Та́ранікі ’аладкі з бульбы, дранікі’ (Ян.), адз. л. та́ранік ’тс’, та́ранка ’бабка’ (Мат. Гом.), та́рнікі ’аладкі’ (Сцяшк.). Утворана ад та́раны ’цёрты на тарцы’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), гл. тарыць. Запрудскі (дыс., 112) параўноўвае з серб.-харв. тара̀на ’цёртае цеста’, макед. тарана ’сушаныя крупы з цеста і ежа з іх’ (відаць, памылкова, бо гэта балканскі турцызм з тур. tarhana ’тс’; Скок, 3, 444) і (з пытальнікам) рус. та́рань ’зброд, вырадкі’ (без пэўнай этымалогіі, гл. Фасмер, 4, 22); фармальна супадае з серб.-харв. та́рањ ’бандарны інструмент для стругання клёпак’, што, паводле Скока (3, 512), звязана з tr̥ti (тр̏ти), гл. церці. Магчыма, сюды і чэш. дыял. taraňa ’сухія грушы, размятыя ў малацэ’ (Махэк₂, 636: няясна). Незвычайная рэфлексацыя слова можа сведчыць пра польскі ўплыў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарас1, ст.-бел. тарасъ ’рухомае абложнае прыстасаванне; заслону’ (1568 г., КГС), ’заслона; турма’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. та́ра́с ’хмызняк; галлё для гаці’, рус. та́рас ’апора’, ст.-рус. тарасъ ’рухомае прыстасаванне пры аблозе’, польск. taras ’штучны насып; тэраса; вежа, турма’. Выводзяцца праз польскую мову з с.-в.-ням. tarraz ’земляны насып’, франц. terrasse ’тс’ з нар.-лац. *terrācea ад лац. terra ’зямля’ (Брукнер, 565; Булыка, Лекс. запазыч., 190; Трубачоў, Дополн., 4, 23; ЕСУМ, 5, 521; Махэк₂, 636). Параўн. тэраса, гл.

Тара́с2 ’пра жанчыну або дзяўчыну, што сваім выглядам або паводзінамі падобна да мужчыны’ (мазыр., Грыгор’еў, вусн. паведамл.). Да мужчынскага імя Тарас (< грэч. Τεράσιος), магчыма, пад уплывам Кур’ян (Бірыла, Бел. антр. 2), суадноснага з кур’ян ’курыца з прыкметамі пеўня’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́е1 — указальны займеннік н. р. ад той (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Федар. 4, Вруб., Бяльк.), то́я ’тс’ (Цых.), то ’тс’ (Бяльк.), тэ ’тс’ (ТС), тэ́е ’тс’ (Нас., ТС, Бяльк.), можа выступаць і ў якасці злучніка то (Нас.). Параўн. таксама сумеснае ўжыванне з часціцай то ў niby to tóje ’як бы нічога’ (Федар. 4), як па татэ́ ’як на зло’ (ТС), натото́е ’наўмысна, на зло’ (драг., З нар. сл.), аналагічнае спалучэнню з ж (гл.): jak tojeż, tak tojeż ’нібы на зло’ (Федар. 4). Да той, гл.

То́е2 ’званочак, Campanula persicifolia L.’ (Бейл.). Магчыма, табуізаваная назва ад той (гл.) або *то е ’гэта ёсць’, параўн. польск. toje, tojeść (< to jest) як назвы чарадзейных і атрутных раслін (Брукнер, 362). Параўн. тоя, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трактава́ць1 ’разглядаць, абгаворваць’, ’даваць тлумачэнне’, ’разумець, тлумачыць’ (ТСБМ), ’меркаваць, разважаць, ацэньваць’ (Цых.), ст.-бел. трактовати ’весці перагаворы’, ’тлумачыць, разважаць’ (1595 г.). Са ст.-польск. traktować ’трактаваць’, ’адносіцца да каго-небудзь, абыходзіцца з ім’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’весці перагаворы, абмяркоўваць, дамаўляцца’, ’трактаваць’, ’ведаць і ўмець’.

