ГА́ЎРЫН (Юрый Васілевіч) (н. 17.1.1943, г.п. Зіядзін Самаркандскай вобл., Узбекістан),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1966), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працуе ў галіне манум.-дэкар. мастацтва і жывапісу. Выканаў вітражы для т-ра імя Я.​Коласа ў Віцебску (1988), кінатэатра «Цэнтральны» ў Мінску (1990), будынкаў Прамбудбанка і Нац. банка ў Гомелі (1989), Мін-ва абароны Расіі ў Маскве (1993), размалёўку з рэльефам «Медыцына» для Мінскага мед. ін-та (1996). Жывапісныя творы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, кампазіцыйнай завершанасцю, лірычнасцю: «Аўтапартрэт» (1976), «Батлейка» (1981), «Песня пра Нёман» (1982), «Ля роднага дома» (1985), «Дыялог» (1989), «Памяці Максіма Багдановіча», «Піраміды ў Гізе» (1991), серыя «Белы бераг» (1995—96) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Ю.Гаўрын. Дыялог. 1989.

т. 5, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДУ́, Ле Ду (Ledoux, Le Doux) Клод Нікала (1736, г. Дарман, Францыя — 19.11.1806), французскі архітэктар. Вучыўся ў Ф.Бландэля і Л.​Ф.​Труара. З 1773 «архітэктар караля». У работах (т-р у Безансоне, 1775—84; заставы ці т. зв. прапілеі Парыжа, захаваліся 4 з 6 пабудаваных, 1784—89) выкарыстоўваў строгія стэрэаметрычныя формы, часткова прадвызначыў арх. мову стылю ампір. У праекце г. Шо (з 1771, ажыццёўлены часткова) развіваў ідэю рэнесансавага «ідэальнага» горада, дзе жылыя, вытв. і адм. будынкі складалі адзіны комплекс. Ідэі сац. утапізму ўласцівы і інш. яго праектам, у якіх захапленне сімвалізмам простых геам. форм — куба, цыліндра, шара, піраміды.

Літ.:

Аркин Д.Е. Леду // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДУЦЭ́НТЫ [ад лац. producens (producentis) які вырабляе, стварае],

аўтатрофныя (фота- або хемасінтэзуючыя) арганізмы, здольныя ствараць складаныя арган. рэчывы з неарган. злучэнняў. Асн. П. ў водных і наземных экасістэмах — зялёныя расліны.

Складаюць першы трафічны ўзровень, аснову экалагічнай піраміды. У планетным маштабе штогод наземныя П. ўтвараюць каля 115 млрд. т арган. рэчываў, вылучаюць у атмасферу каля 53 млрд. т кіслароду, водныя П. — каля 55 млрд. т арганікі і 414 млрд. т кіслароду. Вывучэнне П. і перадачы назапашанай імі энергіі да кансументаў і рэдуцэнтаў дае магчымасць мэтанакіравана рэгуляваць працэсы назапашвання і біядэструкцыі арган рэчываў, стварае тэарэт. асновы для распрацоўкі шэрагу праблем аховы прыроды і інш. Гл. таксама Аўтатрофы, Біялагічная прадукцыйнасць.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),

назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст. н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс. н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фарао́н, ‑а, м.

1. Старажытнаегіпецкі цар. Узняліся ўгару тэрыконы, Шмат вышэйшыя, чым піраміды, Збудаваныя пры фараонах. Аўрамчык.

2. Разм. Зневажальная клічка паліцэйскага. — Аднак жа ты малайчына, Баляр’ян! — сказаў пасля Андрэй Міхайлавіч. — ..Я тут рады не даў бы! Толькі падвёў бы гэтага хлапца да фараонаў і ўсё. Самуйлёнак.

3. Старадаўняя азартная гульня ў карты. [Загорскі:] — Вось бачыце, генерал, як можна звяртаць увагу на данос без подпісу... Дый наогул, што гаварыць аб гэтым... Давайце лепей у фараон перакінемся. Караткевіч.

