Баразна́ (адносна семантыкі гл. Яшкін.). Рус. борозда́ (дыял. зах. борозна́), укр. борозна́ (дыял. зах. борозда́), польск. brózda, чэш. brázda, в.-луж. brózda, н.-луж. brozda, ст.-слав. бразда, балг. бразда́ (дыял. бразна́, брезна́, гл. БЕР, 1, 73), серб.-харв. бра́зда, славен. brázda. Прасл. borzda (суф. ‑zda, параўн. Слаўскі, 1, 45); тып *borzna другасны, вытворны ад *borzda (гл. Рудніцкі, 175). Аснова *bor‑ тая ж, што і ў *bor‑na (гл. барана́). Параўноўваюць з ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё, зубец, край’, ірл. barr ’верхавіна’, ст.-в.-ням. burst ’шчаціна’ (гл. Бернекер, 75; Фасмер, 1, 196); далей з лац. forāre і г. д. Корань *bor‑ (і.-е. *bhor‑) у спецыяльным тэрміналагічным значэнні ’рабіць барозны і да т. п.’ толькі ў слав. мовах і ў грэч. (Машынскі, Pierw., 74). Параўн. грэч. φαρᾶν ’араць’, φάρος ’саха’. Няпэўнымі з’яўляюцца версіі: Махэк₂, 65 (роднаснасць з літ. bir̃žis, лат. birze ’баразна і г. д.’; слав. borz‑ (< *bhorg̑‑) пад уплывам gręda зрабілася *borzda); Голуб-Копечны, 76 (*borzda < *bord‑da, роднаснае з ст.-в.-ням. bart ’край’); Атупшчыкоў, ЭИРЯ, IV, 87–96 (< *borg̑(i)da, да лац. frangere ’ламаць, разбіваць’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́вы ’новы’ (Сл. ПЗБ), но́вый ’тс’ (Бяльк.), но́ву ’тс’ (ТС). Сюды ж навіна́ ’нешта новае, раней невядомае; новаўзаранае поле’, но́віна ’новаўзаранае поле’ (Шатал., Сл. ПЗБ), но́вінка ’свежавытканае палатно’ (Касп.), наві́к ’новы, прыезджы чалавек’ (Сцяшк.), экспрэсіўныя ўтварэнні навю́сенькі, навю́танькі (Нас.), нову́ські (Сл. ПЗБ), нову́сенькі (ТС), но́вы‑навю́сенькі (Цых., параўн. балг. дыял. нов‑новиша́т і пад.). Укр. новий ’тс’, рус. но́вый ’тс’, польск. nowy ’тс’, чэш., славац. novy ’тс’, в.-, н.-луж. nowy ’тс’, славен. nòv ’тс’, серб.-харв. но̑в ’тс’, макед. нов ’тс’, балг. нов ’тс’. Прасл. *novъ‑jь, роднаснае літ. naũjas ’тс’ грэч. νἑος, лац. novus, гоц. niujis, ст.-в.-ням. niuwi (Фасмер, 3, 78; Бязлай, 2, 228; Шустар-Шэўц, 14, 1023). Значэнне но́вы ’малады’ (пра месяц, гл. маладзік), зафіксаванае на Гродзеншчыне, звязана праз польск. nowy (miesiąc) з вялікім еўрапейскім арэалам, параўн. ням. Neumond, англ. new moon, фр. nouvelle lune, лац. luna nova і пад. (Машынскі, Atlas, 1, к. 5). Меркаванні пра сувязь новы ’малады’ са слав. *nyti ’быць аслабленым, слабым’ непераканальныя (гл. там жа), паколькі значэнні ’новы’ і ’малады’ першапачаткова прысутнічалі ў семантыцы і.-е. *neu̯o‑, што звязваюць з і.-е. *sneu‑ ’гнуць, звязваць, круціць’ (Макоўскі, Мир сл. и знач., 137–138).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брэд1 ’вастрыё нажа’ (Касп.). Мабыць, з брыд. Тое ж самае, што і брыд ’рабро дошкі’, брыды́ ’канцы клёпак’ (гл.). Да слав. *bridъ (гл. бры́дкі) у яго першасным значэнні ’востры’. Але параўн. у рус. гаворках бре́дко праціўна’ (перм., валаг.), бре́дкий ’востры’ (алан., перм.): сабля бредкая, нож бредкый. Разам з бел. брэд, відаць, нейкія гіперкарэктныя формы (да *bridъ).

