ЖЫГІМО́НТ I Стары

(1.1.1467—1.4.1548),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1506—48], у ВКЛ Жыгімонт II. Сын Казіміра IV Ягелончыка. Ад старэйшага брата, караля Чэхіі і Венгрыі Уладзіслава II, атрымаў у Сілезіі Глогаўскае (1498) і Опаўскае (1501) княствы, у 1504 прызначаны каралеўскім намеснікам Сілезіі, потым Лужыцы. Пасля смерці вял. кн. ВКЛ і караля польскага Аляксандра абраны на пасад ВКЛ (20.10.1506) і польск. каралём (8.12.1506). Унутр. палітыка Ж. I была накіравана на ўмацаванне дзярж. улады, аднак вайск. і фін. рэформы, спробы рэдукцыі (вяртання) каронных маёнткаў, захопленых магнатамі, не мелі вял. поспеху. У 1537 супраць Ж. I і магнатаў сярэдняя шляхта Польшчы ўзняла феад. мяцеж (т. зв. «курыная вайна»). Шляхта ВКЛ юрыдычна дамаглася роўных правоў з магнатамі: быў уведзены адзіны кодэкс законаў для дзяржавы — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 Ж. I праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў войнах з Маскоўскай дзяржавай быў страчаны Смаленск. Для адбіцця нападаў крымскіх татар на Украіне была створана памежная варта з мясц. жыхароў — казакі. У час перамогі Рэфармацыі ў Прусіі Ж. I згадзіўся на секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўтварэнне на яго тэр. васальнага ў адносінах да Польшчы герцагства на чале са сваім пляменнікам Альбрэхтам Брандэнбургскім. Пры Ж. I пасля загадкавай смерці апошніх удзельных мазавецкіх князёў з Польшчай было ўз’яднана Мазавецкае княства (1526, канчаткова ў 1529). Праводзячы антыгабсбургскую палітыку, Ж. I заключыў саюзы з Францыяй (1524) і Турцыяй (1533). Актыўную ролю адыгрывала ў палітыцы другая яго жонка (з 1518) Бона Сфорца, якая намагалася замацаваць кароны ВКЛ і Польшчы за сваім сынам Жыгімонтам II Аўгустам, дзеля чаго было праведзена яго абранне намінальна другім вял. князем і каралём (1529). У час панавання Ж. I у ВКЛ і Польшчы шырока распаўсюдзілася Рэфармацыя, што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і асветы.

Літ.:

Finkel L. Elekcya Zygmunta I: Sprawy dynastyi Jagiellońskiej i unii polskolitewskiej. Kraków, 1910;

Wojciechowski Z. Zygmunt Stary (1506—1548). Warszawa, 1979;

Wyczański A. Zygmunt Stary. Warszawa, 1985.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт I Стары.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым. імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц. армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым. імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЮ́К (Валерый Васілевіч) (н. 30.3. 1953, в. Ропна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1979 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Коласа (у 1993—96 дырэктар і да 1997 маст. кіраўнік). У 1981—83 працаваў гал. рэжысёрам Магілёўскага абл., у 1983—91 Дзярж. рус. драм. т-раў. У рэжысуры спалучае псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатр. эстэтыкі. Лепшыя спектаклі М. вызначаюцца яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сярод пастановак: у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Клеменс» К.​Саі і «Стары дом» А.​Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.​Думбадзе (1981), «Кароль Лір» У.​Шэкспіра (1994), «Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.​Хакса (1995), «Жаніцьба» М.​Гогаля і «Час быка» Саі (1996), «Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка (1998); у Магілёўскім абласным драм. т-ры (у спектаклях выступаў і як акцёр) — «Візіт дамы» Ф.​Дзюрэнмата (1981), «Тутэйшыя» паводле твораў Я.​Купалы (і роля Мікіты Зносака), «Каханне, джаз і чорт» Ю.​Грушаса (роля Андруса) і «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Д.​Васермана (роля Мак Мэрфі; 1982); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Усё ў садзе» Э.​Олбі і «Бабскае царства» Ю.​Нагібіна (1984), «Знак бяды» паводле В.​Быкава (1985; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Апошні наведвальнік» У.​Дазорцава і «Царства зямное» Т.​Уільямса (1986), «Начныя карлікі і Антыгона» Л.​Разумоўскай і «Ноч анёла» А.​Розанава (1987), «Майстры» А.​Дударава паводле М.​Булгакава і «І быў дзень...» («Сметнік») Дударава (1988). Аўтар п’ес «Судны дзень» (разам з В.​Казько, паст. 1982), «Начное рандэву», «Чароўная кашуля» (абедзве паст. ў 1992), «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» (паст. 1995), «Пакахай мяне, салдацік» паводле аповесці Быкава (паст. 1997), «Кацігарошак» паводле бел. фальклору (паст. 1998), «Пад сонцам» (паст. 1999), вершаў у зб. «Сцяжына» (1983).

