Вучані́к ’вучань’ (Бяльк.), ст.-бел. ученикъ ’тс’; параўн. укр. (кніжнае) учени́к ’вучань, паслядоўнік’, рус. учени́к ’вучань’, серб.-харв. у̏ченӣк ’вучань, навучэнец’, славен. učenik ’настаўнік’, макед. ученик ’вучань, навучэнец’, балг. учени́к ’тс’. Да *uč‑ьn‑ikъ, утворанага ад прыметнікавай асновы uč‑ьn‑, гл. вучаны; адносна ст.-бел. і ст.-укр. форм выказваецца меркаванне аб іх запазычанасці кніжным шляхам праз царкоўнаславянскую мову са ст.-слав. оученикъ, параўн. Суф. словообр.; 85, ва ўсякім разе гэта павінна быць вельмі ранняе запазычанне, паколькі слова з’яўляецца звычайным у ст.-бел. і вядома было ст.-рус.; параўн. Гіст. лекс., 224. Можна меркаваць, што яго ўжыванне падтрымлівалася ў мове ў сферах, звязаных з кніжнаславянскай традыцыяй (царква, бурсакі, жабракі з т. зв. духоўнымі песнямі), дзе яно мела значэнне перш за ўсё ’паслядоўнік (пэўнага вучэння)’, значэнне ’вучань у школе, школьнік’ больш позняе. Можна дапусціць таксама паўторнае запазычанне слова ў апошнім значэнні з рускай мовы ў навейшы час.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)