РАЖБА́ (Іосіф Абрамавіч) (14.12.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.9.1995),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Пасля сканчэння студыі Маскоўскага трама працаваў у Маск. т-ры імя Ленінскага камсамола. У Айч. вайну ў рус. трупе Чувашскага т-ра драмы. З 1944 у Дзярж. рус. т-ры Беларусі. Выканаўца пераважна характарных роляў. Найб. ярка рысы творчай індывідуальнасці выявіліся ў вобразах нац. драматургіі; Малышаў, Духонін («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Багун, Мякішаў («Білет у мяккі вагон», «Пад адным небам» А.​Маўзона), Фёдар Шупеня, Ніканаў («Трывога», «Соль» А.​Петрашкевіча). Стварыў каларытныя вобразы і ў класічнай, сучаснай і замежнай драматургіі: Шалы («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Андрэй Жаркоў («З вечара да поўдня» В.​Розава), Леўшын, Маўрыкій Манахаў, Данат («Ворагі», «Варвары», «Ягор Булычоў і іншыя* М.​Горкага), Сілан і Бяссудны («Гарачае сэрца», «На бойкім месцы» А.​Астроўскага), Луп Кляшнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Казарын («Маскарад» М.​Лермантава), Яга і Глостэр («Атэла» і «Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Паўлет («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Харнблаўэр («Мёртвая хватка» Дж.​Голсуарсі) і інш. Выступаў у радыёспектаклях.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)