Брэд2, брэднік ’вярба, Salix L.’ (Кіс., Інстр. II, КЭС, лаг.), брадзі́ніна ’тс’ (Касп.). Рус. бред, бреди́на ’тс’. Укр. дыял. (аколіцы Адэсы) бредына ’Salix Caprea L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 323; няпэўна, бо ў іншых месцах, здаецца, няма). Фасмер, 1, 210 (услед за Бернекерам, 83), бачыць сувязь з *bresii *bredǫ ’брадзіць’, таму што вярба расце на вільготных месцах (Фасмер прыводзіць і паралель: укр. бредуле́ць ’багульнік, багна, Ledum palustre L.’; але гэта памылка: укр. слова з рум. brăduleţ, гл. падрабязна Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 128; раней аб гэтым і Крынжалэ). Іншыя версіі: 1) роднаснасць з алб. breth, bredhi ’ель’; 2) *brědъ (такая праформа ў Сабалеўскага, Slavia, 5, 440) мае сувязь з чэш. jabřadek, польск. jabrząd (параўн. да гэтага Траўтман, 36); 3) Машынскі (Pierw., 240) зыходзіць з назвы колеру прасл. *bred‑: *brod‑ (*bronъ ’бялявы, светлы’, параўн. ст.-інд. bradhnáḥ). Параўн. яшчэ бро́днік ’вярба’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́віна ’Salix caprea’ (Нас. Доп., Кліх., Бяльк., Кіс.), і́ва (Бяс., 114). Рус. и́ва, укр. и́ва, ги́ва (Грынч.), польск. iwa, iwina, дыял. wiwa, в.-луж. jiwa, н.-луж. wiwa, палаб. jeivó, чэш. jíva, славац. iva, славен. íva, серб.-харв. и̏ва, балг. и́ва, макед. ива. Прасл. *iva/*jьva (Трубачоў, Эт. сл., 8, 248) мае шматлікія адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. ievà ’чаромха’, лат. iēva ’тс’, прус. iuwis ’ціс’, ст.-в.-ням. iwa ’тс’, ірл. eo ’тс’, грэч. οἄ, οἴη ’Sorbus’, арм. aigi ’вінаграднік’ (апошнія з вакалізмам ‑o‑). Звязваюць з і.-е. *ei̯‑u̯o‑ ’чырванаваты’ (Покарны, I, 297; Слаўскі, 1, 473–474; Тапароў, 3, 100–101). Адсюль розныя значэнні ў і.-е. арэале: ’чаромха’, ’ціс’ ад колеру драўніны; ’рабіна’, ’вінаград’ па афарбоўцы ягад. Скок (1, 737) першасным лічыць значэнне ’ягада’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 438; Мейе, MSL, 14, 1906–1908, 479; Машынскі, Pierw., 61; Клюге, 153; Фасмер, 2, 113; Безлай, 1, 214. Махэк₂ (230) супастаўляе з ням. Weide ’вярба’, грэч. ἰτέα ’тс’ < «праеўрапейскага» *vīteuā. Трубачоў (Эт. сл., 8, 249), прымаючы збліжэнне з ням. Weide, прапануе звязаць з і.-е. коранем *u̯i‑/*u̯ei̯‑ ’віць’, адкуль *u̯ei̯‑u̯ā > *ei̯‑u̯ā. Бел. івіна ўтворана ад іва суф. ‑ін‑а, які падкрэслівае значэнне асобнай адзінкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́пет ‘пчаліны бортны рой’ (У. Караткевіч), ст.-бел. ‘дупло, дзе жывуць дзікія пчолы’: а хто бы свепет в чыем лесе умыслне порубал и мед выбрал (Статут ВКЛ 1588 г.), ст.-рус. свепетъ ‘дзікі лясны мёд’, ст.-укр. свепеть ‘борць у дрэве для дзікіх пчол’ (1366), польск. дыял. świepiot ‘рой дзікіх пчол’, ст.-польск. świepioto ‘тс’, чэш. дыял. svapato ‘пчолы, якія жывуць у лесе’, ст.-луж. svepet ‘борць’. Прасл. *svepetъ, паходжанне якога няяснае. Выводзяць з прасл. *svepati (> *svepetati) ‘мільгаць, мітусіцца’, параўн. ст.-рус. свѣпатися ‘ківаць, хістаць’, рус.-ц.