Рабі́навая ноч ’летняя ноч з громам, маланкай, дажджом’ (ТСБМ), ’навальнічная ноч у канцы лета’ (Ян.), рабі́нная ноч ’тс’ (Мат. Гом.), рабі́нова (рабі́на) ноч ’тс’ (ТС), укр. гороби́на ніч ’ноч з моцнай навальніцай’, рус. дыял. ряби́новая ночь, араби́новая ночь ’душная летняя ноч з зарніцамі’, ’навальнічная ноч’. Выраз вядомы толькі ўсходнім славянам. Упершыню засведчаны ў спісах XV ст. “Аповесці мінулых гадоў” як рѩбинаѩ ночь: И бывши нощи рябинои, быстъ тма, и гром шибаше и дождь. Німчук лічыць, што першы член выраза — гэта прыналежны прыметнік ад стараж.-рус. (о)рябъ, (о)рябь (< прасл. *rębъ ’курапатка’), гл. рабчык, які з цягам часу перастаў суадносіцца з назвай птушкі і быў рээтымалагізаваны шляхам збліжэння са словам рабіна або верабей (Німчук, Давньорус., 161–163). Малаверагоднай падаецца версія Даля пра сувязь з назвай дрэва (гл. рабіна), бо ў гэты час цвіце рабіна (Даль₃, 1775–1776). Па меркаванні іншых навукоўцаў назва звязана з рабы́ і роднаснымі і.-е. назвамі колеру і матывавана ўяўленнямі пра “рабую, стракатую” ад успыхваючых маланак у летнюю ноч (Брукнер, 451; Агапкина, Топорков, СіБФ, 1989, 230–253; Фінкель, ВЯ, 1956, 4, 92). Можна прапанаваць версію аб балтыйскім паходжанні назвы, параўн. літ. rabė́ti, rãbinti ’стукаць, грукатаць’, лат. grabinãt ’стукаць, удараць’, rībināt ’грукатаць (пра гром)’. Агляд версій гл. Фасмер, 3, 535; Будзішэўска, SOr, 39, 3–4, 275; Жураўлёў, Язык и миф, 522–524; Слав. др., 1, 433–434.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́пець ’пазногаць, кіпцюр, ногаць’ (ТСБМ, Янк. 1, Мат. Гом., Некр., ТС, КЭС, лаг., Мал., Сл. паўн.-зах., Грыг., Мат. АС, Касп., Яруш.). Верагоднае запазычанне з балтыйскіх моў. Параўн. літ. kìbčius ’задзіра’, kė́pčiotis ’задзірацца’ (Сл. паўн.-зах., 463). Арашонкава і інш. (Весці АН БССР, 1971, 1, 93) сцвярджалі сувязь з літ. kìbti ’чапляцца’, kìbčius ’той, хто чапляецца’ без кваліфікацыі характару гэтай сувязі. Упершыню беларускія словы разглядаліся як запазычаныя з балтыйскіх моў у Лаўчутэ (Балтизмы, 114).

