панесці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. панёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі або нагрузіўшы на сябе, пачаць перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. Маці ўзяла .. [дзяўчынку] на рукі і панесла. Чорны. Назаўтра ўжо ўнук.. выступіў у паход: панёс пісьмо ў раён. Якімовіч. // перан. Перадаць, даставіць каму‑н.; распаўсюдзіць. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Маша была хворая, і вестку .. [пра карнікаў] панесла ў атрад Алеся. Шамякін.

2. Пацягнуць сілай свайго руху. Вада панесла разам і дрэва, і людзей. Маўр. Панёс віхор пуньку разам, з сенам і саламянай стрэшкай. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Іх [ліхтары] сарвала вадой і ўдаль панясло, Іх рыбацкае крышыць вясло. Танк. // Вельмі хутка памчаць, павезці. Сомік ускочыў на сані, хвасянуў знячэўку каня і той, рвануўшы з месца галопам, панёс яго праз вёску, кідаючы сані на ўхабы. Крапіва. // без дап. Памчацца стрымгалоў (пра коней). — Кабыла ў .. Цупрона была наравістая. Упудзілася раз і панясла з .. гары. Брыль.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Прымусіць ісці куды‑н., пацягнуць (пераважна ў пытальных і клічных сказах). [Надзя] гатова была бегчы адсюль, каб нікога не бачыць, ні з кім не гаварыць. Але стрымала сябе. Толькі ў думках паўтарала: «Дурніца, дурніца, і панёс жа мяне чорт з гэтым Колькам». Грахоўскі. / у безас. ужыв. — Вярніся, .. Кастусёк! Вярніся! Куды цябе панесла ў такую рань? С. Александровіч.

4. безас. чым і без дап. Падзьмуць, павеяць халодным ветрам, завірухай і пад. Пасля марозаў, што не адпускалі тыднямі, цяпер раптам усталявалася адліга; падула з захаду, панесла густым, мокрым снегам. Пташнікаў. // Перадацца па паветры (пра пахі, цяпло і пад.). Панясло спёртаю духатою і нейкім удушлівым смуродам. Гартны.

5. перан. Зазнаць што‑н. непрыемнае, цяжкае; пацярпець ад чаго‑н. Праціўніку ў радзе месц удалося пацясніць нашы войскі, але і ён панёс вялікія страты. Новікаў. — Ворагу мы не даруем, ён запл[а]ціць за ўсё і панясе кару. Маўр.

6. перан. Разм. Пачаць гаварыць што‑н. бязглуздае, пустое. Сяргей панёс і панёс, як заведзены.. Столькі пагаварыў пра нашага.. [сабаку], што мы і самі паверылі. Ваданосаў.

7. перан. Выступіць носьбітам чаго‑н. Агонь, запалены на нашым свяце, — гэта агонь юнацтва, дружбы і міру. Нязгасным панясе яго моладзь у сваіх сэрцах. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыціснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Шчыльна, з сілай наблізіць што‑н. да чаго‑н. Не спяшаючыся, [Варанецкі] адчыніў [пячатку] і, моцна пахукаўшы, прыціснуў да першага бланка. Скрыган. Партызаны ляжалі за соснамі, прыціснуўшы да плячэй прыклады вінтовак. Навуменка. // Сціснуць, заціснуць чым‑н. Воз прыціснулі рублём і абвязалі вяроўкамі. Дайліда. Дзяўчына збянтэжылася, падала Мішу руку і пашлёпала ў галёшах на босую нагу, прыціснуўшы барадой канцы хусткі. Карпюк. // Моцна абняць, прытуліць. Антоніха абняла і прыціснула да сябе дачку, пагладзіла яе тоўстыя косы і праслязілася. Гурскі. // Прычыніць боль, націснуўшы чым‑н., заціснуўшы дзе‑н. Прыціснуць палец дзвярамі. ▪ Тоўстая галіна прыціснула [раненаму] нагу. Шамякін. / у безас. ужыв. — На тралёўку з бацькам не паедзеш, — яшчэ бервяном прыцісне дзе-небудзь. Жычка. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад, моцна прыціснула да сядзення штурвала. Гамолка.