-слав. свепетати ‘хістацца, рухацца туды і сюды’, славен. svępati ‘хістаць, ківаць, трасці’ і асабліва фармальна супадаючае славен. svepȅt ‘бляск, мігценне’, роднаснае літ. sùpti ‘калыхацца’, н.-ням. swabbeln ‘рухацца ў той і другі бок (пра ваду), хвалявацца’ (Міклашыч, 330; Фасмер, 3, 573; Машынскі, Pierw., 188; Фурлан у Бязлай, 3, 348), што адлюстроўвае першаснае чыста зрокавае ўспрыманне месца гнездавання пчол. Іншае меркаванне пра роднасць з ням. Wabe ‘соты’ і “праеўрапейскае” паходжанне выказвае Махэк₂, 594. Гл. таксама Рымут, St. lingv. Polono–Jugosl., 2, 39. Меркаванне Булыкі пра запазычанне ст.-бел. свепетъ, свепето з ст.-польск. świepiot недастаткова аргументаванае, Брукнер (536) дапускаў адваротнае запазычанне для польск. świepiot ‘тс’. У сучасных гаворках звычайна слепет ‘дупло, дзе жывуць пчолы’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́лега, сі́ляга ‘лаза’ (лун., ЛА, 4; пін., Сл. ПЗБ), сі́лега ‘лаза з сіняватым налётам на чырвонай кары’ (ТС), ‘зараснік кошыкавай лазы, Salix viminalis L.’ (жытк., стол., тур., Яшк.), сіле́га ‘тс’ (лун., ЛА, 4), сіляга́ ‘лаза’ (Мат. Гом.), сыля́га ‘дробнае і гнуткае галлё, лазняк’ (пін., Нар. лекс.), сіле́га ‘расшчэпленае хваёвае карэнне, з якога плятуць кашы’ (лун., Шатал.), сі́лежына ‘адзін куст сілегі’ (ТС), шы́лега ‘сілега’ (стол., Яшк.). Відаць, сюды ж і ст.-бел. силяжы ‘кізіл’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. шелюга́, шелюжи́на ‘тс’, рус. дыял. (без лакалізацыі) шелюга́ ‘тс’, шелю́жина ‘палка, дубец з шелюги’. Фасмер (4, 427) параўноўвае яшчэ з рус. астрах. шелужи́на ‘доўгі дубец’, рус.-ц.-слав. шелыга ‘дубец’, серб.-ц.-слав. солыга ‘палка’. Пэўнай этымалогіі няма. Машынскі (Uwagi, 18) лічыў несумненнай сувязь з ст.-ісл. selja, ст.-в.-ням. salaha ‘вярба’. Былі спробы звязваць з ням. Sahlweide ‘вярба’, лац. salix ‘тс’, ірл. sail, Р. скл. sailech ‘тс’. Беларускія формы з пачатковым сі‑ можна было б звязаць, улічваючы функцыю гэтага дрэва, з коранем cіл‑, які ў сіло́, сіляць ‘нанізваць’ і далей з *sei‑ ‘плясці’, г. зн. прыняць першасную форму ⁺сіляга, дзе ‑яга‑ суфікс (з *‑ęga), а напісанне з ‑ега лічыць гіперкарэктным, але звязаць гэта з украінскімі і рускімі формамі цяжка. Гл. шылега.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магі́ла ’яма для пахавання мёртвых’, ’капец зямлі над магілай’ (перан.) ’смерць, таямніца’ (ТСБМ, Грыг., Бяльк., Яшк., Булг., Сл. ПЗБ), укр., рус. моги́ла ’капец зямлі, курган’, ст.-рус. могыла ’капец’, польск. mogiła ’яма’, ’капец зямлі над ёй’, палаб. mügʼȧla ’яма’, в.-луж. mohila, ст.-луж. mogyla, н.-чэш. mohyla — з больш ранняга перыяду захаваліся толькі тапонімы: Mohelno, Mohelnice і інш.; славац. mohyla, славен. gomíla ’куча зямлі’, серб.