СМЯЛКО́ЎСКІ Леанід Аляксандравіч (17.3.1933, в. Радунь Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 24.8.1995),

бел. дамрыст, дырыжор, кампазітар. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыў Бел. кансерваторыю (1959). У 1956—60 выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы імя М.​Глінкі. З 1958 артыст, з 1960 маст. кіраўнік секстэта домраў, з 1971 маст. кіраўнік, у 1983—93 артыст Камерна-інстр. ансамбля Бел. тэлебачання і радыё. Выканальніцтву С. ўласцівы вытанчаная каларыстычная аркестроўка, меладызм, інтанацыйная выразнасць. Яго муз. творы вылучаюцца вобразнай разнастайнасцю, спалучэннем віртуознасці, гарманічнасці і лірызму. Аўтар араторыі для сімф. арк. і хору на вершы кубінскіх паэтаў «На Кубу прыходзіць дзень» (1962), квінтэта для 2 скрыпак, альта, віяланчэлі і фп. (1965), вак. цыкла «Званы» для голасу з арк. на вершы Ф.​Гарсія Лоркі (1971), 5 паэм для хору «Магеланавы воблакі» (1978), уверцюры на бел. тэмы (1979), рамансаў і песень на словы бел. паэтаў, апрацовак нар. песень («Ох і сеяла Ульянаўна лянок», «Дубочак зялёненькі», «Каля майго церама»), аранжыровак твораў бел. кампазітараў.

А.​В.​Скорабагатчанка.

т. 15, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)