[Грэч. pharaon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акраба́тыка

(гр. akrobatikos = які лазіць угары)

1) від спорту, які ўключае скачкі, стойкі, піраміды і іншыя фізічныя практыкаванні; спартыўная а.;

2) від фізічных практыкаванняў накшталт гімнастычных;

3) жанр цыркавога і эстраднага мастацтва.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКРАБА́ТЫКА (ад грэч. akrobatēs які падымаецца ўверх),

1) від спорту (спартыўная акрабатыка). Уключае шматлікія фіз. практыкаванні (вылучаюць 2 асн. групы: скачковая акрабатыка і сілавая — стойкі, піраміды і інш.). Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны паасобку, з партнёрам (у т. л. мяшаныя пары), групай. Часам выкарыстоўваюць спец. прылады (трамплін, батут). Чэмпіянаты свету па акрабатыцы праводзяцца з 1964. На Беларусі гурткі акрабатыкі існавалі з сярэдзіны 1930-х г., як спорт развіваецца з 1946. Сярод бел. акрабатаў чэмпіёны свету і Еўропы Ю.​Зікуноў (1974), В.Біндлер, чэмпіёны СССР А.​Колесава (1952), В.​Бірукоў (1957), А. і М.​Туманавы (1963), Л.​Зданюк (1966—67), А.​Базылеў (1974).

2) Від фіз. практыкаванняў накшталт гімнастычных. Шырока выкарыстоўваецца ў розных відах спорту (спарт. гімнастыка, скачкі ў ваду, фрыстайл і інш.), а таксама пры спец. фіз. падрыхтоўцы лётчыкаў і касманаўтаў.

3) Жанр цыркавога і эстраднага мастацтва, гл. Акрабатычнае мастацтва.

Да арт. Акрабатыка. Трэніроўка спартсменаў.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЦУБ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 13.7.1949, в. Колкі Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. жывапісец.

Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). З 1971 выкладае ў Бабруйскім маст. прафесійна-тэхн. вучылішчы. Працуе ў кераміцы і жывапісе. Тонкім адчуваннем, выкарыстаннем выразных магчымасцей матэрыялу, арыгінальнасцю кампазіцый вызначаюцца дэкар. пласты «Максім Багдановіч» і «Каляды» (1976), «У гасцях у Вівальдзі» (1982), «Тэмы аднаго вечара» (1985), дэкар. скульптуры «Вясна і восень» (1980), «Папараць-кветка» (1985), «Дыяген» (1988), кампазіцыя «Куфэркі і скрыначкі» (1981), вазы «Спадчына» (1978), «Горад» (1980), «Зімовыя» (1990) і інш. Жывапісным творам уласцівы выразнасць малюнка і колеру, філас. асэнсаванне быцця: «Вершы, вершы дарагія...» (1981), «Шчодрасць» і «Азірніся!» (абодва 1982), «Вясельнае падарожжа» (1987), «Дыяген. Зона» (1988), «Францыск Скарына» (1989), «Вясновыя клопаты» (1992), «Сляды цывілізацыі» (1995), «Наведванні» і «Пілігрымы» (абодва 1997), «Стары млын» і «Пабудова піраміды» (абодва 1998).

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),

настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).

У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.

Ю.​Г.​Лобач.

Більярд.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́МФІ́С (грэч. Memphis, егіп. Менефер ад назвы паселішча каля піраміды фараона Піопі I),

старажытнаегіпецкі горад на левым беразе Ніла (каля сучасных пасёлкаў Бедрахейн і Міт-Рахіне на. ПдЗ ад Каіра). Засн. ў пач. 3-га тыс. да н.э. Менесам пад назвай Белыя сцены (ад аднайм. крэпасці). У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) рэзідэнцыя фараонаў, буйны рэліг., паліт., культ. і рамесніцкі цэнтр Егіпта; захаваў сваё эканам. значэнне і пасля пераносу сталіцы ў Фівы (перыяд Сярэдняга царства). Набыў важнае стратэг. значэнне ў перыяд Новага царства ў сувязі з паходамі егіп. цароў у Сірыю і Палесціну. У перыяд элінізму з узнікненнем г. Александрыя (4 ст. да н.э.) страціў былое значэнне. Захаваліся руіны храма бога Пта (3-е тыс. да н.э.), сфінкс эпохі Новага царства, Серапеум (эліністычны час), 2 калосы Рамсеса II (13 ст. да н.э.). Некропалі М. з пірамідамі і грабніцамі цароў і знаці знаходзяцца паблізу сучасных Гізы, Сакары і інш.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)