Кіпе́ць ’бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні вадкасці’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’варыцца’ (Сл. паўн.-зах.), ’гніць, псавацца’ (Янк.), кіпець на сэрцы ’моцна злавацца, крыўдзіцца, знешне не выказваючы пачуццяў’ (Юрч. Фраз. 2), укр. кипіти, рус. кипеть ’тс’, балг. кипя, макед. кипи, серб.-харв. ки́пети, славен. kipéti, польск. kipieć, чэш. kypěti, славац. kypieť, н.-луж. kipieś ’тс’, ст.-слав. кыпѣти і в.-луж. kipić маюць значэнне ’выцякаць’. Яшчэ балта-славянская інавацыя: параўн. літ. kūpė́ti ’кіпець’, ’выцякаць’. Іншыя балтыйскія паралелі маюць больш далёкую семантыку. Параўн. лат. kûpêt ’дыміцца’ і ст.-прус. kupsins ’імгла’ (Тапароў, K–L, 296–300). Астатнія індаеўрапейскія паралелі яшчэ больш далёкія па сваёй семантыцы: ст.-інд. kúpyati ’гневацца’, лац. cupio ’жадаю’ і інш. (Фрэнкель, 325). Як відаць з гэтага, балта-славянскія значэнні больш старажытныя. Далейшы семантычны аналіз вядзе да прасторавых паняццяў «выпукласці» і «ўвагнутасці», якія ляжаць у аснове кіпення. Параўн. ст.-іран. kaufа ’гара’ і ст.-інд. kū́pa ’яма’ (Тапароў, там жа, 298).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абжа́ ’аглобля ў сасе’ (Касп.). Рус. паўн. обжа, обга, рус. курск. вобжа ’тс’, польск. obdza ’тс’ (Ці не сюды ж польск. obdza, obza ’вяроўка, шнур для прывязі жывёлы напашы’?), ст.-рус. обьжа ’мера зямлі’. Лат. abža ’аглобля’ з паўн.-бел. ці рускага. Па адной версіі < *o‑bъg‑ja ’гнутая’ да бгаць (гл.) — Патабня, РФВ, 5, 124; Ільінскі, РФВ, 62, 256, па іншай < *ob‑jъg‑ja да іга (гл.) — Мікала, IF, 26, 295; Далабко, ZfslPh, 3, 129–130; Турска, SFPS, 5, 115. Першая этымалогія выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Супраць рэканструкцыі ‑bъg‑ сведчаць рускія формы обежь, обежка і ст.-рус. обьжа (Турска, там жа, 114). Другая этымалогія таксама мае свае цяжкасці фанетычнага характару: ‑bj‑ у ob‑jъg‑ja павінна было даць blʼ (Далабко, там жа, 129). Заўвага Далабка аб тым, што слова абжа як арэальна абмежаванае ўзнікла адносна позна, пасля таго як завяршыўся пераход bj > blʼ, непрымальная, бо ў тым жа слове рэалізаваўся пераход gj > ž (ці, можа, у апошнім выпадку адбылася субстытуцыя?). Варбот (Балто-слав. иссл., 42–48) суадносіць як генетычна тоесныя абжа і абза (гл.), зыходзячы з прасл. obьza/obьža (< *obьzja) ’луска’ (літ. ìžti лушчыцца’, išaiža ’шалупінне’) і верагоднасці семантычнага развіцця ад лыкавай вяроўкі (лыка) і скуранога рэменя (скуры) да часткі драўлянай сельскагаспадарчай прылады. Для прыняцця гэтай этымалогіі даводзіцца прызнаць існаванне шэрага семантычных пераходаў і дэрывацыйных пераўтварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ато́ка ’рукаў ракі’ (Касп., Яшкін), ’востраў’ (Яшкін. дыс.), ст.-бел. отокъ ’тс’. Рус. дыял. ото́к ’тс’, ото́ка ’нізіна; сажалка’, польск. otok ’востраў’ (Нітшэ, 198, 298), ст.-польск. otok ’рака’, ’луг, абкружаны вадой’, otoka ’частка лесу з пасекай’. Серб.-харв. о̏ток ’востраў’, о̏тока ’рукаў ракі’ (Шутц, Geogr., 69, 71, 80), балг. дыял. оток ’ручай’ (ZfslPh, 9, 37), славен. otòk ’востраў’. Ст.-слав. отокъ ’тс’, ст.-рус. отокъ ’востраў’, ’мыс’, ’край’. Абодва сучасныя беларускія значэнні да праслав. *tek‑/tok‑, але ў значэнні ’рукаў ракі’, відаць, з прэфіксам otъ‑ (*ototok‑a), а ў значэнні востраў з прэфіксам o(b)‑, у першым выпадку — ’тое, што адцякае’ (параўн. пратока, прытока), а ў другім — ’тое, што абкружае’ (параўн. атачыць). Думка Блесэ, SB, V, 8, пра запазычанне з балтыйскай гэтага слова (параўн. літ. дыял. ãttaka(s), лат. attaka ’рукаў ракі, востраў’) выклікае абгрунтаваныя сумненні Урбуціса, Baltistica, V (1), 1969, 48; улічваючы пашырэнне славянскіх слоў, тут хутчэй балтыйскае запазычанне з беларускай. Мартынаў (SlW, 61–62) лічыць, што абодва значэнні атока вынікалі на аднолькавай фармальнай базе: *o(b)‑tok‑a, толькі ў адным выпадку гэтым словам абазначалася ’тое, што абцякае’, а ў другім — ’тое, вакол чаго абцякае’ (тое, што абцякаецца). Ён таксама лічыць, што бел.-серб.-харв. ізалекса дазваляе лічыць праслав. otokъ абазначэннем рачнога вострава ў процілегласць да *ostrovъ ’востраў наогул’ (параўн., аднак, у Бярынды: отокъ морскій: отнога, лиман, або островъ, выспа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́ла, зал ’вялікі пакой’. Рус. зал, уст. зала, зало, укр. зал, зала, польск. sala, в.-луж. sal, sala, чэш. sál, славац. sála, серб.-харв. са́ла, балг. за̀ла < рус., макед. сала. У Бярынды (1627 г.) і ў ст.-бел. (1582 г.) саля. Зала, зал < рус. < ням. Saal. Саля < польск. < франц. ці іт. < герм. (франк., лангб.) sala ’дом, будова’. Шанскі, 2, З, 42; Фасмер, 2, 76; Біржакава, 362; Булыка, Запазыч., 293; Брукнер, 479.