2. Прымусіць падступіць да якой‑н. перашкоды, якая не дае магчымасці манеўраваць, адступаць далей. У фашыстаў быў каварны і, як здавалася ім, лёгкі для ажыццяўлення план: выбіць партызан з пазіцый, прыціснуць да непраходнага балота. Сабаленка. — Рукі ўгору! Ні з месца! — грымнуў грозны малады голас, і дзве вінтоўкі прыціснулі Кіда да сцяны. Бяганская.

3. перан. Разм. Стварыць вельмі суровыя, неспрыяльныя ўмовы, становішча для каго‑, чаго‑н.; абмежаваць каго‑н. у чым‑н. Прыціснуць гультаёў. ▪ — Калі ж гэта нашых маленькіх панкоў-хутаранцаў прыцісне ўлада? Чарнышэвіч. [Даніла:] — От вы тут крычалі, што Загурскі прыцісне з работай. Дык і ад мяне палёгкі не чакайце. Асіпенка. / у безас. ужыв. — Як ты, Максім, быў у польскім войску, мяне так прыціснула, што давялося некалькі разоў схадзіць з кантрабандай. Машара. // Пазбавіць магчымасці адмаўляць што‑н., адпірацца ад чаго‑н. Калі мы.. прыціснулі Шыпульку, ён пачаў прызнавацца, што ездзіў не да цёткі. Кулакоўскі. Як прыціснуць Віктара, дык ён авечкай прыкідваецца і абяцае выправіцца. Ну і вераць чалавеку... Ваданосаў. // Аказаць моцнае непрыемнае, шкоднае ўздзеянне (пра хваробу, што‑н. непажаданае і пад.). Прыціснула мяне язва. Цярпення няма. Пайшоў да старога ўрача. Прокша. — Прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі. Караткевіч.

4. без дап. Разм. Узмацніцца, пабольшаць (пра мароз, халады). Была на тым тыдні адліга, потым прыціснуў мароз, цяпер зноў пацяплела і снег бліскучы, як шкло. Савіцкі.

•••

Прыціснуць хвост каму — тое, што і прышчаміць хвост (гл. прышчаміць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаць, стану, станеш, стане; зак.

1. Ступіўшы на якое‑н. месца або куды‑н., спыніцца; размясціцца ў вертыкальным становішчы. Стаць на прыступку. ▪ Данік не пайшоў да студні. Ён толькі стаў каля плота і пазіраў на Міколу — ужо з захапленнем у заплаканых вачах. Брыль. / З азначальнымі словамі, якія падкрэсліваюць асаблівасці гэтага дзеяння. Стаць прама. ▪ Не паспеў камандзір абвесці вачыма строй, як усе матросы сталі да яго бліжэй на два крокі — плячо ў плячо, дужыя, абветраныя, суровыя. Б. Стральцоў.

2. Падняцца на ногі, устаць. Дапамагчы хвораму стаць на ногі. ▪ Расце дзіцятка неўзаметку. На ногі пробуе сам стаць. Колас. / Са словамі, якія называюць частку цела, што з’яўляецца апорай пры такім становішчы. Стаць на рукі. Стаць на пальчыкі. ▪ З гэтага дня мы пачалі з нецярплівасцю чакаць, калі шчаня расплюшчыць вочы і цвёрда стане на ножкі. Бяганская. О, мядзведзь сваю ролю ведае, ролю смешную ў камедыі — стаць пацешна на заднія лапы, па-старэчаму станцаваць. Рудкоўскі. // Падняцца, задрацца ўверх (пра валасы, шэрсць). Валасы сталі тырчка на галаве ў Куляша. Шамякін.

3. Узяцца за якую‑н. работу, распачаць якую‑н. дзейнасць, звязаную са знаходжаннем на нагах. Стаць за станок. ▪ Мароз выйшаў павольна, стаў за трыбуну, узяўся абедзвюма рукамі за яе краі і зірнуў на заднія рады. Лобан. // Наогул пачаць працаваць. «Дык ты ўжо ста-аў на работу ці не?» — спагадліва пыталася гаспадыня. Кулакоўскі.

4. Запыніцца, спыніць рух (пра чалавека, жывёлу, калёсы і пад.). Міхал Тварыцкі стаў на адным месцы. Чорны. Ды раптам стаў на месцы конь. Смагаровіч. Калі дарога пачала падымацца ўгору, гняды стаў. Чарнышэвіч. Падводы сталі — уперадзе была рэчка. Капыловіч.

5. Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра механізмы, заводы, фабрыкі і пад.). Сівец цяпер за сталом ля сцяны даставаў галавой аж да ходзікаў. Андрэй убачыў, што ходзікі сталі. Пташнікаў. [Здэховіч:] Я вам [сялянам] выпасу не дам — ваша скаціна падохне, вы не дасце бульбы — мой бровар стане. Вітка. // перан. Перастаць развівацца, рухацца наперад; спыніцца. Увесь базар сабраўся, і гандаль усякі стаў. Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі. На дзень станеш — на два адстанеш. Прыказка. / у паэт. ужыв. Наша сэрца — не стане — шматмільённа яно. Кляшторны.

6. Замерзнуць (пра раку). Назаўтра мароз хоць і памацнеў крыху, але яго моцы яшчэ не хапала на тое, каб надзейна стала рака. Кулакоўскі. Сож стаў летась позна, а снег лёг яшчэ пазней: нешта ажно на Новы год. Карамазаў.

7. З’явіцца, падняцца над зямлёй, гарызонтам. Туман стаў над рэчкай. ▪ У поўдзень, як стане сонца над самай галавой, рэйкі награюцца так, што па іх боязна ступіць босай нагой. Навуменка. / Пра хмары. Ой вы, хмары, што вы сталі? Што вы неба нам заслалі? Колас. // Пастаць, наступіць (звычайна пра пагоду, поры года). Адліга стала на дварэ, цёпла, — сказаў Астап, падаючы старому руку. Чорны.

8. Часова размясціцца дзе‑н. (на адпачынак, пастой, стаянку). Наехалі уланы-палякі Да сталі на пастой... Чарот. [Афіцэр:] — Што ж, ёсць вада і паша, Дык станем на папас. Лужанін. // Зняць кватэру, пакой у каго‑н. Валя зразумела гэтую недарэчнасць адразу і хацела стаць на кватэру там, у Сябровічах, але дырэктар МТС і старшыня калгаса запратэставалі. Шамякін. Стаў на кватэры ў старэнькім ашаляваным доміку, у пажылых гаспадароў-пенсіянераў... Далідовіч.

9. перан. Падняцца для барацьбы з кім‑н., на абарону чаго‑н. Я не знаю большай чэсці, Як святы доўг чэсна несці — Стаць на абарону. Колас.

10. перан. Заняць якую‑н. пазіцыю ў адносінах да каго‑, чаго‑н., прытрымлівацца якіх‑н. поглядаў, ацэнак. Перад панам тым з Канева Смела дзеўка стала. Купала. Сцёпка стаў на грунт крытыкі, каб хоць гэтым насаліць «комплексам». Колас. У канцы месяца лютага Зосю выклікалі ў суд стаць за сведку. Чорны.

11. Памясціцца, размясціцца на якім‑н. месцы (пра прадметы). Шафа тут не стане.

12. Узнікнуць, з’явіцца. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі, — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. // Напаткацца, паявіцца перад вачыма і пад. Але вось вялікі шэры будынак пошты стаў на рагу і засланіў сонца. У яго цяні адразу адчуўся непрыемны зімовы халадок. Каршукоў.

13. Адбыцца, здарыцца, зрабіцца. Матуля выпраўляла Нас да бацькоў сваіх: — Каб тут чаго не стала, Пабудзьце ля старых. Гілевіч. Як гэта стала з табою, мой дружа, як гэта стала, Як адбылося, што сёння не ўспомніў ты, дружа, Дзе цябе маці з хаты ў свет выпраўляла. Кірэенка. // перан. Ператварыцца, набыць новыя якасці. Ён і яна не агледзеліся, Як дарога сцежкаю стала. Куляшоў. Хто кажа, што мы пастарэлі? Мы сталымі сталі, мы проста душой падабрэлі. Панчанка. Двор, ціхенькі даволі, Бязлюдны ў час такі, Люднеў, люднеў паволі І стаў як вір ракі. Калачынскі. / у безас. ужыв. Яна [Марына] ўсе выплакала слёзы, Але не стала ёй лягчэй. Колас. Нідзе стала добра на душы, яна хадзіла з дзяўчатамі і многа-многа балбатала. Лобан. Шуру стала сумна, нечым цяжкім сцяло грудзі. Ставер.

14. Заступіцца за каго‑н. [Спорык:] — Я за таварыша стану заўсёды! Брыль.

15. Замяніць каго‑н. у чым‑н. Ну а за бацьку стаў дзядзька Чужы мне І свой, бо да цёткі прыйшоў прымаком. Прыходзька.

