ГАЛІНАВА́ННЕ ў раслін, утварэнне новых парасткаў і характар іх узаемнага размеркавання на сцябле, шматгадовай галінцы і карэнішчы. Вызначае вонкавы выгляд расліны і яе адаптыўныя прыстасаванні, выкарыстоўваецца ў сістэматыцы раслін. Адрозніваюць галінаванне дыхатамічнае (ізатамічнае), анізатамічнае, манападыяльнае, сімпадыяльнае і інш.

Зыходным лічыцца дыхатамічнае (вілачнае), пры якім з конуса нарастання ўтвараюцца 2 амаль аднолькавыя (ізатамія) галінкі (характэрна для некаторых грыбоў, водарасцей, імхоў, рыніяфітаў, дзеразападобных і папарацепадобных). У працэсе эвалюцыі ўзнікла анізатамічнае галінаванне, пры якім адна з галінак перарастае другую (напр., у дэвонскага роду астэраксілан, многіх дзярэз, селагінел і папарацепадобных), што перайшло потым у манападыяльнае галінаванне, пры якім бакавыя галінкі закладваюцца пад верхавінкай гал. галінкі (напр., у елкі і інш. хвойных, пальмаў, многіх травяністых раслін і лістасцябловых імхоў). З дыхатамічнага і манападыяльнага ўзнікла больш прагрэсіўнае сімпадыяльнае галінаванне, пры якім бакавая галінка перарастае гал. галінку, ссоўвае яе ўбок, прымае яе напрамак і вонкавы выгляд (напр., у бярозы, ляшчыны, ліпы і інш. дрэвавых раслін). Бывае несапраўднадыхатамічнае галінаванне (напр., у бэзу, каштана, амялы), якое ўзнікае з манападыяльнага: рост гал. восі спыняецца, ніжэй яе верхавінкі развіваюцца 2 амаль аднолькавыя супраціўныя галінкі другога парадку, якія перарастаюць гал. вось. У злакаў вылучаюць своеасаблівы спосаб галінавання — кушчэнне. Акрамя сцёблаў, галінак і карэнішчаў галінаванне назіраецца ў каранёў, суквеццяў, жылак (праводзячыя пучкі) у лістах і сцёблах, слаявішча (талома) у ніжэйшых раслін і інш. У выніку галінавання іншы раз з’яўляюцца парасткі, не падобныя на матчыны (напр., пры кушчэнні злакаў, утварэнні вусоў і сталонаў і інш.). У некаторых дрэў назіраецца мяшанае галінаванне (напр., у бярозы).

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)