Зала́1 ’попел’, ’луг’, ’брудная вада, што застаецца пасля мыцця бялізны’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зола́ ’попел’, укр. зола́ ’попел’, ’луг’, польск. zoła ’луг з попелу’, чэш. zola ’тс’, славац. zola ’попел з вапнай (у гарбарскай справе)’, с.-луж. zoła ’луг’, балг. уст. зола̀ ’вада з попелам’. Параўн. літ. žilas ’шэры’, лат. zils ’блакітны’ і іншыя і.-е. словы; гл. зялёны. Зубаты, Studie, 1, I, 124; Траўтман, 365. Прасл. zola < і.-е. *gʼhel‑ і інш. ’светлы, святлець, блішчаць’. Покарны, 1, 430; Фасмер, 2, 103; Брукнер, 656; Шанскі, 2, З, 104. Думка Махэка₂ (718) пра запазыч. з ням. Sole ’салёная вада’ не абгрунтаваная, паколькі слова мае агульнаслав. пашырэнне. Параўнанні са ст.-в.-ням. kolo ’вуглішча’, ст.-інд. jválati ’гарыць’, прапанавання Младэнавым (194), БЕР (1, 652), фанетычна недастаткова абгрунтаваныя, ням. Kohle хутчэй з і.-е. *g(e)u‑l‑o, Покарны, 1, 399; гл. жураць, жуляць. Гл. заліць2.

Зала́2 ’кепскае надвор’е з дажджом і снегам’ (Касп.). Гл. золь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серабро ‘срэбра’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сірабро́ ‘тс’ (Шымк. Собр.), сры́бра ‘тс’ (Ласт.), се́рабра ‘тс’ (Касп., Др.-Падб.), жыво́е серабро́ ‘ртуць’ (Шымк. Собр.; Яшк. Мясц.), ст.-бел. серебро, сребро (Альтбаўэр), серебра (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі, 1, 248); сюды ж серэбра́нка ‘мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ), серабрыць ваду ‘класці сярэбраную манету пры купанні нованароджанага’ (Нік. Бабы). Параўн. укр. серебро́, срібро́, рус. серебро́, ст.-рус. сьребро, серебро, польск. srebro, в.-луж. slěbro, н.-луж. slobro, slabro, чэш. stříbro, славац. striebro, серб.-харв. сре́бро, славен. srebrọ̑, балг. сребро́, макед. сребро, ст.-слав. сьрекро, съребро. Прасл. *sьrebro ‘срэбра’. Слова мае балтыйскія і германскія паралелі, параўн. літ. sidãbras ‘серабро’, лат. sidrabs, гоц. silubr, с.-в.-ням., нов.-в.-ням. Silber ‘тс’, якія аднак узыходзяць да розных архетыпаў: усх.-балт. *sudrab‑/*sidarb‑, герм. *silubr‑/*silabr‑, слав. *sirabr‑, у аснове якіх нейкая назва, запазычаная разам з рэаліяй з Усходу. Трубачоў (Этногенез₂, 122) прапануе ў якасці зыходнай *śúb(h)‑riapa ‘светлая вада’, што атаясамліваецца з тапонімам Σιβριάπα, які Пталемей лакалізуе на Кубані. Махэк₂ (587) прапаноўвае сувязь з асір. sarrupum ‘тс’; Будзімір (Слав. филология, 2, 1958, 113) узводзіць да анаталійскага архетыпу *subau‑ro ‘бліскучы’. Гл. таксама Мюленбах-Эндзелін, 3, 835; Торп, 441; Фрэнкель, 780 і наст.; Фасмер, 3, 606; Борысь, 573; Сной₁, 601. Формы з псеўдапоўнагалоссем у выніку прыпадабнення зыходнага ь да наступнага е (Векслер, Гіст., 119).