ІНВЕСТЫ́ЦЫЯ (ням. Investition ад лац. investio апранаю, надзяваю),

доўгатэрміновае ўкладанне сродкаў (грашовых, матэрыяльных), інтэлектуальнай уласнасці ў розныя праекты з мэтай развіцця вытв-сці, прадпрымальніцтва, атрымання прыбытку або інш. канчатковых вынікаў (напр., прыродаахоўных, сацыяльных). Падзяляюцца на рэальныя, партфельныя, інтэлектуальныя і інш. Рэальныя або прамыя І. — укладанне сродкаў (капіталу) непасрэдна ў сродкі вытв-сці і прадметы спажывання, якія ўдзельнічаюць у вытв. працэсе. Партфельныя І. — укладанне капіталу ў каштоўныя паперы (акцыі, аблігацыі і інш.) з мэтай фарміравання і кіравання інвестарам аптымальным інвестыцыйным партфелем. Інтэлектуальныя (нематэрыяльныя) І. — выдаткі на набыццё патэнтаў, ліцэнзій, «ноў-хаў», падрыхтоўку персаналу, укладанні ў н.-д. распрацоўкі, рэкламу і інш.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)