Трактаваць2 ’частаваць’, ’абдорваць’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Шат., Байк. і Некр., Нар. Гом., Янк. БП), трахтава́ць ’тс’ (Бяльк., Федар. 5, Сцяшк. Сл.), ст.-бел. трактова́ти ’частаваць’ запазычана са ст.-польск. traktować ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’аказваць гасціннасць, частаваць’. Параўн. таксама ст.-бел. трактамент ’пачастунак’ (1711 г.), якое са ст.-польск. traktament ’пачастунак’, ’прыём’ < лац. tractamentum ’тс’ (Брукнер, 574; Голуб-Ліер, 486; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траі́ць ’тройчы пераворваць зямлю’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Др.-Падб.), ’зябліць — араць увосень’ (валож., ЛА, 2), троі́ты ’траіць’ (іван., ЛА, 2), ’трэці раз пераворваць зямлю’ (Нас., Шат., Касп.; вільн., бярэз., Сл. ПЗБ; гродз., мін., паўд.-усх. віц., маг., гом., ЛА, 2), ’араць поле другі раз’ (Бяльк., Пятк. 1), тро́іць ’тройчы араць поле — увосень, ранняй вясной і перад сяўбой’ (Янк. 1). Магчыма, балтызм. Параўн. літ. trẽjiti ’траіць’: суф. ‑(i)n‑ захаваўся ў бялын, трайні́ць, бярэз. траяні́ць ’траіць’ ці ў мядз. трае́нь падымаць (ЛА, 2), трае́ннік ’той, хто арэ ворыва другі раз’ (Юрч. Вытв.), трае́ніна ’некалькі разоў пераворанае поле’ (стаўб., Ск. нар. мовы), трое́ніна ’абложная зямля’ (лун., ДАБМ, камент., 858). Параўн., аднак, балг. радоп. тро́е̂м ’пераціраць, размінаць’ (БД, 2), што да *terti (гл. церці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́йчы ‘трайчасты’ (Байк. і Некр.), ‘тры разы, утрая’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Растарг., Сержп. Прык.), трэ́йчы ‘тс’ (Федар. 2, Пятк. 2, Кліх), тро́йча ‘тс’ (Нар. Гом.), тры́йчы (трійчи) ‘тс’ (Нас.), трычы, трычі ‘тс’ (арш., Мат.; Бес.), ст.-бел. тройчи, треичы ‘тс’ (ГСБМ). Утвораны ад зборнага лічэбніка trojь і іменнай формы *jьtjь ‘ход’ ад дзеяслова *jьti ‘ісці’ (ЭССЯ, 5, 193; ЕСУМ, 5, 642) падобна, як ст.-слав. форма на ‑жды, якая з *šьdy < дзеепрыметнік *šьdъ (< xoditi ‘хадзіць’). Інакш — Карскі (Белорусы, т. II, вып. 2, Варшава, 1911, с. 91) і Шуба (Прыслоўе, 56–57): суфіксальны элемент ‑ч‑ збліжаецца з ‑ц‑ (параўн., стараж.-рус. двоица, троица, балг. двоица, троица, макед. двајца, четворица) і ўзводзіцца да ‑к‑, параўн. трэ́йко ‘трыкроць’ (ТС; гом., Рам. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тулу́п ‘доўгі кажух’ (Бяльк.), ‘кажух’ (Сцяшк., Пятк. 2, ПСл), ‘тс’ (валож. і ўсх.-бел., ЛА, 4). Відаць, запазычана з рус. тулу́п ‘тс’, параўн.: “Доўгі да пят кажух прамога крою з шырокім каўняром называўся тулупам. Служыў ён дарожным адзеннем і быў характэрны для Магілёўскай губерніі” (Бел. нар. адзенне, 60), а таксама, магчыма, праз дэфармаваную назву tołpy мн. л. у польскай гаворцы на беларускай аснове на Сейненшчыне: długʼe takʼe kožuxʼi šylʼi, tolpy nazywalʼі (Тэксты, 24); у каментарыі Т. Зданцэвіча ідэнтыфікуецца з tołuby, гл. тулаб. Змяшэнне названых лексем дэманструе tołúp ‘туша, сала, цалкам знятае са свінні, якое потым рэжуць на кавалкі’ (Пятк. 1, 134), tołúb, túłub ‘тс’ (Пятк. 3, 7, 340). Сюды ж тулу́павішча ‘тулава’ (воран., Сл. ПЗБ) у выніку кантамінацыі лексем тулу́п і ту́лавішча (гл. тулава).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

