прыціснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Шчыльна, з сілай наблізіць што‑н. да чаго‑н. Не спяшаючыся, [Варанецкі] адчыніў [пячатку] і, моцна пахукаўшы, прыціснуў да першага бланка. Скрыган. Партызаны ляжалі за соснамі, прыціснуўшы да плячэй прыклады вінтовак. Навуменка. // Сціснуць, заціснуць чым‑н. Воз прыціснулі рублём і абвязалі вяроўкамі. Дайліда. Дзяўчына збянтэжылася, падала Мішу руку і пашлёпала ў галёшах на босую нагу, прыціснуўшы барадой канцы хусткі. Карпюк. // Моцна абняць, прытуліць. Антоніха абняла і прыціснула да сябе дачку, пагладзіла яе тоўстыя косы і праслязілася. Гурскі. // Прычыніць боль, націснуўшы чым‑н., заціснуўшы дзе‑н. Прыціснуць палец дзвярамі. ▪ Тоўстая галіна прыціснула [раненаму] нагу. Шамякін. / у безас. ужыв. — На тралёўку з бацькам не паедзеш, — яшчэ бервяном прыцісне дзе-небудзь. Жычка. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад, моцна прыціснула да сядзення штурвала. Гамолка.

2. Прымусіць падступіць да якой‑н. перашкоды, якая не дае магчымасці манеўраваць, адступаць далей. У фашыстаў быў каварны і, як здавалася ім, лёгкі для ажыццяўлення план: выбіць партызан з пазіцый, прыціснуць да непраходнага балота. Сабаленка. — Рукі ўгору! Ні з месца! — грымнуў грозны малады голас, і дзве вінтоўкі прыціснулі Кіда да сцяны. Бяганская.

3. перан. Разм. Стварыць вельмі суровыя, неспрыяльныя ўмовы, становішча для каго‑, чаго‑н.; абмежаваць каго‑н. у чым‑н. Прыціснуць гультаёў. ▪ — Калі ж гэта нашых маленькіх панкоў-хутаранцаў прыцісне ўлада? Чарнышэвіч. [Даніла:] — От вы тут крычалі, што Загурскі прыцісне з работай. Дык і ад мяне палёгкі не чакайце. Асіпенка. / у безас. ужыв. — Як ты, Максім, быў у польскім войску, мяне так прыціснула, што давялося некалькі разоў схадзіць з кантрабандай. Машара. // Пазбавіць магчымасці адмаўляць што‑н., адпірацца ад чаго‑н. Калі мы.. прыціснулі Шыпульку, ён пачаў прызнавацца, што ездзіў не да цёткі. Кулакоўскі. Як прыціснуць Віктара, дык ён авечкай прыкідваецца і абяцае выправіцца. Ну і вераць чалавеку... Ваданосаў. // Аказаць моцнае непрыемнае, шкоднае ўздзеянне (пра хваробу, што‑н. непажаданае і пад.). Прыціснула мяне язва. Цярпення няма. Пайшоў да старога ўрача. Прокша. — Прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі. Караткевіч.

4. без дап. Разм. Узмацніцца, пабольшаць (пра мароз, халады). Была на тым тыдні адліга, потым прыціснуў мароз, цяпер зноў пацяплела і снег бліскучы, як шкло. Савіцкі.

•••

Прыціснуць хвост каму — тое, што і прышчаміць хвост (гл. прышчаміць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)