16. безас., каго-чаго (толькі з адмоўем). Перастаць існаваць, памерці. Пяць год мінула, Як цябе [Я. Купалы] не стала. Астрэйка. Жыў чалавек па свеце, пайшоў не па той дарозе, заблытаўся, і не стала яго. Ваданосаў. // Знікнуць. Калі вады не стала, паспрабаваў дастаць са студні, як гэта рабіла маці, але не змог. Няхай. Калі бомба забіла цёцю Веру, тады не стала і школы. Лынькоў. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. А. Александровіч.

17. безас. Хапіць. Я чытаў новы рукапіс маладога аўтара. Цікавы. І вельмі баяўся: стане яму матэрыялу на чарговую рэч? Лужанін. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў .. [Лабановіча] шчасцем, і яму здавалася, што гэтага шчасця стане надоўга. Колас.

18. Ужываецца ў саставе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑, чым‑н. Стаць матэматыкам. ▪ І чаму не стаў я лесніком, Лес мой, брат мой... Быў бы я тваім замком І тваёю брамай. Пысін. Я гляджу, і здаецца; расплачуся я: Вось якой прыгажуняй ты [настаўніца] стала! Гілевіч.

19. Выкарыстоўваецца ў саставе дзеяслоўнага выказніка ў значэнні дзеяслова «пачаць». Тут жа ля воза [Васіль] уткнуў кассё ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Мележ. Міколка стаў наразаць хлеб на стол. Лынькоў.

•••

Валасы сталі дыбарам (дыбам) гл. волас.

Ні стаць ні сесці — так цесна, што няма дзе павярнуцца.

Стаць валам — выступіць дружна, усёй грамадой.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) — атрымаць уладу, пачаць кіраваць дзяржавай, узначаліць.

Стаць (перайсці) на бок каго — далучыцца да чыёй‑н. думкі, заступіцца за каго‑н.

Стаць на вахту — пачаць самааддана працаваць у гонар чаго‑н.

Стаць (стаяць) на дарозе чыёй, у каго (на шляху чыім, у каго); стаць (стаяць) папярок дарогі каму — перашкодзіць (перашкаджаць) каму‑н. у чым‑н. (звычайна ў дасягненні якой‑н. мэты).

Стаць на дыбкі — рэзка запярэчыць. [Андрэй:] — Старшыня калгаса стаў на дыбкі, як дачуўся. «Вазьміце, кажа, двух другіх за яго аднаго». Цэніць, бачыш, цябе. Пальчэўскі.

Стаць на калені — пакарыцца, падпарадкавацца каму‑н.

Стаць на лыжы — пачаць хадзіць на лыжах.

Стаць на (сваё) месца — прыйсці ў парадак.

Стаць на ногі — а) зрабіцца самастойным; узмужнець; заняць нейкае месца ў грамадстве і пад. — Нам палягчэе жыць, старым: Кандрат наш стаў на ногі. Смагаровіч; б) паправіць свае справы. — Дадзім каня, сусед! Дадзім! А Абмяркуем. На ногі станеш спакваля... Бялевіч. [Кірыла:] — Гэта нялёгка дасца, але мы ў сілах хутка стаць на ногі. Гурскі; в) паправіцца пасля хваробы. Неўзабаве .. [партызанка] стала на ногі і пачала рыхтавацца да звароту ў партызанскі атрад, у родную Беларусь. Дудо.

Стаць на свой хлеб — пачаць самастойнае жыццё.

Стаць на ўлік — зарэгістравацца ў спісах якой‑н. арганізацыі.

Стаць на чаргу — уключыць сябе ў спіс асоб, якія атрымліваюць што‑н. у парадку чарговасці.

Стаць на шлях чаго, які — пачаць дзейнічаць або развівацца ў пэўным кірунку.

Стаць на якар — тое, што і кінуць якар (гл. кінуць).

Стаць слупам — здранцвець ад нечаканасці; спыніцца ў нерухомасці.

Стаць сцяною — выступіць дружна, усе як адзін.

Стаць у позу — знарок заняць неапраўданую пазіцыю (у спрэчцы, вырашэнні якога‑н. пытання і пад.).

Стаць у строй — зрабіцца працаздольным.

Стаць у тупік — трапіць у безвыходнае становішча; збянтэжыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)