помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.
Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.
Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.
В.Р.Анціпаў, А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Клень ’рыба, падобная на язя’ (Жыв. сл.), ’галавень’ (Сл. паўн.-зах.). Укр.клень, рус.клень ’тс’, балг.клен, серб.-харв.кле̏њ, славен.kleň, польск.kleń, славац.kleń, в.-луж.kleń ’тс’. Прасл.klenь ’тс’. Надзейнай этымалогіі няма. Супастаўленне з прасл.klinъ толькі тэарэтычна магчымае (гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 196). Больш верагодна супастаўленне з клён (гл.). Матывацыя наступная: час нерасту рыбы супадае з часам цвіцення клёна (Каламіец, Рыбы, 51–52). Аўтар прыводзіць іншыя назвы рыб, якія ўтварыліся ад назваў раслін. Апошнія цвітуць або пладаносяць у час нерасту рыб. Параўн. рус.земляничник, укр.березівка, бел.каласавік і інш. Прасл.klenь можна разглядаць як прыметнік klen‑jь, утвораны ад назоўніка klenъ пры дапамозе прадуктыўнага суфікса ‑jь з наступнай наміналізацыяй (Мартынаў, Дерив., 21–23). Тады klenъ ’клён’ > kleń‑jь ’кляновы’ > klenь ’галавень’ (кляновая рыба, кляноўка, параўн. укр.березівка).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арыгіна́л ’твор ці дакумент у першапачатковай форме’, ’своеасаблівы чалавек’. Першае значэнне зафіксавана яшчэ ў 1599 г. Жураўскі, Працы IM, 7, 215 (у форме оріиналъ), Гіст. лекс., 110: оригиналъ, Гіст. мовы, 1, 258; орииналъ (іншыя формы — Булыка, Запазыч.); Гарб. фіксуе originarii, originales у значэнні ’асобы, што паводле нараджэння належаць да пэўнага стану’, што ў пэўным сэнсе можа лічыцца папярэднім да сучаснага другога значэння. У станаўленні сучаснай семантычнай структуры слова, у прыватнасці ва ўзнікненні друкарскага значэння слова ’крыніца (машынапіс), па якой набіраецца тэкст’, адыграла ролю руская мова (Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. мовы, 2, 146; Гіст. лекс., 252), для якой адпаведную ролю, верагодна, адыгралі нямецкая і французская мовы. Крыніца беларускага і рускага слоў — лац.originalis ’арыгінальны, першапачатковы’. Для старабеларускага слова, магчыма, не трэба абавязкова знаходзіць мову-перадатчык; для рускай такой лічаць польскую ці нямецкую (Фасмер, 3, 152).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жа́рыць1 ’смажыць’ (Нас., Сцяшк. МГ), ’моцна прыпякаць’ (ТСБМ). Рус.жа́рить ’смажыць’, ’моцна прыпякаць’, укр.жа́рити ’тс’, польск.żarzyć ’распальваць’, чэш.žářiti ’спальваць’, славац.žiarit ’выпраменьваць цяпло, святло; пячы (на агні)’, балг.жа̀ря, макед.жа́ри, серб.-харв.жа́рити ’грэць (аб сонцы)’, ’жаліць (пра крапіву)’, балг. рэдк. ’пячы (смажыць) на агні’, славен.žaríti ’распальваць’, ’выпраменьваць’, ’пячы на вуголлях’. Ст.-рус.жарити ’смажыць’ (XVII ст.). Ц.-слав.жарити ’frigere’ (Міклашыч, Lex. palaeosl.) энантыясемія?. Дзеяслоў утвораны ў прасл. з суфіксам *‑i‑ti на базе кораня *žar‑ (гл. жар).
