIII стст. (спіс XV ст.). Ст.-слав., ст.-рус. имати вѣроу з’яўляецца ў евангеллях для перадачы грэч. πιστεύειν. Беларуская лексема генетычна звязана са ст.-рус. имовѣрный, словаўтваральнай калькай грэч. εὔπιστος; параўн. аналагічную структуру ст.-рус. достоиновѣрный < ст.-слав. достоиновѣрьнъ, калька грэч. ἀξιόπιστο (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 174).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)