АСТРАНА́ЎТ,

тое, што касманаўт. Тэрмін пашыраны ў ЗША і некаторых інш. краінах.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗАВО́Й (Анатоль Мікалаевіч) (н. 11.4.1942, пас. Энем Акцябрскага р-на, Адыгея),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1982), лётчык-касманаўт СССР (1982). Скончыў Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1977). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. Як камандзір здзейсніў касм. палёт разам з В.​В.​Лебедзевым на караблях «Саюз Т-5, -6, -7» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (13.5—10.12.1982). У космасе правёў 211,4 сут.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛАБАЎ (Віталь Міхайлавіч) (н. 18.6.1937, с. Старая Збур’еўка Херсонскай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1976), лётчык-касманаўт СССР (1976). Скончыў Азербайджанскі ін-т нафты і хіміі (1959), Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1974). У 1963—81 у атрадзе касманаўтаў. 6.7—24.8.1976 з Б.В.Валынавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-21» (як бортінжынер) і на арбітальнай станцыі «Салют-5». Правёў у космасе 49,3 сут.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМА́НД (Абдул Ахад) (н. 1.1.1959, Сарда, Афганістан),

першы касманаўт Афганістана. Герой Рэспублікі Афганістан (1988), Герой Сав. Саюза (1988). Скончыў політэхн. ін-т (1976, г. Кабул), Ваенна-паветр. акадэмію (1987). У 1988 у атрадзе касманаўтаў. 29.8—7.9.1988 з У.А.Ляхавым і В.У.Паляковым здзейсніў палёт (як касманаўт-даследчык) на касм. караблі «Саюз ТМ-6» і арбітальнай станцыі «Мір» (пасадка на касм. караблі «Саюз ТМ-5»). У космасе правёў 8,9 сут.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАЎ (Васіль Рыгоравіч) (23.2.1928, с. Парошына Кытманаўскага р-на Алтайскага краю, Расія — 31.12.1990),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1973), лётчык-касманаўт СССР (1973), палкоўнік. Скончыў Саратаўскі мед. ін-т (1952), Чугуеўскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1954). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 27—29.9.1973 з А.Р.Макаравым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-12» (як камандзір); 5.4.1975 з Макаравым — субарбітальны палёт на касм. караблі «Саюз 18-1». У космасе правёў 2 сут.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦА́ЕЎ (Віктар Іванавіч) (19.6.1933, г. Акцюбінск, Казахстан — 30.6.1971),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1971). Скончыў Пензенскі політэхн. ін-т (1955). З 1969 у атрадзе касманаўтаў. 6—30.6.1971 з Г.Ц.Дабравольскім і У.М.Волкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют» (як інжынер-выпрабавальнік). Пры вяртанні на Зямлю ў выніку парушэння герметычнасці кабіны касм. карабля П. і члены экіпажа загінулі. У космасе правёў 23,8 сут.

т. 12, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЁНАЎ (Уладзімір Віктаравіч) (н. 1.2.1935, в. Гібліцы Касімаўскага р-на Разанскай вобл., Расія),

расійскі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1976, 1980), лётчык-касманаўт СССР (1976). Канд. тэхн. н. (1981). Скончыў Усесаюзны політэхн. ін-т (1963). З 1973 у атрадзе касманаўтаў. Як бортінжынер здзейсніў касм. палёты: разам з В.Ф.Быкоўскім на караблі «Саюз-22» (15—23.9.1976), з Ю.В.Малышавым на караблі «Саюз Т-2» і арбітальным комплексе «Салют-6» — «Саюз-36» (5—9.6.1980). У космасе правёў 11,8 сут.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Валерый Ільіч) (н. 13.2.1939, С.-Пецярбург),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1976), лётчык-касманаўт СССР (1976). Палкоўнік ВПС (з 1993 у адстаўцы). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское інж. вучылішча імя Ф.​Э.​Дзяржынскага (1961). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. З 1981 нач. упраўлення Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 14—16.10.1976 з В.​Дз.​Зудавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-23» як бортінжынер. Правёў у космасе 2 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (н. 20.2.1943, Масква),

сав. касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1983, 1987), лётчык-касманаўт СССР (1983). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Э.​Баўмана (1969). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. Як бортінжынер здзейсніў касм. палёты з У.А.Ляхавым на караблі «Саюз Т-9» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (27.6—23.11.1983), з А.​С.​Віктарэнкам і М.​А.​Фарысам на караблі «Саюз ТМ-3» і арбітальным комплексе «Мір» (22.7—29.12.1987). У космасе правёў 309,7 сут.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Валянцін Вітальевіч) (н. 14.4.1942, Масква),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1982), лётчык-касманаўт СССР (1973), д-р тэхн. н. Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1966). З 1972 у атрадзе касманаўтаў. 18—26.12.1973 з П.І.Клімуком здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-13» (як бортінжынер); 13.5—10.12.1982 з А.М.Беразавым — палёт на касм. караблі «Саюз Т-5» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (як бортінжынер); вярнуўся на Зямлю на касм. караблі «Саюз Т-7». У космасе правёў 219,3 сут.

В.Ц.Лебедзеў.

т. 9, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)