Жа́рыць2 ’рабіць што-н. заўзята, з азартам’ (ТСБМ), ’моцна біць’ (Касп.), ’сцёбаць’, ’моцна ісці (пра дождж)’ (Сл. паўн.-зах.). Рус.жа́рить ’рабіць што-н. заўзята’, укр.жа́рити ’тс’. Развіццё значэння жа́рыць1, верагодна, праз этап ’моцна прыпякаць’ шляхам абагульнення семы ’моцна’ з магчымай канкрэтызацыяй дзеяння ў гаворках.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жаўла́ць ’крычаць’ (Мат. Гом.), жаўні́ць ’паўтараць адно і тое’ (Касп.), жаўрі͡ети ’размаўляць, жартаваць’ (Бес.). Рус.перм., ярасл.жа́вля́ть ’жаваць, чаўкаць’, валаг.желва́чить бурчаць, лаяцца, прасіць’, наўг., алан., тамб., смал., валаг.желнить ’ціха, доўга гаварыць’, балг.дыял.жавре се, жевря се ’крыўляцца пры гаварэнні’, джевря(м) се ’скардзіцца’, чэш.želovati. У бел. гаворках прадстаўлены тры тыпы падаўжэння (‑l‑, ‑n‑, ‑r‑) і.-е. кораня *gōu‑, *gou̯‑, *gū‑ ’крычаць, клікаць’, адлюстраванага ў говар, гаварыць, гутарыць (гл.); пры чаргаванні галоснага о — е вынікаюць формы тыпу *geur‑, *geuər‑, адкуль журыцца (гл.), жаўрэць, а з іншымі падаўжэннямі жаўлаць, жаўніць. Параўн. яшчэ гом.жаўна ’крыклівае дзіця’. Гл. жаўна. Краўчук, Зб. Крапіве, 195–196; Супрун, Бюлетин за съпост. изследв., 1976, 5, 76. Іначай, як гукапераймальнае, тлумачыць балг. формы БЕР (t, 529), што мала верагодна, калі мець на ўвазе не ўлічаныя там паралелі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Здо́лець, здале́ць ’магчы, змагчы’. Параўн. до́ліць ’перамагаць’ (Нас.). Рус.пск.сдолять, сдолить ’перамагчы’, пск., цвяр., дан.здо́лить, смал., прыбалт.вздо́леть ’тс’, укр.здола́ти, здолі́ти ’перамагчы’, польск.zdoleć ’змагчы’, чэш.zdolati, zdoliti ’змагчы, перамагчы’, славац.zdolať ’тс’. Ст.-рус.съдолѣти ’перамагчы, умацавацца’ (XIV ст.). Прасл. (паўн.) sъ‑doliti, *sъdolěti — прэфіксальны адыменны дзеяслоў з коранем dol‑ (гл. дол) і значэнне ’змясціць унізе — паваліць’, адкуль перан. ’перамагчы’ (параўн. рус.одолеть, укр.подолати ’тс’) > ’змагчы’. Трубачоў, Эт. сл., 5, 62; Трубачоў, Дополн., 1, 525 (доли́ть ’перамагаць’, doliti). Іначай менш верагодна: ад доля праз значэнне ’дзяліць’ Бернекер, 1, 206–207; Фасмер, 1, 525; Слаўскі, 4, 63; Брукнер, 92; Голуб-Копечны, 104. Яшчэ іначай: да і.-е. кораня *dher‑ ’трымаць’, ’падтрымліваць’, Махэк₂, 123. Але Покарны (1, 252–253) не ўказвае фармацый на ‑l‑ з гэтым коранем; таму патрэбна дадатковая аргументацыя.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вято́к, веточок ’маладзік’ (Нас.; Чач.). Польск.wietek, wiotek, чэш.валаш.vetek ’першая або апошняя квадра месяца’, якія з прасл.vetъxъ ’стары’; больш падрабязна гл. пад ветах. Што датычыцца бел.вяток, то яно, зыходзячы з даных геаграфіі (гродз., вілен., Нас.), семантыкі і фанетыкі, запазычана з польскай мовы. Праблематычным застаецца час, калі адбылося запазычанне. Магчыма, гэта даволі новае слова перыяду моцнага польскага ўплыву, а магчыма, і вельмі старое кантактнае запазычанне, калі польск.wietek, wiotek займала больш шырокую тэрыторыю (зараз толькі на поўдні, гл. Купішэўскі, Słownictwo, карта 3 і ст. 47–48). У такім разе семантычныя змены тыпу ’стары месяц’ — ’маладзік’ і да т. п. адбываліся таксама рана. Параўн. яшчэ бел.паўн.-зах.