-харв. го̀мила, мо̀гила ’тс’, макед. могила ’капец, узгорак’, балг. могила ’капец’. Гэта значэнне было першасным. Генетычна блізкія: рум. măgură і алб. magulʼë ’узгорак’, gamule ’куча зямлі і травы’, якія Фасмер (Stud. zur albanes. Wortforsch., Dorpat, 1921, 1, 18) выводзіць са слав. Міклашыч (420), Фасмер (там жа), Жалтоў (ФЗ, 1877, 4, 68 і наст.) сцвярджаюць сувязь са слав. mogǫ ’магу’ > ’пануючае месца’. Гэтак жа Брукнер (343) — з кораня mog‑ ’моцны’, параўн. аналагічна ўтворанае слова курган, якое з тур. kurgan ’крэпасць’, г. зн. ’зямная цытадэль’. Машынскі (Zasięg, 215) збліжае слав. mogyla ’капец, куча’ з сібір. тат. mogol, марыйск. mugõlʼo ’стог сена’. Паводле Алесіо (RIO, 3, 1951, 243) — гэта субстратнае слова, аснова якога балканская: magũla; Хубшмідт (Этимология–1967, 243–245) лічыць слав. слова даіндаеўрапейскім, крыніца запазычання невядомая. Сюды ж: маглі́цы, магіліцы, магілёва, магі́льня, ’могілкі’, магі́льнік, могільнік ’тс’, ’могільнік’ (Жд. 1, Бяльк., ТСБМ, Грыг., Нас., Сл. ПЗБ, докш., Янк. Мат.), магільніца — вёска, ля якой шмат панасыпаных курганоў (Янк. 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вісе́ць ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы без падпоры, выдавацца’ (БРС, КТС, Касп.). Укр. висі́ти, рус. висе́ть ’вісець’, ст.-рус. висѣти ’вісець; звісаць, навісаць’ (з XIII ст.), польск. wisieć ’вісець; звісаць, абвісаць’, в.-луж. wisać ’вісець’, чэш. viseti ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы’, славац. visieť, славен. visẹ́ti ’вісець’, серб.-харв. ви̏сити, vȉsjeti, макед. виси, балг. вися ’тс’, ст.-слав. висѣтн. Прасл. visěti — другая ступень чаргавання з весіць (гл.) < věsiti, věsъ. Голуб-Копечны (417) мяркуюць, што гэта лексема — толькі славянская; яна не мае надзейных і.-е. адпаведнікаў (Фасмер, 1, 319). Ільінскі (ИОРЯС, 23, 1, 125) параўноўвае яе з літ. vaipýtis ’крыўляцца, грымаснічаць’, vypsóti ’быць разявай’, ст.-в.-ням. weibôn ’калыхаць’, лац. vibrāre, ст.-інд. vḕpatē ’дрыжаць’. Згодна з Гольтгаўзенам (РВВ, 66, 272), роднасная да ст.-нарв. ’сцяг’; Леві (IF, 32, 159) збліжае з грэч. ἄττω ’махаю’; зусім іншым з’яўляецца літ. vaĩsius ’плод’ (бо яна звязана з vìsti ’множыцца’, лат. viest ’выхоўваць, гадаваць’) і не звязана з visěti насуперак Мюленбаху–Эндзеліну (4, 670); Педарсан (IF, 5, 44) звязвае з санскр. viš; Младэнаў (68) супастаўляе са сканд. vīkja ’паднімацца’ і літ. vikrùs ’лоўкі, жвавы, кемлівы’, Бернекер — з ням. weihen ’асвячаць’, гоц. weihs ’святы’. Інакш Машынскі (Zasiąg, 198) — са ст.-в.-ням. swīhhan ’аслабець, паддацца’ < і.-е. *(s)u̯eig‑ ’гнуцца’. Абаеў (1, 88) параўноўвае прасл. visěti з асец. awanʒyn//awinʒyn, перс. āvēz‑, āvēxt‑ ’вісець, вешаць’, курд. halavisin ’вешаць’. (Праславянскі іранізм?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Конь1 ’буйная свойская аднакапытная жывёліна’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк.), ’здаровы высокі мужчына’ (Мат. Маг.). Укр. кінь, рус. конь, ст.-рус. конь ’тс’, ст.-слав. конь, балг. кон, серб.-харв. ко̏њ, славен. kònj ’тс’, польск. koń, чэш. kuň, славац. koň, в.-луж. kóń, н.-луж. koń ’тс’. Прасл. konь. Мы выводзім у адпаведнасці з этымалогіяй Левянталя (KZ, 47, 146) з прасл. komonь (ст.