ЦЕРАШКО́ВА Валянціна Уладзіміраўна (н. 6.3.1937, с. Масленнікава Тутаеўскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт, першая ў свеце жанчына-касманаўт. Герой Сав. Саюза (1963). Лётчык-касманаўт СССР (1963). Ген.-м. авіяцыі (у адстаўцы). Канд. тэхн. н. (1977). Засл. майстар спорту (1963). Бацькі з Беларусі. Скончыла Яраслаўскі тэхнікум лёгкай прам-сці (1960), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1969). У 1962—97 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. 16—19.6.1963 здзейсніла палёт на касм. караблі (КК) «Усход-6» (групавы палёт з КК «Усход-5», касманаўт В.Ф.Быкоўскі). У космасе правяла 2,95 сут. Залаты медаль імя Цыялкоўскага АН СССР. Імем Ц. названы кратэр на Месяцы і малая планета № 1671 («Чайка»). З 1968 старшыня К-та сав. жанчын, у 1987—92 — Прэзідыума Саюза сав. т-ваў дружбы і культ. сувязей з замежнымі краінамі, з 1994 — Рас. цэнтра міжнар. навук. і культ. супрацоўніцтва пры ўрадзе Рас. Федэрацыі.

Тв.:

Вселенная — открытый океан! М., 1964.

Літ.:

Попов Л.И.;

Касьян И.И., Кузьмичев Н.А. Четверо из космической семьи. М., 1991.

У.​С.​Ларыёнаў.

В.У.Церашкова.

т. 17, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)