ДАРУЧЭ́ННЕ,

цывільна-прававое пагадненне, паводле якога адзін бок (давераны) абавязваецца здзейсніць ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўныя юрыд. дзеянні (набыццё або адчужэнне маёмасці, правядзенне плацяжоў і да т.п.). Давераны абавязаны выканаць Д. асабіста. Ён можа перадаць выкананне Д. інш. асобе толькі ў тым выпадку, калі гэта абумоўлена пагадненнем або калі да гэтага вымушаюць абставіны абароны інтарэсаў даверніка. Давернік абавязаны аплаціць даверанаму ўзнагароджанне, калі гэта прадугледжана законам або дагаворам. Парадак выканання Д., правы і абавязкі яго ўдзельнікаў рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКІЯ ЗАТРА́ТЫ,

расходы прадпрымальніка, звязаныя з заснаваннем і арганізацыяй прадпрыемства, набыццём асн. сродкаў для яго функцыянавання. Уключаюць расходы на заснаванне, рэгістрацыю кампаніі (атрыманне ліцэнзіі, расходы на падпіску і размеркаванне каштоўных папер, адкрыццё рахунку) і «першасныя» затраты, г. зн. расходы, неабходныя для таго, каб пачаць работу прадпрыемства (рэклама, маркетынгавыя даследаванні); расходы на павелічэнне акц. капіталу — на эмісію аблігацый, прэміі па аблігацыях, набыццё нерухомасці. З.з. павінны быць пакрыты ў як мага больш кароткі тэрмін, яны не ўлічваюцца як актывы кампаніі і не прымаюцца ў разлік пры яе лігаідацыі.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗАЛІЗА́ЦЫЯ ГУ́КАЎ (франц. nasal насавы ад лац. nasus нос),

набыццё гукам насавой афарбоўкі як вынік дадатковай артыкуляцыі, якая заключаецца ў апусканні мяккага паднябення. Назалізацыя галосных вельмі пашырана. У шэрагу моў, напр., у франц. мове, можа служыць адрознівальнай прыкметай фанем. У некат. мовах абумоўлена суседствам з насавымі зычнымі і не мае фаналагічнага значэння (параўн. рус. «мак» — «бак»). Аб’ектыўныя метады даследавання Н.г. — рэнтгенаграфія і кіназдымка з дапамогай валаконнай оптыкі.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973;

Скалозуб Л.Г. Динамика звукообразования по данным кинорентгенографирования. Киев, 1979.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЛАДЖЭ́ННЕ,

1) набыццё арганізмам, які старэе, прыкмет маладосці; працэс процілеглы старэнню. Першая навук. канцэпцыя амаладжэння належыць франц. вучонаму Ш.​Э.​Броўн-Секару (1889), які меркаваў, што прычына старэння — аслабленне палавой актыўнасці, а амаладжальны сродак — экстракт палавых залоз жывёл. Амаладжальныя ўласцівасці ў розны час прыпісваліся балгарскай сыраквашы, антырэтыкулярнай цытатаксічнай сываратцы, гармонам, навакаіну і інш. Па сучасных уяўленнях амаладжэнне складанага шматклетачнага арганізма немагчыма з прычыны незваротнасці фаз антагенезу (дзяцінства, маладосць, сталасць, старасць). Можна гаварыць пра запаволенае старэнне, карэкцыю ўзроставых змен, працягласць жыцця, але не пра амаладжэнне ў поўным сэнсе гэтага слова.

2) Павелічэнне маладых асобін у складзе папуляцыі або ўзмоцненае размнажэнне клетак шматклетачнага арганізма.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕСТЫ́ЦЫЯ (ням. Investition ад лац. investio апранаю, надзяваю),

доўгатэрміновае ўкладанне сродкаў (грашовых, матэрыяльных), інтэлектуальнай уласнасці ў розныя праекты з мэтай развіцця вытв-сці, прадпрымальніцтва, атрымання прыбытку або інш. канчатковых вынікаў (напр., прыродаахоўных, сацыяльных). Падзяляюцца на рэальныя, партфельныя, інтэлектуальныя і інш. Рэальныя або прамыя І. — укладанне сродкаў (капіталу) непасрэдна ў сродкі вытв-сці і прадметы спажывання, якія ўдзельнічаюць у вытв. працэсе. Партфельныя І. — укладанне капіталу ў каштоўныя паперы (акцыі, аблігацыі і інш.) з мэтай фарміравання і кіравання інвестарам аптымальным інвестыцыйным партфелем. Інтэлектуальныя (нематэрыяльныя) І. — выдаткі на набыццё патэнтаў, ліцэнзій, «ноў-хаў», падрыхтоўку персаналу, укладанні ў н.-д. распрацоўкі, рэкламу і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́У-ХА́У (англ. know how літар. ведаю як),

