СТРЫЖЫ́ (Apodes, або Apodi),

падатрад птушак атр. даўгакрылых. Вядомы з ніжняга эацэну (каля 85 млн. г. назад).

2 сям.: С. чубатыя (Hemiprocnidae) — 4 віды, пашыраны ад паўд. Індыі да Новай Гвінеі, і ўласна С. (Apodidae) — 18 родаў, 82 віды, пашыраны паўсюдна, акрамя палярных абласцей. У палёце самыя хуткія з птушак (скорасць С. іглахвостых да 300 км/гадз). Гняздуюцца ў расколінах скал, дуплах, пад стрэхамі пабудоў і інш. Ва ўмераных шыротах пералётныя, у тропіках — аселыя. На Беларусі 1 від — С. чорны (Apus apus), нар. назва шкурат.

Даўж. цела да 33 см, маса да 140 г. Апярэнне зверху цёмнае. Дзюба кароткая, шырокая, рот вялікі. Крылы доўгія, вострыя. Ногі кароткія, у большасці відаў усе 4 пальцы накіраваны ўперад, каб зачапляцца кіпцюрамі за выступы гнязда. Кормяцца (насякомымі) і п’юць у палёце. Маюць развітыя слінныя залозы, выдзяленні якіх выкарыстоўваюць пры пабудове гнёзд. Манагамы. Адкладваюць да 6 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Стрыжы: 1 — малы; 2 — чорны; 3 — чубаты.

т. 15, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)