Літ.:

Гаробчанка Т. Свой шлях у мастацтве // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11.

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВЕ́ЛА (італьян, novella літар. навіна),

малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.

Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.​Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.​Чосер, Маргарыта Наварская, М.​Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.​Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.​А.​Гофман, П.​Мерымэ, Э.​По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.​Генры, Л.​Пірандэла, С.​Цвэйг, Р.​Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.​Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.​Чэхавым, Л.​Андрэевым, І.​Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.​Бабель, У.​Іванаў, А.​Грын, М.​Зошчанка, В.​Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.​Л.​Борхеса, Х.​Картасара, Г.​Бёля, Ф.​О’Конара, І.​Зінгера, Дж.​Чывера і інш.

У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял. Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.​Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.​Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.​Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.​Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.​Зарэцкага, «Кнак» П.​Галавача, «Над Кроманню» Я.​Нёманскага, «Ілька» В.​Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.​Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.​Брыль («Галя»), Я.​Скрыгай («Наталя»), В.​Выкаў («Адна ноч»), Б.​Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.​Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.​Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.​Кудравец («Елачка»), А.​Жук («Жонка героя»), В.​Гігевіч («Райка»), У.​Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.​Марчук («Хаос») і інш.

С.​Л.​Андраюк.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́СІЯ (Preußen),

дзяржава, потым зямля (адм. адзінка) у Германіі (да 1945). Асн. гіст. ядро П. — Брандэнбург, які аб’яднаўся ў 1618 з анклаўнай тэрыторыяй — герцагствам Прусія (у далейшым — Усходняя П.), што ўзнікла ў 1525 на ч. зямель Тэўтонскага ордэна, захопленых ім у прусаў (адсюль назва). Брандэнбургска-Пруская дзяржава ў 1701 стала каралеўствам П. (сталіца — Берлін). Кіруючую ролю ў эканам. і паліт. жыцці П. адыгрывала юнкерства. Прускія каралі з дынастыі Гогенцолернаў (Фрыдрых II, Фрыдрых Вільгельм II, Фрыдрых Вільгельм III) у 18—1-й пал. 19 ст. значна пашырылі тэр. дзяржавы, у т. л. ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. З часоў каралявання Фрыдрыха Вільгельма 1 [1713—40] аформіўся ваен.-бюракратычны лад прускай дзяржавы. У час напалеонаўскіх войнаў тут праведзены Штайна-Гардэнберга рэформы. Пасля франка-прускай вайны 1870—71 прускае юнкерства на чале з О.Бісмаркам завяршыла аб’яднанне Германіі на пруска-мілітарысцкай аснове; прускі кароль стаў і герм. імператарам. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі ліквідавана манархія, П. стала адной з герм. зямель (найбуйнейшая, у 1939 мела пл. 294 159 км², 41,8 млн. жыхароў). У 2-ю сусв. вайну фаш. ўлады аб’явілі аб уключэнні ў склад Усходняй П. паўн.-зах. раёнаў Брэсцкай і Беластоцкай абласцей Беларусі з гарадамі Гродна, Ваўкавыск і інш. (акруга Беласток); у Берліне дзейнічалі Беларускае прадстаўніцтва і Беларускі нацыянальны цэнтр, выдавалася газ. «Раніца». Пасля разгрому нацысцкай Германіі ў 2-й сусв. вайне П. падзелена на асобныя землі (1945), тэр. Усходняй П. перададзена СССР [каля ​1/3 усёй тэрыторыі з г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград), у 1946 тут створана Калінінградская вобласць] і Польшчы. У 1947 Кантрольны савет у Германіі прыняў закон № 46 аб ліквідацыі прускай дзяржавы як апоры мілітарызму і рэакцыі.