версіфікацыя, сістэма гукавой арганізацыі вершаванай мовы на аснове пэўнай рытміка-інтанацыйнай суладнасці і перыядычнасці. У адпаведнасці з культ. традыцыямі і прасадычнымі асаблівасцямі мовы еўрап. вершаскладанне падзяляецца на дысметрычнае (несувымернае) і метрычнае (размеранае, урэгуляванае). Адзінка сувымернасці вершаў у розных мовах — склад. Асн. фанетычныя характарыстыкі склада (складаўтваральнага галоснага) — вышыня, даўжыня і сіла. Упарадкавацца можа як агульная колькасць складоў (сілабічнае вершаскладанне), так і колькасць складоў пэўнай вышыні (меладычнае вкршаскладанне), даўжыні (антычнае, або метрычнае вершаскладанне) і сілы (танічнае вершаскладанне). Звычайна гэтыя фанетычныя прыкметы ўзаемазвязаны, таму існуюць сістэмы, заснаваныя на дзвюх і больш прыкметах (напр., сілаба-меладычнае, сілаба-метрычнае, сілаба-танічнае вершаскладанне). У розных мовах розныя сістэмы вершаскладання развіваюцца па-рознаму. Напр., у рус. мове, дзе вышыня і даўжыня гукаў не з’яўляюцца фаналагічнымі (сэнсавызначальнымі), не развілося меладычнае і метрычнае вершаскладанне. У франц. мове, дзе таксама не фаналагічны націск у слове, не развіліся танічнае і сілаба-танічнае вершаскладанне. Разам з тым не ўсе сістэмы, прыдатныя для пэўнай мовы, атрымліваюць аднолькавае развіццё (напр., стараж.-грэч. мова дазваляла пашырэнне і метрычнага, і танічнага, і сілабічнага вершаскладання, а пераважным стала метрычнае).

У бел. паэзіі склаліся 2 віды дысметрычнага вершаскладання — інтанац.-сказавае і танічнае, або акцэнтнае. Першы з іх заснаваны на гукавой уладкаванасці пэўных сінтаксічных частак ці перыядаў паэт. фразы (напр., стараж. ўзоры нар. паданняў, асобныя ўрыўкі «Слова пра паход Ігараў»). Танічны верш заснаваны на раўнамернасці т.зв. моцных акцэнтаў у рытмарадзе, якія падкрэсліваюць сэнсавую і структурную ролю пэўных слоў. Да танічнага верша звярталіся амаль усе бел. пісьменнікі (паэма «Безназоўнае» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Найб. развітыя і арыгінальныя ўзоры антычнага вершаскладання ёсць у творчасці бел. паэтаў-лаціністаў 16—17 ст. Я.Вісліцкага, М.Гусоўскага і інш. Зараджэнне бел. сілабікі ў 16—17 ст. звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага. Нягледзячы на сваю неадпаведнасць прасодыі бел. мовы, сілабічнае вершаскладанне праіснавала амаль да канца 19 ст. і было важным этапам у гіст. развіцці нац. паэзіі. У творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. прадстаўнікоў новай бел. л-ры сілабічнае вершаскладанне мадэрнізавалася і ўзбагацілася. Пад уплывам нар.-песенных формаў, жывых традыцый гутарковай мовы яно прыкметна танізавалася, набліжаючыся да сілаба-танічнага гучання (пачатак паэмы «Гапон» Дуніна-Марцінкевіча). Паралельна з гэтым у пач. 19 ст. пад уплывам рус. і ўкр. літаратур зарадзілася і бел. сілабатоніка (паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). Працэс сінтэзу сілабічных і танічных прынцыпаў вершаскладання завяршыўся ў канцы 19 ст. (цыкл «Песні» Багушэвіча, вершы і байкі Я.Лучыны, А.Гурыновіча). У пач. 20 ст. сілаба-танічнае вершаскладанне стала пануючым у бел. паэзіі. Для яго характэрна максімальная танізацыя вершаванай мовы, кандэнсацыя энергіі рытму на самых значных у сэнсавых адносінах словах, шырокае выкарыстанне сродкаў эмац. падкрэслівання (эмац. звароты і выклічнікі, паўзы, міжрадковыя пераносы, паўторы, гукаперайманні). Істотную выяўл. ролю адыгрывае страфа як вышэйшая форма арганізацыі верша. У сувязі з далейшым паглыбленнем сац.-эстэтычных і філас. асноў сучаснай бел. паэзіі побач з традыц. формамі сілабатонікі ўсё большае пашырэнне набывае свабодны верш, які будуецца на чаргаванні эквівалентных па гучанні рытмарадоў, аб’яднаных адзінствам думкі, дынамізмам унутр. лірычнай плыні.

