ЛЕДУ́, Ле Ду (Ledoux, Le Doux) Клод Нікала (1736, г. Дарман, Францыя — 19.11.1806), французскі архітэктар. Вучыўся ў Ф.Бландэля і Л.Ф.Труара. З 1773 «архітэктар караля». У работах (т-р у Безансоне, 1775—84; заставы ці т. зв. прапілеі Парыжа, захаваліся 4 з 6 пабудаваных, 1784—89) выкарыстоўваў строгія стэрэаметрычныя формы, часткова прадвызначыў арх. мову стылю ампір. У праекце г. Шо (з 1771, ажыццёўлены часткова) развіваў ідэю рэнесансавага «ідэальнага» горада, дзе жылыя, вытв. і адм. будынкі складалі адзіны комплекс. Ідэі сац. утапізму ўласцівы і інш. яго праектам, у якіх захапленне сімвалізмам простых геам. форм — куба, цыліндра, шара, піраміды.

Літ.:

Аркин Д.Е. Леду // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скулыпуры. М., 1990.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)