Літ.:

Лависс Э. Очерки по истории Пруссии: Пер. с фр. Калининград, 1990 [рэпр. выд.: М., 1915];

Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;

Кони Ф.А. Фридрих Великий. Ростов н/Д, 1997;

Яго ж. История Фридриха Великого. М., 1997.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАЗДЗЕ́ЦКІЯ, Праздзецкія,

дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Рох III» у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Карысталіся графскім тытулам, які ў 1843 зацверджаны ў Рас. імперыі. Найб. вядомыя:

Мікалай Уладзіслаў (каля 1620—11.10.1683), сын Пятра Паўла. Стольнік упіцкі ў 1658—66, ашмянскі стольнік у 1666—67, харунжы ў 1667—70 і маршалак з 1670, падваявода віленскі ў 1668—69, кашталян навагрудскі з 1677. Пасол на соймы 1665—76, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1683. Аляксандр (каля 1665 — каля 1734), сын Крыштофа. Мазырскі стольнік у 1691—94 і харунжы ў 1694—1726, мечнік ВКЛ у 1707—09, кашталян інфлянцкі з 1726. Быў дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Антоні Тадэвуш (5.9.1718, г. Трокі — 28.3.1772), сын Аляксандра. Вял. пісар ВКЛ у 1739—50, вял. падчашы ў 1750—52, рэферэндары ў 1752—64, падканцлер з 1764. Пасол на соймы 1740—64, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1739. Рэгіментар (палкоўнік) Бел. дывізіі (1764), фактычны кіраўнік Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1764. Міхал (1.5.1747, г. Заслаўе — 1799), сын Антонія Тадэвуша. Вял. пісар ВКЛ з 1777. Староста пінскі ў 1772—77, пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Кароль-Дамінік (1780 або 1781, Чорны Востраў — крас. 1832), сын Міхала. У 1812 абраны маршалкам Завілейскага пав. У вайну 1812 падтрымаў Напалеона, прызначаны камандзірам 18-га Нясвіжскага палка уланаў. Удзельнічаў у бітвах пад Койданавам 15.11.1812, Лейпцыгам 19.10.1813, у 1816 выйшаў у адстаўку з войска Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 абраны камандуючым узбр. сіламі Ашмянскага пав., у Смаргоні сфарміраваў конны і пешы паўстанцкія атрады. 29.4.1831 яго войскі разбіты, перайшоў у штаб А.​Гелгуда. Аляксандр (27.7.1814, Чорны Востраў — 26.12.1871), сын Канстанціна, унук Міхала. У 1832—34 вучыўся ў Берлінскім ун-це. Аўтар гіст. прац «Падолле, Валынь, Украіна: Карціны мясцін і часоў» (т. 1—2, 1841), «Хатняе жыццё Ядвігі і Ягайлы ...» (1854), «Польскія Ягелонкі ў XVI ст.» (т. 1—5, 1868—78). Разам з М.​Грабоўскім і М.​Маліноўскім падрыхтаваў зб-кі дакументаў «Крыніцы польскай гісторыі» (т. 1—2, 1843—44), дзе шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі.

У.​М.​Вяроўкін-Шзлюта.