Літ.:

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. М., 1964;

Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мн., 1987.

М.М.Грынчык.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існуе ў Гомелі з ліст. 1954. Адкрыўся спектаклем «Гады вандраванняў» А.Арбузава. Напачатку ставіліся пераважна п’есы сав. драматургаў: «Гісторыя аднаго кахання» К.Сіманава, «Крылы» А.Карнейчука, «У добры час!» В.Розава, «Каханне Ані Бярозкі» У.Пісталенкі і інш. З 1956 у рэпертуары пачалі з’яўляцца бел. творы: «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна, «Непрымірымасць» і «У бітве вялікай» А.Маўзона. Зрэдку ставіліся класічныя п’есы: «Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вегі, «Дон Сезар дэ Базан» А.Дэнеры і Ф.Дзюмануара, «Васа Жалязнова» М.Горкага. Канец 1950 — пач. 1960-х г. у творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Л.Эльстона і Ю.Арынянскага. Сярод значных пастановак: «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Сэрца на далоні» І.Шамякіна, «Выклік багам» А.Дзялендзіка, «Угрум-рака» паводле В.Шышкова, «Інтэрвенцыя» Л.Славіна, «Перад вячэрай» Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага, «Зімовая казка» У.Шэкспіра. Асабліва плённай была дзейнасць т-ра ў 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. (маст. кіраўнік І.Папоў), калі стабілізаваўся акцёрскі калектыў, вырасла выканаўчае майстэрства. Спектаклі вызначаліся творчым пошукам, глыбінёй спасціжэння драматургіі, псіхалагізмам, тонкай распрацоўкай характараў, сцэн. культурай, ансамблевасцю. Сярод лепшых пастановак: «Любоў Яравая» К.Транёва, «Разлом» Б.Лаўранёва, «Пасля пакарання смерцю прашу...» В.Долгага, «Маё сэрца з табою» Ю.Чупрына, «Не трывожся, мама!...» Н.Думбадзе, «Беспасажніца» і «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Тры сястры» А.Чэхава, «Атэла» Шэкспіра. Цікавае сцэн. ўвасабленне набылі «Легенда пра песню няспетую» М.Пало і Папова, «Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага, «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Грэшнае каханне» і «Амазонкі» Дзялендзіка. Спектаклі «Жыццё ўсяго адно» А.Маўзона, «Залатая карэта» Л.Лявонава і «Першы грэх» А.Каламійца (рэж. усіх Папоў) у 1972 адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі. У 2-й пал. 1970-х г. т-р перажыў перыяд творчай нестабільнасці, істотныя змены адбыліся ў трупе. Канец 1970 — 1-я пал. 1980-х г. звязана з дзейнасцю рэж. В.Кручкова, які асаблівую ўвагу надаваў знешняй культуры, дынамізму, пластыцы, музыкальнасці пастановак. Сярод іх: «Жывы партрэт» А.Марэта, «Як вярнуць мужа?» («Ілгуха») Л.Эніка і А.Дадэ. Значнымі былі пастаноўкі бел. твораў: «Подых навальніцы» паводле І.Мележа, «Ладдзя роспачы» паводле У.Караткевіча, «Гора і слава» А.Петрашкевіча, «Узлёт» А.Дударава. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. т-р зноў апынуўся ў крызісным становішчы. Спектаклі не вызначаліся навізной, маст. вартасцю. З 1993 маст. кіраўнік т-ра У.Караткевіч. Сярод пастановак апошніх гадоў: «Паўлінка» Я.Купалы, «Звар’яцелы Альберт» С.Кавалёва паводле Я.Баршчэўскага, «Купала» А.Дударава, «Цудоўная казка — прыгожая песня» А.Міхайловіча паводле бел. нар. казак «Лёгкі хлеб» і «Музыкі», «Прыгажун-мужчына» А.Астроўскага, «Тайна адной споведзі» Б.Васільева, «Гульня і не больш» Д.Фо. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: М.Цурбакоў, Л.Гамуліна, Л.Гарбунова, Т.Скарута, С.Давыдаў, А.Г. і А.С.Каменскія, М.Маліноўскі, У.Слаўкоў, М.Кукліна, Р.Сувораў, Л.Усанава, Я.Дашкоў, Л.Сторажава, П.Філіпаў; рэжысёры: С.Гурыч, Я.Батурын, Б.Насоўскі, В.Шутаў, В.Яснагародскі, Г.Вагаў, В.Бартосік; мастакі: А.Ясафава, А.Свішчоў, М.Гафт, А.Белазёраў, А.Кляўзер, Дз.Мохаў. У складзе трупы (1997): нар. арт. Беларусі Н.Карнеева, засл. арт. Беларусі Ф.Іваноў, Л.Лаўрыновіч, М.Пало, В.Чэпелеў, Ю.Шэфер і інш.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (праект 1941, арх. А.Тарасенка). Прамавугольны ў плане аб’ём мае сіметрычную прасторавую кампазіцыю. Па гал. восі размешчаны цэнтр. ўваход, вестыбюльная група памяшканняў, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэн. каробка. Гал. фасад уяўляе сабой 6-калонны порцік з франтонам, багата дэкарыраваны скульптурай. Калонам карынфскага ордэра адпавядаюць пілястры па перыметры будынка. Інтэр’еры асн. памяшканняў аздоблены лепкай.