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́да ‘гурт, статак, чарада, табун (коней, кароў, авечак, птушак)’ (Жыв. св., Ян., Скарбы, Барад., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ста́до ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стадо ‘тс’ (Альтбаўэр); паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), у мове Статута 1529 г. адносілася толькі да сукупнасці коней і знаходзілася ў апазіцыі да быдло, якое аб’ядноўвала іншых свойскіх жывёл. Укр., рус. ста́до, стараж.-рус. стадо, польск. stado, в.-луж., н.-луж. stadło, чэш., славац. stádo, серб.-харв. ста̏до, балг. ста́до, макед. стадо, ст.-слав. стадо. Прасл. *stado ‘статак жывёл’, дэрыват ад прасл. *stati (гл. стаць) з рэдкім суфіксам *‑do, першапачаткова ‘група жывёл, якая стаіць’; гл. Слаўскі, SP, 1, 63; Борысь, 574. Роднасныя: ст.-ісл. stód н. р. ‘конскі завод, стада’, ст.-англ. stód ж. р. ‘тс’, ст.-в.-ням. stuot ‘тс’, літ. stodas, лат. stàds ‘саджанец, расліна’; гл. Фасмер, 3, 743. Па прычыне рэдкасці словаўтварэння прапанаваліся іншыя версіі: пранікненне з герм. stôd ‘стада’ < *sta‑ ‘стаяць’ з ‑d‑ як у лексікалізаванага дзеепрыметніка (Мартынаў, Лекс. взаим., 53 і наст.), даславянскае і дагерманскае запазычанне ад “праеўрапейскіх народаў” (Махэк₂, 573). Шустар-Шэўц (1353) як на словаўтваральную паралель спасылаецца на прасл. *čędo (гл. чада ‘дзіця’) < *čęti ‘пачынаць’, *čudo (гл. цуд) < *čuti, ‘адчуваць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў, Этимология–1968, 249; Трубачоў, Происх., 164; ЕСУМ, 5, 391–392. Сюды ж ста́днік ‘племянны бык або жарабец’ (ТС), ‘пастух’ (Касп., Нас., Нік. Очерки), ст.-бел. стадникъ ‘той, хто належыць да статку’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́яс1, пая́с, по́іс, по́ес ’рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу на таліі’, ’паясніца, талія’, ’што-небудзь разморанае паласой’, ’брус паміж кроквамі ці слупамі’, ’гарызантальныя планкі ў раме кроснаў’, ’спавівач’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк. Сл., Уладз., Шушк., Інстр. 1, Тарн., Маш., П. С., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Бяльк.), ’паясніца’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), петрык. ’падбрушнік’, талач. ’спавівач’, свісл. ’папярочная планка ў лаве’; лун. ’папярочная планка ў кроквах’ (Шатал.), ’вянок у калодзежным зрубе’, поесні́ца ’пояс ў штанах’, поесо́к ’выступ, карніз’ (ТС), ст.-бел. поясъ, поѣс, поесокъ, поясок ’рэмень, шнур’, ’паясніца, талія’, укр. по́яс, рус. по́яс, польск. pas, в.-луж., н.-луж. pas, чэш., славац. pás, славен. pojâs, серб.-харв. по̏јас, па̑с, pȃs, балг. по́яс, ст.-слав. поꙗсъ. Да прасл. *po‑jasъ, якое з’яўляецца адваротным дэрыватам ад *po‑jasati (< і.-е. *jōs‑ ’падпаясаць’ ’апаясаць’; літ. júosti ’апаясваць’, júosta ’пояс’, лат. júôsta ’пояс’, juôzt ’апаясваць’, грэч. ζῶμα ’пояс’, авест. yāsta‑ ’адперазаны’), дзе *ро‑ — дээтымалагізаваны прэфікс (ESSJ, 1, 187), гл. па‑, параўн. бел. апаясаць ’падперазаць’, і *jasati, адкуль ц.-слав. ꙗсало ’пояс’ (Фасмер, 3, 351; Глухак, 429), сюды ж по́вяс, по́вес (гл.).

