Лапасты1 ’вушы з аўчыны ў шапцы з суконным верхам’ (Кольб.) — відавочна, лопасты (лопасці) (?).

Лапа́сты2, лапастый сніг ’снег, які падае камякамі’ (Сіг.), кам. лапатый ’шырокі, шыракалісты’ (Сл. паўн.-зах.), укр. лапатий ’з вялікімі лапамі’, ’лапавідны’, ’вялікія камякі (снегу)’, ’вялікія плямы (матэрыял)’. Да лапах (гл.). Аб утварэнні прыметнікаў з суф. ‑ат‑ы ад назваў частак цела гл. Бел. гр. I, 200–201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Набамбе́рыць ’насыпаць’ (любан., Жыв. сл., 150), набамбе́рыцца ’наесціся’ (Сцяшк. Сл.). Утварэнні тыпу набабахаць, набабаніць ’наліць празмерна, накласці’ і г. д. узыходзяць да адпаведных дзеясловаў з рэдуплікацыяй (гл. баба́хаць); назальны элемент, як і незвычайны вакалізм, у прыведзеных словах можа тлумачыцца экспрэсіўным характарам слоў або як вынік уплыву літоўскіх слоў тыпу bambėti ’бурчаць’, bam̃binti ’купіць, біць’, bambt ’бух’ і г. д. Параўн. абамбе́рыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́сніца ’прыстасаванне, да якога прывязваецца кудзеля пры прадзенні’ (ТСБМ, Касп.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; карм., Мат. Гом., Бяльк., Влад.), пра́сліца ’тс’ (Касп., Шат., Влад.), пра́ліца (Сл. ПЗБ; рас., Шатал.), рус. пря́сница, пря́слица, польск. przęślica, чэш. přeslice, славац. praslica, серб.-харв. пре̏слица, славен. préslica. Прасл. *pręsnica (Трубачоў, Этимология–1963, 20) і *pręslica (Махэк₂, 494). Утварэнні з рознымі суф. ад *pręsti, prędǫ (гл. прасці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

П’янчу́га ’горкі п’яніца’ (ТСБМ; мазыр., Грыгор’еў, пісьмовае паведамл.), сюды ж пʼяню́га ’тс’ (Нас., Ян., Сл. ПЗБ); параўн. рус. разм. пьянчюга, балг. пиянчу́га, пиенчу́га. Утворана ад *pьjanъ, *pijanъ, гл. п’яны, пры дапамозе экспрэсіўнай суфіксацыі ‑уга (‑юга); формы з ‑ч‑ у якасці прамежкавай ступені маглі мець утварэнні на ‑чо, параўн. свінчо < свіння, свінка, а таксама балг. дыял. пиянчо́га (гл. БЕР, 5, 285).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ільні́шча ’поле, з якога сабралі лён або на якім папярэдняй культурай быў лён’ (ТСБМ, Мат., Юрч., Мат. Гом., Янк. II); параўн. рус. дыял. льни́ще, ильни́ще, укр. льони́ще, польск. lnisko, в.-луж. lenišćo, чэш. lniště, дыял. leniště, славен. laníšče, серб.-харв. ла̀нӣште, балг. ле́нище, макед. лениште. Агульнаслав. арэал пашырэння дазваляе меркаваць аб прасл. утварэнні з суф. ‑išče ад *lьnъ (гл. лён); параўн. ільнянішча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́раць: пыраць бялізну пранікам ’праць бялізну пры дапамозе прача’ (Мат. Гродз.). Звязана з праць ’сціраць, выбіваць прачом’ (гл.) чаргаваннем вакалізму, параўн. пе́рыць ’тс’.

Пыра́ць ’пароць, тыкаць, калоць’ (Сержп.), пырну́ць ’біць чым-небудзь вострым’ (ТСБМ, Сержп.), пырну́тэ ’парнуць, ткнуць, кальнуць’ (драг., Нар. лекс.), выклічнік пырь ад пароць (мсцісл., Нар. лекс.), рус. пыря́ть, пырну́ть. Звязана чаргаваннем галосных з паро́ць (гл.), гл. Праабражэнскі, 2, 160; паводле Фасмера (3, 420), грунтуецца на анаматапеічным утварэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расхля́біць ’развезці (пра дарогу)’ (лаг., Гіл.), ’парасчыняць; расхрыстаць’ (Юрч.), сюды ж расхля́бнуць ’сапсавацца (пра дарогу)’, расхля́біца ’бездарожжа’ (Мат. Гом.), расхля́біцца ’раскрыцца (пра вароты)’ (Сцяшк. Сл.). Да хляба (гл.); Трубачоў (ЭССЯ, 8, 33) прапануе размяжоўваць утварэнні ад гукапераймальнага *xlębati, што абазначаюць хлябание, хлюпанне і пад., і вытворныя ад *xlębь ’запор, плаціна’ (параўн. ст.-слав. хлѧбь ’вадапад’, гл. Фасмер, 4, 248), што аднак цяжка ажыццявіць у сувязі з дыфузным характарам значэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трушо́к ‘павольны бег’ (ТСБМ), ‘бег павольнай рыссю, без напружання’ (Варл., Янк. 1), тру́шыцца ‘ісці паволі, трушком’ (іўеў., Сл. ПЗБ, Сцяц.), тру́шкі ‘трушком’ (Нік., Ян., ПСл), трушка́ ‘трухам’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ‘бягом’ (Сцяц.), трушко́м ‘хутка бегчы’, ‘хутка ехаць’ (навагр., слаўг., ЛА, 2), ‘подбегам’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘дробнай рыссю’ (Нас., Шат., Касп., Янк. 1, Гарэц., Др.-Падб., ТСБМ, Сцяшк., Байк. і Некр.), трюшко́м ‘тс’ (Бяльк.). Утварэнні з памяншальным суф. *‑ьkъ (‑ьkъmъ) ад трух (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЛІНАВА́ННЕ ў раслін,