т. 13, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Руды; 1512—27.4.1584),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын гетмана Ю.Радзівіла. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Біржах і Дубінках». Атрымаў хатнюю адукацыю. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37, у т. л. ў аблозе Старадуба ў 1535. У 1544—51 падчашы ВКЛ, у 1546—54 лоўчы ВКЛ. Асаблівы рост уплыву Р. на дзярж. справы звязаны са шлюбам яго сястры Барбары (гл. Барбара Радзівіл) з вял. князем ВКЛ Жыгімонтам Аўгустам (1547). У 1549 атрымаў ад яго правы велікакняжацкага намесніка з рэзідэнцыяй у Вільні. У 1550—66 ваявода трокскі, у 1553—66 і з 1577 вял. гетман ВКЛ, у 1566—84 ваявода віленскі, у 1566—79 канцлер ВКЛ. У 1556—57 і з 1560 камандаваў войскам ВКЛ, якое знаходзілася на мяжы з Інфлянтамі. У пач. Лівонскай вайны 1558—83 яго войска ў 1561 уступіла на тэр. Інфлянтаў. Конніца Р. на чале з Ю.​Тышкевічам і Р.​Трызнам дайшла да Дэрпта (Тарту). Гал. сілы на чале з самім Р. аблажылі рас. гарнізон у замку Тоўрус (Торваст), які праз 3 тыдні капітуляваў. У час аблогі Полацка войскам Івана IV Грознага ў лют. 1563 Р. з войскам не здолеў дапамагчы полацкаму гарнізону, а пасля ўзяцця Полацка рас. войскам адышоў да Мінска. Камандаваў войскам ВКЛ у пераможнай Ульскай бітве 1564. Рашуча выступаў супраць заключэння уніі з Польшчай. У 1569 ён не паехаў на Люблінскі сейм і не падпісаў акт Люблінскай уніі. У сярэдзіне 1576 перайшоў на бок Стафана Баторыя. Каб забяспечыць падтрымку Р., кароль зноў даў яму пасаду гетмана ВКЛ. У 1579 удзельнічаў у аблозе і ўзяцці Полацка. У кампаніі 1580 войска Р. ўзяло замкі Усвят і Езярышча. У 1581 удзельнічаў у паходзе на Пскоў. Р. вызнаваў кальвінізм і пасля смерці М.​Радзівіла Чорнага (1565) узначаліў пратэстантаў у ВКЛ.

Літ.:

Hetmani Rzeczypospolitej obojga narodów. Warszawa, 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Руды. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848—49 У ІТА́ЛІІ,

адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Спалучала мэты скасавання феад.-абсалютысцкага ладу з барацьбой супраць прыгнёту Аўстрыі і за аб’яднанне краіны. Пачалася з паўстання 12.1.1848 на Сіцыліі. Пад уплывам рэвалюцыі 1848 у Францыі ў лют.-сак. 1848 у Сіцылій абедзвюх каралеўстве, Вял. герцагстве Таскана і Папскай вобласці былі абвешчаны канстытуцыі і створаны канстытуцыйныя ўрады. 17 сак. пачалося антыаўстр. паўстанне ў Венецыі, дзе 22 сак. абвешчана незалежная рэспубліка. Адначасова ў герцагствах Парма і Модэна скінуты прааўстр. правіцелі. Кароль П’емонта Карл Альберт абвясціў ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут). На хвалі нац. ўздыму ён абвясціў 24 сак. вайну Аўстрыі з мэтай вызвалення італьян. зямель Ламбардыі і Венецыі, якія знаходзіліся пад яе ўладай. Але пасля паражэння 22 ліп. войск П’емонта пры Кустоцы Карл Альберт быў вымушаны падпісаць перамір’е, якое вяртала Ламбардыю і Венецыю пад уладу Аўстрыі. Восенню пачаўся новы ўздым рэвалюцыі, гал. цэнтрамі якой сталі Таскана, Венецыя і Папская вобласць. У выніку паўстання 16.11.1848 у Рыме да ўлады прыйшоў свецкі ўрад. 8.2.1849 абвешчана Рымская Рэспубліка 1849, якую ўзначалілі Дж.Мадзіні, Дж.Гарыбальдзі і інш. рэвалюцыянеры; праведзены шэраг прагрэс. рэформ: нацыяналізацыя царк. зямель, увядзенне прагрэс. падатку, скасаванне саляной і тытунёвай манаполій і інш. Новы ўздым рэвалюцыі падштурхнуў урад П’емонта аднавіць 20 сак. ваен. дзеянні супраць Аўстрыі. Але ўжо 23 сак. п’емонцкія войскі былі разбіты пры Навары, што прымусіла Карла Альберта спыніць барацьбу і адрачыся ад прастола на карысць свайго сына Віктара Эмануіла. Пасля перамогі над П’емонтам Аўстрыя разгарнула дзеянні супраць рэв. урадаў Сярэдняй і Паўд. Італіі. У крас. 1849 аўстр. войскі аднавілі на прастоле Тасканы свайго стаўленіка Леапольда П, да мая — уладу неапалітанскіх Бурбонаў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій. 3.7.1849 аб’яднаныя войскі Францыі, Аўстрыі і Іспаніі ліквідавалі Рымскую Рэспубліку, абаронай якой кіраваў Гарыбальдзі. 22.8.1849 пала Венецыянская Рэспубліка. Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыя моцна пахіснула феад.-абсалютысцкія рэжымы Італіі. Захаваўся ліберальны рэжым у П’емонце, які стаў у 1860—70-я г. ядром аб’яднання краіны.