вётак ’назва старога месяца’ (Маш., Atlas, 2, карта 1). Верагодна таксама дапускаць незалежнае ўзнікненне бел. слова як утворанага з памяншальнай суфіксацыяй ‑ок і пад. (параўн. вятлюк) або фанетычным шляхам; параўн. жанік < жаніх.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асе́к ’загароджаны выган’ (Прышч.). Рус.осек ’агароджанае месца’, ’пасека’, осѣкъ і осѣка ’засека, абсечанае месца ў лесе, агароджа, агароджаны выган, завал у лесе, участак з пасекай, умацаванае месца’ (Даль), укр.паўдн.-зах.осік ’лес на ўзгорку’ польск.osiek нізкае месца, якое раней было пад лугам’, славен.osèk загон (для жывёлы), зруб (калодзежа), ачышчаная (ад лесу?) гара, адліў’ (таксама osêka), серб.-харв.о̀сек ’адхон, круча, зніжэнне вады, адліў’, о̏сека ’адліў’. Значэнне ’загароджаны выган’ адлюстроўвае сувязь з дзеясловам сячы (гл. Каткоў, Зб. Васілёнку, 139), менш верагодна — з тым значэннем, якое атрымала развіццё ў сербскахарвацкай і польскай мовах, улічваючы заліўныя сенажаці. Старарускае значэнне осѣкъ ’загародка ў лесе, асобны ўчастак у лесе, умацаванне з дрэў у лесе’ ўказвае на большую імавернасць першага. Сербскахарвацкае значэнне Махэк₂ (536) тлумачыў сувяззю з коранем *sęk‑ (гл. прасякацца). Параўн. таксама Скок, Rad, 272, 8–15, 90.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Азяро́д ’прыстасаванне для сушкі снапоў’ (БРС, Янк. I, Гарэц., Шн. смол., Шат., Касп.), азярот (Бір. дыс.), азяроды (КЭС); азярэдзіць ’утыкаць снапы ў прасла для сушкі’ (БРС, Шат., КЭС); азярэдзіна ’жэрдка ў азяродзе, высокая нязграбная жывёліна’ (Янк. I). Агульнаўсходнеславянскае слова (рус.озород, зород, укр.озород). Бліжэйшыя паралелі: літ.žárdas, лат.zards, ст.-прус.sardis ’тс’. Параўн. Коген, Запіскі, II, 9, 84–85, на думку якога азярод < *азерод: і.-е.gʼherdh‑ побач з *gʼhord‑. Адлюстраванне розных ступеняў аблаўта ў генетычна тоесных словах, якія з’яўляюцца назвамі рэалій гістарычнага перыяду няпэўнае. Больш верагоднаЗубаты, Studie, 1, 2, 125, які бачыць тут старое запазычанне з бал. моў (перад метатэзай плаўных). Лінгвагеаграфія слова (цэнтральны раён і ўсходняя частка Усходняга Палесся) сведчыць таксама ў карысць балтыйскай крыніцы. Але яе ўсходнебалтыйскі характар давесці цяжка па прычынах фанетычнага характару (мы б чакалі *ажарод). Магчыма, аднак, азʼарод < *ажʼарод, як парсʼук < паршʼук (< paršiúkas).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казю́лькі1 ’козлы для пілавання дроў’ (Бяльк.). Рус.пск., асташ., цвяр.козюльки ’тс’; гэта ж структура з тыповым для семемы ’козлы’ развіццём значэнняў сустракаецца і ў іншых рус. гаворках. Лінгвагеаграфічна — утварэнне ў гаворках усходу Беларусі і роднасных ім рус.; усх.-слав. статуса, відаць, няма. Утворана суфіксальным спосабам ад каза1 (хоць гэта не адзіны варыянт тлумачэння, параўн. інш. роднасныя назвы), матывацыя зразумелая — наяўнасць зааморфнай прыкметы.
Казю́лькі2 ’падстаўкі з бервяна з ножкамі пад пасцельны насціл’ (Касп.). У рус. гаворках Літвы казюльки ’тс’ статус няясны. Паколькі ножкі ў падстаўцы збіваюцца крыж-накрыж, можна думаць, што тут рэалізацыя тэрміна козлы, параўн. папярэдняе слова. Менш верагодна думаць, што назва датычыцца бервяна і тут назіраецца субстытуцыя тэрмінаў са значэннямі ’перакладзіна’, ’падстаўка’, як гэта ў выпадках тыпу каза (гл.). Да разглядаемага слова адносіцца, відаць, і адзначанае ДАБМказю́лькі ’падстаўкі пад стог’.