утварэнне новых парасткаў і характар іх узаемнага размеркавання на сцябле, шматгадовай галінцы і карэнішчы. Вызначае вонкавы выгляд расліны і яе адаптыўныя прыстасаванні, выкарыстоўваецца ў сістэматыцы раслін. Адрозніваюць галінаванне дыхатамічнае (ізатамічнае), анізатамічнае, манападыяльнае, сімпадыяльнае і інш.

Зыходным лічыцца дыхатамічнае (вілачнае), пры якім з конуса нарастання ўтвараюцца 2 амаль аднолькавыя (ізатамія) галінкі (характэрна для некаторых грыбоў, водарасцей, імхоў, рыніяфітаў, дзеразападобных і папарацепадобных). У працэсе эвалюцыі ўзнікла анізатамічнае галінаванне, пры якім адна з галінак перарастае другую (напр., у дэвонскага роду астэраксілан, многіх дзярэз, селагінел і папарацепадобных), што перайшло потым у манападыяльнае галінаванне, пры якім бакавыя галінкі закладваюцца пад верхавінкай гал. галінкі (напр., у елкі і інш. хвойных, пальмаў, многіх травяністых раслін і лістасцябловых імхоў). З дыхатамічнага і манападыяльнага ўзнікла больш прагрэсіўнае сімпадыяльнае галінаванне, пры якім бакавая галінка перарастае гал. галінку, ссоўвае яе ўбок, прымае яе напрамак і вонкавы выгляд (напр., у бярозы, ляшчыны, ліпы і інш. дрэвавых раслін). Бывае несапраўднадыхатамічнае галінаванне (напр., у бэзу, каштана, амялы), якое ўзнікае з манападыяльнага: рост гал. восі спыняецца, ніжэй яе верхавінкі развіваюцца 2 амаль аднолькавыя супраціўныя галінкі другога парадку, якія перарастаюць гал. вось. У злакаў вылучаюць своеасаблівы спосаб галінавання — кушчэнне. Акрамя сцёблаў, галінак і карэнішчаў галінаванне назіраецца ў каранёў, суквеццяў, жылак (праводзячыя пучкі) у лістах і сцёблах, слаявішча (талома) у ніжэйшых раслін і інш. У выніку галінавання іншы раз з’яўляюцца парасткі, не падобныя на матчыны (напр., пры кушчэнні злакаў, утварэнні вусоў і сталонаў і інш.). У некаторых дрэў назіраецца мяшанае галінаванне (напр., у бярозы).

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ, біярытмы,

цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці і характару біял. працэсаў і з’яў, уласцівыя амаль усім жывым арганізмам (ад аднаклетачных да чалавека), ізаляваным органам і тканкам, асобным клеткам. Біялагічныя рытмы накіраваны на падтрымку гамеастазу і адаптацыі, адлюстроўваюць цячэнне часу ў біялагічных сістэмах. Класіфікацыя біялагічных рытмаў заснавана на паняцці цыкла (паслядоўнасці станаў са зваротам да зыходнага) і часу паміж станамі сістэмы, якія паўтараюцца (даўжыні перыяду); яна ўключае дыяпазон перыядаў ад мілісекунды да некалькіх гадоў. Адрозніваюць 5 класаў біялагічных рытмаў: рытмы высокай частаты, ад доляў секунды да 30 мін (асцыляцыі на малекулярным узроўні, рытмы скарачэння сэрца, дыханне, перыстальтыка кішэчніка); рытмы сярэдняй частаты, ад 30 мін да 28 гадз, у т. л. ультрадыянныя (да 20 гадз) і цыркадыянныя, ці калясутачныя (20—28 гадз), якія звязаны з вярчэннем Зямлі вакол восі; мезарытмы: інфрадыянныя (28 гадз — 6 дзён) і цыркасептальныя (каля 7 дзён); макрарытмы з перыядам ад 20 дзён да аднаго года; мегарытмы з перыядам у гады і дзесяткі гадоў. Біялагічныя рытмы класіфікуюць таксама па ўзроўнях арганізацыі біясістэмы: клетачныя, органавыя, арганізмавыя, папуляцыйныя. Біялагічныя рытмы раслін праяўляюцца ў сутачным руху лісця, пялёсткаў, сезонным адраўненні парасткаў, якія зімуюць. Біялагічныя рытмы жывёл выяўляюцца ў перыядычнасці рухальнай актыўнасці, тэмпературы, сакрэцыі гармонаў, праліферацыі клетак, сінтэзе РНК, утварэнні рыбасом і інш. Вызначаны рытмы адчувальнасці клетак, тканак, органаў і арганізма да дзеяння фактараў хім. і фіз. прыроды. З парушэннем часавай арганізацыі фізіял. функцый звязаны шматлікія паталагічныя працэсы. Біялагічныя рытмы вывучае біярытмалогія.

Літ.:

Биологические ритмы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Хронобиология и хрономедицина. М., 1989.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Біялагічныя рытмы. Сярэдняя працягласць некаторых рытмічных працэсаў арганізма чалавека.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)