НО́У-ХА́У (англ. know how літар. ведаю як),
сукупнасць навукова-тэхнічных ведаў, тэхн., вытв., кіраўніцкага і інш. вопыту, сакрэтаў тэхналогіі, вынаходніцтваў, якія не абаронены патэнтамі і інш. ахоўнымі дакументамі і не апублікаваны цалкам або часткова. Уяўляе камерцыйную каштоўнасць і можа быць прадметам здзелкі, аформленай адпаведным дагаворам. Перадача Н.-х. на камерцыйнай аснове, яго распаўсюджванне ажыццяўляецца праз ліцэнзійнае пагадненне, якое звычайна ўключае ўмову пра нявыдачу Н.-х., што павінен гарантаваць пакупнік. У асобных выпадках Н.-х. набываецца паводле спец. дагавору. Набыццё Н.-х. з пакупкай ліцэнзіі палягчае і робіць больш танным наладжванне вытв-сці, забяспечвае больш поўную перадачу вытв. і інш. сакрэтаў, удзел спецыялістаў фірмы-прадаўца ў наладцы і кантролі за вытв. працэсам.
У.Г.Залатагораў.
т. 11, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)