ШАЦЁР, шатровае пакрыццё ў архітэктуры,

завяршэнне будынка (храма, вежы, ганка і інш.) ці яго часткі ў выглядзе высокай 4-граннай ці шматграннай піраміды. Выконваліся з цэглы (нахіленымі радамі ці напускам гарыз. радоў цаглін) і дрэва (мелі вянковую ці каркасную канструкцыі). Вядомы ў дойлідстве многіх народаў свету пры завяршэнні будынкаў або памяшканняў з цэнтрычнай формай плана. Пашыраны пераважна ў рус. дойлідстве 16—18 ст. На Беларусі пакрыцці ў выглядзе Ш. вядомы са старажытнасці. Найб. пашырэнне атрымалі ў 16 — пач. 20 ст. Часцей іх будавалі над замкавымі вежамі (замкі ў г.п. Мір Карэліцкага, Любча Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.), ратушах, званіцах (г.п. Шарашова і в. Вяжное Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.), храмах (царква ў в. Лахва Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.). Рабілі Ш. таксама над галерэямі і ганкамі (Ільінская царква ў Віцебску).

Шацёр.

т. 17, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)