По́яс2 ’вясёлка’ (іван., стол., ДАБМ, камент., 901–902), пая́с (брасл., шарк., ДАБМ, камент., 901–902), бо́жы паяс ’тс’ (брасл., там жа), укр. бо́жій по́йас, по́йас Бо́жойі матери, балг. поя́с, го́сподʼов по́яс, богородичен пояс, макед. појас, славен. svete Marije pȃsес, серб.-харв. bȏzji pasȉć, božji pȃs, hožji pojas, Marijin pas. Пра геаграфію распаўсюджання значэння по́яс ’вясёлка’ гл. Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 35–38. По́яс ’вясёлка’ на Браслаўшчыне лічаць славянскай калькай літоўска-латышскай назвы, параўн. літ. dievo juosta (літаральна ’божы пояс’), malonės juosta (літаральна ’добры пояс’), лат. dieva josta. Непакупны (Связи, 64–66), насуперак Талстому, палеска-паўночнаславянскую лексіка-семантычную ізаглосу адмяжоўвае ад літоўска-латышскай і лічыць іх прыкладам незалежнага семантычнага развіцця агульнай балта-славянскай лексемы (семантычная універсалія, параўн. франц. дыял. ceinture ’вясёлка’, літаральна — ’пояс’). Лічыцца, што асновай метафары ’пояс’ — ’вясёлка’ разам з формай пояса мог паслужыць звычай насіць шматколерныя паясы ў Латвіі, Літве і Балгарыі (Непакупны, тамсама; Чэкман, Baltistica, 8, 2, 155). Мяркуецца, што існаваў агульны міф на балта-славяна-грэчаскай і заходнееўрапейскай тэрыторыі, у якім вясёлка выступала ў якасці пояса жаночага бажаства (Алінеі, Зб. Івічу, 78).

По́яс3 ’Млечны Шлях’ (Мат. Гом.). Такая назва існуе і ў іншых народаў, параўн. рус. дыял. по́яс ’тс’, лац. Caeli Cingulum ’нябесны пояс’ і лагічна выцякае з гаспадарчай дзейнасці і побытавых рэалій гэтых народаў. У назве по́яс адлюстроўваецца форма Млечнага Шляху, які ўяўляе сабой серабрыстую туманную паласу, што апаясвае нябесную сферу (Карпенка, Назв., 14–23). Пра іншыя назвы і геаграфію іх распаўсюджання гл. таксама Гладышова, Wiedza, 77–89; Купішэўскі, Słown., 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́жа1 ’ружа’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бес., Мал., Шат., Бяльк., Стан., Байк. і Некр., Растарг., Нар. Гом., ТС), ’шток-ружа, сляс, Alcea rosea L.’, ’мальва пагрэбаваная, Malva neglecta Wallr.’, ро́жа лясная ’лясная мальва, зінзівер, Malva silvestris L.’ (Кіс.), ро́жа садо́вая ’ружа (з песні)’ (Ян.), ро́жа ’мальва’ (Нас., Растарг., Мат. Гом.), ’шыпшына’ (ПСл), ’вяргіня’ (Сл. Брэс.), ’від кветкі, ружа’ (зэльв., Нар. словатв.), ’дэкаратыўная расліна з вялікімі яркімі кветкамі’ (Скарбы), ро́жавы ’светла-чырвоны, ружовы’ (Гарод., Стан., Др.-Падб., Байк. і Некр.). З польск. róża < ст.-чэш. ruože, róže ці с.-в.-ням. rôse, якія з лац. rōsa ’ружа’. У сярэднявеччы была вельмі пашыраная ў манастырскіх садах. Першакрыніцай лац. rōsa і ст.-грэч. ῥόδον былі, відаць, іранскія мовы (Фасмер, 3, 493), параўн. ст.-іран. *u̯ṛda, з якога развілося перс. gul ’ружа’ (Сной у Бязлай, 3, 202). Фрыск (3, 661) у якасці роднаснага слова прыводзіць араб. warada ’цвісці, распускацца’. Гл. таксама ESJSt, 13, 779.

