СТРУ́ЕЎ Віктар Іванавіч (4.4.1864, Масква — 12.7.1924),

бел. архітэктар. Скончыў Строганаўскае вучылішча і вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892) у Маскве. З 1893 у Мінску, епархіяльны архітэктар, у 1914 выкладчык малюнка ў жан. епархіяльным вучылішчы, інжынер буд. адзела губ. праўлення МУС, з 1915 губ. архітэктар. З 1920 архітэктар рэсп. пададдзела К-та дзярж. збудаванняў. У 1921 дэкан арх. аддзялення Мінскага арх.-буд. дарожнага тэхнікума, адначасова архітэктар Нар. камісарыята асветы, у 1923 акруговы архітэктар Зах. мытнай акругі, у 1924 Мінскі гар. архітэктар. Паводле яго праектаў узведзены: Мінская царква Аляксандра Неўскага, будынак Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, званіца Барысаўскага Васкрасенскага сабора, мураваныя цэрквы ў г. Лунінец (1907), г.п. Любча (1908), вёсках Зембін Барысаўскага (1901), Камень Валожынскага, Мядзведзічы Ляхавіцкага (1904), Латыголічы Чашніцкага (1906), Тарасава Мінскага (1908) р-наў. У 1909—12 выканаў праекты мураваных будынкаў школ для гарадоў Тураў, Заслаўе, вёсак Ракаў Мінскага (узорныя), Даманавічы Салігорскага, Бабчын Хойніцкага р-наў. Распрацаваў 5 тыпавых праектаў царк.-прыходскіх школ (1912).

В.​М.​Чарнатаў.

т. 15, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)