Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФЕ́МАправільнага многавугольніка, адрэзак перпендыкуляра, апушчанага з цэнтра правільнага многавугольніка на любую з яго старон. Апафема правільнага n-вугольніка роўная радыусу rn упісанай у яго акружнасці і звязана з яго стараной an і плошчай Sn суадносінамі:
,
. Апафема правільнай піраміды — вышыня яе бакавой грані.
Апафема: а — правільнага многавугольніка; б — правільнай піраміды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙР-ЭЛЬ-БА́ХРЫ,
мясцовасць на зах. беразе Ніла ў Верхнім Егіпце насупраць г. Фівы, дзе паміж скаламі ўзведзены 2 пахавальныя храмы. Храм Ментухатэпа I, цара XI дынастыі (2050 да н.э.), складаўся з камернай грабніцы і піраміды, размяшчаўся ў дакладна спланаваным ансамблі з каланад і тэрас. Храм царыцы Хатшэпсут, XVIII дынастыі (1480 да н.э.) аналагічнай планіроўкі, але без піраміды; знакаміты сваімі рэльефамі, адзін з якіх выяўляе гандл. экспедыцыю ў Пунт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТЭРГОРН (Matterhorn),
вяршыня ў Пенінскіх Альпах, на мяжы Швейцарыі і Італіі. Выш. 4477 м. Мае выгляд чатырохграннай піраміды, якая ўзвышаецца на 1000 м над навакольнымі хрыбтамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПІРАМІ́ДА (ад ды... + піраміда),
шматграннік, утвораны 2 пірамідамі, якія як быццам злучаны асновамі. У залежнасці ад формы шматвугольнай асновы піраміды і колькасці граней адрозніваюць гексаганальную (12 граней), дыгексаганальную (24), дытэтраганальную (16), дытрыганальную (12), рамбічную (8), тэтраганальную (8), трыганальную (6). Выкарыстоўваецца ў крышталяграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦЫНА́ЛЬНЫЯ ГРА́НІ (лац. vicinalis ад vicinus суседні, блізкі, падобны),
грані крышталёў, на якіх ёсць спадзістыя пірамідальныя ўзвышэнні (віцынальныя піраміды) або ямкі. Утвараюцца пры росце крышталёў у пункце выхаду вінтавой дыслакацыі. У розных крышталёў маюць розную форму, што дае магчымасць па іх вызначаць сіметрыю ў крышталяграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛІ́ТАК,
зацвярдзелая маса металу (сплаву) пэўнай формы (усечанай піраміды, прызмы, цыліндра, конуса); паўфабрыкат, прызначаны для далейшай перапрацоўкі (пракаткай, каваннем, пераплаўкай). Атрымліваюць пры крышталізацыі ва ўліўніцах, бесперапынным ліццём, электрашлакавым пераплавам, спяканнем метал. парашкоў і інш. Пры вытв-сці сталі адліваюць З. масай у некалькі дзесяткаў тон для наступнага абціскання на блюмінгах і слябінгах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНЕМХЕ́Т III,
егіпецкі фараон [каля 1844—1797 да н.э.] эпохі Сярэдняга царства (XII дынастыя). Пры ім інтэнсіўна будаваліся храмы, былі расшыраны медныя руднікі на Сінайскім п-ве, у выніку ірыгацыйных работ у Фаюмскім аазісе створана штучнае Мерыдава воз., узведзены вял. будынак у Фаюме, названы грэкамі Лабірынтам (прыраўноўваўся да сямі дзівосаў свету), 2 піраміды. Праўленне Аменемхета III — перыяд т.зв. другога росквіту Егіпта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́НДАў оптыцы,
прыстасаванне для засцярогі аб’ектываў фота- і кіназдымачных апаратаў ад бакавых прамянёў святла. Мае выгляд ссечаных конуса або піраміды, надзяваецца вузкім канцом на аб’ектыў. Бленда ахоўвае святлоадчувальны матэрыял ад непажаданага засвечвання, якое змяншае кантраст відарыса і ўтварае блікі. Памеры бленды выбіраюць так, каб праз яе без перашкод праходзілі прамяні святла, што ўтвараюць відарыс; унутр. паверхню бленды фарбуюць чорнай матавай фарбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМАЛУ́НГМА, Эверэст, Сагарматха,
самая высокая вяршыня на Зямлі, у Вял. Гімалаях, на мяжы Непала і Кітая. Выш. 8848 м. Складзена з гнейсаў, крышт. вапнякоў і сланцаў. Мае форму піраміды са стромкімі схіламі. Ледавікі. Упершыню дасягнута 29.5.1953 шэрпам Н.Тэнцынгам і новазеландцам Э.Хілары, сярод жанчын — японкай Ю.Табей (1976). Часткова ўваходзіць у склад нац. парку Сагарматха (Непал).