ПРАДУЦЭ́НТЫ [ад лац. producens (producentis) які вырабляе, стварае],
аўтатрофныя (фота- або хемасінтэзуючыя) арганізмы, здольныя ствараць складаныя арган. рэчывы з неарган. злучэнняў. Асн. П. ў водных і наземных экасістэмах — зялёныя расліны.
Складаюць першы трафічны ўзровень, аснову экалагічнай піраміды. У планетным маштабе штогод наземныя П. ўтвараюць каля 115 млрд. т арган. рэчываў, вылучаюць у атмасферу каля 53 млрд. т кіслароду, водныя П. — каля 55 млрд. т арганікі і 414 млрд. т кіслароду. Вывучэнне П. і перадачы назапашанай імі энергіі да кансументаў і рэдуцэнтаў дае магчымасць мэтанакіравана рэгуляваць працэсы назапашвання і біядэструкцыі арган рэчываў, стварае тэарэт. асновы для распрацоўкі шэрагу праблем аховы прыроды і інш. Гл. таксама Аўтатрофы, Біялагічная прадукцыйнасць.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)