Літ.:

Канделоро Дж. История современной Италии: Пер. с итал. Т. 3. М., 1962;

Берти Дж. Демократы и социалисты в период Рисорджименто: Пер. с итал. М., 1965.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКСО́НІЯ (Sachsen),

гістарычная вобласць у Германіі. Ядром С. была Майсенская марка (створана на землях, заваяваных герм. феадаламі ў палабскіх славян у 10 ст.), у 1089 яна перайшла да феад. роду Ветынаў, якія таксама набылі ў 1247—64 Цюрынгію і ў 1423 Саксен-Вітэнберг (усх. частка б. Саксонскага герцагства 9—12 ст. — племянной дзяржавы саксаў) разам з тытулам курфюрстаў. За ўладаннямі Ветынаў паступова замацавалася назва С. (спачатку — Верхняя С. ў адрозненне ад Ніжняй С. на ПнЗ Германіі — гіст. вобласці саксаў). У канцы 15—16 ст. С. — важны цэнтр горнай прам-сці, кнігадрукавання, культ. асяродак (у 1409 засн. ун-т у Лейпцыгу, у 1522 у Вітэнбергу); у С. знаходзіліся апорныя пункты Рэфармацыі і Сялянскай вайны 1524—26. У выніку Трыццацігадовай вайны 1618—48 курфюрст С. паводле Вестфальскага міру 1648 замацаваў за сабой Верхнія і Ніжнія Лужыцы. У канцы 17—18 ст. С. адзін з найб. эканамічна развітых раёнаў Германіі (горная справа, тэкст. прам-сць; у 1710 пачата вытв-сць майсенскага фарфору — першага ў Еўропе, лейпцыгскія кірмашы мелі агульнагерм. значэнне). У 1697—1763 С. была ў асабістай уніі з Рэччу Паспалітай: саксонскія курфюрсты былі адначасова каралямі польскімі і вял. князямі літоўскімі (гл. Аўгуст II, Аўгуст III). С. была арэнай баявых дзеянняў у Паўночную вайну 1700—21, Сямігадовую вайну 1756—63, напалеонаўскія войны. З 1806 выступала на баку Францыі, чл. Рэйнскага саюза 1806—13, набыла статус каралеўства, сталіца — Дрэздэн. Саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст I стаў на чале Варшаўскага герцагства. Рашэннем Венскага кангрэса 1814—15 каля палавіны тэр. С. (з Вітэнбергам) перададзена Прусіі (разам з інш. тэр. склала прускую правінцыю С. з цэнтрам у Магдэбургу). У 1831 у Саксонскім каралеўстве ўведзена памяркоўна-ліберальная канстытуцыя. Адзін з асяродкаў Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі (гл. Дрэздэнскае паўстанне 1849). У аўстра-прускай вайне 1866 на баку Аўстрыі, з 1871 каралеўства ў складзе Герм. імперыі. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 — рэспубліка, потым зямля ў Веймарскай рэспубліцы. З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі, з 1949 у складзе ГДР. Пасля аб’яднання Германіі ў 1990 — зямля Саксонія. Гл. таксама Ніжняя Саксонія і Саксонія-Ангальт.

