БАРАБУДУ́Р

(Borobudur),

будыйскае свяцілішча, помнік інданезійскай архітэктуры і культуры сярэднявечча. На Пд в-ва Ява. Пабудаваны ў канцы 8 — пач. 9 ст. з каменных блокаў (андэзіту) на схілах узгорка ў выглядзе ступеньчатай 10-яруснай піраміды (выш. 31,5 м, даўж. ў аснове 123 м): дарога працэсій, 5 ніжніх квадратных і 3 верхнія круглыя тэрасы (са шматлікімі звонападобнымі ступамі — сховішчамі рэліквій), увянчаныя вял. ступай. У нішах тэрас і ажурных верхніх ступах — 504 статуі Буды і 1460 рэльефаў на тэмы з жыцця Буды. Барабудур з яго багаццем кампазіц. аспектаў, арх. гармоніяй скульпт. элементаў і арнаментальнага дэкору быў задуманы як грандыёзны сімвал Сусвету.

Літ: Forman B. Borobudur: Das buddistische Heiligtum. Prag, 1980.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)