-рус. комонь ’баявы конь’), які адносіцца разам з ст.-прус. camnet ’тс’ да аднаго гнязда з літ. kãmanas ’аброць’, kamanuóti ’кілзаць’. Такім чынам, можна рэканструяваць *kamanas asvas ’закілзаны конь’ (= прасл. *komonъ osъ). Апошні ў выніку семантычнай кандэнсацыі даў komonь (Мартынаў, Изоглоссы, 21; Мартынаў, Язык, 71). Аналагічна тлумачыцца ст.-прус. camnet, які ад *kamnētas russis ’закілзаны конь’ (Тапароў, I–K, 193). Суфіксацыя старажытнарускага слова, яго супастаўленне з прасл. komonь даюць падставы для рэканструкцыі зыходнай формы *kamn‑, як супастаўленне komonь з літ. kãmanas для *kaman‑. Ад гэтых асноў рэгулярна ўтвараецца адыменны назоўнік якасці на ‑is *kamnis/*kamanis (як літ. júodas ’чорны’ > júodis ’вараны конь’). Форма *kamanis дала на славянскай моўнай глебе рэфлексацыю komonь, форма *kamnis*komnь > konь. Іншыя этымалагічныя версіі неверагодныя: konь < *kobnь (Фасмер, ZfSlPh, 9, 111; Брукнер, 253–254), konь < *skopnь (Машынскі, Pierw., 235), konь < кельт. *konkos ’скакун’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 197). Параўн. яшчэ Баль, SPKOK PAN, 20, 2, 334–335.

Конь2 ’слуп, драўляная апора’ (Хар., Нік. Очерки). Гл. конь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смо́ква ‘плод смакоўніцы; інжыр, вінная ягада’, ‘смакоўніца’ (ТСБМ, Ласт.), смо́квы ‘ірга, ягады іргі’ (капыл., люб., Трухан, вусн. паведамі), ст.-бел. смоква ‘інжыр, вінная ягада’: смоква созрѣла (Альтбаўэр). Укр., рус. смо́ква, серб.-харв. смо̏ква, славен. smókva, балг. смо́ква, макед. смоква, ст.-слав. смокы, смокъва. У заходнеславянскіх мовах слова лічыцца запазычаннем з іншых славянскіх моў, параўн. Варш. сл., 6, 243; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1321. Слова спрэчнага паходжання. Паводле традыцыйнага погляду, які ўзыходзіць да Капітара (гл. Машынскі, Этимология–1997–1999, 120; гл. таксама Фасмер, 3, 689), прасл. *smoky запазычана з гоц. smakka ‘смоква, фіга’ або *smakko ‘смачны плод’, менавіта з балкана-германскага; яно роднаснае нова-в.-ням. schmecken ‘прыходзіцца да смаку’, літ. smaguriai мн. л ‘прысмакі’ або, як мяркуе Скок (3, 293–294), запазычана з даіндаеўрапейскай міжземнаморскай мовы. Па іншай версіі, гэта спрадвечнаславянскае слова, якое параўноўваюць з славац. smokva ‘чырвоная ягада’, smokvica ‘суніцы’, чэш. smok ‘сок раслін’, славен. smȏk ‘прыправа да хлеба’, ‘ялавічына’, серб. смо́к ‘прыправа; масла, сыр; ператопленыя сала і тлушч, якімі запраўляюць ежу’, балг. смок ‘пасоленае мяса’. Ілліч–Світыч (ЭИРЯ, 1962, 2, 73 і наст.) узнаўляе прасл. *smokъ ‘сакавітае вільготнае рэчыва, галоўным чынам расліннага паходжання’ (гл. смактаць), пры гэтым гоцкае слова лічыцца запазычаннем з славянскіх моў або незалежным запазычаннем з трэцяй крыніцы, гл. Бязлай, 3, 272–273; Скок, 3, 294. Аналагічна Сной₁, 585; Рэйзак, 585; Шустар-Шэўц, 1321–1322. Агляд версій гл. Глухак, 566.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)