т. 14, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ВЯЛІ́КІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР акадэмічны імя Г.​А.​Таўстаногава.

Адкрыты ў 1919, з 1932 імя М.​Горкага, з 1964 акадэмічны, з 1992 сучасная назва. Створаны пры ўдзеле М.​Горкага, М.​Андрэевай і А.​Блока як т-р гераічнага рэпертуару, класічнай трагедыі і высокай камедыі. Гал. рэжысёры А.​Лаўрэнцьеў (1919—22 і 1923—29), К.​Твярской (1929—34), В.​Фёдараў (1934—36), А.​Дзікі (1936—37), Б.​Бабачкін (1938-40), Л.​Руднік (1940—46), Н.​Рашэўская (1946—49), І.​Яфрэмаў (1950—52), К.​Хахлоў (1922—23 і 1954—55), Таўстаногаў (1956—89); з 1989 маст. кіраўнік К.​Лаўроў. Адкрыўся спектаклем «Дон Карлас» Ф.​Шылера. Першапачаткова ставіліся спектаклі У.​Шэкспіра, Шылера, В.​Гюго, Мальера і інш., з сярэдзіны 1920-х г. таксама творы тагачаснай драматургіі, у якіх сцвярджалася рэаліст. скіраванасць: «Мяцеж» (1925), «Разлом» (1927) Б.​Лаўранёва, «Клоп» (1929), «Баня» (1930) У.​Маякоўскага. У 1930—40-я г. т-р ставіў творы М.​Горкага («Мяшчане», «Дачнікі»), А.​Чэхава («Вішнёвы сад») і інш. Спектаклям 1950—70-х г. уласцівы ўвага да сцэн. ўвасаблення вострых і напружаных жыццёвых калізій, яркая рэаліст. форма, сац.-гіст. і псіхал. абагульненні: «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду, «Варвары» і «Мяшчане» (Дзярж. прэмія СССР 1970) М.​Горкага, «Кароль Генрых IV» Шэкспіра, «Гісторыя каня» паводле Л.​Талстога. Пастаноўкі 1990-х г. вызначаліся глыбокай распрацоўкай псіхал. малюнка роляў, пошукам сучасных выразных магчымасцей у традыц. драматургіі: «Каварства і каханне» Шылера, «Макбет» Шэкспіра, «Бацька» А.​Стрындберга, «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага і інш. У т-ры ў розныя гады працавалі і працуюць акцёры А.​Абрамаў, А.​Андрэеў, Г.​Багачоў, А.​Басілашвілі, Т.​Дароніна, В.​Дзягцяр, В.​Іўчанка, Я.​Капелян, У.​Кузняцоў, Лаўроў, А.​Лаўрэнцьеў, Я.​Лебедзеў, П.​Луспякаеў, Л.​Макарава, М.​Манахаў, В.​Сафронаў, В.​Паліцаймака, І.​Смактуноўскі, У.​Стржэльчык, А.​Талубееў, М.​Трафімаў, А.​Фрэйндліх, З.​Шарко, Ю.​Юр’еў і інш.; рэжысёры Р.​Дзіцяткоўскі, Р.​Казлоў, Э.​Нюганен, М.​Пінігін, А.​Сяроў, Т.​Чхеідзе, А.​Шапіра і інш.

С.​У.​Пешын.

Санкт-Пецярбургскі вялікі драматычны тэатр імя Г.​Таўстаногава.

т. 14, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)