А.В.Сабалеўскі, А.А.Воінаў (архітэктура).

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калаўро́т ’прыстасаванне для ручнога прадзення кудзелі, якое прыводзіцца ў рух панажом’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., П. С., Сцяшк., Шат.), калаўротак ’тс’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам., Сцяц. Нар.; лях., Янк. 1, Сцяц. Нар., Сцяшк. МГ), калаўротка ’тс’ (івац., Бір. Працы IM, 6), калаўрот ’прыстасаванне для падымання грузаў: вал з ручкай, на які намотваецца канат, ланцуг’ (ТСБМ), ’свердзел’ (Касп.), ’рухавік з кола, якое прыводзіць у бег санкі на лёдзе’ (Касп.), ’месца на лёдзе, дзе кола надзета на забіты кол і пры дапамозе жэрдкі прыстасавана для катання санак па крузе’ (Яшк., эскцэрпцыя з БелСЭ), кылаўрёт ’частка самапрадкі’, ’прылада для разматвання маткоў’ (Бяльк.), ковроток ’самапрадка’ (Уладз.), калаваруот ’тс’ (Серж. Грам.), коворыдка, ковориток ’тс’ (Уладз.). Адносна гісторыі рэаліі параўн. у Нікіфароўскага, Очерки, 174: «Самопрялка… появляется позже и вытесняет веретено и прялку». Укр. усх.-палес. коловороток ’самапрадка’ і калаварот ’корба ў студні’, рус. шуйск., уладз. калаброд ’самапрадка’? ’кросны’?, кастр. калаброды ’у кроснах прыстасаванне для навівання цэвак’, рус. коловорот ’ручны свердзел’, дыял. коловрат як назва тэхнічных прыстасаванняў, пск. коловорот ’загіб, паварот ракі’ і пск., цвяр. коловрат ’тс’. Рус. паралелі не даюць падстаў сцвярджаць аб магчымасці існавання непаўнагалоснага варыянта ад прасл. *vr̥těti на ўсх.-слав. тэрыторыі. Рус. калаброд наогул выглядае як сапсаваная пры запазычанні лексема. Верагодна, для непаўнагалосных бел. слоў факт іх запазычання нельга аспрэчваць. Больш цяжка вытлумачыць тыя факты, дзе значэнне ’кола для катання санак’ можа ўказваць на спрадвечнасць слова. У такім разе замену поўнагалоснай формы няпоўнагалоснай можна разумець як уплыў запазычанай, сэнсава блізкай лексемы. Сумнявацца ў тым, што ў бел. мове былі і ёсць кантынуанты прасл. злучэння kolovortъ (аб якім гл. Слаўскі, 2, 373) няма прычын (параўн. калаварот), аднак паслядоўны паралелізм фармальна розных структур вытлумачыць без іншамоўнага ўплыву цяжка. Параўн. яшчэ коурат (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)