Ро́жа2 ’інфекцыйная хвароба Erysipelas — вострае запаленне скуры і лімфатычнай сеткі скуры’ (ТСБМ, Сцяшк., Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.; нараўл., Арх. ГУ; ашм., Стан.; Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ), ’хвароба ў свіней’ (ЛА, 1). З польск. róża ’тс’ < róża ’ружа’ з прычыны чырвона-ружовага колеру скуры пры гэтай хваробе (Праабражэнскі, 2, 209; Фасмер, 3, 493; Голуб-Ліер, 427). Дарэчы, лац. назва ўзыходзіць да ст.-грэч. ἐρυςυιέλας ’рожа’, якое з ἐρυθρός ’чырвоны’ і πελ‑ ’шкура, скура’ (Голуб-Ліер, 153).

Ро́жа3 абраза, ’морда’ (беласт., Сл. ПЗБ). Відаць, з рус. ро́жа ’фізіяномія, морда, твар, выгляд’, якое з прасл. *rodja < *rodъ > род1 (гл.). Параўн. стараж.-рус. рожаи ’выгляд, твар’, рожаистъ ’прыгожы’, лат. raža ’вялікая сям’я’, ’ураджай’ (Фасмер, 3, 492).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́пел ’рэшткі згарання, спальвання чаго-небудзь’ (ТСБМ), ст.-бел. попелъ (1269 г.), у іншых славянскіх мовах варыянты з пачатковай альтэрнацыяй по‑/пе‑: укр. по́піл, рус. пе́пел, рус. дыял. по́пел, ст.-рус. пепелъ/попелъ, польск. popiół, каш. popʼół, в.-луж. popjeł, н.-луж. popʼeł, палаб. püpél, чэш. popel, славац. popol, славен. pepêl, славен. дыял. popȇl, харв. pèpeo, серб. пѐпео, серб. дыял. попео, балг. пѐпел, ст.-слав. пепелъ/попелъ ’тс’. Найбольш пашыраная этымалогія (Міклашыч, 235; Брукнер, 431; Фасмер, 3, 234; Махэк₂, 429; БЕР, 5, 157–159) выводзіць слова з варыянтаў кораня *‑pel‑/*‑pol‑, прадстаўленых у палена, паліць, полымя з агульным семантычным кампанентам ’гарэць, паліць’, параўн. ст.-прус. pelanne ’попел, парахно’, літ. pelenaĩ (мн. л.), лат. pęlni ’тс’. Зусім верагодна, што прасл. *po‑pelъ літаральна ’спаленае рэчыва’ — аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння. Банькоўскі (2, 699) разглядае *pepelъ як старэйшую рэліктавую форму, а *popelъ‑у якасці паўн.-слав. інавацыі, выводзячы рэдуплікаванае прасл. *pe(l)‑pel‑ъ ’пыл’ ад *pol‑nǫ‑ti ’палымнець’. Паводле Карскага (2–3, 87), пачатак слова з падваеннем кораня зменены пад уплывам прыстаўкі *po‑. Іншая версія ўзводзіць слова да і.-е. *pel‑ ’парахно, пыл’, ’мука́’, ’нешта сцёртае ў муку’ (Голуб-Копечны, 286; Сной, 436), што прадстаўлена ў лац. pellō ’біць, капаціць’, pollen ’пыл, мука’, грэч. πάλη, таксама з рэдуплікаваным пачатковым элементам παι‑πάλη ’дробна змолатая мука’, ст.-інд. pálala ’працёртае зерне, каша’. Адсюль прасл. *po‑pelъ азначае ’нешта дробнае, стоўчанае, сцёртае ў муку’. Назіраецца таксама сумяшчэнне ў слав. мовах семантыкі ’падгарэлы, спечаны’ і ’выраб з мукі’, параўн. бел. падпалак ’блін, ляпёшка’, падпалонік ’тс’, польск. podpłomyk ’тс’, а таксама паляніца/ пеляніца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)