сукупнасць навукова-тэхнічных ведаў, тэхн., вытв., кіраўніцкага і інш. вопыту, сакрэтаў тэхналогіі, вынаходніцтваў, якія не абаронены патэнтамі і інш. ахоўнымі дакументамі і не апублікаваны цалкам або часткова. Уяўляе камерцыйную каштоўнасць і можа быць прадметам здзелкі, аформленай адпаведным дагаворам. Перадача Н.-х. на камерцыйнай аснове, яго распаўсюджванне ажыццяўляецца праз ліцэнзійнае пагадненне, якое звычайна ўключае ўмову пра нявыдачу Н.-х., што павінен гарантаваць пакупнік. У асобных выпадках Н.-х. набываецца паводле спец. дагавору. Набыццё Н.-х. з пакупкай ліцэнзіі палягчае і робіць больш танным наладжванне вытв-сці, забяспечвае больш поўную перадачу вытв. і інш. сакрэтаў, удзел спецыялістаў фірмы-прадаўца ў наладцы і кантролі за вытв. працэсам.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 11, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спецыяліза́цыя

(фр. spécialisation, ад лац. specialis = асаблівы)

1) набыццё спецыяльных ведаў у якой-н. галіне;

2) абмежаванне вытворчай дзейнасці якой-н. спецыяльнай галіной;

3) падзел працы на асобныя аперацыі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ІНСТЫНКТЫВІ́ЗМ у сацыялогіі,

кірунак, які імкнецца растлумачыць сац. з’явы і працэсы з дапамогай звяртання да біял. прыроды чалавека. Сфарміраваўся на мяжы 19—20 ст. У яго аснову пакладзена тэорыя сац. паводзін У.​Мак-Дугала, паводле якой аснова грамадскага жыцця — у біялагічна прыроджаных інстынктах, што суправаджаюцца адпаведнымі эмоцыямі. З узаемазвязаных паміж сабой інстынктаў і эмоцый (гнеў, страх, пачуццё самазахавання, узнаўленне роду, набыццё уласнасці) ён выводзіў асн. сац. ін-ты — сям’я, дзяржава, рынак і інш. І.​Лебон даказваў, што з-за валявой неразвітасці і нізкага інтэлектуальнага ўзроўню вялікіх мас людзей («натоўпу») імі кіруюць неўсвядомленыя інстынкты. У апошнія гады ў зах. навуцы сталі звяртаць большую ўвагу на ідэі І. ў рамках «эталагічных» (спадчынных) і «сацыябіялагічных» тлумачэнняў сац. паводзін і грамадскага жыцця.

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. prae спераду, перад + адаптацыя),

уласцівасць арганізма (органа), што мае прыстасавальную здольнасць для форм узаемадзеяння арганізма з асяроддзем, якія яшчэ не адбываюцца, ці функцый органа, якія яшчэ не выконваюцца; таксама працэс набыцця прэадаптыўных асаблівасцей. Узнікае на аснове прыстасавальнай эвалюцыі, што ідзе пад кантролем натуральнага адбору, і з’яўляецца пабочным вынікам эвалюц. змен, якія ўдасканальваюць ранейшыя функцыі органа. Напр., сківіцы ў працэсе эвалюцыі пазваночных жывёл узніклі з пярэдняй жабравай дугі пасля яе раздзялення на рухомыя элементы для інтэнсіфікацыі дыхання. Т.ч. набыццё жабравай дугой функцыі сківіц было прэадаптавана ўдасканаленнем «жабравай помпы». Біял. сэнс П. — прыстасаванне арганізма да змен навакольнага асяроддзя, якое магчыма толькі пры наяўнасці ў яго асаблівасцей, што прыяюць выжыванню ў новых умовах. Гл. таксама Постадаптацыя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫРО́ЎКА,

працэс узнікнення адрозненняў паміж часткамі арганізма і іх спецыялізацыі ў час развіцця; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Праяўляецца ў марфал., фізіял. і біяхім. змяненнях клетак (цыталагічная Д.), тканак (гісталагічная Д.) або асобных органаў і арганізма ў цэлым. Адбываецца пераважна ў перыяд зародкавага развіцця (атыпічная, бластамерная, зачаткавая і тканкавая стадыі). Ажыццяўляецца на аснове рэалізацыі выбіральнай актыўнасці спецыфічных для кожнай тканкі генаў, што прыводзіць да сінтэзу спецыфічных РНК, бялкоў, глікапратэідаў, якія вызначаюць узаемадзеянні клетак. Пасля нараджэння арганізма назіраецца Д. ў эпітэліяльных тканках, крыві, гладкіх мышцах і інш. З Д. звязана пераважна ўзнікненне новых органаў або іх уласцівасцей у час метамарфозу. Ва ўмовах шкодных фактараў уздзеяння або пры злаякасным перараджэнні клетак магчыма частковая дэдыферэнцыроўка і набыццё здольнасці да Д. ў іншым кірунку (метаплазія).

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)